Вы тут

Сенатары адобрылі выкананне рэспубліканскага бюджэту за 2018 год


Рэспубліканскі бюджэт: даходы і выдаткі за мінулы год, рост пенсій і дапамог, гарантыі добрасумленным работнікам і прагрэсіўны аўдыт, зразумелы для інвестара. Гэтыя і некаторыя іншыя тэмы былі ў цэнтры ўвагі сенатараў на апошняй у гэтым сезоне сесіі парламента, які завяршыў сваю работу ў мінулую пятніцу.


Колькі мы трацім і на што?

  • Сенатары адобрылі выкананне рэспубліканскага бюджэту за 2018 год.

Аб асноўных артыкулах расходаў і даходаў расказаў міністр фінансаў Максім ЕРМАЛОВІЧ.

Даходаў больш, чым планавалі

Галоўны фінансіст краіны прадставіў праект закона «Аб зацвярджэнні справаздачы аб выкананні рэспубліканскага бюджэту за 2018 год». Ён паведаміў, што першапачаткова законам аб рэспубліканскім бюджэце даходы былі зацверджаны ў суме 20,5 мільярда, выдаткі — 19,8 мільярда рублёў. Прафіцыт павінен быў скласці 0,7 мільярда рублёў.

Дакладчык нагадаў, што бюджэт 2018 года фарміраваўся, зыходзячы з кансерватыўнага сцэнарыя развіцця эканомікі. Выкананне ж бюджэту па факце ажыццяўлялася ва ўмовах спрыяльнай знешнеэканамічнай кан'юнктуры і паляпшэння найважнейшых параметраў сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны ў параўнанні з прагнозам. У выніку даходы рэспубліканскага бюджэту за 2018 год склалі 24,4 мільярда рублёў, што на 3,9 мільярда перавышае першапачаткова зацверджаныя.

— Станоўчы ўплыў на паступленне ў бюджэт аказала павелічэнне цэн на асноўныя сыравінныя тавары, а таксама агульнае павелічэнне знешнегандлёвага абароту, — адзначыў міністр фінансаў.

Што фарміруе бюджэт?

Як і ў папярэднія гады, асноўная доля прыпадае на падаткі — больш за 2/3 ад прыбытковай часткі. Каля 12 % — непадатковыя даходы. Таксама каля 12 % — гэта трансферты з бюджэтаў іншых узроўняў, у прыватнасці, для агульнага выраўноўвання сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёнаў і горада Мінска ўжываецца адмоўны трансферт на суму 800 мільёнаў рублёў.

Аснову падатковых даходаў фарміруюць падаткі.

— Усе гэтыя крыніцы са значным перавышэннем першапачатковага плана былі выкананы, — падкрэсліў Максім Ермаловіч.

Непадатковыя паступленні фарміруюць даходы, атрыманыя ад выкарыстання маёмасці, якая знаходзіцца ў дзяржуласнасці.

Куды ідуць грошы

Расходы рэспубліканскага бюджэту за 2018 год склалі 19,7 мільярда рублёў, пры гэтым, як адзначыў міністр фінансаў, усе заяўленыя ў органы казначэйства дакументы для аплаты расходаў былі цалкам выкананы.

Асноўныя траты прыпадаюць на ўтрыманне бюджэтнай сферы — гэта больш за палову ўсіх выдаткаў рэспубліканскага бюджэту. Яшчэ крыху больш за 20 % перадаецца ў бюджэты абласцей для захавання бюджэтнай збалансаванасці рэгіёнаў. 16 % ідзе на нацыянальную эканоміку.

Не засталася без увагі тэма росту заробку бюджэтнікаў. У 2018 годзе іх даходы прырасталі апераджальнымі тэмпамі ў параўнанні з ростам заработнай платы ў эканоміцы:

— У бюджэтным сектары гэты рост склаў 14 %, у той час як у нацыянальнай эканоміцы зарплаты прырасталі на 11,6 % у намінальным выражэнні, — удакладніў Максім Ермаловіч.

Суадносіны заработнай платы склалі за год у цэлым 77,2 % у бюджэтным сектары ад сярэдняй заработнай платы па эканоміцы.

Дарэчы, па прагнозах Мінфіна, сёлета даходы бюджэтнікаў таксама не дацягнуць да ўзроўню 80 % ад сярэдняга заробку ў эканоміцы. Фінансавае ведамства плануе дасягнуць гэтай планкі толькі ў 4-м квартале і падтрымліваць паказчык на працягу ўсяго наступнага года.

