Вы тут

Рабі ўсё, нават немагчымае!


Міжнародная выстава фотаздымкаў і карцін, прысвечаных спартыўнаму стылю жыцця адкрылася ў Мінску


Пад назвай “Спорт — гэта высокае мастацтва” працуе выстава ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў у Мінску. Яна рэалізуецца ў межах культурнага праекта “Еўрапейскія гульні — еўрапейскае мастацтва”. На выставе можна ўбачыць работы фатографаў і мастакоў з 11 краін: Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Вялікабрытаніі, Германіі, Грузіі, Іспаніі, Літвы, Польшчы, Расіі і Славакіі. Гэта больш за 500 архіўных фотаздымкаў, плакатаў, відэаматэрыялаў і нават скульптур, якія ўдала размешчаны не толькі на сценах, але і ў прасторы. Для адлюстравання спартыўных спаборніцтваў, усесаюзных спартакіяд, спартыўных парадаў, працэсу трэніровак задзейнічана 15 экспазіцыйных залаў. Найбольшую калекцыю архіўных фотаздымкаў і кінаматэрыялаў прадаставіў для выставы Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў. Фотавыстава ілюструе культ здаровага і моцнага цела ў савецкі перыяд (1940–1970 гады). “Археалогія беларускай спартыўнай фатаграфіі” — так пазначана ля ўваходу ў залы са спартыўным мінулым Беларусі.

Ідэя выставіць архіўныя фотаздымкі савецкага часу нават арганізатарам выставы спачатку падалася спрэчнай. Але сёння дзякуючы гэтым фотаздымкам стала відавочна, наколькі пазітыўным быў савецкі спорт, наколькі цесна ён сплочваў людзей. Можна пабачыць, як рабочыя прысвячаюць некалькі хвілін вытворчай зарадцы, як жыхары горада ад малога да вялікага разам займаюцца фізкультурай, наколькі жаданыя для іх масавыя спаборніцтвы. Прычым, чорна-белыя фотаздымкі тых часоў могуць даць фору цяперашнім каляровым у лічбавым фармаце. З такім вялікім майстэрствам і мастацкім густам яны выкананы!

Сучасныя фотаздымкі асэнсоўваюць спорт і спартсменаў у ім па-іншаму. “Барацьба за мастацтва” — так называецца праект аўтараў з Беларусі Міхаіла Гуліна і Дзіны Даніловіч. Мы бачым фотаадбіткі спартсменаў-барацьбітоў у поўны рост пасля трэніроўкі: іх целы па-спартыўнаму прыгожыя, але гэта — толькі “працоўныя прылады”, потныя і вымуштраваныя. А побач з выявай кожнага барацьбіта — буйны адбітак яго вачэй. Здзіўляе, наколькі светлымі, па-дзіцячы добрымі і нават безабароннымі могуць быць вочы у людзей, якія кожны дзень выходзяць на рынг, каб з кімсьці змагацца. Праўда, не ва ўсіх…

Фотамастак Аляксандр Абуховіч (Беларусь — Польшча) паказвае жанчыну ў фехтавальнай экіпіроўцы. На яе твары — маска, а ў руцэ — рапіра. Але аўтару цікава, што хаваецца пад гэтай маскай і як адчувае сябе жанчына без рапіры. Таму побач — маленькі фотаадбітак з яе паўсядзённага жыцця, дзе яна безабаронная, у сукенцы і з распушчанымі валасамі.

Цікавы і праект скульптара з Іспаніі Хуліо Ніета. На 20‑мятровай металічнай аснове, якая ўсталявана на горным схіле шасэ NORTH-TENERІFE і бачная з акон аўтамабіляў, ён піша выразы, што падахвочваюць да дзеяння. Змяняе іх каля 10 разоў на месяц. Адзін з такіх выразаў мы можам прачытаць і на фотаадбітку, што на выставе ў Мінску: “Рабі ўсё, нават немагчымае”.

21 скульптуру прывёз у сталіцу Беларусі Цэнтр Гейдара Аліева з Азербайджана. Прысвечаныя розным відам спорту скульптуры былі створаны азербайджанскімі мастакамі яшчэ ў часе Еўрапейскіх гульняў-2015 у Баку. Прэзідэнт федэрацыі плавання і дэпутат парламента Азербайджана Ханлар Фаціеў выказаў спадзяванне, што традыцыю правядзення выставачных праектаў у часе спартыўных гульняў прадоўжаць і іншыя краіны.

Выстава “Спорт — гэта высокае мастацтва” будзе працаваць да 4 жніўня. Таксама ў межах праекта “Еўрапейскія гульні — еўрапейскае мастацтва” адкрылася яшчэ адна выстава “Казімір Малевіч і XXІ стагоддзе”. На ёй можна ўбачыць карціну, як мяркуецца, аўтарства Казіміра Малевіча “Чалавек з рыдлёўкай” (прыкладна 1920 года) з фондаў Гродзенскага дзяржаўнага гістарычна-археалагічнага музея. Беларускія мастакі, якія прадаўжаюць развіваць школу Малевіча і па сёння, таксама пакажуць свае карціны. У часе гэтай выставы праходзяць круглыя сталы, тэматычныя экскурсіі і дыскусіі.

Ганна Лагун

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».