Вы тут

Лявон Рыдлеўскі марыў пра Случчыну


Не так даўно, напрыканцы мінулага года, споўнілася 115 гадоў з дня нараджэння Лявона Рыдлеўскага (2.10.1903–24.10.1953, Лондан) — грамадска-палітычнага і культурнага дзеяча, рэдактара газеты «Беларускія навіны» (Францыя, 1945–1947 гг.)


Лявон Рыдлеўскі нарадзіўся 2 кастрычніка 1903 года у мястэчку Ульянавічы Сенненскага павета Магілёўскай губерні (цяпер Сенненскі раён Віцебскай вобласці). Каля 1908 года пераехаў з бацькамі ў горад Слуцк. У часопісе “Кантакты і дыялогі” была змешчана інфармацыя аб тым, што бацька Лявона быў акцызным чыноўнікам. Па звестках, апублікаваных у Памятных кніжках Мінскай губерні за 1913, 1914 і 1915 гады, Рыдлеўскі Дзяменцій Мікалаевіч працаваў у Слуцкай жаночай гімназіі, займаў пасаду пісара і рахункавода. Вядома, што бацька выпісваў газету “Наша Ніва”, дзякуючы гэтаму выданню яго сын і пазнаёміўся з беларускім друкаваным словам.

У 14‑гадовым узросце Лявон ужо вучыўся ў Слуцкай (беларускай) земскай гімназіі, якая была ўтворана ў ліпені 1917 года па ініцыятыве камісара Слуцкага павета пры Часовым расійскім урадзе Радаслава Астроўскага (ён жа яе першы дырэктар) і праіснавала да 1920 года. Навучальная праграма будавалася на аснове прадметаў, якія выкладаліся ў дарэвалюцыйных расійскіх гімназіях. Дарэчы, у мясцовай мужчынскай гімназіі Слуцка да рэвалюцыйных падзей 1917 года выкладаліся нямецкая і французкая мовы. Большасць навук гімназісты Слуцкай беларускай гімназіі вывучалі на рускай мове, выключэнне складалі новыя дысцыпліны на роднай мове — беларуская мова (абавязковы прадмет), гісторыя і геаграфія Беларусі (факультатыўна).

Пры гімназіі вучні Янка Ракуцька, Сяргей Бусел і іншыя стварылі летам 1917 года беларускую маладзёжную арганізацыю “Папараць-Кветка”. У яе рабоце прымалі ўдзел Р. Астроўскі, С. Петрашкевіч, А. Бараноўскі, Ф. Шантыр, П. Жаўрыд, М. Асьвяцімскі, У. Галубок і іншыя беларускія дзеячы. Арганізацыя складалася з тэатральнай, культурна-асветнай, літаратурна-драматычнай, харавой секцый. У час польскай акупацыі (1919–1920 гг.) гурток пашырыў сваю дзейнасць на ўвесь Слуцкі павет, выдаваў часопіс “Наша Каляіна”, які стаяў на пазіцыях беларускіх эсэраў.

Актывісты гуртка ўдзельнічалі ў антыпольскім падпольным і партызанскім руху. Некаторыя гімназісты, у тым ліку і Лявон Рыдлеўскі, прымалі ўдзел у Слуцкім паўстанні 1920 года.

З 1921 года Лявон Рыдлеўскі — у Вільні. Вучыўся ў Віленскай беларускай гімназіі, закончыў там сярэднюю адукацыю. Атрымаў матуру (экзамены для выпускнікоў гімназій, якія служылі пропускам у вышэйшую адукацыю) у 1923 годзе і па рэкамендацыі свайго былога камандзіра А. Сокал-Кутылоўскага паехаў у Прагу па дыплом аб вышэйшай адукацыі. У 1928 годзе скончыў агранамічны факультэт Політэхнічнага ўніверсітэта па спецыяльнасці “інжынер агранамічных навук”. На эканамічным факультэце той жа вну на працягу года вывучаў сельскагаспадарчую эканомію. У 1929 годзе эмігрыраваў у Францыю, дзе займаўся арганізацыяй эмігранцкіх асяродкаў ў Верпелье, Парыжы. У гады Другой сусветнай вайны Лявон Рыдлеўскі стаў удзельнікам французкага Супраціўлення, ваяваў на поўдні Францыі.

Пасля вайны Рыдлеўскі працягваў актыўную грамадскую дзейнасць, займаўся навукай. У 1945–1947 гадах выпускаў разам са сваімі аднадумцамі газету “Беларускія навіны”, усяго выйшла 8 нумароў. Газета друкавалася кірыліцай у яе версіі да 1933 года, рэдакцыя размяшчалася ў невялічкай кватэры на вуліцы Грав’е, 65. Меркавалася, што газета будзе выходзіць адзін раз на месяц, але з такой перыядычнасцю выйшлі толькі № 1–3 газеты. У красавіку 1946 года выйшаў аб’яднаны выпуск (№ 3–4) за сакавік — красавік. Чарговы № 1 (6) “Беларускіх навін” з‑за фінансавых праблем выйшаў у студзені наступнага 1947 года на васьмі палосах. Свет убачылі сакавіцкі № (7) за 1947 г., а № 3 (8) ад 28 чэрвеня стаў апошнім вядомым нумарам выдання.

