Вы тут

Інэса Душкевіч: Каму шмат дадзена, да таго шмат патрабаванняў


«Яна танчыць як мара», — выходзілі захопленыя рэцэнзіі падчас гастроляў беларускага балета ў Кітаі ў 1991 годзе. На сцэне Вялікага тэатра Беларусі Інэса Душкевіч бліскуча інтэрпрэтавала няпростыя партыі Адэты-Адыліі, Жызэлі, Джульеты, Фрыгіі, Рагнеды і многія іншыя. Яе майстэрствам захапляліся не толькі беларускія гледачы, але і публіка, тэатральныя крытыкі і прэса ўсяго свету. І сёння, у дні свайго юбілею, народная артыстка Беларусі гаворыць пра высокае мастацтва — таму, што мае асаблівы клопат пра яго.


— З чаго для вас пачынаўся балет?

— Мая мама была вельмі музычнай асобай — пявуння па спадчыне: гэта перадалося ёй ад бабулі, якая валодала добрым голасам і слухам. Іншая мая бабуля была педагогам рускай мовы і літаратуры, яна вельмі любіла класічную музыку, мы пастаянна слухалі што-небудзь з класікі, яна распавядала мне пра музыку і кнігі. Я выхоўвалася не ў прафесійным музычным асяроддзі, але цікавасць да музыкі мне ўвесь час прывівалі, у дзяцінстве я спявала і пры любой магчымасці спрабавала танчыць, пачую мелодыю — і ўсё, панеслася... Гэта бачылі і бацькі, і іх сябры, і незнаёмыя — часам проста падыходзілі да маёй мамы і казалі: «Калі дзяўчынка ў шэсць гадоў такім чынам самавыяўляецца, то вам неабходна яе аддаваць у танцы». Пры Белсаўпрофе ў тыя гады была балетная студыя «Мара», якую ўзначальвала Раіса Львоўна Чарахоўская. У харэаграфічнае вучылішча я паступіла ў 1969 годзе.

— Ці праўда, што для прафесійных заняткаў балетам вызначальныя прыродныя даныя дзіцяці?

— Калі ёсць даныя — гэта добра, але імі ўсё роўна трэба займацца, развіваць. У мяне сапраўды былі здольнасці ад прыроды: вываратнасць, добры крок, прапарцыянальнае цела. Але памятаю, што кожны вечар, яшчэ да паступлення, мы з маёй старэйшай сястрой займаліся дома: рабілі нейкія расцяжкі, масткі... Гэта было свайго роду хобі — сабе ў задавальненне. Мяне ніхто не прымушаў, але гэта працавала на даныя. Колькі маецца прыкладаў, калі дзіця з добрымі данымі ад прыроды нічога не дасягае. У першую чаргу павінна быць вялікая любоў да танца, жаданне займацца.

— Калі вы сталі балерынай, бацькі хадзілі на вашы спектаклі?

— Мама вельмі любіла балет і тэатр, яна жыла гэтымі спектаклямі. Мама была маім вялікім сябрам па жыцці. Тата хадзіў, але не так часта. Ён урач-мікрабіёлаг, скончыў школу з залатым медалём і аспірантуру. Быў вельмі арганізаваны па жыцці, і гэтая яго якасць перадалася мне.

— Што значылі для вас педагогі? Ці атрымалі вы што-небудзь у іх акрамя прафесійных ведаў?

— У вучылішчы першым педагогам была Рафаэліна Мікалаеўна Сінева (але яе ўсе клікалі Эліна). У свой час яна танчыла ў Пецярбургу, таму можна сказаць, што ў мяне пецярбургская школа. Я правучылася ў яе пяць гадоў, яна захапіла мяне прафесіяй. Вучылішча тады знаходзілася ў тэатры, а Эліна Мікалаеўна жыла на круглай плошчы, мы, яе вучні, хадзілі за ёй як кураняты, гулялі па набярэжнай, праводзілі дадому, часта бывалі ў яе ў гасцях, яна распавядала нам шмат пра балет. На рэпетыцыях Эліна Мікалаеўна казала: «Нават калі сцірае пальцы ў кроў, глядач павінен бачыць вашыя ўсмешкі»... «Няма слова “не магу”, ёсць слова “не хачу”»... Яна мела рацыю — інакш у гэтай прафесіі не выжыць.

