Вы тут

Як працуе Магілёўскі абласны гісторыка-патрыятычны пошукавы клуб


Гэтыя людзі ўвесь час жывуць падзеямі ваенных часоў, бо лічаць сваім абавязкам знайсці і перапахаваць усіх салдат, зніклых у тым жахлівым крывавым пекле амаль бясследна — без вестак. І яны іх шукаюць, шукаюць вось ужо 25 гадоў. За час свайго існавання Магілёўскі абласны гісторыка-патрыятычны пошукавы клуб «Віккру» сумесна з 52-м пошукавым батальёнам Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь падняў і ўрачыста перапахаваў астанкі 1201 чалавека, 79 з якіх вярнуў імёны.


Са шчупам і рыдлёўкай

— Першая наша Вахта Памяці прайшла ў Круглянскім раёне, дзе мы разам з «мабілізаванымі» ўпраўленнем адукацыі аблвыканкама школьнікамі і студэнтамі шукалі сляды зніклых без вестак чырвонаармейцаў і партызан брыгады «Чэкіст» — яны загінулі ў начным баі 29 чэрвеня 1944 года, — згадвае кіраўнік абласнога гісторыка-патрыятычнага пошукавага клуба «Віккру» Мікалай Барысенка. — На ўзбраенні ў нас тады былі толькі прымітыўны металічны шчуп і вялікая сапёрная рыдлёўка. Як жа мы радаваліся, калі атрымалася высветліць першыя імёны гэтых байцоў! Потым было яшчэ шмат знаходак, але тыя пачуцці вельмі моцна ўрэзаліся ў памяць. Бо былі першыя.

На рахунку клуба шматлікія экспедыцыі па пошуку абаронцаў Магілёва на месцах жорсткіх баёў у вёсках Благавічы, Удоўск, Самулкі, на рацэ Проня ў Чавускім раёне, вялікая даследчая работа, звязаная з будаўніцтвам мемарыяла на Буйніцкім полі, экспедыцыі ў Клічаўскі, Быхаўскі і Кіраўскі раёны, дзе ў глухіх лясах і балотах ляжалі з часоў вайны збітыя савецкія самалёты, а іх экіпажы лічыліся зніклымі без вестак. І вялікай узнагародай за гэтыя гадзіны, дні, месяцы, гады пошукаў былі знойдзеная ў зямлі праржавелая амуніцыя, астанкі байцоў і — неверагодная ўдача! — асабістыя медальёны. Кавалачкі металу, якія, быццам душа салдата, зберагалі яго імя. Шкада, што яны, як і іншыя прадметы, якія нешта кажуць пра сваіх уладальнікаў, трапляюць у рукі не так часта.

Мала знайсці...

За апошнія гады «віккруўцамі» ўстаноўлены імёны і лёсы экіпажаў пяці савецкіх самалётаў, зніклых без вестак на тэрыторыі вобласці.

— Наша задача не толькі знайсці загінулых, але і ўвекавечыць іх, — кажа Мікалай Барысенка. — На месцы падзення гэтага Іл-4 у будучым абавязкова ўстановяць памятны знак. Па нашай ініцыятыве ў Магілёве з'явіліся вуліцы з прозвішчамі герояў абароны Магілёва — Рыгора Златаўстоўскага, Мікалая Цярохіна і Якава Слепакурава. З нашай падачы і пры фінансавай падтрымцы выканкамаў на тэрыторыі вобласці з'явіліся 32 помнікі і мемарыяльныя знакі воінам Чырвонай Арміі, лётчыкам і партызанам.

Асаблівы гонар пошукавікі адчуваюць за помнікі, якія сёння стаяць на месцы жорсткіх баёў — на рацэ Проня каля вёскі Пуцькі ў Чавускім раёне, непадалёк ад вёскі Самулкі (воінам 61-га стралковага і 20-га механізаванага карпусоў), каля вёскі Следзюкі Быхаўскага раёна (на месцы баёў 187-й стралковай дывізіі), у раёне вёсак Брускі — Буйнічы Магілёўскага раёна, дзе выходзілі з акружэння апошнія байцы легендарнай 172-й стралковай дывізіі генерала Раманава, якая 23 дні трымала абарону Магілёва.

А яшчэ дзякуючы «віккруўцам» летась на рацэ Проня з'явіўся першы ў Беларусі памятны знак савецкім штрафным падраздзяленням, якія па-геройску змагаліся тут у 1943—1944 гадах. Гэта была сумесная акцыя пошукавікаў клуба і Чавускага райвыканкама.

