Вы тут

Прымай як дар жыццём пасланы дзень...


Аркадзь Куляшоў найперш успрымаецца як аўтар шэдэўраў ваеннай лірыкі. Выданне «Маё пасведчанне» (Мінск, Мастацкая літаратура, 2019), на старонках якога пабачылі свет 100 найлепшых яго вершаў, адкрывае асобу паэта і ў іншым святле: і да вайны, і пасля яе ў творцы была яркая багатая біяграфія.


На пачатку сталення гэта жыццярадасны, шчаслівы ад­ ным фактам свайго існавання юнак, здольны паэтызаваць з найвялікшай пачуццёвасцю ся­ лянскую паўсядзённую працу, вясковы побыт, ён проста за­ хлынаецца радасцю жыць:

Стаіў дыханне. Цішыня...

Убок рукой умелай

Я падсякаю галаўня,

Цягну з хмарынкі белай.

Вада ў кругах,

Вада ў кругах,

І неба ў ёй не тое...

А воблачка?

Яно ў руках

Трапечацца жывое.

У пейзажных замалёўках творца ідэалізуе прыродную стыхію, яе вобраз ачалавечваец­ ца, рысы пераносяцца на харак­ тар і светаадчуванне лірычнага героя, вымалёўваецца яго крэда:

Хачу неспакойнаю хмарай грымець,

Маланкамі ўвесь апавіты,

Каб цяжка адразу было зразумець

Ці вокам акінуць, які ты.

Спакою не ведаць ні ноччу, ні днём

І не прыставаць у знямозе,

Вялікай любові дажджом

І агнём

Зямлю цалаваць па дарозе.

У 1928 годзе будучы пісьменнік паступае ў Мсціслаўскі педагагічны тэхнікум. У Мсціслаўлі ён і знаёміцца з Юліем Таўбіным і Змітраком Астапенкам, хутчэй за ўсё, запрошаны ў дом Таўбіных, дзе часта збіралася творчая моладзь. У хуткім часе яны ўтрох моцна пасябравалі, прысвячалі адзін аднаму вершы. У 1933-м Таўбіна арыштоўваюць і высылаюць, у 1936-м арыштоўваюць паўторна. Астапенку арыштавалі ў 1936 і пазбавілі волі на 8  гадоў... Аркадзю, хутчэй за ўсё, па прычыне маладога ўзросту пашанцавала больш. А можа, яму было наканавана захаваць памяць сяброўства праз усё жыццё і ўваскрасіць імёны сяброў. Шматлікія вершы паэт прысвячае Змітраку Астапенку і Юлію Таўбіну:

Па-рознаму адлегласць паміж стартам

І фінішам нам адмярае час.

Адным, хто доўга жыў, зрабіўшы мала, —

 кароткім падарожжам за труной;

 другім, хто шмат зрабіў, пражыўшы мала,

— адлегласцю ў бяссмерце даўжынёй.

 З 1941 па 1943 год Куляшоў быў на фронце ў армейскай газеце, у 1943—1945 — у Беларускім штабе партызанскага руху. Горыч, адчай маладой душы, патрэба верыць у найвышэйшую справядлівасць — усё адлюстравалася ў вершах ваеннай тэматыкі, якія ўжо даўно сталі хрэстаматыйныя: «Ранак», «Над брацкай магілай», «Ліст з палону», «Балада аб чатырох заложніках», «Маці», «Камсамольскі білет», «Бярозка», «Дом», «На полі бою», «Слова невядомага салдата». Адметна, што вялікая трагедыя народа часта раскрываецца пісьменнікам на прыкладзе трагедыі маленькай, прыватнай. І нядзіўна, бо народ — не аморфная безаблічная маса. Гэта канкрэтна дзеці бацькі Міная, якіх расстралялі, хлапчук, якому ўсё жыццё будзе не ставаць таты (той загінуў), маці, якая праводзіла сыноў на вайну і будзе чакаць іх вечна, дзяўчына, якую звозяць у палон:

Мне здалося: стаіш ты

У новай

Кашулі вайсковай,

У зялёнай кашулі,

І кулі цябе не кранулі.

Можа, нават кранулі праклятыя, ды не забілі, —

Быццам зноў мы з табою ідзём, як калісьці хадзілі...

Скончылася вайна, падлічыла страты, пачалося аднаўленне... Аркадзь Куляшоў  — на творчай пасадзе, рэдагуе штотыднёвік «ЛіМ». Пасля — галоўны рэдактар кінастудыі «Беларусьфільм». Нягледзячы на выпрабаванні, страты сяброў, ён да канца жыцця застаўся летуценнікам. Яго невыкараняльны аптымізм, агульная настроенасць на пазітыў вартыя пераймання. Уражваюць смеласцю і дзёрзкасцю мар вершы паэта касмічнай тэматыкі «***Ты згасіш сонца, час, але не згіне...», «***Сама Зямля не вечна  — час даводзіць...», «Сцвярджае час: заўжды жыццю на змену...», «***Праз дзесяць год ты з’явішся з-за хмары...».

У чым сакрэт поспеху творцы, яго жыццялюбства, невычэрпнай сілы натхнення? Чаму яго паэтычная «антэна» прымала пераважна станоўчыя хвалі — у вершах Куляшова, бадай, не знойдзеш упадніцкіх настрояў? Можа быць, ён жыў па прынцыпе, які сам і вызначыў:

Слёз не стрымаеш — плач, але не тою,

Пад пачуццё падробленай, слязою,

А той, што смех вяртае з небыцця.

Смяяцца хочаш — смейся, як дзіця.

Перад сабой і светам будзь праўдзівы,

Прымай як дар жыццём пасланы дзень...

Часам вершы могуць сказаць больш, чым біяграфія. Могуць даць лепшае разуменне эпохі. Гэта спрацоўвае і адносна выдання твораў Аркадзя Куляшова. Матывы яго творчасці блізкія, зразумелыя, агульначалавечыя...

Яна БУДОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».