Не магу сказаць, што адразу зарэкамендавала сябе як паслухмяная выдатніца. Я была такая трошкі раскіданая ў сэнсе ўвагі: калі ў нас праходзілі нейкія канцэрты, усе за кулісамі рыхтаваліся, паўтаралі, а я нешта сабе прыдумляла, марыла, адлюстроўвала. Эліна Мікалаеўна спачатку баялася выпускаць мяне на сцэну ў сольных нумарах, прытрымлівала, таму што не ведала, як я павяду сябе перад гледачом, ці не разгублюся. Але аднойчы рашылася і зразумела, што я змагу сабрацца на сцэне. Гэта нядрэнная якасць для артыста балета. Нягледзячы на тое, што я не заўсёды была ўважлівая ў класе, як казалі часам, «была не з гэтага свету», «недзе лунала», тым не менш сцэна мяне вельмі арганізоўвала.

— А дзе ж вы «луналі»?

— Там, дзе музыка... Апошнія тры гады вучобы мне пашчасціла прафесійна ўдасканальвацца ў заслужанай артысткі БССР Ніны Фёдараўны Младзінскай, якая каля дваццаці гадоў была вядучай балерынай Марыінскага тэатра. Тэатральныя крытыкі пісалі пра яе захопленыя артыкулы. Пра яе прыгажосць складаліся легенды. Найцікавейшы чалавек з вельмі вострай мовай. Калі яна выказвалася пра што-небудзь, трапляла не ў брыво, а ў вока. Прычым вельмі жорстка, у стылі Ранеўскай, многіх гэта крыўдзіла. Калі Эліна Мікалаеўна дала нам аснову прафесіі, то Ніна Фёдараўна з нас зрабіла балерын. Яна заўсёды казала: «Бі якасцю». Сапраўды, калі ты выдаеш якасць, з гэтым складана паспрачацца.

— Калі вы пачалі працаваць у тэатры?

— У 1977 годзе. У тэатры была зорная трупа, у складзе якой — Людміла Бржазоўская, Ніна Паўлава, Таццяна Яршова, Юрый Траян, Уладзімір Камкоў, Уладзімір Іваноў, Аляксандр Мартынаў, узначальваў трупу Валянцін Мікалаевіч Елізар’еў. Спачатку я трапіла ў кардэбалет, потым, дзесьці на другім годзе маёй працы ў тэатры, станцавала Магнолію ў «Чыпаліна», затым партыі Мірты ў «Жызэлі», Уладаркі ў «Дон Кіхоце». Маладому артысту ў тэатры, напэўна, неабходная падтрымка, і мне вельмі дапамагла Ніна Сцяпанаўна Давыдзенка, народная артыстка БССР, яна ўбачыла дзяўчынку здольную, але не зусім ўпэўненую ў сабе, таму вырашыла паспрабаваць папрацаваць са мной над некаторымі вядучымі партыямі.

— Якія прафесійныя веды вы атрымалі ад яе?

— Яна заўсёды ўсяляла пачуццё ўпэўненасці, што ты можаш, што ў цябе ўсё атрымаецца. Наша прафесія досыць жорсткая. Калі педагогі робяць заўвагі: «У цябе гэта не атрымліваецца», «Вось гэта дрэнна», «Гэта не так» — ты ўвесь час нешта пераадольваеш, пераадольваеш... І часам узнікае комплекс: а ці змагу я наогул зрабіць так, як патрэбна? І раптам з’яўляецца Ніна Сцяпанаўна, якая кажа: «У цябе атрымаецца, не спыняйся!» І ты думаеш: «Раптам сапраўды атрымаецца?» Упэўненасць у сабе — гэта вельмі важна. Дзіця можа быць дастаткова адораным, але нейкімі словамі яго можна параніць, таму тут павінна быць тонкая праца педагога.

