Вы тут

Арнольд Памазан: Шчасце, што выпала жыць з народам, кранальнасць душы якога не ведае межаў


Арнольд Кандратавіч Памазан, народны артыст Беларусі, нарадзіўся ў час магчымасцяў. Інакш як патлумачыць тыя абставіны, што з памочніка качагара паравоза ён стаў зоркай Купалаўскага тэатра, на рахунку якога больш чым сотня вобразаў на сцэне і ў кіно. Яго сябры ведаюць, што толькі ролю Адольфа Быкоўскага з «Паўлінкі» ён выконваў больш як 1000 разоў! Прыехаўшы ў дарослым узросце ў «сінявокую рэспубліку» з заходняй Украіны, ён прайшоў тут праз школу славутых тэатральных майстроў і працаваў у Купалаўскім тэатры больш чым палову стагоддзя. А сёлета майстар сцэны, праз якога мноства людзей прыходзілі да мастацтва, святкуе 80-гадовы юбілей і ўспамінае гісторыі, новыя і старыя, з доўгага творчага жыцця.


— Шмат было падзей, якія ўспрымаліся як прыгоды, грэлі душу або іх сэнс станавіўся зразумелы не адразу, — гаворыць народны артыст Беларусі Арнольд Памазан. — Раскажу вось што. Яшчэ пры Савецкім Саюзе, у 70-х гадах, трупа Купалаўскага тэатра часта гастралявала па сельскіх гаспадарках і вёсках. Вазілі візітоўку — спектакль «Паўлінка». І вось паехалі мы з імпрэзай у калгас са звычайнай да таго часу назвай — імя Леніна. Нас, акцёраў, павінна была суправаджаць машына з дэкарацыямі і касцюмамі. Ехалі тры з паловай гадзіны. Вось аўтобус акцёраў прыязджае ў азначаны калгас, прымаюць нас радушна, кажуць, што у сельскім клубе на «купалаўцаў» будзе аншлаг. Ды толькі пачаць спектакль не выпадае ніякай магчымасці. Машына з рэквізітам затрымліваецца! Чакаем. Але няма ды няма. Да нас падыходзіць загадчык вясковага клуба, пытаецца, што здарылася. Разумеючы, што граць «Паўлінку» нельга, кажа: «Едзьце хутчэй назад, бо вяскоўцы за зрыў спектакля могуць у акцёрскім аўтобусе і колы папрабіваць». Мы пагрузіліся і паехалі. Едзем уначы. Ды вось насустрач святло фараў нашай машыны з рэквізітам. Спыняем яе. Накінуліся на вадзіцеля: «Дзе ж вы былі? Трэба было даўно ўжо быць у калгасе імя Леніна!» — «Леніна? А мы чакалі вас у калгасе імя Ільіча!» І смех і слёзы! Але ж мы вярнуліся, куды было патрэбна, і адыгралі спектакль.

На вёскі я любіў ездзіць, бо там добры і наіўны глядач, які шчыра ўспрымаў усё, што адбываецца на сцэне. Аднойчы мы паехалі ў мястэчка зноў з «Паўлінкай». На пастаноўцы адчуваў, як глядач рэагуе на кожны мой рух. Як звычайна, публікі набілася поўная зала, а дзятва сядзела перад сцэнай на падлозе. У пэўным месцы спектакля я павінен быў заснуць, калі Паўлінка спявала. І ў гэты момант нейкі хлопчык з аўдыторыі пранікнёна звярнуўся да мяне: «Дзядзька Адольф, у вас боты парваліся!» Гледачы проста пасыпаліся ад смеху! А на тых ботах, сапраўды, была латка на латцы.

У іншай вёсцы, ужо пасля спектакля, гледачы падыходзілі да акцёраў паразмаўляць. Адна кабета запыталася, хто граў жаніха, дык яна назвала Быкоўскага. Вельмі хваліла і пастаноўку, і мяне і ўрэшце сказала: «Добра, што паглядзела “Паўлінку”. Цяпер і памерці можна спакойна». Да мяне тады прыйшло ўсведамленне важнасці нашай справы, задавальнення ад зробленага.

