Вы тут

Прайсці праз вайну — і застацца чалавекам


Усё жыццё мінскі педагог Святлана Янушкевіч старалася быць падобнай да бацькі-афіцэра, які загінуў пад Гродна ў першыя дні вайны. Асірацела дзяўчынка ў два з паловай гады...


Неабходная прадмова

Фота Івана Ждановіча

Нашы сталыя чытачы згадаюць Святлану Янушкевіч: як настаўніцу беларускі з Эстоніі, таксама педагога Ніны Пээрны (родам са Жлобіна, у дзявоцтве — Сухарук). Памятаеце тэкст “Настаўніца як родная матуля”? Ён выйшаў з падзагалоўкам “Удзячная вучаніца Ніна Пээрна выдала ў Эстоніі кнігу вершаў “Жизненные перекрестки”, на вокладцы якой пазначана суаўтаркай і яе любімая настаўніца з Мінска Святлана Янушкевіч” (ГР, 1.02.2018). Душэўная тэма, цікавая гісторыя пра тое, як сталі роднымі чужыя людзі. Не могуць нас не радаваць прыклады людской прыязнасці, роднасці духоўнай: “У свеце, завірусаваным злосцю, нянавісцю, пячорным “бабствам”-пляткарствам ды цынічным “мужланствам”, непаразуменнямі нават між людзьмі крэўнымі, гэта — як прарыў у новую рэальнасць. І надзея, што Любоў калі-небудзь і там пераможа, дзе пакуль правяць баль (шабаш) зусім іншыя багі”.

У тэксце пададзены здымак, на якім Святлана Янушкевіч з яе былымі вучаніцамі. Прыводзяцца словы Ніны Пээрны: “Вельмі рада, што ўдалося мне выдаць нашу агульную са Святланай Аляксееўнай кнігу вершаў. Гэта вельмі дарагі для мяне чалавек, мы з ёй — як мама й дачка. Ёсць яшчэ ў яе блізкія вучаніцы, дык мы яе ўсе мамачкай завем. А калі мая родная мама памерла, то сустракаемся часта, разоў па шэсць на год. Як толькі я ў Мінску, то й Святлану Аляксееўну праведваю”. Яна “прыняла пад крыльца” 14‑гадовых дзяўчатак у Мінскім педвучылішчы ў 1 Б групе, і больш блізкага чалавека для іх на свеце ў той час не было: “Мы ж усе прыехалі вучыцца, пакінуўшы родныя дамы”. Потым праляцелі чатыры гады вучобы, аднак душэўныя стасункі настаўніцы з вучаніцамі засталіся на ўсё жыццё: “Дарозе да сваёй роднай настаўніцы мы не даем зарасці травой, з горыччу й радасцямі спяшаемся да яе. Бо яе жыццё — гэта мы, яе вучаніцы”. Заканчваўся артыкул спадзяваннем, “што гэтыя людзі, як і сама кніга вершаў “Жизненные перекрестки”, стануць прыкладам для іншых: як ісці па жыцці, як жыць, каб сустракаліся нам на жыццёвых дарогах прыгожыя, таленавітыя, а галоўнае — родныя па духу людзі”.

Эх, а рэдка сустракаюцца… І такі зварот да ранейшай публікацыі важны, каб падкрэсліць: Святлана Янушкевіч зберагла жывою, чулліваю, чалавечнаю душу сваю ў вельмі складаных жыццёвых абставінах. Як ваенных, так і пасляваенных. Якія мне, прызнацца, пазней адкрыліся. Год таму, пасля публікацыі, Святлана Аляксееўна пазваніла ў рэдакцыю. Прадставілася. Далікатна папрасіла прабачэння, што адрывае ад спраў. І ўрэшце зачытала сваю споведзь пра вайну, якую я запісаў на дыктафон. Яе словы былі: “Можа каму спатрэбіцца”. Мы сустракаліся ўпершыню сёлета. Святлана Аляксееўна прыехала з сямейнымі фотаздымкамі са Стаек, з мінскага прадмесця, і мы гаварылі “за жыццё”. У прыватнасці, я даведаўся, што закончыла яна дзесяцігодку ў Быхаве (1956), Педінстытут у Мінску (факультэт дашкольнай педагогікі й псіхалогіі), папрацавала ў дзіцячым садзе выхавальніцай-метадысткай. Потым доўгі час выкладала ў Мінскім педвучылішчы № 1 (яно было ў Чыжоўцы).