Першай значнай была партыя Адэты-Адыліі ў «Лебядзіным возеры», мара кожнай балерыны; таксама партыя Кітры з балета «Дон Кіхот», затым я выканала партыю Кармэн у балеце Валянціна Мікалаевіча Елізар’ева «Кармэн-сюіта». Яна мне далася не проста, бо мы выхоўваліся на класічнай лексіцы, а гэта была неакласіка.

У балеце «Кармэн-сюіта» гераіня не цыганка, гэта, хутчэй, нейкі сімвал свабоды, таму сапраўды вобраз блізкі. Я шмат думала над ім, мне было цікава, як яго трактуюць у драматычным тэатры, у оперы.

— Ці здараліся ў вас спектаклі, пасля якіх было цяжка выйсці з вобраза?

— Калі рыхтуеш ролю, вельмі шмат думаеш пра яе: і фізічна рыхтуешся, і духоўна, апускаешся ў пэўную атмасферу — і не толькі ў час рэпетыцыі... Ты ў гэтым жывеш круглыя суткі. Але калі спектакль ужо гатовы і сёння ты танцуеш яго, а заўтра «Рамэа і Джульету», затым «Жызэль», вядома, няма часу знаходзіцца ў трансе тры дні. Неабходна хутка паглыбляцца ў ролю і хутка выходзіць. У гэтым прафесіяналізм. Артысты павінны пражываць ролю на сцэне па-сапраўднаму, каб гэта адчуў глядач, але адначасова бачыць сябе збоку. На сцэне ў мяне ніколі не было рэальных слёз, таму што заўсёды прысутнічаў самакантроль.

Мне блізкая фармулёўка Станіслаўскага пра тое, што герой — гэта я (артыст) у меркаваных абставінах. Усё роўна, зыходзячы са сваіх унутраных пачуванняў, я ніколі не спрабавала нікога пераймаць. Харэограф дае пэўную задачу — знешні малюнак ролі, але ўнутрана гэта толькі я. Нікога не трэба капіраваць. Акцёрскі дарунак — гэта дарунак звыш, але каму шмат дадзена, з таго шмат патрабаванняў. Заўсёды вельмі дапамагала музыка. Для мяне музыка — гэта самае вышэйшае, што можа быць у мастацтве, мне заўсёды хацелася дацягнуцца да яе, выказаць целам, зліцца з ёю, наколькі гэта магчыма.

— Чаму вы не з’ехалі працаваць у Маскву ці Пецярбург?

— Тут было вельмі цікавае творчае жыццё, тут быў Елізар’еў. Мікалай Баярчыкаў запрашаў мяне ў трупу Малога тэатра ў Ленінградзе (цяпер Міхайлаўскі тэатр у Пецярбургу) пасля таго, як я станцавала там «Лебядзінае возера». Але якраз у той момант мы з маім партнёрам па сцэне Аляксандрам Курковым рыхтаваліся да ўдзелу ва Усесаюзным конкурсе артыстаў балета ў Маскве. Сталі лаўрэатамі, а калі вярнуліся ў Мінск, я вырашыла застацца тут. І не шкадую.

— Мастацтва балета сёння на ўзлёце ці наадварот? Ці згодныя вы з тым, што балет набліжаецца да спорту?

— Класічны балет досыць кансерватыўны. Аднак сёння вельмі шмат сінтэзу і ў мастацтве, і ў спорце. Паглядзіце на мастацкую гімнастыку. Там працуюць вельмі добрыя харэографы. Многія гімнасткі гранічна музыкальная, яны ствараюць цікавыя вобразы пры цудоўнай тэхнічнай падрыхтоўцы. Той жа сінтэз мы назіраем і ў балеце: дадаецца акрабатыка, элементы спорту — фізічныя даныя танцоўшчыкаў павінны быць развіты так жа добра, як у спорце. Паглядзіце, што адбываецца ў оперы: у спевакоў павінна быць добрая фізічная форма, яны мусяць умець спяваць і лежачы, і седзячы. А драматычныя акцёры павінны ўмець спяваць і рухацца. Сцэнаграфія сёння — гэта не толькі статычныя дэкарацыі, гэта праекцыі, анімацыі, якія рухаюцца, падмосткі і г. д. Адбываецца пранікненне аднаго мастацтва ў іншае, усе жанры ўзаемазвязаныя. Я вельмі люблю сучасную харэаграфію, асабліва ў выкананні прафесіяналаў: гэта вельмі цікава.

