Вы тут

Марта Шматава: «Я і мая карціна павінны гучаць на адной хвалі...»


На яе палотнах у асноўным жаночыя вобразы. Марта Шматава закладвае ў свае мастацкія рэфлексіі шмат сэнсаў – таму творы атрымліваюцца выразна філасофскія, метафарычныя. Акрамя своеасаблівага почырку, аб’ядноўвае розныя работы (часам яны ўтвараюць серыі) надзвычай моцная гуманістычная энергетыка.


Мы пагутарылі з Мартай Шматавай пра яе гераінь, крыніцы натхнення, стаўленне да мастачак у грамадстве ды пра іншае.

У адным інтэрв'ю вы казалі, што вас цікавіць пераважна жанчына, яе пошукі. Ці ёсць гэта пошукамі ўнутранай гармоніі ці спробай усталяваць камунікацыю са знешнім светам праз унутраны духоўны рэсурс?

– Думаю, усё разам. Мае жаночыя вобразы ў высокай ступені ідэалістычныя, не ў сэнсе – адарваныя ад рэалій, а ў сэнсе – блізкія чалавеку, які мае ідэалы, імкнецца да ўзнёслага. Паколькі я жанчына, то абапіраюся на ўласныя светапогляд і светаадчуванне. Калі абагульніць – на фемінныя, на падмурку якіх, з майго пункту гледжання, трымаецца гуманізм.

Мае гераіні знаходзяцца ў пошуках сэнсу свайго ўласнага жыцця і абапіраюцца на пэўныя маральныя прынцыпы, робяць выбар. Я з'яўляюся прыхільніцай тэорыі пазітыўных сэнсаў аўстрыйскага псіхолага Віктара Франкла. Ён лічыў, што асэнсаваным наша жыццё робяць пэўныя каштоўнасці: тое, што чалавек можа зрабіць як творца; перажыванні, якія ён можа адчуваць; пазіцыя, якую займае ў адносінах да жыццёвых выпрабаванняў альбо лёсу. Я абрала сімвалізм у якасці асноўнага кірунку творчасці, і такі падыход мяне натхняе.

Што з'яўляецца глебай для ўзнікнення мастацкай задумы – рэальнасць ці ідэя, роздум? Падсвядомасць? Інтуіцыя? Гледзячы на некаторыя вашы карціны, падумала, што вы малюеце прастору сну…

– Мастак ці мастачка жыве ў рэальным свеце, і гэты свет не можа не ўплываць на творчасць. Любыя ідэі ды роздумы… яны альбо народжаныя рэальнасцю і мусяць яе ў мастацкай форме адлюстроўваць, альбо ідуць ёй насуперак і праецыруюць іншую рэальнасць – магчыма, лепшую. Мне даволі цяжка абагульніць, таму што апошнім часам мае творчыя пошукі адбываюцца ў розных кірунках. Ад таго фрагмента жыцця, які апынуўся ў полі майго зроку, залежыць і мастацкая форма, якую я абіраю. 

Мабыць, найменш абапіраюся на інтуіцыю. Існуе такі выраз «будаваць кампазіцыю», аднак мастацтва – не будоўля. Таму, калі я акрэслілася з тэмай, адказала сабе на пытанне, што я хачу данесці і навошта, то магу ўбачыць, як кажуць, «унутраным бачаннем» агульны вобраз. Гэта можа быць постаць гераіні, колеравая гама, а можа і проста пачуццё, якое я хачу выклікаць у гледача. Потым цалкам асэнсавана працую над кампазіцыяй, адкідваю лішняе і шукаю менавіта тыя дэталі, якія дапамогуць мне стварыць задуманае.

Вы працуеце з эскізамі?

– Найчасцей. Мне трэба спачатку візуалізаваць ідэю для самой сябе – у выглядзе графічных, жывапісных, часам і камп'ютарных распрацовак. Але ў час працы, тым не менш, шмат чаго можа памяняцца. Я працую да таго моманту, пакуль карціна сама не «скажа» мне, што яна скончаная... Часам сябрам ці калегам здаецца, што я даўно скончыла твор, але я сама не адчуваю задавальнення і працягваю, пакуль яно не прыйдзе. Такім чынам, спантаннасць, інтуітыўная творчасць – не самы моцны мой бок. Аднак апошнім часам я «саспела» да таго, каб яе выкарыстоўваць і, як ні дзіўна гучыць, раблю гэта асэнсавана.

Упартая праца з паступовым давядзеннем твора да дасканаласці важнейшая за натхненне?