«Віккруўцы» ведаюць, як гэта важна — захаваць тыя здабыткі, якія зроблены падчас іх тытанічнай работы. Яны прымалі актыўны ўдзел у здымках мастацкіх фільмаў «Дняпроўскі рубеж», «Брэсцкая крэпасць», «Сталінград», удзельнічалі ў напісанні сцэнарыяў і здымках 10 дакументальных фільмаў на ваенна-гістарычную тэматыку. Сумесна з галоўным упраўленнем ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама і пры падтрымцы абласнога цэнтра творчасці клуб выпускае адзіны ў Беларусі ваенна-гістарычны зборнік «Магілёўскі пошукавы веснік». Уся гэтая дзейнасць клуба выклікае ў грамадстве вялікі рэзананс, зацікаўлівае моладзь. Хлопцы і дзяўчаты дапамагаюць шукаць зніклых без вестак на пошукавых сайтах, удзельнічаюць у раскопках на месцах баёў — на канкрэтных справах і прыкладах становяцца сапраўднымі патрыётамі Беларусі, разумеюць, што значыць абараняць радзіму і аддаваць за яе жыццё.

Тыя, хто вяртае героям імёны

Беражліва трымаю ў руках кавалачак халоднага металу з надпісам «За актыўны пошук» і адчуваю неверагодны гонар і адказнасць. Гэты ганаровы знак Міністэрства абароны я атрымала на юбілейным мерапрыемстве «віккруўцаў» з рук начальніка ўпраўлення па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь Сяргея Варановіча. Павіншаваць віноўнікаў свята прыйшлі прадстаўнікі гар- і аблвыканкама, сілавых ведамстваў. Са словамі ўдзячнасці да прысутных звярнуўся старшыня аблвыканкама Леанід Заяц, плёну і поспеху ў нялёгкай справе пажадаў старшыня Магілёўскага гарвыканкама Уладзімір Цумараў. Пошукавікі атрымалі ўзнагароды, ганаровыя граматы, падзякі розных узроўняў, каштоўныя падарункі. У іх гонар быў дадзены канцэрт. Сёння клуб «Віккру» — гэта адзінае падобнае аб'яднанне ў краіне, у яго ўваходзяць 20 маладзёжных пошукавых атрадаў і груп у 14 раёнах вобласці з агульнай колькасцю каля 100 чалавек.

На голым энтузіязме

Унікальнасць клуба яшчэ і ў тым, што існуе ён у асноўным за свой жа кошт. Уся работа вядзецца на грамадскіх пачатках, перад кожнай экспедыцыяй хлопцы збіраюць грошы на харчаванне і паліва, за ўласны кошт набываюць дарагую амуніцыю і абсталяванне. Сёлета пры клубе «Віккру» быў створаны разліковы рахунак, куды пачалі паступаць невялікія ахвяраванні ад грамадзян і некаторых устаноў. Матэрыяльная падтрымка вельмі важная для дзейнасці клуба, моцна павышае эфектыўнасць яго работы. Дастаткова прывесці прыклад. Сёлета аблвыканкам набыў нямецкія трафейныя аэрафотаздымкі месцаў баёў, дзякуючы якім упершыню на месцы баёў батальёна Уладзімірава за некалькі дзён вахты былі паднятыя астанкі 23 байцоў. Для параўнання: летась тут атрымалася знайсці толькі аднаго чырвонаармейца. Усяго за тры сёлетнія пошукавыя экспедыцыі ў Быхаўскім, Слаўгарадскім і Магілёўскім раёнах знойдзены астанкі 51 воіна Чырвонай Арміі і ўстаноўлены імёны траіх. Ужо атрымалася выйсці на сувязь са сваякамі загінулых.

Чым дапамагчы?

Калі вам неабыякавы лёс тых, хто набліжаў Перамогу, не вярнуўся з бою і каго цяпер трэба знайсці, ёсць магчымасць падтрымаць пошукавую дзейнасць. Рэквізіты дабрачыннага рахунка клуба «Віккру»: № BY91 АКВВ 3015 0427 4730 8700 0000 у філіяле № 700, МАУ ААТ «ААБ Беларусбанк», МФО АКВВВY21700, УНП 790612863, 212030, Рэспубліка Беларусь, г. Магілёў, завулак Пажарны, 7. Кантактныя тэлефоны: + 375-29-645-67-97 (vеlсоm); 8 (0222) 42-17-97. Грамадскае аб'яднанне «Магілёўскі абласны гісторыка-патрыятычны пошукавы клуб «Віккру».

Ваша дапамога зможа значна наблізіць той дзень, калі вернецца памяць пра чарговую зніклую без вестак ахвяру вайны.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Вахта памяці на 25 гадоў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».