Вы тут

З першай пазіцыі


…Ехаў у Тураў і не ведаў, што там чакае. Вядома, паўсюль жывуць людзі, але як паставяцца да яго прапаноў? Мікола Котаў толькі скончыў курсы пры Гомельскім абласным доме народнай творчасці і, атрымаўшы накіраванне, спадзяваўся: тое, што ён вязе з сабою, павінна тут быць цікава. І цяпер вельмі шчаслівы, што патрапіў менавіта ў Тураў. Магчыма, не было б такога захаплення народным мастацтвам, той апантанасці, што потым прывяла яго ў сталіцу на працу са славутымі калектывамі…


— Я ехаў вучыць людзей танчыць народныя танцы… Прыехаў ці не на пустое месца. У памяшканні халадзіна, ніякіх умоў. Ніякіх касцюмаў. Адна лямпачка цмяна зіхацела. Не было нават пакоя, дзе можна займацца, — успамінае балетмайстар і рэжысёр Мікола Котаў. — Сабраліся людзі, глядзяць. Я паставіў крэслы ў харавым пакоі, каб займацца танцамі, як патрэбна, кажу: «Пачынаем з першай пазіцыі». Яны смяюцца: а што гэта за танцы такія? І паказалі мне польку ў два бакі — палескую. Мне захацелася вучыцца ў іх.

Даў жа Бог такое шчасце!.. Пры тым, што Тураў быў на той час не надта развіты пасёлак, але народ працавіты і таленавіты — гэта адразу развеяла сумневы маладога харэографа. Зразумеў, што тут куды ні пойдзеш, абавязкова сутыкнешся з фальклорам, так ці інакш трапіш на традыцыю. Бывала, ідзе на вяселле з магнітафонам — каб усю музыку, што гучыць, тут жа і запісаць: гарманісты, крыху павесялелыя, такое выдаюць, што потым, прасі не прасі, самі і не ўспомняць, што ігралі, паўтарыць немагчыма… Вось і трэба было лавіць гэтыя крупінкі-іскрынкі. Жыць з імі, святкаваць з людзьмі. На Юр’я выходзілі і спявалі тыя песні, што ў іх гучалі здаўна. Ці вось ехалі на пароме на сенакос: калі туды, то яшчэ ўсё было спакойна, а назад, папрацаваўшы цэлы дзень, заводзілі спевы і танцы проста на пароме. Такая, відаць, душа: зрабілі справу, атрымалася, не было дажджу, Бог дапамог. Так і жылі: удзень працуюць, а вечарам яшчэ ідуць на рэпетыцыю. А ў Котава гадзіны дзве з паловай даводзілася так танчыць, што потам палівалі падлогу…

Яго мама была такая ж апантаная: добры арганізатар, любіла святы і гулянкі. Памятае Мікола з пасляваеннага дзяцінства: няпросты быў час, але збіраліся жанчыны пасля працы, заводзілі песні, і станавілася лягчэй. З маленства ён успрыняў народную любоў да песні, да танца. Да таго мастацтва, у якім душа. Кажа, Жыткавіцкі раён багаты на яго. А Століншчына! Давыд-Гарадок… Давялося шмат ездзіць па Палессі, каб глядзець і слухаць, вывучаць болей. Садзіўся на паром і пераязджаў Прыпяць: быў на сенакосе, на малочнай ферме, на калгасным двары, — хацелася бачыць і ствараць пра гэтае звычайнае жыццё. Але як жа гэта ўсё перанесці на сцэну?

— На жаль, мы губляем багата,  — лічыць Мікола Кандратавіч.  — Не спяшаемся ўхапіць той пласт, які быў раней. Як спявалі жанчыны на Палессі: сядуць на прызбе, на лаўцы. Я іх пачынаю распытваць, а яны спяваюць — па ўсёй вёсцы чуваць. Цуд! Хацелася яго адкрыць іншым. Прыязджалі Мулявін і Лучанок, мы разам ездзілі слухаць песні. Потым гэтыя песні гучалі са сцэны. Аднойчы прыехаў Васіль Купрыяненка з ансамбля «Свята», адпачываў з сям’ёй. Ужо было позна, леглі спаць. Раптам данеслася: «Цячэ вада ў ярок». Ён падхопліваецца: што за песня? Я кажу: «Васіль, спі спакойна, я ўсіх па голасе пазнаю, заўтра запішам…» Так пасля гэтая песня і загучала шырока.

І цяпер яго творчасць звязана са «Святам», і цяпер спяваюць яго песню «Дранікі-бульбянікі» і народныя творы, якія Мікола прапаноўвае і ставіць як харэограф. Ён скончыў Інстытут культуры, з канца 80-х гадоў пераехаў у Мінск, працаваў як пастаноўшчык з ансамблем «Свята», лёс звёў і з народным хорам імя Цітовіча пад кіраўніцтвам Міхася Дрынеўскага. Працаваў як выкладчык у творчых ВНУ, шчыраваў у навукова-даследчай лабараторыі беларускага фальклору разам з Васілём Ліцвінкам. Але самым істотным дасягненнем жыцця лічыць працу з самадзейнымі калектывамі: тураўскім народным ансамблем танца «Прыпяць», «Верасок» — у Жыткавіцкім раёне, «Ніва»  — у Столінскім раёне. І ў Мінску, калі працаваў у абласным цэнтры культуры, ансамбль «Кола» таксама атрымаў званне «народны». Чатыры народныя ансамблі танца зрабіць  — вось пашана працы, калі яна на карысць іншым.

