Вы тут

У інтэрнатах Віцебскай вобласці значна павысілася колькасць пажараў


Ці робіцца ўсё магчымае, каб захоўваць бяспеку людзей у месцах масавага знаходжання? А на прадпрыемствах, у арганізацыях усё прадугледжана, каб пажар не прывёў да значных фінансавых страт, не стаў трагедыяй? Гэтыя пытанні былі ў цэнтры ўвагі на сесіі Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў.


Вельмі турбуе кіраўніцтва мясцовай улады тое, што ў інтэрнатах значна павысілася колькасць пажараў. Паводле аператыўнай інфармацыі МНС, сёлета адбылося шэсць пажараў у інтэрнатах вобласці. І гэта ў тры разы больш, чым за ўвесь мінулы год.

Начальнік Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС Сяргей Мялешкін, дарэчы, канстатаваў, што з усіх 315 інтэрнатаў толькі прыблізна ў чвэрці створаны ўсе ўмовы для бяспечнага пражывання. Агучыў ён і іншыя лічбы, якія, мякка кажучы, далёкія ад аптымістычных вынікаў дзейнасці ў кірунку прафілактыкі.

Старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў эмацыянальна заклікаў кіраўнікоў прадпрыемстваў часцей наведваць інтэрнаты. А можа, некаторыя наогул там не былі або былі вельмі даўно? Народныя выбраннікі павінны там сустракацца з людзьмі, каб вывучыць на месцы, чым жывуць тыя, хто прагаласаваў за дэпутатаў. Гэта і ёсць плённая работа з выбаршчыкамі, пра якую шмат гаворыцца, але, на жаль, не ўсе дэпутаты актыўнічаюць...

У інтэрнатах жывуць і дзеці, падлеткі, таму трэба вывучаць, ці ўсё магчымае робіцца для стварэння добрых умоў для вучобы, усебаковага развіцця.

Падчас абмеркавання тэмы забеспячэння пажарнай бяспекі спікер «абласнога парламента» нагадаў, што прафілактыка павінна ажыццяўляцца і ў рамках выканання Дырэктывы Прэзідэнта № 1 «Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны». Таму, мякка кажучы, дзіўна, што кіраўнікі забываюць аб патрабаваннях гэтага дакумента...

Безумоўна, толькі праверкамі і рэйдамі выратавальнікаў, штрафамі вінаватых немагчыма дасягнуць станоўчых вынікаў у справе прафілактыкі. Неабходна каардынацыя дзеянняў усіх зацікаўленых бакоў.

Што датычыцца імавернасці пажараў на тэрыторыі прадпрыемстваў, то гэта тэма, якая на слыху, калі адпаведныя паведамленні тыражуюць СМІ. Няўжо кіраўнікі не разумеюць, што давядзецца значна больш патраціцца на рамонт, замену абсталявання, неяк кампенсаваць прастой, чым выдаткаваць, каб выканаць парады прафесіяналаў?

Аб стварэнні бяспечных умоў дэпутаты сёлета яшчэ будуць гаварыць не раз. Беларусь асацыюецца з краінай, дзе бяспечна тутэйшым і гасцям. І кожнае, нават самае дробнае надзвычайнае здарэнне, — нагода для сур'ёзнага вывучэння прычын яго ўзнікнення.

І канешне, міжволі ўзнікае пытанне: чаму ў адным раёне пажары — рэдкасць, а ў суседнім, на жаль, адбываюцца часта? Як канстатуе кіраўніцтва абласной выратавальнай службы, усё залежыць ад чалавечага фактару, прафесіяналізму тых, хто павінен займацца прафілактыкай.

На сесіі агучылі як станоўчы, так і негатыўны вопыт. Вельмі цікавыя прыклады дзейнасці ў канкрэтных населеных пунктах. Так, на тэрыторыі аднаго сельскага Савета для паралельнага назірання выкарыстоўваецца відэасістэма, якую прымяняюць для прафілактыкі лясных пажараў.

На сесіі вырашылі даручыць камітэтам і ўпраўленням аблвыканкама забяспечыць распрацоўку або карэкціроўку перспектыўных планаў мерапрыемстваў па забеспячэнні пажарнай бяспекі аб'ектаў з масавым, кругласутачным знаходжаннем людзей. Трэба, дзе неабходна, прадугледзець у іх работы па абсталяванні сістэмамі пажарнай сігналізацыі і апавяшчэння людзей пра пажар. Былі агучаны канкрэтныя пытанні — напрыклад, пра неабходнасць набыцця аўтамабільных цыстэрн і іншага абсталявання.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Загаловак у газеце: Кіраўнікі, загляніце ў... інтэрнат!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?