Вы тут

Заўтра ў Шклоўскім раёне пачнецца вялікае рэспубліканскае свята — «Купалле»


Заўтра, 6 ліпеня, у Шклоўскім раёне пачнецца вялікае рэспубліканскае свята — «Купалле» («Александрыя збірае сяброў»). Пройдзе яно ўжо ў дзясяты раз. Сустрэча сяброў адбудзецца на тым самым месцы, што і заўсёды, — на маляўнічай лугавіне на беразе Дняпра, які падзяляе мяжу Магілёўскай і Віцебскай абласцей. Галоўнай тэмай свята гэтым разам стане трохгоддзе малой радзімы, а мерапрыемстваў у праграме так шмат, што ўсе два выхадныя дні распісаны па хвілінах.


Сёлета ўдзел у фестывалі бяруць больш за дзве тысячы прафесійных і самадзейных артыстаў, майстроў дэкаратыўна-прыкладной творчасці з усіх рэгіёнаў Беларусі, а таксама з Расіі, Украіны, Літвы, Латвіі, Эстоніі і Польшчы.

Свята ў Александрыі славіцца сваімі хлебасольнымі традыцыямі, на ім можна смачна паесці і нешта прыхапіць з сабой. Прысмакамі на любы густ парадуюць прадстаўнікі спажыўкааперацыі, якія яшчэ за шмат дзён да пачатку зманціравалі на купальскай пляцоўцы свае кавярні пад адкрытым небам.

«Купалле» ў Александрыі — знакавае культурна-асветніцкае мерапрыемства. Аматараў літаратуры сюды вабіць вялікі кніжны кірмаш, які дае магчымасць азнаёміцца з найлепшымі творамі выдавецкай дзейнасці, прасачыць гісторыю стварэння кнігі і папоўніць дамашнюю бібліятэку. На «кніжнай» пляцоўцы будзе працаваць «Друкарскі двор», дзе кожны ахвотны зможа на адноўленым па старых гравюрах друкарскім станку ХVІ стагоддзя надрукаваць старонку з Бібліі Францыска Скарыны. Тут жа адбудуцца прэзентацыі новых кніг і часопісаў, у тым ліку літаратурных навінак выдавецкага дома «Звязда», пройдуць творчыя сустрэчы з аўтарамі, шмат цікавых конкурсаў і віктарын.

Маладых і крэатыўных запросіць пляцоўка «Творчасць маладых», дзе юнакі і дзяўчаты прадэманструюць свае навукова-тэхнічныя праграмы, а таксама спартыўныя і творчыя перамогі. Распрацоўкі айчыннага аўтапраму для сельскай гаспадаркі і не толькі пакажа Мінскі трактарны завод. А самым вясёлым для дзяцей і дарослых стане першае «Свята цырка ў Александрыі» цырка-шапіто SІRІUS. Як нагадаў дырэктар Магілёўскай абласной філармоніі Дзяніс ШАБЛІНСКІ, падчас фестывалю па традыцыі працуюць дзве дадатковыя пляцоўкі: малая сцэна для рэгіянальных калектываў і сцэна народнай творчасці, дзе прадстаўлена аўтэнтычная беларуская культура — спевы, музыка і танцы; дзейнічаюць атракцыёны і маляўнічыя фотапляцоўкі, праходзяць шматлікія гульні, майстар-класы, спартыўныя і творчыя спаборніцтвы, тэматычныя квэсты і г. д.

Кульмінацыяй свята стане гала-канцэрт «Зроблена ў Беларусі» — шоу высокатэхналагічнае, выкананае па лепшых сусветных лякалах і разам з тым нацыянальнае, зробленае ўласнымі творчымі сіламі, заснаванае на нашай культурнай спадчыне і традыцыях. Аснову канцэрта складзе музычны альбом «Куточак Беларусі», за які паэтка і спявачка Юлія Быкава і прадзюсар, кампазітар Яўген Алейнік былі адзначаны высокай прэміяй Прэзідэнта Беларусі «За духоўнае адраджэнне».