Лявон Рыдлеўскі з зямлячкамі

Газета, арганізаваная Аб’яднаннем беларускіх работнікаў у Францыі, асвятляла жыццё хрысціянскага сіндыката СФТС. Сіндыкат выконваў тыя ж функцыі, што і прафесійныя саюзы ў БССР: “справы абароны сацыяльных, эканамічных і юрыдычных праў”. У № 1 выдання быў змешчаны артыкул пад назвай “Сындыкалізм і беларусы”, дзе тлумачылася роля Французкага хрысціянскага сіндыката СФТС у беларускім руху. Газета мела пастаянную рубрыку “Сындыкальныя навіны”. На старонках “Беларускіх навінаў” атрымала пастаянную “прапіску” рубрыка “Беларуская хроніка” і “Беларусы Францыі”.

Шмат месца на старонках газеты займалі гістарычныя матэрыялы, большасць якіх складалася з нарысаў пра пэўных асоб. У № 1 (Беларускія навіны, 1945, 25 снеж.) быў надрукаваны нарыс пра ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага, які ў час Другой сусветнай вайны арганізаваў падпольную дзейнасць Беларускай нацыянальнай партыі, што супрацьстаяла фашыстам. У № 2 (Беларускія навіны, 1946, 24 лют.) на першай старонцы змяшчаўся матэрыял да 350‑х угодкаў Берасцейскай уніі. У гэтым жа нумары надрукаваны нарыс пра Алаізу Пашкевіч — “паэтку, змагарку, піянэрку беларускіх жанчын”. Практычна ў кожным нумары газеты друкаваліся аналітычныя артыкулы.

“Беларускія навіны” друкавалі і творы літаратараў. Сярод аўтараў былі як вядомыя паэты, так і малавядомыя. Некаторыя вершы ўвогуле не мелі подпісу. Захавалася не вельмі шмат звестак пра тых, хто пастаянна працаваў у рэдакцыі, рыхтаваў артыкулы да друку. Асобныя матэрыялы былі падпісаныя псеўданімамі ці крыптонімамі: М. Люціч, Прысутны, Ст. Эм., А. К., М. Л., Л. Чырко, В. К., М. Лют., В. Скопаўка. Выключэннем з’яўляюцца публікацыі Міколы Абрамчыка і Лявона Рыдлеўскага, які падпісваў сваім прозвішчам рэдактарскія матэрыялы.

На старонках газеты часта выходзілі матэрыялы і пра падзеі ў БССР, у асноўным інфармацыйныя паведамленні: удзел Беларусі ў Кангрэсе саюзных Дзяржаў, стан эканомікі БССР і інш. У № 2 (7) ад 25 сакавіка 1947 года цэлая паласа была прысвечана ацэнцы рашэння Кангрэса аб перадачы Беластоцкай вобласці ў склад Польшчы. Аўтар заўважыў, што калі вызначаць межы ў адпаведнасці з унёскам народаў Еўропы ў перамогу над Германіяй, то Беларусь магла б, як мінімум, атрымаць былыя ўсходнепрускія землі. Але такога, каб ад яе яшчэ адрэзалі, ніхто чакаць не мог. У гэтым абвінавачваўся, у першую чаргу, беларускі ўрад, які не паспрачаўся з такім несправядлівым рашэннем, а таксама Масква, якая не ўлічвала этнаграфічных межаў Беларусі.

У сярэдзіне 1947 года газета “Беларускія навіны” спыніла свой выхад. У 1948 годзе Лявон Рыдлеўскі выдаў у Парыжы інфармацыйную кнігу пра Беларусь на францускай мове пад назвай “BІELORUSSІE. Apercu sommaіre de l’Hіstoіre de la Natіon bіelorussіenne et du mouwement de Lіberatіon Natіonaleparlung. Dіp. L. Rydlevskі, ancіen combatant volontaіre de l’armee bіelorussіenne (1920), de l’armee fransaіse (1939)”. У лістападзе таго ж года на 1‑м сусветным з’ездзе беларускай эміграцыі ён выбраны старшынёй “Сусветнага аб’яднання беларускай эміграцыі”. Калі ў 1951 годзе ўтварыўся Беларускі Інстытут навукі і мастацтва (БІНіМ), Лявон Рыдлеўскі стаў яго сябрам, дапамог гэтай навуковай арганізацыі здабыць важныя дакументы архіўнага характару.

З‑за пагаршэння здароўя па запрашэнні беларускага каталіцкага святара Чэслава Сіповіча ўлетку 1953 года Лявон Рыдлеўскі пераехаў жыць у Лондан, дзе складаў бібліяграфію беларусікі бібліятэкі Брытанскага музея, іншых бібліятэк Лондана. Не завяршыў працу з‑за цяжкай хваробы і памёр ад раку 24 кастрычніка 1953 года у адным са шпіталяў сталіцы Вялікабрытаніі на 51‑м годзе жыцця.

Газета “Беларускія навіны” (№ 1, 25 снежня 1945 — № 3 (8), 25 чэрвеня 1947 г.), якую рэдагаваў Лявон Рыдлеўскі, задала тон астатняй эмігранцкай прэсе. У той час, калі выдавецкая справа у лагерах DP была пад забаронай, “Беларускія навіны” былі галоўным беларускім перыядычным выданнем на эміграцыі. На яго старонках змяшчалася інфармацыя аб пачатку выдання іншых газет і часопісаў беларускай дыяспары ў замежжы. Ужо 31 кастрычніка 1947 года ў ФРГ стала выходзіць штотыднёвая газета “Бацькаўшчына”, якая замяніла “Беларускія навіны”. Праз тры гады (у 1950 г.) на змену “Бацькаўшчыне” прыйшоў “Беларус” (ЗША). Але і другая, і трэцяя газеты абапіраліся на здабыткі першага выдання пасляваеннай хвалі эміграцыі — “Беларускіх навін”.

Пётр Дарашчонак, дацэнт кафедры медыялогіі факультэта журналістыкі БДУ, кандыдат філалагічных навук

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».