Вы тут

Адрадзіўся — і ў бой!


75 гадоў таму быў адноўлены часопіс “Беларусь”. Усе ягоныя старонкі сталі магутнай ідэалагічнай зброяй у змаганні з нямецка-фашысцкімі акупантамі, барацьбе за поўнае вызваленне Бацькаўшчыны ад ворагаў.


Мы ўжо расказвалі, што на пачатку мая ў мінскім Прэс-цэнтры Дома прэсы прайшла прэзентацыя часопіса “Беларусь. Belarus” і газеты “Голас Радзімы” ў абноўленым, 8‑старонкавым фармаце. (Гл.: “Да штыка прыраўнялі… часопіс” — ГР, 16.05.2019). Рэдакцыі выданняў працуюць сёння ў творчым тандэме, і амаль год, з ліпеня 2018‑га, — пад дахам Выдавецкага дома “Звязда” (на 9‑м паверсе Дома прэсы па вул. Багдана Хмяльніцкага, 10а). Выданні прадстаўлены й на інтэрнэт-партале ВД “Звязда” ў ліку іншых 11‑ці — іх можна чытаць па ўсім свеце.

Адной з важкіх нагодаў для прэзентацыі стаў юбілей: 75 гадоў таму, у студзені 1944‑га, быў адноўлены выхад часопіса “Беларусь”. Заснаваны ў 1930 годзе пад назвай “Чырвоная Беларусь”, ды ў сілу гістарычных абставін у 1933‑м выданне часопіса перапынялася. Цікава, якім быў той, “ваенны”, часопіс-штык? Першы нумар выдання за 1944 год зберагаецца ў Нацыянальнай бібліятэцы, і да згаданай прэс-канферэнцыі ён быў перададзены ў рэдакцыю часопіса “Беларусь. Belarus” пры пасрэдніцтве намесніка дырэктара НББ Алеся Сушы. Гэта фотаздымкі ўсіх 48 старонак нумара. Цяпер часопіс выдаецца як у беларускамоўнай версіі, так і па-англійску ды па-кітайску. Распаўсюджваецца ў розных краінах, ёсць беларускамоўны варыянт на партале ВД “Звязда” http://zvіazda.by/be/edіtіon/belarusbelarus, англамоўная версія — па адрасе https://іssuu.com/belarus.mag

Нагадаем важныя дэталі з гісторыі часопіса, заснаванага ў 1930 годзе. Першым яго рэдактарам (1930–1932) быў пісьменнік Міхась Чарот. Грунтоўны агляд даваенных нумароў ёсць у тэксце “Рэабілітацыя “Чырвонай Беларусі” (“Беларусь”, № 1 (812), 2000) — нумар прысвячаўся 70‑годдзю выдання. Цытуем: “Тады часопіс не судзілі. У 33‑м яго папросту закрылі, спаслаўшыся на нястачу паперы ў краіне. А з студзеня 44‑га ён выйшаў пад новай назвай “Беларусь” — з новым адказным рэдактарам Ільёй Гурскім і новай нумарацыяй. Як быццам да вайны часопіса й не было”.

Можна зразумець “забыўлівасць” адноўленцаў выдання так: не хацелі ў ваенны час варушыць старое-мінулае. А ўзнаўленне часопіса ў час вайны было дзеяй ваенна-стратэгічнага парадку. Ідэалагічнай зброяй у барацьбе з гітлераўскімі захопнікамі. Яшчэ важны момант: якраз у цяжкую ваенную часіну ўлады знайшлі магчымасць (і паперу) кансалідаваць праз часопіс творчыя сілы, беларускіх пісьменнікаў на барацьбу з ворагам. Улічваючы, што ніводная капейка не трацілася марна — усё для Перамогі! — у тую пару (1943–44 гады), можна меркаваць: рашэнне было як стратэгічна, так і тактычна вывераным. Па-першае, часопіс, па ўсёй бачнасці, прадвызначаўся для тых, хто вызваляў Беларусь. Па-другое, і жыхароў акупаванай тэрыторыі (а яны ж больш за два гады былі пад уздзеяннем варожай ідэалогіі, прапаганды) трэба было вяртаць, як тады казалі, у сям’ю савецкіх народаў.

