Вы тут

У Гродне адкрылі абласную Дошку гонару


Праект нетыповы. Яго распрацавалі прафесійныя архітэктары інстытута «Гроднаграмадзянпраект». Новы аб'ект можна аднесці да малой архітэктурнай формы. Ён прадстаўлены выявай карты рэгіёна з каляровым гербам і вялікім авалам, на якім размешчаны назвы найлепшых раёнаў, арганізацый, а таксама прозвішчы ганаровых жыхароў.


Лаўрэатамі прэміі «Чалавек года Гродзеншчыны» сталі прадстаўнікі самых розных прафесій, актыўныя грамадскія дзеячы.

— Мы на кожную намінацыю адбіраем да дзясятка кандыдатаў, узважваем усе водгукі, уважліва адсочваем вынікі. Ацэньваецца не толькі праца чалавека як прафесіянала, але і яго ўнёсак у грамадскае жыццё, — падкрэсліў падчас цырымоніі старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў.

Сярод раёнаў найлепшымі па выніках абласнога спаборніцтва прызнаны горад Гродна, Гродзенскі, Мастоўскі, Ашмянскі і Смаргонскі раёны. Кожны адметны сваімі дасягненнямі ў адным з кірункаў — прамысловасці, будаўніцтве, сферы гандлю, сацыяльна-культурным развіцці. Таксама на Дошку гонару занесена 20 арганізацый і размешчана 20 партрэтаў жыхароў Гродзеншчыны, якія дасягнулі поспехаў у працы, службе, творчасці, вучобе і спорце. Сярод іх — пераможца конкурсу «Настаўнік года Рэспублікі Беларусь» Юлія Касталомава з Ваўкавыска, пераможца конкурсу «Урач года Рэспублікі Беларусь» Эла Рында з Ліды, народны майстар Беларусі Станіслава Міхно з Воранаўскага раёна.

Так, напрыклад, Гродзенскі раён прадстаўлены трыма прафесіяналамі, якім прысуджана званне «Чалавек года Гродзеншчыны». Сярод лаўрэатаў — участковы Уладзімір Бахмач, які летась быў прызнаны найлепшым у вобласці па выніках конкурсу прафесійнага майстэрства. У ліку пераможцаў — СВК «Свіслач» Гродзенскага раёна, дзе атрымліваюць самыя высокія ў рэспубліцы ўраджаі і надоі малака. Адзначаны поспехі прамысловых прадпрыемстваў, медыцынскіх і культурных устаноў, прыватных кампаній, грамадскіх арганізацый.

Многіх прадстаўнікоў рэгіёна можна ўбачыць на рэспубліканскай Дошцы гонару ў цэнтры сталіцы, але сваёй пляцоўкі для ўшанавання лепшых у вобласці доўгі час не было. Адметна, што Дошка гонару Гродзеншчыны размешчана каля адноўленай абласной філармоніі. Будынак доўгі час праходзіў рэканструкцыю і быў урачыста адкрыты месяц таму. Цяпер тут гатовы праводзіць любыя мерапрыемствы на самым высокім узроўні. На найбуйнейшай у рэгіёне канцэртнай пляцоўцы прайшоў і вялікі канцэрт, прысвечаны 75-й гадавіне вызвалення Беларусі. Ён адбыўся адразу пасля ўрачыстага адкрыцця Дошкі гонару з удзелам ветэранаў і кіраўніцтва рэгіёна.

Маргарыта Ушкевіч, фота «Гродзенская праўда»

Загаловак у газеце: Манумент для дастойных

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».