Напрыклад, Дзіяна Вішнёва — класічная балерына, якая, дзякуючы сваёй цікавасці да сучаснай харэаграфіі, па асобасным росце выйшла ў сусветныя лідары. Яна вельмі цікава працуе ў сучаснай харэаграфіі, з вядомымі харэографамі, у яе за плячыма велізарны класічны і сучасны рэпертуар!

— Як гэта — быць зоркай?

— Неяк іду я пасля спектакля з сябрамі, і мы сустракаем іх знаёмых, якія здзіўлена пытаюцца: «Гэта што, Душкевіч?!» На што ім адказваюць: «А вы хочаце, каб яна ў кароне хадзіла?..» Поспех звычайна недзе асобна ад цябе, па адчуваннях ён імгненны, таму што кожны дзень перад табой новыя задачы, над якімі трэба працаваць. З гэтай нагоды я ўспамінаю аповесць балгарскага пісьменніка Багаміла Райнава «Чорныя лебедзі». Там выдатна паказана, што адчуванне шчасця, задавальнення надыходзіць вельмі рэдка — пасля ўдалага спектакля або рэпетыцыі. Потым яшчэ раз — трэба... цяжка... балюча... пераадолець... выспацца. Калі прачытаць гэтую кнігу, будзе зразумела, што наша прафесія — гэта пастаянная праца, адчуванне поспеху імгненна, таму што на наступны дзень зноў трэба ісці ў рэпетыцыйную залу...

— Сёння вы з’яўляецеся мастацкім кіраўніком Беларускай дзяржаўнай харэаграфічнай гімназіі-каледжа. Якія асноўныя крытэрыі адбору навучэнцаў?

— Вядома, дзеці павінны прыходзіць падрыхтаваныя, нешта ўмець, лепш, каб яны да гэтага недзе займаліся, каб яны былі расцягнутыя ў меру. Важная таксама фактура, знешнія даныя. Асабіста я вельмі люблю і цаню эмацыянальных дзяцей. Таму калі яны паказваюць свае нумары, мне гэта вельмі цікава. Таму, што, калі дзіця вырастае, у яго могуць быць прыгожыя прапорцыі і рост выдатны, але калі танцоўшчык пусты ў сэнсе эмоцый, ён часцей за ўсё працуе ў кардэбалеце.

Але ў нас высокі ўзровень падрыхтоўкі, пра што сведчыць і тое, што нашы выхаванцы працуюць сёння ў тэатрах Польшчы і Венгрыі, Аўстрыі і Германіі, у Японіі, ЗША. І, вядома ж, у Вялікім, Марыінскім і іншых тэатрах Расіі. Многія сталі сапраўднымі зоркамі: Іван Урбан, Іван Васільеў, Ігар Колб, Віталь Амялішка, Аляксандр Амельчанка, Алег Івенка, Максім Вайцюль, Аляксей Авечкін. Настасся Лімянько — вядучая балерына ў маскоўскім Музычным тэатры імя К. Станіслаўскага і У. Неміровіча-Данчанкі. Цікавымі балерынамі сталі Ксенія Аўсянік, Любоў Андрэева. І, вядома ж, 95 працэнтаў балетнай трупы ў беларускім Вялікім тэатры — нашы выпускнікі.

Можна сказаць, што ў розныя перыяды ў каледжы былі навучэнцы з усіх куткоў Беларусі. Наш дыплом не патрабуе пацвярджэння за мяжой.

Вольга САВІЦКАЯ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.