— Баліць душа, што не так яно цяпер. Закрываюцца клубы, а як з людзьмі працаваць? На маю думку (і я гэта прапанаваў), трэба ствараць дом, які запрашае на вячоркі. Любы раённы цэнтр можа арганізаваць яго, але не ў Доме культуры, каб не са сцэны размова ішла, а пасяброўску. Каб народ хацеў праспяваць і патанчыць, тое, што ён хоча. Гэта павінен быць стан душы, каб не навязваць, тады і вёска будзе іншая, — разважае Мікола Котаў. — Каб я навязваў танцаваць польку так, як мяне вучылі, то ніхто б не падтрымаў. Імкнуўся быць часцей на вёсцы, каб бачыць характар, побыт, усё, што адбываецца ў жыцці. Аднойчы з’ездзіў на малочную ферму, сядзеў і глядзеў, як там працуюць, а потым паставіў танец. Даяркі паглядзелі і кажуць: «Як вы маглі ўсё так дакладна перадаць? Нават як той падойнік узяць на руку…» Людзі маюць патрэбу, каб іх праца апявалася. І яны маюць патрэбу ў сваёй творчасці. Галоўнае для мяне, што ўсе мае калектывы жывуць. Я хоць і паехаў у горад, але іх не кінуў.

Яны натхнілі на стварэнне кніг, напрыклад, гэтай: «Традыцыі беларускага народа. Сцэнічныя абрады». 25 абрадаў, як іх увасобіць на сцэне. Ёсць нават абрады, пра якія не ведаюць шырока. Што такое «зліўкі»?  — абрад ачышчэння. А танецгульня «Кука»? Калі Мікола ездзіў на прызыўныя пункты, дзе ў армію забіралі хлопцаў, паназіраў. Усю ноч перад гэтым людзі гулялі, а потым прыязджалі з прызыўнікамі ды гарманістамі. Тут трэба было глядзець і штосьці лепшае ўхапіць. Бывала, такія каленцы выкідвалі, што потым, як ні стараўся паказаць гэтыя рухі прафесійным танцорам, атрымлівалася ўсё інакш.

— Я шмат кажу, што нельга фальклор перанесці на сцэну як ёсць. Ён павінен жыць там, дзе жыве. Трэба ехаць да яго, а не яго везці ў сталіцу,  — лічыць балетмайстар і рэжысёр народных святаў Котаў.  — Хачу Цэнтр традыцыйнай культуры пачаць з Жыткавіч — там залатое кальцо Гомельшчыны. Хачу, каб гэта была хата, двор. Каб там былі жывыя народныя інструменты. Я шмат праехаў з нашымі беларусамі па Германіі ды Амерыцы. Падабалася, што прыходзіш  — а там у доме ўсе нашы інструменты сабраныя, можаш узяць і паіграць. Не трэба цяпер гасцей адразу карміць — галодных ужо няма, відаць. А вось так судатыкаешся з абрадавымі дзеямі. Злучаешся з тымі галасамі, што сягаюць у самыя глыбіні — праз іх мінулае размаўляе з намі.

З такой жа таямніцы нарадзілася адна з яго песень — «Матуліна хата». Кажа, песня з нябёс. На Радуніцу паехаў у Рэчыцу Гомельскай вобласці, адкуль родам. Начаваў у сваякоў. Каля трох гадзін ночы (нехта?) падымае з ложка, і гэтыя словы ідуць, сеў за стол, запісаў. Прэм’ера гэтай песні адбылася ў Палацы Рэспублікі. Цяпер яе можна пачуць у выкананні і дарослых, і дзіцячых калектываў. Аўтар, калі прыязджае на могілкі да маці, кажа ёй «дзякуй». Упэўнены, што яна адтуль дапамагае.

Дапамагае, калі трэба вырашыць невырашальнае і зрабіць неажыццяўляльнае. У хоры імя Цітовіча ставіў «Слаўлю цябе зямля Беларусі»: атрымалася звесці самадзейныя калектывы з прафесійным — такога яшчэ не было. Котаў лічыць, што ў кожным танцы і ў кожнай народнай песні, што гучаць, павінна быць свая разынка. Але каб без лішняга і пафаснага. Вось як у народзе жыве і дагэтуль трымаецца.

…Калі прыязджае ў Тураў, Мікола ідзе ў дзіцячы садок. Малеча апранае народныя строі, паказвае майстру, што ўмее. І ён працягвае вучыцца: яшчэ ёсць задумы, што можна зрабіць для гэтых людзей, чым ім аддзячыць за талент.

Ларыса ЦІМОШЫК

Фота Івана ЖДАНОВІЧА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».