Сацыяльна арыентаваны бюджэт

Калі паглядзець выдаткі рэспубліканскага бюджэту на сацыяльную сферу, асноўныя прыпадаюць на ахову здароўя: закупка лекаў і вырабаў медыцынскага прызначэння складае больш за палову ўсіх трат, астатняя частка ідзе на аплату працы работнікаў арганізацый, што фінансуюцца з рэспубліканскага бюджэту.

Расходы на адукацыю другія па значнасці сярод выдаткаў на «сацыялку». У выніку 870 мільёнаў рублёў, якія трацяцца на згаданыя мэты, дазваляюць на досыць высокім узроўні фінансаваць вышэйшую школу і рэалізоўваць праграмы ў галіне адукацыі. Шмат у чым дзякуючы гэтаму Беларусь захоўвае свае пазіцыі ў групе краін з высокім паказчыкам па ўзроўні развіцця чалавечага патэнцыялу ў сферы адукацыі.

На фінансаванне навукі было патрачана амаль 250 мільёнаў рублёў, гэта ўсяго 0,2 % ад ВУП. Дадатковай крыніцай фінансавання навуковай дзейнасці летась сталі сродкі інавацыйных фондаў (цэнтралізаванага рэспубліканскага і мясцовых) з агульным аб'ёмам фінансавання больш чым 320 мільёнаў рублёў.

Значныя сродкі выдаткоўваюцца на фінансаванне дэмаграфічнай бяспекі: асноўныя артыкулы расходаў прыпадаюць на выплату сямейнага капіталу. На працягу мінулага года адкрыта 15 466 дэпазітных рахункаў для шматдзетных сем'яў. У цэлым жа за ўвесь перыяд існавання праекта адкрыта больш за 62 тысячы рахункаў грамадзян, якія могуць прэтэндаваць на такую падтрымку.

Запас бяды не чыніць

На нацыянальную эканоміку летась накіравана 3,5 мільярда рублёў. Асноўныя сферы — гэта субсідзіраванне працэнтных ставак па інвестыцыйных кірунках, падтрымка аграпрамысловага комплексу.

Расходы на дзяржаўную інвестыцыйную праграму склалі ў раёне 700 мільёнаў рублёў: было ўведзена ў эксплуатацыю 38 аб'ектаў сацыяльнай сферы (восем жылых дамоў для сем'яў, якія выхоўваюць дзяцей-сірот і тых, якія засталіся без апекі бацькоў, школа ў Бабруйску, завершана будаўніцтва цэнтральнай раённай бальніцы ў Мёрах і шэраг іншых сацыяльных аб'ектаў).

У цэлым рэспубліканскі бюджэт у 2018 годзе выкананы з прафіцытам, памер якога склаў 4,7 мільярда рублёў (3,8 % да ВУП, дарэчы, гэта самы высокі паказчык у рэгіёне на сённяшні дзень).

— Асноўным прыярытэтам бюджэтнай палітыкі з'яўлялася захаванне макраэканамічнай збалансаванасці, таму назапашваўся прафіцыт бюджэту, гэта было рэалізавана ў рамках антыцыклічнай эканамічнай палітыкі дзяржавы, — растлумачыў міністр фінансаў.

Сёлета Мінфін працягнуў збалансаваную бюджэтную палітыку, забяспечваючы выкананне прагнозных параметраў па бюджэце, даходы фарміруюцца ў адпаведнасці з планам апераджальным паступленнем даходаў у значных аб'ёмах, пры гэтым назапашаны прафіцыт. Гэта стане фактарам, які будзе ўплываць на рэалізацыю бюджэтнай палітыкі ў наступным годзе. І ў выпадку запаволення нацыянальнай эканомікі запас, што ўтварыўся, можна будзе накіраваць на падтрымку дзяржаўных праграм.

У тэму

Колькі на пенсіі, а колькі на пуцёўкі?

На якія мэты выдаткоўваліся летась сродкі фонду сацыяльнай абароны насельніцтва

Праект закона «Аб зацвярджэнні справаздачы аб выкананні бюджэту дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва за 2018 год» прадставіла міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына КАСЦЕВІЧ.

