Вы тут

Грыбочак просіцца ў кошык


Чарніцы таксама саспелі. А на прысядзібных участках пад Гомелем гнуцца галіны духмянай маліны. Усю ягаду самім не з'есці, а прадаць хочацца выгадна.

Клубніцы адышлі, маліны пачаліся. Ягадны сезон у прамысловым маштабе набірае абароты і на Гомельшчыне. У кожнага раёна свая правераная часам спецыялізацыя. У прыгарадзе Гомеля за зіму назапасілі кардонныя скрыначкі, разлічаныя роўна на 1 кілаграм ягады-маліны. Цяпер іх імкнуцца хуценька, з самай ранняй раніцы запоўніць і адразу ж здаць нарыхтоўшчыкам.


Спецыялісты аблспажыўсаюза знаходзяцца ў жорсткай канкурэнцыі па цане з прыватнікамі-нарыхтоўшчыкамі. Ну а для тых, хто вырошчвае і здае, важна, хто дасць хоць на капейку больш. Між тым яны арыентуюцца адно на аднаго, параўноўваюць цэны на рынках і ўсе разам пільна сочаць за надвор'ем. Менавіта ад яго ў найбольшай ступені залежыць якасць так цяжка вырашчанай ягады.

Калі маліны таварныя — вялікія і сухія, — значыць, даражэйшыя. Такія з задавальненнем купяць і спажыўцы на маскоўскіх рынках. Калі мокрыя і дробныя — пойдуць «у бочку» на вінаматэрыял. Арыенцір цаны на таварную ягаду цяпер — 2,5 рубля. Але ж цана можа і ўпасці — асабліва пасля стыхіі, якая прайшлася напярэдадні і пашкодзіла ягаду. Намеснік начальніка ўпраўлення — начальнік аддзела нарыхтовак, прамысловасці і знешнеэканамічнай дзейнасці Гомельскага аблспажыўсаюза Марына Харошка кажа, што цана ягады можа мяняцца нават на працягу аднаго дня:

— Мы маліны прымаем як для перапрацоўкі, так і для продажу ў гандлі. Для перапрацоўкі — па 50 капеек у бочку. У нас некалькі раёнаў лічацца рэсурснымі па малінах: Гомельскі, Буда-Кашалёўскі, часткова Добрушскі. На парэчках спецыялізуецца Рагачоўскі раён — яго Доўская зона. Там вырошчваюць і чорныя, і чырвоныя. Па аб'ёме закупаў у насельніцтва першае месца цяпер у Рагачоўскага філіяла. Мы ўвогуле ўсе ягады паўсюдна закупляем. Заключаны дагаворы на пастаўкі на вінзаводы з усімі нашымі падведамаснымі арганізацыямі. Пастаянна ўдакладняем і адразу ж вырашаем праблемы, калі яны ўзнікаюць, у тым ліку па малінах, — гэта ж дарагі вінаматэрыял. Патрэбы ў ім сёлета ў перапрацоўшчыкаў не было, але ж, каб пазбегнуць нараканняў ад насельніцтва, мы з імі дамовіліся і будзем закупляць маліны ў бочку для прамысловай перапрацоўкі.

Чарніцы сёлета Гомельскі аблспажыўсаюз запланаваў прымаць ад насельніцтва па цане да 2,5 рубля за кілаграм. Парэчкі чорныя прымуць па 50 капеек, а чырвоныя — па 40 капеек за кілаграм. За кілаграм лісічак плануюць плаціць здатчыкам па пяць рублёў за кілаграм. Іншыя закупачныя пазіцыі яшчэ будуць узгадняцца.

Пасля дажджоў, якія прайшлі на Гомельшчыне, паўсюдна адкрыюць лясы для збору грыбоў. Дарэчы, іх, як і чарніцы, абавязкова правяраць на радыенукліды. Увогуле ж лісічкі збіраюць у найбольш чыстых раёнах нашай вобласці: у Акцябрскім, Жыткавіцкім, Петрыкаўскім і Лельчыцкім. Дырэктар Светлагорскага філіяла Гомельскага абласнога спажывецкага таварыства Алена Лапцева расказвае, што ўся падрыхтоўка да сезона праведзена загадзя:

— У кожную нашу краму завезены спецыяльныя скрыні для ягад. Паўсюдна расклеены аб'явы пра тое, што ідзе нарыхтоўка ягад і грыбоў. Абвешчаны кантакты нарыхтоўшчыкаў. Разлік са здатчыкамі адбываецца адразу ж на месцы. Нам вельмі моцна дапамагаюць сельсаветы. Яны непасрэдна зацікаўлены ў тым, каб атрымаць 5 % збору з нарыхтоўшчыкаў. Ён ідзе менавіта ў бюджэт Саветаў базавага ўзроўню, таму прыёмшчыкаў, якія працуюць без адпаведнай ліцэнзіі, важна своечасова выявіць. Нядобрасумленны нарыхтоўшчык, зразумела ж, не заплаціць падатак. Мы пастаянна праводзім конкурс як на найлепшага здатчыка, так і на найлепшага нарыхтоўшчыка. Да таго ж у нашага філіяла ёсць камера шокавай замарозкі. У ёй мы замарожваем чарніцы і прадаём на экспарт.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Гомельскія вучоныя расшыфравалі геном жука-караеда

Гомельскія вучоныя расшыфравалі геном жука-караеда

Каля 80 тысяч гектараў хваёвых лясоў Беларусі за апошнія тры гады пацярпелі ад высыхання — іх пашкодзіў жук-караед.

Грамадства

Пісьменніца Ганна Альхоўская: Часам дзеля будучыні дзяцей і трэба скасаваць шлюб

Пісьменніца Ганна Альхоўская: Часам дзеля будучыні дзяцей і трэба скасаваць шлюб

Развітацца з мужам і не помсціць яму, а пачаць новае жыццё.