Вы тут

У Магілёве паказалі чэрвень 44-га


Учора Магілёў адзначыў Дзень горада і 75-годдзе свайго вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Урачыстасці пачаліся з ускладання кветак і вянкоў да месцаў воінскіх пахаванняў, помнікаў і абеліскаў. У гэты ж дзень прайшлі шматлікія канцэртна-гульнявыя праграмы ў розных кутках абласнога цэнтра. А вечарам, калі сцямнела, на вялікай адкрытай пляцоўцы каля гандлёвага цэнтра «Е-сіці» на скрыжаванні праспекта Шміта і вуліцы Гагарына разгарнулася небывалае па памерах тэатралізаванае прадстаўленне з элементамі паказу гістарычных падзей «Салдатамі былі ўсе...». Такога маштабнага відовішча Магілёў яшчэ не бачыў. Танкі, самалёты, акопы — усё гэта было сапраўднае і натуральнае. У якасці кансультантаў выступалі адразу некалькі міністэрстваў — абароны, унутраных спраў і культуры. Якасную перадачу таго, што адбывалася на полі бітвы, забяспечвала кінастудыя «Беларусьфільм». Трансляцыя падзей вялася адначасова на шасці экранах.


У рэканструкцыі былі задзейнічаны ваенна-гістарычныя клубы, у тым ліку гісторыка-патрыятычнага пошукавага аб'яднання «Віккру», піратэхнічныя службы, авіяцыйны клуб, творчыя калектывы Магілёва. Гледачам дэманстравалі элементы паветранага бою, танкавай бітвы і баявых дзеянняў з выкарыстаннем піратэхнічных сродкаў. З гэтай мэтай было задзейнічана каля 30 адзінак авіяцыйнай і пяхотнай баявой тэхнікі. У тэатралізаваным шоу прыняло ўдзел больш за чатыры тысячы чалавек.

Трэба сказаць, што падрыхтоўка да прэм'еры была вельмі сур'ёзная і доўгая. Калі на полі за гандлёвым цэнтрам з'явілася дарожная тэхніка і сталі нешта рыць, жыхары бліжэйшых дамоў спачатку вырашылі, што распачынаецца будоўля. Але хутка ўбачылі, што ўсё абмежавалася стварэннем акопаў і траншэй. Так, новыя дамы з'явіліся, але выключна бутафорскія. Потым прывезлі танкі і гарматы. Пасля таго як пляцоўка была гатовая, пачаліся рэпетыцыі. Яны працягваліся некалькі месяцаў, і ўдзельнікі літаральна жылі на баявых пазіцыях.

Як паведаміла начальнік упраўлення культуры Магілёўскага гарвыканкама Ірына Жабарава, пры правядзенні культурна-гістарычнага мерапрыемства былі выкарыстаны нестандартныя творчыя падыходы і формы.

Глядзельная зала ўяўляла сабой партэр пад адкрытым небам і працяглую паласу за гандлёвым цэнтрам. Асноўная частка мабільнага партэра была выдзелена для ўдзельнікаў адзінаццатага міжнароднага інвестыцыйнага форуму «Млын поспеху», які якраз у гэты дзень пачаў сваю работу ў Магілёве. Можна сказаць, што яшчэ каля 600 прадстаўнікоў дзелавых колаў з 20 краін свету далучыліся да святкавання Дня горада ў Магілёве.

Прадстаўленне скончылася святочным феерверкам «Квітней, Магілёў!» пад крыкі «Урррра!!!».

Сёння, 29 чэрвеня, гулянні працягваюцца. Самая старадаўняя вуліца Ленінская — або, як яе называлі ў розныя часы, Ветраная, Вялікая Садовая, Інжынерная — стала інтэрнацыянальнай.

Свае падворкі выставілі ўкраінская, азербайджанская, руская, яўрэйская, польская, грузінская, армянская дыяспары. Яны запрашалі да сябе выстаўкамі карцін, кніг, прадметаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. А яшчэ дэманстравалі свае танцы і спевы, звычкі і традыцыі. Беларускі падворак прадставілі народная студыя дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Чараўніцы», грамадскае аб'яднанне магілёўскіх рамеснікаў «Шчырая майстэрня», Магілёўскія фабрыка мастацкіх вырабаў і дзіцячая школа мастацтваў.

Настрой на Ленінскай ствараюць мастакі-шаржысты, клоўны і «жывыя скульптуры» — іх удзел забяспечвае інтэрактыўная пляцоўка «Маладзёжны рэтра-бум». Сёння ў праграме таксама ўрачыстая цырымонія ўручэння штогадовай спецыяльнай прэміі Магілёўскага гарвыканкама «Дасягненне», велакарнавал «Табе, любімы горад на Дняпры», лёгкаатлетычны прабег «Дарога да шчасця», тэатралізаванае шэсце «Усім сэрцам з табой, мой горад родны!», свята «Магілёў гасцінна запрашае!» з праграмай «Мой родны кут» і выставачна-кірмашовай экспазіцыяй «Магілёўшчына майстравая» і шмат чаго іншага не менш цікавага. Удзел у святочных мерапрыемствах у Магілёве прымае губернатарскі духавы аркестр Тульскай абласной філармоніі імя І. Міхайлоўскага.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.