У Дзень Незалежнасці шмат людзей сабралася каля Кобрынскага моста. Ён ужо два месяцы дзейнічаў напоўніцу, па ім у абодва бакі хадзіў транспарт, але да гэтага дня працягвалася добраўпарадкаванне. Ды і момант адкрыцця стаў свайго роду падвядзеннем вынікаў вялікай работы, якая доўжылася больш за два гады.
Кобрынскі пуцеправод — не проста адзін з гарадскіх мастоў. Ён у пэўным сэнсе галоўны мост у горадзе. Ён злучае ўсходнюю частку — вуліцу Маскоўскую, якая плаўна пераходзіць у трасу М1, — з заходняй і цэнтральнай. Турысты, госці горада, якія накіроўваюцца ў крэпасць, абавязкова праязджаюць па мосце. Шлях большай часткі гараджан, што жывуць у спальных раёнах Усход, Кавалёва, іншых мікрараёнах, штодня праходзіць праз названы пуцеправод. Ужо трыццаць гадоў аўтар гэтых радкоў ездзіць на работу праз Кобрынскі мост. Дом друку ў Брэсце знаходзіцца зусім побач з мостам, яго відаць з акон нашых рабочых кабінетаў. А паколькі у працэсе рэканструкцыі мост пашырылі, то ён стаў бліжэйшым да нас у прамым сэнсе. Так што адкрыццё пуцеправода — сапраўды падзея для нас, многіх і многіх гараджан, а не толькі адно з мерапрыемстваў у рамках святкавання тысячагоддзя.
Кобрынскі пуцеправод упершыню быў узведзены прыкладна сто гадоў таму. За стагоддзе ён перажыў некалькі рэканструкцый. Цяпер яго цалкам знеслі і перабудавалі наноў. Праўда, зносілі часткамі, каб не перакрываць рух цалкам на такой важнай дарозе. І сёння трэба сказаць слова пахвалы дарожнікам, будаўнікам, інжынерам, якія сумелі правесці такую гіганцкую работу з мінімальнымі нязручнасцямі. Напрыклад, перад пачаткам будоўлі гаварылася пра тое, што адна паласа пэўны час будзе адкрыта толькі для грамадскага транспарту. Але за ўвесь час работы так і не перакрывалі рух для іншых машын нават на дзень.
Дарожнікі працавалі ў холад, дождж і спёку. Увесь чэрвень Брэст літаральна млеў ад пякельнага сонца. Скажам, яшчэ за два дні да ўрачыстага адкрыцця каля чацвёртай вечара, калі тэмпература паднялася пад сорак, асфальт і бетон патыхалі гарачынёй, выпраменьвалі яе так, што хацелася хутчэй прабегчы і схавацца ў цень, рабочыя працавалі. І такіх дзён было нямала. Так што гэта было найперш іх свята, тых, чыімі рукамі і мазгамі гэты прыгожы мост стаў рэальнасцю.
Новы мост узвялі для брастаўчан работнікі ААТ «Дарожна-будаўнічы трэст № 4 Брэста». Яго генеральны дырэктар Ігар ШУГАЕЎ, уручаючы сімвалічны ключ кіраўніку Брэсцкага ДЭП, адзначыў, што да добрага прывыкаеш хутка, таму, відаць, сёння ўжо шмат хто забыўся, у якім стане знаходзіўся мост да рэканструкцыі. А тут узведзена, па сутнасці, два новыя пуцеправоды, на кожным з якіх маюцца тры паласы руху. З'явіўся падземны пешаходны тунэль, а таксама інфраструктура, якая служыць бяспецы перамяшчэння пешаходаў і транспарту.
Цяпер ужо дарожнікі кажуць, што гэты аб'ект быў вельмі складаны і тым цікавы, бо ўзводзіць яго давялося ў цэнтры горада пры поўнай загрузцы ды інтэнсіўнасці руху. І калі названы трэст выступіў генпадрадчыкам будоўлі, то яго субпадрадчыкамі сталі ААТ «Мостабудаўнічы атрад-58 КУП «Брэстжылбуд», ПКУП «Камунальнік», ТАА «Фактарбуд», філіял ЭМУ-9 ААТ «Белэлектрамантаж». І ўсе папрацавалі так, што старшыня гарвыканкама Аляксандр РАГАЧУК назваў іх работу працоўным подзвігам.
Старшыня Брэсцкага аблвыканкама Анатоль ЛІС падкрэсліў значнасць мерапрыемства менавіта ў Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, калі на пляцоўку каля моста сабралася вельмі шмат людзей, каб павіншаваць адно аднаго са святам.
Сімвалічную стужку перарэзалі каля ўваходу ў падземны пераход. З гэтага дня ён таксама адкрыты. Там устаноўлены ўказальнікі напрамкаў руху. Маюцца зручнасці для людзей з абмежаванымі магчымасцямі.
Будаўніцтва моста абышлося краіне прыблізна ў 20 мільёнаў рублёў. На адкрыцці адзначалі, што яшчэ пяць гадоў таму такая рэканструкцыя выглядала амаль што нязбыўнай марай. Але дзякуючы таму, што аб'ект быў уключаны ў праграму святкавання тысячагоддзя, мара здзейснілася. Цяпер брастаўчанам засталося як след даглядаць мост. І на гэтым шляху зроблены пэўныя крокі. Напрыклад, устаноўлена арыгінальная падсветка, так што ў цёмны час сутак мост будзе выглядаць надзвычай прыгожа. Як заўважыў кіраўнік горада, цяпер вядзецца работа над падсветкай Заходняга абходу, які таксама рыхтуецца да здачы.
Святлана ЯСКЕВІЧ
Фота Аляксандра ШУЛЬГАЧА
Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.
Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны.
Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.