– Як вядома, натхненне не прыходзіць па раскладзе, а мастацтва – мая прафесія. Таму імкнуся працаваць у любы час. Калі натхнення няма і дзень відавочна не задаўся, пераключаюся на тэхнічную працу. Але ўсё ж, на шчасце, найчасцей я пачынаю пісаць і паступова ўваходжу ў патрэбны стан. Не ведаю, з чым гэта можна параўнаць. Я і мая карціна павінны гучаць на адной хвалі... Толькі тады карціна нясе адбітак той энергіі, якую хацелася перадаць. Калі я хачу, каб мая карціна ўзвышала чалавека, я сама мушу быць узнёслай.

Часам жанчынам у творчых сферах даводзіцца дабівацца, каб да іх ставіліся ўсур’ёз. Вы былі натхняльніцай і куратаркай групавых выстаў, у якіх узялі ўдзел толькі мастачкі. Ці ёсць арганізацыя такіх выстаў спробай давесці, што жанчыны ў мастацтве нічым не саступаюць мужчынам? І наколькі эфектыўная такая спроба?

– Так, мы ажыццявілі два творчыя праекты, у якіх узялі ўдзел выключна жанчыны: “Клара і Роза” і “Чысціня і гігіена”. Безумоўна, найперш мы ставілі мастацкія задачы. Было вельмі камфортна працаваць разам, у атмасферы павагі адна да адной, з агульнай мэтай. Выставы праводзіліся падчас 8 сакавіка, і мы свядома абіралі тэмы, сэнсава звязаныя з Жаночым днём, але насуперак зместу “ружова-кветкавага свята”, які з цягам часу гэтая дата набыла. Мы не абіралі чыста правакацыйную стратэгію, а сумясцілі мастацкі змест з ідэяй супрацьстаяння стэрэатыпам ва ўспрыманні жанчын.

Талент не мае біялагічнага полу. Мне здаецца, сёння параўнанне мастачкі з рукадзельніцай амаль зжыло сябе. Барацьба за месца жанчыны ў мастацтве для нас, на шчасце, засталася ў мінулым. Чаго не скажаш пра многія праблемы існавання жанчыны ў патрыярхальным грамадстве. Аднак будучы студэнткай, у 90-я гады я на свае вушы чула разважанні аднаго выкладчыка: маўляў, няма сэнсу набіраць для навучання шмат дзяўчат, бо ў выніку ўсе яны апынуцца “на кухні”. Асабіста для мяне гэта стала адной з матывацый, каб больш працаваць над сабой. Таму, безумоўна, нашы мастацкія праекты былі і пэўнай справаздачай для саміх сябе, і пасылам грамадству.

Наша цывілізацыя, якая час ад часу апынаецца пад пагрозай знішчэння праз войны і агрэсію, даўно адчувае патрэбу ў тым, каб ва ўсе сферы жыцця быў прыўнесены жаночы, мацярынскі пачатак – дабрыні, міласэрнасці, любові. На мой погляд, згарманізаваны, гуманістычны свет вашых палотнаў якраз і дае ўяўленне пра жаночыя, фемінныя прынцыпы светабудовы. Некаторыя жанчыны-творцы, жадаючы прыцягнуць увагу да гендарных стэрэатыпаў, абіраюць шлях правакацыі, акцэнтавання тэмаў жаночай ідэнтычнасці і гендару. Як вы да гэтага ставіцеся?

– Вы вельмі дакладна вызначылі маё светаадчуванне. Што датычыцца радыкальных пазіцый мастачак – я за свабоду выбару. Наш сённяшні свет вельмі недасканалы, у тым ліку і ў пытаннях правоў жанчын, таму шчырае жаданне засяродзіць сваю творчасць на гэтых праблемах заслугоўвае павагі і падтрымкі. Але мне бліжэй не правакацыя, а «акцэнтаванне тэмаў жаночай ідэнтычнасці і гендару». Думаю, выбар тут залежыць ад асобы мастачкі.

Я сама перыядычна звяртаюся не столькі да жаночых праблем, колькі да сацыяльных. І ў гэтым выпадку першасным робіцца пытанне нават не творчых пошукаў, а грамадскай адказнасці. Мастацтва заўсёды было той сілай, якая здольная агаліць патаемныя хібы ў нашым жыцці. Адзінае – заўсёды хочацца, каб мастацкі і сацыяльны складнікі арганічна спалучаліся.

Вы прымаеце ўдзел у праекце «Адкрытыя арт-прасторы: майстэрні мастачак», запрашаеце да сябе гледачоў. Неяк вы сказалі, што расцэньваеце кожны акт такіх стасункаў як камень, кінуты ў ваду, ад якога разыходзяцца колы. Такія сустрэчы шмат даюць наведвальнікам, а што яны прыносяць вам як творцы? І наколькі вам неабходна адчуваць зваротную сувязь, энергетыку гледача?