Даходы фонду за мінулы год склалі 13,9 мільярда, выдаткі — 13,6 мільярда, прафіцыт — 315 мільёнаў рублёў. У параўнанні з 2017 годам даходы фонду павялічыліся на 11,8 %. Амаль 92 % усіх бюджэтаў фонду сфарміраваны за кошт узносаў, якія склалі 12,8 мільярда рублёў, што вышэй за леташні ўзровень на 1,9 мільярда рублёў ці на 17,4 %.

Асноўныя траты фонду — гэта пенсіі і дапамогі. На выплату працоўных пенсій, напрыклад, было накіравана 10,3 мільярда рублёў.

Дарэчы, летась пераразлік працоўных пенсій рабіўся тройчы. Акрамя таго, у сувязі з павелічэннем бюджэту пражытковага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва чатыры разы павышаліся мінімальныя працоўныя пенсіі, сацыяльныя пенсіі, надбаўкі і павышэнні, а таксама даплаты пенсіянерам, якія старэйшыя за 75 гадоў. Агульны рост пенсій у параўнанні з 2017-м склаў 15 %.

Нагадаем, што сярэдні памер пенсіі па ўзросце за 2018 год склаў 352 рублі.

На выплату ўсіх відаў дапамог было накіравана 2,9 мільярда рублёў (ці 21,3 % выдаткаў). З фонду накіроўваліся сродкі на аказанне матэрыяльнай дапамогі пажылым і працаздольным грамадзянам, якія жывуць у нястачы, — усяго 6,3 мільёна рублёў. Дапамогу атрымала больш за 91 тысячу тых, хто звярнуўся па яе.

Выдаткі на фінансаванне мерапрыемстваў у сферы занятасці насельніцтва склалі 29,7 мільёна, на санаторна-курортнае лячэнне і аздараўленне насельніцтва — 39,3 мільёна, на спецыялізаваныя спартыўныя ўстановы прафсаюзаў — 30,9 мільёна рублёў.


Добрасумленным — кантракт па максімуме

  • Якія змены чакаюць Працоўны кодэкс?

Навацыі ў сферы працоўных адносін — дыстанцыйная работа, часовы перавод на паўгода да іншага наймальніка, сацыяльны адпачынак для бацькі немаўляці і іншыя. Міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына КАСЦЕВІЧ паведаміла аб зменах, якія рыхтуюцца ў Працоўны кодэкс. Іх шмат — засяродзімся на галоўных.

За што могуць звольніць?

Новай падставай для звальнення работніка па ініцыятыве наймальніка становіцца парушэнне работнікам вытворча-тэхналагічнай, выканальніцкай або працоўнай дысцыпліны, якое пацягнула прычыненне арганізацыі шкоду ў памеры, што перавышае тры налічаныя сярэднямесячныя заработныя платы па краіне.

Таксама павялічваецца з адной да трох сярэднямесячных заработных плат памер шкоды, які можа быць утрыманы па распараджэнні наймальніка з заработнай платы работніка пры прычыненні шкоды.

У дапаўненне да існуючых мер дысцыплінарнага спагнання ў выглядзе заўвагі, вымовы, звальнення з'яўляецца новая ў выглядзе пазбаўлення цалкам альбо часткова дадатковых выплат стымуляцыйнага характару на тэрмін да 12 месяцаў.

Гарантыі бацькам

Законапраектам ствараюцца дадатковыя ўмовы па прыцягненні бацькі да выхавання дзіцяці. Так, замацоўваецца права бацькі на атрыманне неаплачанага адпачынку пры нараджэнні дзіцяці. Адпачынак дадуць на 14 каляндарных дзён. Большая працягласць, а таксама аплата могуць быць прадугледжаны калектыўным дагаворам або самім наймальнікам. Адпачынак можна будзе атрымаць па заяве бацькі на працягу шасці месяцаў пасля нараджэння дзіцяці і дазволіць стварыць умовы па доглядзе за нованароджаным абодвум бацькам адначасова, калі ў іх будзе такое жаданне.

Акрамя таго, здымаюцца асобныя бар'еры для жанчын, якія маюць дзяцей ва ўзросце да 3 гадоў. Наймальнік зможа прыцягваць іх да звышурочных работ, працы ў дзяржаўныя святы, выхадныя дні, накіроўваць іх у службовую камандзіроўку, але толькі з іх згоды.

Хачу на Балі, а можа, на дачы!

