Вы тут

«Мы жывём у свеце кнопак, дзе рух мінімальны. І гэта вялікая праблема»


Наведвальнікі медыцынскага гарадка ў Гродне атрымалі кансультацыі ад спецыялістаў самага шырокага профілю


Тут можна было трапіць на прыём да тэрапеўта, афтальмолага, нейрахірурга, уролага, акушэра-гінеколага, траўматолага, атрымаць навыкі аказання першай дапамогі, зрабіць аналіз крыві, кардыяграму і нават флюараграфію. Таксама можна было ўдакладніць свой рост, вагу і артэрыяльны ціск.

Выязны прыём у цэнтры горада арганізаваны Гродзенскай бальніцай хуткай дапамогі. Прычым без папярэдняга запісу і бясплатна. Гродзенка Яўгенія Валер'еўна прыйшла ў медыцынскі гарадок, каб «не займаць чаргу ў паліклініцы». Яна здала экспрэс-аналіз на глюкозу і гемаглабін, а таксама прайшла флюараграфію. Лічыць, што варта было б узнавіць перасовачныя пульмасканы, якія раней стаялі каля паліклінік, а таксама звярнуць увагу на даступнасць медыцынскай дапамогі ў горадзе.

Дарэчы, імправізаваны медыцынскі гарадок не пуставаў ні хвіліны. Найбольшым попытам карысталася лабараторыя. Як адзначыла яе загадчыца Сняжана Юркевіч, за гадзіну «праходзіла» каля 60 чалавек. Па яе словах, служба лабараторнай дыягностыкі бальніцы працуе круглыя суткі і канкурыруе па цэнах і аўтаматызацыі з камерцыйнымі лабараторыямі.

Многія наведвальнікі цікавіліся аказаннем першай дапамогі пры сонечным удары. Урач-рэаніматолаг Сяргей Вінаградаў паведаміў, што тут няма нічога складанага, але ёсць важныя нюансы. Напрыклад, ні ў якім разе нельга абліваць чалавека халоднай вадой ці класці ў халодную ванну. У такім выпадку можа здарыцца рэфлекторнае парушэнне рытму сэрца і нават яго спыненне. Ахалоджваць трэба паступова — халаднаватае піццё, мокрае абгортванне. Калі гэта адбылося на вуліцы — спачатку адцягнуць чалавека ў цень, потым правесці працэдуру ахалоджвання, каб аднавіць тэрмарэгуляцыю арганізма. Пры неабходнасці звярнуцца да доктара. Пры гэтым трэба памятаць, што цеплавы ўдар можа зноў паўтарыцца, і ўжо з горшымі наступствамі. Таму не варта рызыкаваць.

І хоць дыягназы на выязным прыёме не ставілі, усе пацыенты маглі атрымаць кампетэнтныя рэкамендацыі, у тым ліку і нейрахірурга. Гэта аддзяленне — адзінае ў вобласці, знаходзіцца толькі ў бальніцы хуткай дапамогі. Вопытны ўрач Андрэй Швед расказаў, што ў год тут праводзяць больш за тысячу аперацый, усе яны бясплатныя, у тым ліку з выкарыстаннем імплантаў беларускай вытворчасці, якія, па словах нейрахірурга, не горшыя за замежныя. Па ўзроўні аперацый, іх складанасці і колькасці гродзенская нейрахірургія знаходзіцца на другім месцы пасля сталічнай. Апошнім часам вельмі шмат аперацый праводзіцца па міжпазваночных грыжах, кажа суразмоўнік. А ўсё ад таго, што вядзём пасіўны лад жыцця — мала рухаемся, няправільна нахіляемся, шмат сядзім, а хаду замяняем яздой.

Гродзенка Тамара прыйшла на выязны прыём з праблемай тазабедранага сустава, ёсць болевыя сімптомы ў вобласці паясніцы. Асабліва гэта адчувальна пры нагрузках. Траўматолаг Віктар Аносаў парэкамендаваў ёй прайсці аналіз на шчыльнасць касцей. А для прафілактыкі займацца фізкультурай, каб скінуць вагу і не давесці арганізм да такой хваробы, як астэапароз, пры якім зніжаецца шчыльнасць касцей, яны робяцца крохкія і ламаюцца ад нязначнай нагрузкі. Асабліва гэта датычыцца тых, хто, як і Тамара, знаходзіцца ў групе рызыкі па ўзросце.

— Гэты аспект статыстычна найбольш актуальны для жанчын ва ўзросце 55—60 гадоў, — падкрэсліў Віктар Аносаў. — Таму важна данесці, у тым ліку праз такія выязныя прыёмы, важнасць абследавання касцей, здаровага ладу жыцця.

Дарэчы, шчыльнасць касцявой тканкі вызначаецца па спецыяльным аналізе крыві. Але не толькі. Ёсць методыкі ўльтрагукавой дыягностыкі, МРТ, рэнтген. У хуткім часе бальніца набудзе найноўшую апаратуру — дэнсітометры, якія ёсць толькі ў сталіцы.

— Такую магчымасць мы атрымалі дзякуючы трансгранічнаму праекту, які выйгралі сумесна з польскімі партнёрамі, — адзначыла намеснік галоўнага ўрача бальніцы хуткай дапамогі Людміла Бут-Гусаім. — Праект накіраваны на раннюю дыягностыку астэапарозу, які рэгіструецца пасля пералому трубчастых касцей, што ў сталым узросце можа адбыцца нават ад уласнай вагі. З дапамогай найноўшай апаратуры з'явіцца магчымасць дыягнаставаць хваробу, якой яшчэ не бачна. Тады можна нешта карэктаваць.

У далейшым на базе бальніцы, дзе знаходзіцца абласны траўматалагічны цэнтр, будзе створаны і цэнтр дыягностыкі астэапарозу з індывідуальнымі схемамі лячэння. Усяго на гэтую мэту накіравана каля 700 тысяч еўра. Згодна з праектам, на пастаянным кантролі будзе каля дзвюх тысяч чалавек.

Праблема астэапарозу актуальная і для будучых пакаленняў, упэўнены спецыялісты.

— Мы жывём у свеце кнопак, дзе цела амаль не патрэбна, і гэта вялікая праблема, — лічыць траўматолаг Андрэй Швед. — Пры такіх адносінах будучыя пакаленні стануць ахвярамі прагрэсу і тэхналогій, будзе пакутаваць апорна-рухальны апарат. Тыя траўмы, якія дзеці раней лёгка перажывалі, будуць пераносіцца ўсё цяжэй. Таму трэба самім паклапаціцца пра эластычнасць касцявых тканак.

Спецыяліст прыводзіць прыклад кітайцаў, якія займаюцца гімнастыкай проста на вуліцах, не звяртаючы ні на кога ўвагі. І ў гэтым ёсць сэнс, лічыць траўматолаг. Даследаванні паказалі, што калі чалавек пры фізічных практыкаваннях адчувае сябе ў прасторы, гэта не толькі спрыяе эластычнасці касцей, але і зніжае рызыку інсультаў і інфарктаў. Увогуле рух павінен стаць такім жа неабходным, як і іншыя гігіенічныя працэдуры, напрыклад чыстка зубоў ці душ.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота Мікалая ЛАПІНА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».