Вы тут

Класічная музыка для спартсменаў


Удзельнікі і госці ІІ Еўрапейскіх гульняў атрымалі асалоду ад класічнай музыкі і ацанілі, наколькі добра ў Беларусі развіта акадэмічнае музычнае выканальніцтва


У культурную праграму ІІ Еўрапейскіх гульняў былі ўключаны тры канцэрты класічнай музыкі: 12, 22 і 23 чэрвеня. 12 чэрвеня канцэртны сезон завяршыў Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Беларусі. Яго галоўны дырыжор Аляксандр Анісімаў выбраў рарытэтныя творы: опера рускага кампазітара Мікалая Рымскага-Корсакава “Сказание о невидимом граде Китеже и деве Февронии”, якая дагэтуль у Мінску не гучала. Першае дзеянне оперы выканалі музыканты аркестра, салісты Ірына Крыкунова (сапрана) і Віктар Мендзелеў (тэнар). Не гучаў раней у Мінску і сімфанічны эпілог рускага кампазітара Аляксандра Барадзіна з оперы “Млада”. У другім аддзяленні можна было пачуць Сімфонію № 1 Сяргея Рахманінава, якую слухач змог ацаніць параўнальна нядаўна.

22 чэрвеня прайшоў “Вялікі фартэпіянны марафон”. Яго ініцыятарам стаў беларускі піяніст, дырэктар уласнай музычнай школы Арцём Шаплыка: яму пашчасціла паўдзельнічаць у аналагічным праекце ў Іспаніі, які доўжыўся з 10 да 22 гадзін. “Я вельмі рады, што Белдзяржфілармонія падтрымала ідэю, і мая мара ўвасобілася ў рэальнасць”, — расказаў Арцём Шаплыка. Нават у фае Белдзяржфілармоніі было ўстаноўлена свабоднае піяніна, на якім кожны мог паспрабаваць пайграць. “Такога ніколі не было, каб сабраліся ўсе піяністы Беларусі: ад пачынаючых да народных. Усіх аб’яднаў марафон, і, паверце, гэта не лягчэй, чым прабегчы 42 кіламетры”, — падзяліўся мастацкі кіраўнік Белдзяржфілармоніі Юры Гільдзюк. Апошнім канцэртам марафона стала ўнікальная праграма пад назвай “Віртуозы сцэны. Фартэпіянныя дуэлі. Нумары ў 4–6 рук”. Цікава, што патрапіць на “Вялікі фартэпіянны марафон” можна было зусім бясплатна, зарэгістраваўшыся на сайце mіnsk2019.classіcalmusіc.by. Марыя Бандарэнка, заснавальнік праекта “Мир классической музыки”, расказала, што гэты сайт прадоўжаць напаўняць і пасля правядзення марафону. На ім можна будзе знайсці інфармацыю пра беларускіх піяністаў, а таксама забраніраваць білеты.

23 чэрвеня адбыўся яшчэ адзін канцэрт-паэма “Лунный свет”. У праграме — музыка італьянскага кампазітара Антоніа Вівальдзі, аргенцінскага музыканта і кампазітара Астара П’яцолы, нямецка-дацкага кампазітара і піяніста Фрыдрыха Кулау, амерыканскага кампазітара папулярнай музыкі Гаральда Арлена, французкага кампазітара Клода Дзебюсі, нямецкага кампазітара Іагана Себасцьяна Баха, італьянскага кампазітара і спевака Джуліа Качыні, нямецкага кампазітара Людвіга ван Бетховена і іншых. У гэтым канцэрце энергетыка жывога гучання класічных музычных інструментаў, вакал і танец спалучыліся ў адным дзеянні.

Шматлікімі канцэртамі, акрамя трох, уключаных ў культурную праграму ІІ Еўрапейскіх гульняў, завяршыла 81‑ы сезон Беларуская дзяржаўная філармонія. Наступны сімфанічны канцэртны сезон распачнецца 20 верасня.

Ганна ЛАГУН

Фота minsk2019.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?