Вы тут

Як у Мінску рэпетавалі парад


3 ліпеня а 21-й гадзіне вечара пройдзе парад войскаў да Дня Незалежнасці. Але генеральная трэніроўка па традыцыі адбываецца напярэдадні асноўнага дзейства. Правесці яе ўдалося толькі зараз. На генеральную рэпетыцыю сабралася некалькі тысяч гледачоў. Урачысты марш пешых разлікаў, сцягавых груп, праход бранятэхнікі – як гістарычнай, так і сучаснай - і пралёт паветранага эшалона ўразілі прысутных. Рота ганаровай варты паказала цудоўны плац-канцэрт. А іх змяніла тэатралізаваная імпрэза.


Легендарны танк Т-34

Але не будзем раскрываць усе сакрэты. Лепш дадзім слова ўдзельнікам параду.

Механік-кіроўца танка Т-72Б3 Андрэй Барысенка служыць у 120-й асобнай механізаванай брыгадзе ў танкавым батальёне. За яго плячыма – пяць тыдняў упартых трэніровак на палігоне ў Ліпках.

- Вельмі хваляваўся спачатку, усё-такі першы выезд у горад, - прызнаецца баец. - Але праз некаторы час з’явілася ўпэўненасць у сабе. Пры перастраенні калоны таксама было непрывычна – усё-такі тут не палігон, а гарадскія вуліцы з абмежаванай шырынёй… Нам да таго расказвалі, як трэба ездзіць па асфальце. Не трэба паварочваць і ехаць па разметцы. Што да дыстанцыі, то падчас руху ў калоне мы трымаем яе ў межах 10-20 метраў. Больш забаронена, інакш расцягнецца ўся калона. Дыстанцыю трымалі ў калоне падчас руху сюды не менш за 10 метраў і не больш за 20, каб калона не разарвалася.  

Незвычайнасць трэніроўкі адзначае камандзір танкавай роты танкавага батальёна 120-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады гвардыі старшы лейтэнант Дзмітрый Невар.

- Раней у нас былі дзве трэніроўкі, падчас якіх мы рабілі па два прагоны. Зараз плануецца зрабіць тры. Але ўмовы ў Ліпках адрозніваюцца ад гарадскіх. Там пакрыццё ў выглядзе бетонных пліт. Лініі намаляваны суцэльна. Каля стэлы ў нас, як вядома, асфальт. Лініі перарывістыя. Але механікі-кіроўцы паказвалі цудоўныя вынікі пры праходжанні на палігоне. Я ўпэўнены, што яны справяцца з гэтай няпростай задачай і тут.

Дзмітрый Невар – правафланговы першай шарэнгі. Гэта вельмі адказная пазіцыя.

- Ад нас залежыць не толькі рух шарэнгі і раўненне, а таксама і рух іншай каробкі, як яны будуць набіраць дыстанцыю, хуткасць. Сам жа Т-72Б3 – вельмі паваротлівы танк. У яго павялічана хуткасць за кошт большых конскіх сіл у параўнанні з яго папярэднікамі. І на бетоне, і на асфальце машына вядзе сябе ўпэўнена. Але якой бы добрай ні была машына, патрэбен і выдатны механік-кіроўца. Калі ён першы раз сеў за рычагі кіравання, то натуральнай рэакцыяй будзе мандраж. Калі ён наездзіць не адзін дзясятак гадзін і не адну сотню кіламетраў – упэўненасць прыйдзе аўтаматычна. А тут у нас адабраны толькі самыя лепшыя салдаты.

Ад танкаў кіруюся да бронетранспарцёраў. Яфрэйтар Аляксандр Акуловіч служыць у 38-й дэсантна-штурмавой брыгадзе ў Брэсце. Ён кіруе БТР-80.

Аляксандр Акуловіч.

- Усе трэніроўкі праходзілі ў Мінску. На перыяд падрыхтоўкі мы жылі на базе 120-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады. Нам паказвалі, як трымаць раўненне, дыстанцыю… Да таго ў нашым актыве больш было паездак па палігонах, падчас тактычных вучэнняў, стрэльбаў… За месяц жа мы навучыліся быць адной камандай. Таму што раўненне залежыць ад таго, як павядуць сябе твае таварышы злева і справа. Вызначаць бяспечную дыстанцыю ўжо магу на вока. Звярніце ўвагу – на БТР-ах устаноўлены супрацькумулятыўныя рашоткі. А на іх  нанесены жоўтыя меткі. Вось яны для нас і служаць арыенцірамі па дыстанцыі. Увогуле БТР-80 – машына даволі габарытная, калі перасаджвацца ў яе пасля легкавіка. Але трэніроўкі, якія няспынна ішлі каля месяца, робяць сваё.

- Па праўдзе кажучы, прыемна здзіўлены. Нават не думаў, што з першага разу ўсё атрымаецца, - прызнаецца намеснік міністра абароны Сяргей Патапенка пасля першага прагону. - Звычайна ў нас праходзіла па дзве генеральныя трэніроўкі параду. Я падумаў, што, можа, на будучыню дастаткова і адной… Выдатнаму праходжанню спрыяла цудоўная працяглая падрыхтоўка, а таксама добрасумленнае стаўленне ўдзельнікаў параду. І, канешне ж, падрыхтоўка тэхнікі, узбраення. Сумесная праца ўсіх адказных асоб камандавання, тылу, узбраення, удзельнікаў параду прынесла свой рэзультат менавіта на першай трэніроўцы. Вельмі парадавалі прадстаўнікі тэрытарыяльных войскаў. Яны пачалі рыхтавацца толькі пасля 11 чэрвеня…

Мы планавалі чатыры разы праехаць міма трыбун, але, думаю, двух прагонаў дастаткова. А 3 ліпеня будзе яшчэ лепш!

 

Валяр’ян ШКЛЕННІК

Фота аўтара і БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Культура

«Звязда» з'ездзіла на кінафестываль Żubrоffkа

«Звязда» з'ездзіла на кінафестываль Żubrоffkа

Раім вам у наступным годзе адправіцца туды самім.

Культура

Мастачка Алеся Скарабагатая: Няма мэты падабацца

Мастачка Алеся Скарабагатая: Няма мэты падабацца

Імя мастачкі гучыць усе пяць гадоў правядзення «Асенніх салонаў».

Спорт

Спартсмен Валерый Макарэвіч: Мара ў мяне адна — стаць прафесіяналам сваёй справы

Спартсмен Валерый Макарэвіч: Мара ў мяне адна — стаць прафесіяналам сваёй справы

Як варатар зборнай Беларусі па пляжным футболе сумяшчае гульню з роляй настаўніка і бацькі.  

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Языку дай волю..., Хвалі дзень вечарам, Людзі — добрыя.