Каштоўнае сведчанне пра ўмовы, у якіх зачыналася новае жыццё часопіса, пад загалоўкам «Як адраджалася “Беларусь”» пакінуў Максім Лужанін (“Беларусь”, № 1, 2000). Пісьменнік апісвае, як на пачатку 43‑га ён у Маскве “чакаў новага прызначэння пасля Сталінграда і меў магчымасць вярнуць радасць яднання са старымі сябрамі”. Зносіны ж тыя адбываліся пераважна ў сталічнай гасцініцы “Москва”, якая пераўтварылася ў своеасаблівы беларускі цэнтр. «Часцей за ўсё гутарылі з Кузьмой Чорным па-зямляцку — абодва случакі, і Пятром Глебкам — таварышам па вучобе. Былі яшчэ ў Маскве Кандрат Крапіва і Міхась Лынькоў. Сумесныя вечары нашы былі поўныя ўспамінаў аб радзіме, аб сустрэчы з ёй: што там засталося, як жывецца-вядзецца. Вера ў зварот была непахісная, планаў на будучыню — мноства.

Клопат пра будучыню рэспублікі няспынна паджыўляў П. К. Панамарэнка. Першы сакратар ЦК КПБ, начальнік Цэнтральнага партызанскага штаба, ён пільна дбаў аб развіцці культуры, аб дапамозе ёй, нават аб кожным з яе стваральнікаў паасобку. Аднойчы пасля прыёму ў яго мае таварышы вярнуліся, што называецца, пры пасадах: Ілья Гурскі — рэдактарам часопіса “Беларусь”, які павінен быў пачаць новае жыццё: у 1933 быў спынены выхад часопіса “Чырвоная Беларусь”. А Пятру Глебку было даручана разгортваць выдавецкую справу, ён стаў галоўным рэдактарам выдавецтва “Беларусь”.»

Далей Максім Лужанін згадвае, што жылі Гурскі з Глебкам у той час у пакойчыку гасцініцы “Якорь”, каля Беларускага вакзала. “Можна сказаць, што ў тым пакойчыку адбываліся пашыраныя пасяджэнні рэдкалегіі адноўленай “Беларусі”. Старанна выбіраўся фармат, сталае аздабленне вокладкі, падбіраўся ілюстрацыйны матэрыял. А галоўнае — змест! Часопіс з першага нумара павінен быў зацікавіць чытача. Такім чынам, змест нумара некалькі разоў “ператрасаўся”. Удакладняўся, пашыраўся. У мяне доўгі час захоўваўся гэты першы нумар, пакуль не трапіў на вока вельмі заядламу букіністу. Не помню, ці трапілі мае радкі ў той першы нумар, але цвёрда ведаю: Гурскі, гаспадар запаслівы, забраў у мяне ўсё, што было напісана. Каб партфель паўнейшы быў, сказаў ён”.

Гартаем першы нумар часопіса “Беларусь” за 1944 год — радкоў Максіма Лужаніна там не знаходзім. І ўвогуле “двухмесячный общественно-политический и литературный журнал” з дэвізам “Смерть немецким захватчикам!” на першай старонцы выдаваўся па-руску. Нават змешчаныя ў 1‑м нумары вершы Петруся Броўкі, Якуба Коласа, Пімена Панчанкі, Пятра Глебкі, Максіма Танка, Піліпа Пестрака, Аркадзя Куляшова, байка Кандрата Крапівы “Янка и Карл” пададзены ў перакладах на рускую мову. Толькі загаловак “перадавога” рэдакцыйнага артыкула пададзены па-беларуску: “День добры, Беларуская зямля!”. Калі ён пісаўся — вынікае з пераліку: “Уже освобождены белорусские города — Гомель, Климовичи, Кричев, Чериков, Мстиславль, Ново‑Белица, Добруш, Хотимск, Речица, Пропойск, Журавичи и др. Близок день полного очищения нашей родны от поганых чужеземцев”.

Доўга й пасля вайны давялося чакаць, пакуль была ўзноўлена повязь часопісаў “Чырвоная Беларусь” і “Беларусь”. Першы публічны акт “рэабілітацыі” “Чырвонай Беларусі” быў учынены ў 1982 годзе: намаганнямі галоўнага рэдактара часопіса “Беларусь” Аляксандра Шабаліна (узначальваў яго больш за 30 гадоў!) у 9‑м нумары ў выходных звестках замест радка “заснаваны ў 1944 годзе” з’явілася “заснаваны ў 1930 годзе”. Менавіта ў 1982‑м на падставе матэрыялаў і дакументаў, якія тычацца гісторыі часопіса, была прынята й пастанова ЦК КПБ (“Беларусь”, 1982, № 9) аб устанаўленні пачатку выдання часопіса — з часу выхаду першага нумара часопіса “Чырвоная Беларусь”: са студзеня 1930 года. І толькі калі выданне адзначала 70‑годдзе, да агульнай нумарацыі часопіса былі дададзены яго даваенныя 79 нумароў.