– Для мяне зваротная сувязь вельмі важны кампанент. Калі адказваеш на пытанні, адчуваеш зацікаўленасць людзей, гэта дае магчымасць зірнуць на сваю творчасць з іншага боку. Я візуалізую пэўную ідэю, а глядач спрабуе яе зразумець і інтэрпрэтаваць праз прызму ўласных рэфлексій. Спадзяюся, што мае ідэі сугучныя людзям з ідэнтычным светаадчуваннем. 

Калі ж размова заходзіць пра сацыяльнае мастацтва, то яно мусіць быць зразумелым, інакш губляецца ўсялякі сэнс. Яшчэ магу адзначыць цікавы момант: распавядаючы гасцям пра сваю творчасць, часам прагаворваеш нейкія рэчы, якія маглі б так і застацца недзе ў глыбінях несвядомага. Такім чынам больш даведваешся пра сябе самую, што і ёсць развіццём.

Калі мы гаворым пра жаночае пісьмо ў літаратуры, робім акцэнт на тым, што жанчына прынесла ў мастацтва сваё светаадчуванне, бачанне свайго цела і душы, а вобраз жанчыны, створаны пісьменніцай, адрозніваецца ад жаночых вобразаў, якія ствараюць мужчыны-аўтары. Ці напіша мастачка жанчыну інакш, чым гэта зрабіў бы яе калега-мужчына?

– Па творы мастацтва вельмі часта нельга сказаць, каму ён належыць, мастаку ці мастачцы. Больш за тое, можна пераблытаць. Твор сам па сабе, калі хочаце, можа быць фемінным ці маскулінным, ці нейтральным, у залежнасці ад асобы творцы, а не яго/яе біялагічнага полу. Тое самае і з жаночымі вобразамі. Я думаю, што альбо ў мастачкі мусіць быць вельмі моцная жаночая энэргетыка, альбо яна свядома павінна звярнуцца да свайго светаадчування як жанчыны, каб стварыць вобразы, якія б моцна адрозніваліся ад вобразаў мужчыны-мастака.

Мастацтва – таталітарнае, яно патрабуе чалавека цалкам. Тое ж можна сказаць і пра мацярынства. Сумясціць іх – дылема, якая паўстае перад многімі творчымі жанчынамі. Вы вырасцілі сына і стварылі адметныя творы жывапісу. Ці складана было сумясціць творчасць і мацярынскія абавязкі?  

– Па шчырасці – вельмі складана. І мастацтва, і мацярынства патрабуюць самааддачы. Я ўжо не кажу пра эканамічны фактар. Прафесія мастачкі сама па сабе не стабільная, а ў перыяд, калі адказваеш яшчэ і за жыццё дзіцяці, утрымацца можна толькі пры дапамозе звонку і пры моцнай веры ў сваю справу. Аднак я ніколі не дазваляла сабе думкі пра тое, што магу ахвяраваць мастацтвам. За кошт гэтай веры, самадысцыпліны, мінімізацыі патрэбаў і дапамогі сям’і ўдалося ўтрымацца. Паступова выпрацаваўся лад жыцця і знайшліся магчымасці. Яшчэ мне пашчасціла з сынам, які быў у большай ступені крыніцай радасці, чым праблем. Тым не менш, факт ёсць факт: за больш значныя праекты і эксперыменты атрымалася ўзяцца толькі тады, калі сын вырас.

Летась у галерэі “Мастацтва” ў вас праходзіла персанальная выстава “Метафары святла”. Ці рыхтуецеся да новых паказаў? Вашы работы з серыі “Зона палётаў”, як мне здалося, намякаюць на далейшае развіццё аўтарскага стылю, з’яўленне новых колераў і вобразаў…     

– Планаў, арыентаваных на канкрэтныя выставачныя пляцоўкі, у мяне зараз няма, акрамя ўдзелу ў рэспубліканскіх выставах, якія ладзіць на працягу года Беларускі саюз мастакоў. Але, як вы трапна заўважылі, у мяне пачала складвацца асобная серыя “Зона палётаў”. На дадзены момант у серыю ўваходзяць шэсць карцін, і я планую давесці яе да пэўнага закончанага выказвання.

Серыю “Метафары святла” я пачала ў юнацтве. Сёлета напісала яшчэ адну работу, магчыма, не апошнюю. Аднак стала адчуваць, што моцна змяніўся свет, а разам са светам – я, мае героі і гераіні. Іх вобразы сталі яшчэ больш шматслаёвымі, існуюць у розных праекцыях адначасова. Такія развагі прывялі мяне да ідэі новай серыі “Прагулкі”, дзе я збіраюся стварыць шэраг сюррэалістычных “партрэтаў”. Яны адлюструюць тыя калажы з думак і інфармацыі, што ўзнікаюць у нашых галовах.

– Творчага плёну вам!

Гутарыла Алена БРАВА

Фота прадастаўлена Мартай ШМАТАВАЙ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.