Светлы чалавек, вялікая душа. Падаем яе споведзь у трохі падкарочаным выглядзе.

“… З’явіліся на скронях у мяне сівыя валасы”

Я, Зрачава Святлана Аляксееўна, у замужжы Янушкевіч, нарадзілася ў студзені 1939 года. Цяпер лічуся дзіцем вайны. Што гэта значыць? Звернемся да псіхалогіі. Маленькія дзеці да пэўнага моманту не аддзяляюць сябе ад навакольных блізкіх людзей. У іх няма асабістай памяці. Кожны чалавек пачынае памятаць сябе з нейкай пэўнай падзеі, часцей за ўсё — прыемнай, цікавай. А я — дзіця вайны, і маё першае й моцнае ўражанне — пра вайну. Пра тое, як нас з мамай фашысты збіраліся расстраляць альбо спаліць.

Мой тата, Зрачаў Аляксей Міхайлавіч, 1912 года нараджэння, быў родам з Горкаўскай вобласці, кадравы ваенны, афіцэр. Загінуў у чэрвені 41‑га ў раёне Гродна. Перад вайной вучыўся ў Маскве: у Вышэйшай ваеннай акадэміі. Быў рэдактарам газеты 33‑й стралковай дывізіі, а прыняў апошні бой батальённым камісарам. Мая мама, Зрачава Марыя Фёдараўна (у дзявоцтве Маціеўская) у часе вайны жыла са мной у Быхаве. Была сувязной 435‑га партызанскага атрада 11‑й Быхаўскай партызанскай брыгады. Трымала сувязь з палонным урачом Быхаўскага лагера ваеннапалонных. Атрымлівала ад яго лекі, перадавала ў партызанскі атрад. Мама таксама й адводзіла туды ўцекачоў-ваеннапалонных. Адвяла й самога ўрача, Якава Радзіенку (па-руску: Родиенко) — яго фашысты западозрылі ў крадзяжах і хацелі арыштаваць. Выконвала мама таксама іншыя заданні партызан.

Жыць нам у Быхаве стала небяспечна, калі пра маміну дзейнасць даведаліся ў Быхаўскай нямецкай камендатуры. Тады яна й сама пайшла ў партызанскі атрад — разам са мной. Мама й там па магчымасці не пакідала мяне нідзе, насіла пад пахай, казала: калі загінуць прыйдзецца, то няхай гэта будзе смерць адной куляй на дваіх. У партызанскім атрадзе мы з іншымі жанчынамі жылі ў буданах з яловых лапак. Была ўжо восень, стала холадна. Закончыўся хлеб, заядалі вошы. Трэба было, расказвала пазней мама, знайсці муку, памыцца ў лазні. Таму яна пайшла са мной у вёску Уюноўская Сяліба, гэта Быхаўскі раён. Вось там нас на досвітку й захапіла нямецкая аблава. Карнікі выгналі з дамоў усіх жыхароў. Потым аддзялілі старых і хлопчыкаў ды пагналі ў вёску, а куды пагналі мужчынскую групу — не памятаю. Мы ішлі па мастку цераз рэчку Грэзу. І ў маладой жанчыны на руках увесь час плакала грудное дзіця. Тады адзін фашыст выхапіў дзіця з рук маці, усадзіў у жывоцік штык, разарваў яго за ножкі — і кінуў у рэчку…

Вось з тых страшных падзей я пачала памятаць сябе як асобны чалавек, як асоба.

Маленькая Святлана Янушкевіч з маці

Памятаю, як частку людзей загналі па дарозе ў вялікую пуню — пэўна, калгасную. Пуню зачынілі, а фашысты з паходнямі падышлі да вуглоў: запалілі. Тыя людзі, што засталіся звонку, стаялі й глядзелі. Памятаю, калі абвалілася страха пуні, мама спытала: ці не цяплей мне?.. Тады быў дзень восеньскага свята Пакровы. І было ўжо вельмі холадна. Мяне мама паспела апрануць, калі нас выганялі немцы з хаты. А сама была апранута ў лёгкае шэрае летняе паліто, у боты на босую нагу, і без хусткі.

Потым нас пагналі далей. Прыгналі да хаты, у якой размяшчалася палявая жандармерыя. Там гітлераўцы й паліцаі чынілі суд. Памятаю неабгароджаны двор, людзей з нейкімі клункамі, лятае курыны пух, плач і крыкі людзей. Я таксама там плакала й крычала. Памятаю словы: “Бабачка, міленькая, ты нават не даведаешся, дзе наша магілка”. Пазней мама казала, што тады я сарвала голас і з’явіліся на скронях у мяне сівыя валасы.