Прыгледзімся: чым быў адметны той, першы нумар часопіса “Беларусь” за 1944 год?

На першай старонцы вокладкі — партрэт у паўпрофіль генералісімуса Іосіфа Сталіна: у фуражцы, шынялі. Ніжэй — назва выдання. Праўда, літары Б і Ь, пэўна, у працэсе брашуроўкі былі абрэзаныя. Пад словам “Беларусь” ідзе невялічкая палоска сціплага арнаменту, нумар пазначаны рымскай лічбай І, трохі ніжэй — год 1944 і пяцікутная зорка, таксама ў просценькім кветкавым арнаменце.

Калі першая тэма нумара — вызваленне ўсходніх раёнаў Беларусі, то другая — “25 лет БССР”. Юбілей быў 1 студзеня 1944 года. Артыкул пад такой назвай падае “Т. Горбунов Секретарь ЦК КП (б) Б”. У ім — апісанне даваенных поспехаў Беларусі на шляху сацбудаўніцтва, а таксама гора й разбурэнняў, якія прынеслі ворагі. Ухваляецца масавы партызанскі рух, што разгарнуўся ў Беларусі, называюцца прозвішчы Герояў Савецкага Саюза родам з той зямлі, якую вызваляюць ад ворага прадстаўнікі розных народаў СССР. І ўжо “заря освобождения занялась над многострадальной Белоруссией”. А ў тэксце “В борьбе за независимость” Старшыні Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР Нічыпара Наталевіча знаходзім: “Белоруссия оккупирована, но не покорена, она живет и борется. Белорусы не оказались той “глиной”, из которой гитлеровские горе-горшечники собиралсь лепить “горшки” для арийских людоедов. Наоборот, белорусы оказались тверже гранита, инициативными и способными мастерами в той же глине, которой, кстати сказать, в Белоруссии очень много, укладывать немецких разбойников сотнями тысяч”. Сцвярджаецца, што партызанскі рух стаў грознай сілай для нямецкіх акупантаў: “Сейчас на территории Белоруссии действуют сотни партизанских отрядов и бригад, объединяющие свыше 100 тысяч партизан”. Прыводзіцца лічба: друкарскім спосабам у тыле ворага выпускаецца 73 газеты, а лістоўкі — кожным партызанскім атрадам. Падаецца вялікі пералік партызанскіх спраў, якія сведчаць пра шырокі размах партызанскай барацьбы.

Намеснік старшыні СНК БССР Іван Крупеня ў артыкуле дзеліцца ўражаннямі ад таго, што пабачыў на вызваленых тэрыторыях Беларусі — у Крычаўскім, Хоцімскім, Мсціслаўскім, Клімавіцкім раёнах. А галоўны герой апавядання Міхася Лынькова “Астап” (яно было напісана, цяпер ведаем, у 1943 годзе) вяртаецца зімой з лесу на месца спаленай карнікамі роднай вёскі, у агні якой згарэлі нявестка з двума ўнукамі, ды ўсё думае думу: “как найти меру святой человеческой мести”. І калі ў вёску ў той жа дзень прыходзяць пад выглядам беглых савецкіх ваеннапалонных ворагі, выпытваюць дарогу да партызан, то стары ляснік Астап робіць свой выбар і заводзіць “няпрошаных гасцей” у непраходны заснежаный забалочаны лес. Там і гіне разам з імі. Апавяданне стала шырокавядомым, класічным, з пасляваеннага часу вывучаецца ў беларускіх школах. А гэта была пэўна ж, першапублікацыя: на пачатку 1944‑га.

Усе тэксты, фотаздымкі, змешчаныя ў 1‑м нумары часопіса “Беларусь” — гэта заклік да барацьбы з ворагам, заклік набліжаць усімі супольнымі сіламі Дзень вызвалення Беларусі, Дзень Перамогі.

Іван Ждановіч

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?