Яшчэ адной навацыяй законапраекта з'яўляецца замацаванне паняцця «дыстанцыйная работа». Сёння магчымыя такія сітуацыі, калі работніку няма неабходнасці мець канкрэтна вызначанае месца работы: узровень лічбавізацыі эканомікі і грамадства дазваляе выконваць неабходны аб'ём работы на адлегласці ад асноўнага офіса. Галоўным становяцца наяўнасць доступу да сеціва і тэхнічных сродкаў сувязі.

— Відавочна, што колькасць такіх работнікаў з часам будзе павялічвацца. Наша задача заключаецца ў тым, каб вывесці з нефармальнага сектара і далучыць іх да сістэмы працоўных адносін, — растлумачыла міністр працы.

Асноўная асаблівасць — гэта магчымасць выконваць работу ў любым месцы, дзе зручна самому работніку. Умовы абмену інфармацыяй і дакументамі ў працэсе працоўнай дзейнасці, асаблівасці рэжыму працы і адпачынку, іншыя ўмовы работы на адлегласці бакі будуць вызначаць самастойна ў працоўным
дагаворы.

Часовыя пераводы

З'явіўся цэлы шэраг навацый, накіраваных на ўзмацненне гнуткасці працоўнага заканадаўства. Напрыклад, вызначаны новы від часовага пераводу — пераводу на іншую работу, у тым ліку да іншага наймальніка на тэрмін да шасці месяцаў на працягу каляндарнага года.

Дарэчы, для згаданага часовага пераводу наяўнасць такіх умоў, як вытворчая неабходнасць або прастой, не патрабуецца. Неабходна толькі жаданне наймальніка, яго дамоўленасць з іншым наймальнікам, і, вядома ж, згода работніка.

Законапраектам устанаўліваюцца асаблівасці прававога становішча работніка пры такім часовым пераводзе: працоўны дагавор, заключаны з работнікам, не спыняецца, а новы дагавор — не заключаецца. У перыяд работы ў іншага наймальніка работнік абавязаны падпарадкоўвацца правілам унутранага працоўнага распарадку іншага наймальніка. Са свайго боку наймальнік, да якога пераведзены работнік, абавязаны забяспечыць яму адпаведныя ўмовы, у тым ліку якія адпавядаюць патрабаванням па ахове працы. Пры гэтым заробак работніка павінен быць не ніжэй за яго сярэдні заробак на ранейшым месцы.

На які тэрмін працягваць кантракт?

Законапраектам прадугледжваецца ўзмацненне гарантый, што датычацца падаўжэння, заключэння новага кантракта для добрасумленнага работніка, які не парушае вытворча-тэхналагічную, выканальніцкую і працоўную дысцыпліну. Такія падыходы маюць на мэце выключэнне з практыкі падаўжэнне кантрактаў не больш чым на адзін год. У прыватнасці, прадугледжваецца, што падаўжэнне кантрактаў у межах пяцігадовага тэрміну дзеяння з работнікам, які не дапускае парушэння вытворча-тэхналагічнай, выканальніцкай і працоўнай дысцыпліны, будзе ажыццяўляцца да заканчэння максімальнага тэрміну дзеяння кантракта. Як гэта працуе? Напрыклад, з работнікам заключылі кантракт на два гады, за гэты тэрмін нараканняў не было, адпаведна наймальнік павінен працягнуць яго на тры гады, каб сумарна атрымалася пяць. Калі ён скончыцца, новы кантракт з такім работнікам будзе заключацца не менш, чым на тры гады. Важным з'яўляецца тое, што прыняцце гэтага рашэння будзе ажыццяўляцца па пагадненні бакоў, гэта значыць, калі адзін з бакоў прыме рашэнне аб непадаўжэнні кантракта, ён падлягае спыненню. На меншыя тэрміны кантракты будуць працягвацца і заключацца новыя толькі з пісьмовай згоды работніка.


Згодна з міжнароднымі стандартамі

  • Рэгуляваць працу аўдытараў у краіне будзе аўдытарская палата. Ініцыятыва Мінфіна па стварэнні новага інстытута падтрымана ў Савеце Рэспублікі.

Міністр фінансаў Максім Ермаловіч спыніўся на асноўных палажэннях законапраекта «Аб змяненні закона «Аб аўдытарскай дзейнасці».

Паводле яго слоў, першая навацыя — гэта ўвядзенне на тэрыторыі Беларусі міжнароднага стандарту аўдытарскай дзейнасці.