Яшчэ памятаю, як расстрэльвалі хлопца-падлетка. Ён стаяў у шэрай кухвайцы, на фоне шэрай сцяны. Мама закрывала мне вочы, загадаўшы не глядзець — а я ўсё роўна глядзела. Памятаю немца ў чорнай форме і ў чорных бутэлькамі ботах. Былі й іншыя. Мама стала прасіць, каб яе адпусцілі. Казала, што яна не мясцовая, прыйшла з Быхава ў вёску мяняць рэчы на хлеб. Ёй не верылі, а між сабою гаварылі, што гэта партызанка, што яна прынесла пошту партызанам. На той час мама ўжо разбірала трохі нямецкую мову, і запярэчыла ім па-нямецку. Не падумаўшы, назвалася настаўніцай, калі запыталі, адкуль ведае мову. А немцы ж асабліва не любілі й пераследавалі настаўнікаў. І таму вырашылі маму разам з іншай жанчынай з дзіцем везці ў Быхаў, у камендатуру. Прывезлі. Камендатура тады была на тэрыторыі разбамбаванага ацэтонавага завода. Там немец-суправаджалы сышоў з дакладам, а немец-шафёр трохі адышоў ад машыны. І мама рашылася бегчы. Клікала з сабой жанчыну, але тая не змагла — бо тры дні таму нарадзіла дзіця.

Мама вылучыла момант і шмыгнула са мной — так яна потым казала — у разваліны, руіны. Той жанчыны прозвішча я не памятаю. Яна была жонкай партызана, і яе расстралялі прама там з дзіцем. І закапалі ў роў. Маці той жанчыны потым, казалі, знайшла ў пяску шапачку дзіцяці. Розум у яе не вытрымаў гора, і яна павесілася.

Вось такія мае першыя ўражанні пра вайну. Я згодна з людзьмі, якія часта кажуць: усё можна вытрымаць — толькі б не было вайны. Тым, хто сам перажыў такое гора, варта верыць.

Усё жыццё я старалася быць падобнай на бацьку. Калі ўва мне ёсць нешта добрае — гэта дзякуючы яму. І маме, якая вучыла мяне жыць і працаваць сумленна. І, вядома ж, дзякуючы бабулі маёй, Маціеўскай Ганне Яўменаўне — яны з дзедам Фёдарам доўга жылі ў вёсцы Глухі (побач пасёлак Ямішча), і мая мама родам адтуль.

Пасляслоўе

Святлана Янушкевіч сярод сябровак у маладосці (першы рад у цэнтры)

Часам “жыццёвыя абставіны” ў нашым свеце выкарыстоўваюцца як своеасаблівы “фігавы лісток”. Бессардэчны й жорсткі можа ў парыве шчырасці прызнацца: “Бацькі мне ў дзяцінстве цяпла й любові не дадалі… Тата маму кінуў…”. Ці яшчэ: “Мяне ў дзяцінстве ў класе хлопчыкі крыўдзілі…”. Гультаяваты паскардзіцца, што яго да працы не прывучылі. Скупы — што “ў беднасці вырас”, заядлы курыльшчык ці п’яніца — “бо тата курыў і піў”, зацыклены песіміст — “бо жыццё такое”… Імя такім, хто ніяк не можа зразумець, дзеля чаго прыйшоў у гэты свет, — легіён! Па “нотах жыццёвых абставінаў” многія, на жаль, спрабуюць іграць мелодыі свайго жыцця. Выпрошваючы ў тых, хто побач, спачування, разумення, нават любові…

І якраз на фоне такіх “ружовых нюняў” жыццёвы досвед дзяцей вайны для нас найкаштоўны. Бо ён — пра тое, як, пасівеўшы ў малалецтве, чалавек не зацыкліўся ў сваіх страхах, болях, крыўдах і комплексах. Хто не растрос, не згубіў на жыццёвай дарозе дабрыню й міласэрнасць, чулае сэрца. І большасць з нас у праўдзе пра вайну шукае не жахі, а каштоўны досвед таго, як нават прайшоўшы праз вар’яцтва вайны звычайным людзям, зусім не героям удаецца выжыць, выстаяць і — галоўнае — застацца чалавекам.

Іван Ждановіч

Фота з асабістага архіва Святланы Янушкевіч

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?