Вы тут

Кандыдаты гістарычных навук разважалі пра гісторыю і літаратуру


З якім гістарычным багажом мы крочым у будучыню? Хто яны, куміры прыхільнікаў якаснай літаратуры сённяшняга пакалення? Якія іх творы ўвасабляюць мінулае беларускага народа? На гэтыя і іншыя тэмы разважалі на сустрэчы, якая прайшла ў сталічнай кнігарні «Светач», кандыдаты гістарычных навук Сяргей ТАРАСАЎ, Андрэй КІШТЫМАЎ, Дзмітрый МАЦВЕЙЧЫК і Мікалай ПЛАВІНСКІ. Падчас мерапрыемства аўтары шматлікіх навукова-публіцыстычных работ прадставілі слухачам як свае работы, так і творы папярэдніх гісторыка- і археолагазнаўцаў.


— Гісторыю нашай краіны малодшае пакаленне пачынае вывучаць яшчэ з маленства, калі ў школе ўпершыню атрымлівае падручнік «Мая радзіма — Беларусь», — адзначае Сяргей ТАРАСАЎ. — Яго я стварыў для чацвёртакласнікаў, каб яны імкнуліся да ведаў, ведалі галоўнае пра дзяржаву. Больш сур'ёзная і грунтоўная кніга — «Полацкі Чарадзей», яна навукова-папулярная. Першая частка была створана ў 1990 годзе пад назвай «Чарадзей сёмага веку Траяна. Усяслаў Полацкі». Дарэчы, твор разышоўся накладам у 25 тысяч экзэмпляраў — гэта гаворыць аб тым, што беларусы хочуць ведаць пра людзей, якія стваралі нашу гісторыю. Але данесці сэнс работы атрымліваецца толькі тады, калі адаптуеш яе пад запатрабаванні сённяшняй аўдыторыі.

...З цягам часу ў мяне як выдаўца кніг узнікла думка, што большасць навуковых выданняў падабаецца толькі спецыялістам. Мала хто чытае творы пра археалогію, акрамя калег і сяброў. Але ўсё ж такі заўсёды хочацца падзяліцца з чытачамі тым, што напаўняе знутры, таму мая мэта як аўтара — расказваць простымі словамі пра складанае: пра тое, з чым сутыкаўся падчас экспедыцый і раскопак, пра людзей, якія аказалі на мяне вялікі ўплыў. Археалогія — цікавая рэч, яна разнастайная: перспектыўная, паветраная, падводная, эксперыментальная. Даследаваць яе — значыць лепш разумець гісторыю нашай краіны.

Кандыдат гістарычных навук, аўтар больш чым 250 публікацый у навуковых выданнях Беларусі, ЗША і краін Еўропы, у ліку якіх серыі выданняў «Нашы славутыя землякі» і «Славутыя імёны Бацькаўшчыны», Андрэй КІШТЫМАЎ у рамках сустрэчы расказаў пра жыццёвы і творчы шлях знакамітага беларускага гісторыка, этнографа Мітрафана Доўнар-Запольскага.

— Куміры мінулага вызначаюць сучаснасць. Яны як асобы самі з'яўляюцца часткай нашай гісторыі і аб'ектам шматлікіх даследаванняў. Іх гісторыі і лёсы дапамагаюць лепш зразумець тое, што адбывалася дзясяткі, а то і сотні гадоў таму. На шчасце, беларуская гісторыя заўсёды актыўна даследавалася рознымі беларускімі дзеячамі. Сярод такіх — Мітрафан Доўнар-Запольскі. Ён — заснавальнік нацыянальнай гістарыяграфіі, аўтар найлепшай працы па гісторыі беларускай зямлі «Гісторыя Беларусі», рукапіс якой быў падрыхтаваны ў пачатку ХХ стагоддзя, але якая была выдадзена толькі ў 1994 годзе. Тым не менш мне хацелася б расказаць не пра «Гісторыю Беларусі», а пра самога аўтара, які гэтую гісторыю напісаў...

Кандыдат гістарычных навук, супрацоўнік Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі і гістарычнага факультэта БДУ Дзмітрый МАЦВЕЙЧЫК нагадаў прысутным пра вядомыя працы, а таксама адзначыў, што цяпер многія шукаюць у навукова-публіцыстычных выданнях:

— Прыгадаю працы, якія служаць асновай для разумення беларускай гісторыі. Гэта творы Юрыя Снапкоўскага «Мінскія губернатары», «Гербоўнік беларускай шляхты», «Святар у беларускім соцыуме», «Картаграфічныя матэрыялы. Мінская губерня» Дзяніса Лісейчыкава, напісаная мною кніга пра Кастуся Каліноўскага «Паўстанне 1863—1864 гадоў: нарыс баявых дзеянняў». Спіс можна працягваць доўга. Згаданыя працы доўгі час былі малазапатрабаванымі, не зважаючы на тое, што ў іх ёсць шмат цікавага. Аднак у 1991 годзе, калі краіна набыла незалежнасць, усё змянілася. Для беларусаў важным стала ведаць пра сваё паходжанне, самавызначэнне, продкаў.

На мерапрыемстве прамоўцы прадставілі публіцы не толькі выданні для дарослых. Мікалай ПЛАВІНСКІ, аўтар каля 200 навуковых, навукова-папулярных і энцыклапедычных артыкулаў па археалогіі і гісторыі Беларусі, пазнаёміў прысутных са сваёй мастацкай кнігай для дзяцей «Прыгоды Васілька з Брачыслаўля», якая вучыць малодшае пакаленне жыццёвым каштоўнасцям і прывівае любоў да сваёй Радзімы:

— У ёй расказваецца пра хлопчыка, які жыў у ХІ стагоддзі, таму ў яго не было ні тэлевізара, ні камп'ютара. Гэта цяжка ўявіць, але калісьці не было ні лямпачак, ні машын, а вось войны былі частыя і крывавыя, і хлопцы вучыліся карыстацца сапраўднай зброяй, а не гуляліся ў цацкі. Гэтае выданне — дапаможнік маленькім чытачам, які пазнаёміць іх з тым, як выглядалі раней нашыя гарады і вёскі, як функцыянавала Полацкае княства, якім багам пакланяліся продкі, як выхоўваліся і бавілі свой вольны час дзеці. Упэўнены, што вандроўка ў часе папоўніць веды маленькіх чытачоў, а таксама пераверне іх успрыманне сучаснасці.

Дар'я ШЛАПАКОВА

Загаловак у газеце: Гісторыя — гэта заўсёды пра людзей

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».