Другое новаўвядзенне — гэта стварэнне ў краіне рэестра аўдытарскіх арганізацый, аўдытараў — індывідуальных прадпрымальнікаў і аўдытараў, якія вядуць гэтую дзейнасць самастойна. Гэта неабходна для ўпарадкавання аўдытарскай дзейнасці ў рамках стварэння адзінага рынку аўдытарскіх паслуг у ЕАЭС. Пры гэтым ажыццяўленне аўдытарскай дзейнасці юрыдычнымі асобамі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі, не ўключанымі ў рэестр, будзе з'яўляцца незаконным і забараняцца.

І трэцяя важная мера — стварэнне ў Беларусі аўдытарскай палаты як адзінага органа самакіравання аўдытарскіх арганізацый на ўмовах абавязковага іх удзелу. Мінфін плануе перадаць усе свае функцыі па рэгуляванні гэтай сферы аўдытарскай палаце, стварыўшы ў краіне тым самым першую самарэгулявальную арганізацыю.

Акрамя пашырэння паўнамоцтваў самой супольнасці, мяркуецца і ўзмацненне адказнасці за парушэнні ў сферы аўдыту і ўзмацненне кантролю за правядзеннем абавязковага аўдыту суб'ектамі гаспадарання. Гэта датычыцца прадпрыемстваў, якія не хочуць праводзіць аўдыт уласных паказчыкаў, а таксама адаб'ецца на якасці аўдытарскіх праверак.

— Гэтыя меры сапраўды з'яўляюцца досыць прагрэсіўным крокам у рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў сферы павышэння якасці справаздачнасці прадпрыемстваў, выхаду іх на міжнародныя рынкі капіталу, павышэння якасці аўдытарскіх паслуг, — перакананы міністр фінансаў.

Віцэ-спікер Савета Рэспублікі Мар'яна ШЧОТКІНА пацікавілася, як гэта звязана з Саюзнай дзяржавай і ці адсочваецца вопыт Расіі ў гэтым кірунку.

— Законапраект адпавядае самым высокім міжнародным стандартам, ён прадугледжвае значна большую рэформу гэтай сферы, чым зрабілі ўсе нашы партнёры па ЕАЭС, — падсумаваў Максім Ермаловіч. — Ён з'яўляецца тым, да чаго ЕАЭС павінен прыйсці да 2025 года. Мы паспрабуем прайсці гэты шлях хутчэй, і Расійская Федэрацыя будзе пераймаць вопыт ужо ў нас.

Судакладчык па тэме Мікалай МАРТЫНАЎ, член Пастаяннай камісіі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Савета Рэспублікі, растлумачыў, што прапанаваныя змены ў закон аб аўдытарскай дзейнасці зробяць працэс аўдыту ў Беларусі зразумелым і празрыстым для міжнародных арганізацый, карыстальнікаў фінансавай справаздачнасці, прадпрыемстваў і банкаў і перш за за ўсё для інвестараў.

Дарэчы, 126 краін ужываюць міжнародныя стандарты аўдытарскай дзейнасці.

Вольга АНУФРЫЕВА

Фота з сайта Савета Рэспублікі

Загаловак у газеце: Галоўныя жыццёвыя аспекты

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як праходзіў ваенна-гістарычны фестываль «Мір-1812»

Як праходзіў ваенна-гістарычны фестываль «Мір-1812»

Трэці раз ваенна-гістарычны фестываль «Мір-1812» на два дні перанёс пасёлак больш чым на два стагоддзі назад. 

Грамадства

Ці заўсёды выгадна афармляць бальнічны

Ці заўсёды выгадна афармляць бальнічны

Сярод знаёмых у мяне ёсць шмат жанчын, якія звяртаюцца да ўрача пры любым занядужанні і пры кожнай магчымасці афармляюць бальнічны ліст. 

Культура

Чаму сучаснае беларускае кіно «невялікае»?

Чаму сучаснае беларускае кіно «невялікае»?

Пісьменнік і дысідэнт Андрэй Сіняўскі, калі расказваў пра ўтрыраваную дробязнасць савецкай «цывілізацыі», прывёў у прыклад аповесць Міхаіла

Грамадства

Беларусь і Расія зблізілі пазіцыі па праграме рэалізацыі дагавора аб Саюзнай дзяржаве

Беларусь і Расія зблізілі пазіцыі па праграме рэалізацыі дагавора аб Саюзнай дзяржаве

Аб гэтым заявіў старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч на сустрэчы са старшынёй Савета Федэрацыі Валянцінай Мацвіенка.