Галоўны рэжысёр гала-канцэрта, выкладчык кафедры рэжысуры БДУКМ Агата МАЦКО крышачку прыадкрыла для нас галоўную інтрыгу гэтай падзеі:

— У двухгадзіннай пастаноўцы ўдзельнічаюць усе самыя лепшыя і вядомыя артысты Беларусі, а таксама выканаўцы з Расіі і Украіны. Толькі на сцэне будзе задзейнічана каля 300 чалавек. Пры пастаноўцы выкарыстаныя некаторыя тэхнічна складаныя прыёмы: напрыклад, сцэна будзе... проста ў сцэне. Але тут без падрабязнасцяў, павінна ж быць нейкая загадка.

Як расказала «Звяздзе» аўтар ідэі праекта, спявачка Юлія БЫКАВА, у канцэрце прагучыць сама меней 18 песень: «Хацелася, канешне, уключыць у хранаметраж як мага больш, аднак мы любім і шануем сваю публіку, таму выбралі толькі самае-самае, хіты, якія карыстаюцца найбольшай папулярнасцю ў слухачоў». Усе кампазіцыі прагучаць ужывую, у суправаджэнні прыкладна 35 музыкантаў — і ў гэтым галоўная адметнасць і прадмет гонару пастаноўшчыкаў, бо душэўная, шчырая атмасфера жывога канцэрта пад адкрытым небам сапраўды непараўнальная ні з якімі, нават самымі вялікімі, закрытымі заламі... Як любяць і шануюць родныя мясціны ў Беларусі, разам з гуртом «Аўра» праспяваюць папулярныя артысты розных пакаленняў: Анатоль Ярмоленка, Іна Афанасьева, Аляксандр Саладуха, Алена Ланская, Іскуі Абалян, Вікторыя Алешка, Руслан Асланаў, Вольга Сацюк, гурт «Дразды». Плануецца і некалькі дуэтаў: адзін з іх, перапляценне беларускай і ўкраінскай народных песень, рыхтуюць Юлія Быкава і Ціна Караль, другі выканаюць два народныя артысты брацкіх краін — Анатоль Ярмоленка і Леў Лешчанка. Дадаткова шоу ўпрыгожаць харэаграфічныя пастаноўкі — і традыцыйныя купальскія карагоды, і сучасныя пластычныя замалёўкі, а эфектную кропку дапаможа паставіць Дзяржаўны ансамбль танцу Беларусі.

Зрэшты, пасля канцэрта, піратэхнічнага шоу і маладзёжнай дыскатэкі да трох гадзін раніцы рэспубліканскае свята «Купалле» не завершыцца. На другі дзень купальскія пляцоўкі працягнуць работу. Адбудзецца ўрачыстая цырымонія ўшанавання перадавікоў аграпрамысловага комплексу вобласці і канцэрт у гонар працаўнікоў сяла народнага артыста Беларусі Анатоля Ярмоленкі і ансамбля «Сябры».

Цяпер крыху пра тэхнічныя моманты. Майце на ўвазе, што не заблукаць сярод шматлікіх пляцовак купальскага гарадка дапамогуць устаноўленыя тут інфармацыйныя паказальнікі. Для зручнасці гасцей будуць працаваць камеры захоўвання і пункт абмену валют. А на тэрыторыі Александрыі будзе абсталяваны імправізаваны палатачны лагер. Прадугледжаны дадатковыя рэйсы цягнікоў і аўтобусаў, увязаныя з пачаткам і заканчэннем мерапрыемстваў. Для гасцей, якія прыбылі на асабістым транспарце па аўтадарозе Орша—Шклоў—Магілёў (Р-76), у вёсцы Межнік і гарадскім пасёлку Копысь падрыхтаваныя паркоўкі. Для перавозкі гасцей свята ад парковачных месцаў і да Александрыі пастаянна будуць курсіраваць аўтобусы. Паркоўка для інвалідаў знаходзіцца ў непасрэднай блізкасці ад тэрыторыі купальскага свята — каля крамы.

Уваход на фестываль, дарэчы, вольны, платныя толькі квіткі на канцэрт «Сяброў» і гала-канцэрт «Зроблена ў Беларусі». І ведаеце што? Білетаў засталіся лічаныя адзінкі!

Нэлі ЗІГУЛЯ

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота БелТА

Загаловак у газеце: Па папараць-кветку — у Александрыю

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».