Вось неяк мы давалі спектакль «Парог» у адным з ЛТП недалёка ад сталіцы. У нейкі момант спектакля герой Андрэй Буслай, якога граў я, прыходзіць дамоў да маці пасля доўгай разлукі, а тая не пазнае яго. І тут я зразумеў, што «прабіў» гледача, таму што гэтыя гаротныя людзі пачалі шмыгаць насамі, плакаць. Пасля яны падыходзілі і не верылі, што гэта я быў у ролі, і нават дакраналіся да мяне, каб упэўніцца. Такое паразуменне з гледачом праз творчасць натхняе ў тым ліку і акцёра — на ўсё жыццё.

…Упершыню адчуванне эйфарыі на сцэне, калі за спінай быццам вырасталі крылы, у мяне адбылося яшчэ ў дзіцячым узросце, калі я ў школьнай пастаноўцы сыграў Сяргея Цюленіна ў спектаклі «Маладая гвардыя». Гэта і быў першы мой мастацкі досвед перад паступленнем спачатку ў Львоўскую акцёрскую студыю, потым і ў БДТМІ.

Верыце, я хваляваўся перад кожным сваім спектаклем. Перад тымі, што ўжо былі ў рэпертуары, — каб дастойна выглядаць на сцэне. Перад новымі, свежымі ролямі — каб не забыць тэкст. І вялікіх правалаў у мяне не было. За гэта ў тым ліку трэба аддаць належнае рэжысёрам-прафесіяналам, з якімі з большага даводзілася працаваць. З удзячнасцю ўспамінаю Іосіфа Хейфіца, які часам прыяджаў да нас з Масквы. Аднойчы пад яго кіраваннем у нас ставілі «Гразу» Астроўскага. Я вельмі хацеў граць Кудраша, але мяне не прызначылі на ролю. Я вывучыў урывак гэтага героя з твора і паказаў Хейфіцу. Таму, напэўна, так спадабалася, што ён запытаўся, што я хачу граць: здачу мастацкаму савету, здачу міністэрству або прэм’еру. Я адказаў, што і першае, і другое, і трэцяе! Вядомы рэжэсёр усміхнуўся і выставіў мяне на прэм’еру.

Майстэрства рэжысёра ў тым, каб паставіць перад акцёрам канкрэтныя задачы. Гэтым славіўся айчынны рэжысёр Барыс Уладзіміравіч Эрын, які выпускаў мяне з інстытута і ўзяў пад сваё крыло ў Купалаўскі тэатр. Дарэчы, з 30 чалавек нашай групы ў Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце толькі 11 скончылі поўны курс. Памятаю прафесіяналізм і нядаўна спачылага рэжысёра Яўгена Радамысленскага. З сучаснікаў да гаспадароў сцэны, з якімі працаваць лёгка, аднясу нашага «купалаўца» Мікалая Пінігіна. Цікавы гэты рэжысёр, на маю думку, сваёй любоўю да Беларусі. Ён мог бы застацца працаваць у расійскай культурнай сталіцы Пецяргбургу, ды ўсё ж абраў для сябе наш тэатр.

Але для дасягнення поспеху аднаго майстэрства рэжысёра не будзе дастаткова без напружанай работы, у першую чаргу над сабою, самога акцёра. Са студэнцтва яшчэ ў Львове я ўзяў для сябе звычку з самога ранку рабіць мімічныя і маўленчыя практыкаванні. А па прыкладзе школьнага настаўніка фізкультуры аж да сённяшняга дня займаюся гімнастыкай, прачынаюся штодзень роўна ў сем гадзін і ўвогуле вяду здаровы лад жыцця.

…Ад усіх творчых застояў выратоўвала праца, бо не заўсёды зоркі спрыялі таму, каб мяне зацвярджалі на жаданыя ролі, пры тым, што я мог быць значна лепш гатовы, чым мой калега. І дысцыпліна ў тэатры была жорсткая: за пасіўнасць у справе можна было пазбавіцца месца.

Заканамерна, што на змену нам прыходзяць маладыя артысты. Са свайго боку жадаю ім поспеху ў творчай справе. Гэта шчасце, што мне выпала быць артыстам, жыць з народам, кранальнасць душы якога не ведае межаў, асабіста быць знаёмым з мноствам цудоўных асоб. Што сказаць да наступнай сустрэчы? Не забывайце заходзіць у Купалаўскі тэатр і жыць побач з усемагутным мастацтвам.

Павел САЛАЎЕЎ

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.