Вы тут

Дні культуры і традыцый краін каля Палаца спорту


У часе ІІ Еўрапейскіх гульняў працуе каля 10 фан-зон. Кожная з іх мае свой фармат.


Гандляры прапануюць прысмакі

Спартыўныя гульні не могуць абысціся без фанатаў. Яны на спаборніцтвах вельмі жаданыя. Для заўзятараў у Мінску і не толькі арганізаваны спецыяльныя месцы адпачынку, дзе тыя маглі б сустрэцца, абмеркаваць перамогі і паражэнні спартсменаў. Гэтыя пляцоўкі так і называюцца — фан-зоны.

У часе ІІ Еўрапейскіх гульняў яны створаны ва ўсіх абласных цэнтрах Беларусі, а таксама ў Бабруйску і Маладзечна. Усяго — каля 10 пляцовак. Тут выступаюць лепшыя беларускія выканаўцы і гурты, праводзяць конкурсы і інтэрактыўныя гульні, забаўляюць дзяцей, трансліруюць на экраны галоўныя падзеі спартыўных спаборніцтваў.

У сталіцы працуюць 3 фан-зоны: “Палац спорту”, “Мінск-Арэна” і “Чыжоўка-Арэна”. Першай з іх пачала прымаць гасцей фан-зона каля Палаца спорту. Яе адкрыццё адбылося напярэдадні Гульняў, 19 чэрвеня. На ўрачыстасць прыйшлі: кіраўніцтва фонду “Дырэкцыя ІІ Еўрапейскіх гульняў”, прадстаўнікі Мінгарвыканкама, Нацыянальных і Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў і дэлегацый з іншых краін. Свята распачалося канцэртам Прэзідэнцкага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам Віктара Бабарыкіна і выступленнямі артыстаў: Руслана Аляхно, Георгія Калдуна, Ірыны Дарафеевай, Івана Выбішчэвіча, Ксеніі Жук, Алёны Ланской, Аляксея Хлястова і Тарыэла Майсурадзэ. Увечары праграму прадоўжылі гурты Drum Ecstasy, “Радиоволна”, “Тяни-толкай”, “Дрозды”, кавэр-бэнд “Ё-Гурт” і іншыя.

Канцэрт лепшых беларускіх выканаўцаў

Паколькі гэтая фан-зона носіць міжнародны і нацыянальны фармат, там было вырашана правесці Дні культуры і традыцый краін-удзельніц Гульняў: 20 чэрвеня — Азербайджана, 21 чэрвеня — Ізраіля, 22 чэрвеня — Вялікабрытаніі, 23 чэрвеня — Грузіі, 24 чэрвеня — Італіі, 25 чэрвеня — Венгрыі, 26 чэрвеня — Украіны, 27 чэрвеня — Турцыі, 28 чэрвеня — Латвіі, 29 чэрвеня — Расіі. У апошні день спаборніцтваў, 30 чэрвеня, каля Палаца спорту будзе праведзены Дзень культуры і традыцый Беларусі. Выступяць гурты “Чысты голас”, “Ягорава хата”, “Палац”, Анатоль Ярмоленка і ансамбль “Сябры”, DJ Magіc Sound, DJ Gleb Glebov, DJ Shane. Фан-зона прымае гасцей з 10.00 да 24.00. А ў дні адкрыцця і закрыцця Гульняў там можна будзе бавіць час ажно да 4‑ай гадзіны раніцы.

Асабліва насычанай была праграма ў дзень адкрыцця ІІ Еўрапейскіх гульняў. Наведнікаў фан-зоны “Палац спорту” парадавалі салісты прадзюсерскага цэнтра “Спамаш”, кавэр-бэнды OK Band і “Минское море”, спевакі Алёна Ланская, Вольга Плотнікава, Тэа, Аляксей Хлястоў, Герман, салісты Тэатра песні Ірыны Дарафеевай, гурты “PROвокация” і Lіtesound. На мабільных экранах трансліравалася цырымонія адкрыцця ІІ Еўрапейскіх гульняў. Пасля чаго адбылося Brіght Party артыстаў электроннай сцэны DJ Shane, DJ Magіc Sound, DJ Gleb Glebov, DJ Arston.

Лесік з беларускімі дзяўчатамі на адкрыцці фан-зоны каля Палаца спорту

21 чэрвеня пачалі працаваць і дзве іншыя фан-зоны. Для “Мінск-Арэны” выбраны танцавальны фармат, для “Чыжоўка-Арэны” — папулярны.

Ганна ЛАГУН

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?