Вы тут

Вынікі сёмага дня ІІ Еўрапейскіх гульняў


Фіналы ў веславанні на байдарках і каноэ працягнуліся ў Заслаўі ў чацвер. Адразу чатыры залатыя медалі заваявалі беларусы ў гэты дзень на ІІ Еўрапейскіх гульнях.


Вольга Худзенка заваявала залатую ўзнагароду ў байдарцы на дыстанцыі 500 метраў. Беларусцы ўдалося апярэдзіць алімпійскую чэмпіёнку венгерку Дануту Козак і Эму Ёргенсен з Даніі. «Калі б вы толькі ведалі, каго я перамагла! Данута Козак вельмі крутая! Яе абыграць раней было нерэальна. Не ведаю, што мне сёння дапамагло. Напэўна, тое, што выступаю ў сябе дома, — эмацыянальна расказала Вольга. — Ранейшая перамога надала ўпэўненасці, я зразумела, што канкурэнтаздольная. На трыбунах за мяне балелі мама, браты, шмат жыхароў з майго роднага горада Хойнікі. Дзякуй ім вялікі».

«З Вольгай мы працуем апошнія дзесяць гадоў. Ёй даводзілася пераадольваць розныя цяжкасці, але яна ніколі ні адну трэніроўку не працавала напаўсілы, таму і дасягае такіх высокіх вынікаў, — падкрэсліў старшы трэнер жаночай зборнай Беларусі па веславанні на байдарках Генадзь Галіцкі.Летась на чэмпіянаце свету Вольга мне сказала: я не ведаю, як яе перамагчы, — настолькі моцная была венгерка. Аднак праз час мы гэта зрабілі, і я рады, што атрымалі гэтую перамогу на дамашнім канале ІІ Еўрапейскіх гульняў».

Нагадаем, у бягучым сезоне на дыстанцыі 500 метраў Вольга Худзенка выступала на этапе Кубка свету ў Познані, дзе заняла другое месца. А ў першы дзень спаборніцтваў яна разам з Марынай Літвінчук заваявала залатую ўзнагароду на дыстанцыі 500 метраў у байдарцы-двойцы.

Чэмпіёнкай Гульняў стала таксама Алена Наздрова ў каноэ-адзіночцы на 200-метровай дыстанцыі. Яна апярэдзіла саперніц з Германіі і Польшчы.

На такой жа дыстанцыі ў каноэ-адзіночцы «золата» выйграў і Арцём Козыр. Амаль палову корпуса ён прывёз бліжэйшаму саперніку. «Груз адказнасці зваліўся з плячэй. Ішоў да гэтага выніку цэлы год. Нарэшце гэты дзень настаў і скончыўся паспяхова. Вельмі адчувалася падтрымка трыбун, родных і блізкіх. Вялікі ім дзякуй. Дома сцены і праўда дапамагаюць. Заваяваць гэты медаль было цяжка, але падтрымка гледачоў дапамагла справіцца з усім», — адзначыў Арцём.

У чацвер Марына Літвінчук другі раз стала чэмпіёнкай ІІ Еўрапейскіх гульняў, выйграўшы «золата» ў гонцы на 5 000 метраў.

Сярэбраны медаль у веславанні на каноэ на 500 метраў заваявала двойка Вольгі Клімавай і Надзеі Макарчанкі. Таксама «серабро» ўзяў жаночы квартэт у складзе Маргарыты Махневай, Надзеі Папок, Вольгі Худзенкі і Марыны Літвінчук у байдарцы-чацвёрцы. Апярэдзіць беларусак на дыстанцыі 500 метраў удалося толькі венгеркам. Трэцім у фінальным заплыве на 200 метраў на байдарцы стаў Дзмітрый Траццякоў. Такім чынам, весляры заваявалі дзесяць медалёў на Еўрапейскіх гульнях у Мінску, пяць з іх — залатыя.

Іншыя падзеі чацвярга

У сёмы дзень спаборніцтваў ІІ Еўрапейскіх гульняў былі разыграны 24 камплекты медалёў у такіх відах спорту, як стральба з лука, веславанне на байдарках і каноэ, веласіпедны спорт — трэк, стральба кулявая, стральба стэндавая, барацьба вольная, барацьба жаночая. Таксама прайшлі папярэднія спаборніцтвы па бадмінтоне, пляжным футболе, спартыўнай гімнастыцы і настольным тэнісе.

***

Павел Далідовіч завяршыў выступленне ў спаборніцтвах па стральбе з лука. У паядынку за выхад у паўфінал беларус саступіў Стыву Війлеру з Нідэрландаў — 1:7. Такім чынам, беларускія лучнікі завяршылі ІІ Еўрапейскія гульні з адной узнагародай — у жаночым камандным турніры па стральбе з класічнага лука.

***

Беларускія спартсменкі не змаглі прабіцца ў фінал спаборніцтваў па кулявой стральбе. У кваліфікацыйным раўндзе з малакалібернай вінтоўкі з трох пастаў на 50 метраў беларуска Марыя Мартынава набрала 1158 балаў і заняла 15-е месца. Святлана Шчарбацэвіч з вынікам 1144 балы апынулася на 36-й пазіцыі сярод 39 удзельніц спаборніцтваў.

***

У чацвер у рамках ІІ Еўрапейскіх гульняў кваліфікацыйнымі спаборніцтвамі стартаваў турнір па спартыўнай гімнастыцы. Фіналы ў індывідуальным мнагабор'і пройдуць у суботу, а фіналы на снарадах — у нядзелю на Мінск-Арэне. Беларусь на Еўрапейскіх гульнях прадстаўляюць Ягор Шарамкоў, Андрэй Ліхавіцкі і Васіль Міхаліцын у мужчын, а таксама Ганна Мяцеліца і Анастасія Алістратава ў жанчын.

***

На веладроме Мінск-Арэны разыграны чатыры камплекты ўзнагарод: у камандным спрынце ў мужчын і жанчын, а таксама ў скрэтчы і гонцы па ачках.

Беларусь у гэты дзень прадставілі: Паліна Піваварава, Аксана Салаўёва, Іна Савенка і Караліна Савенка (камандная гонка праследавання); Раман Цішкоў, Яўген Ахраменка, Яўген Каралёк і Гардзей Цішчанка (камандная гонка праследавання); Аляксандр Глова, Арцём Зайцаў і Уладзіслаў Новік (камандны спрынт). У гонцы па ачках — Іна Савенка, у скрэтчы — Яўген Каралёк.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?