Вы тут

Сардэчна запрашаем!


Тысячы гасцей, многія з якіх прыехалі на ІІ Еўрапейскія гульні ў Беларусь упершыню, уражаныя эстэтычным абліччам Мінска: архітэктурай, чыстымі вуліцамі і шырокімі праспектамі, мноствам зялёных насаджэнняў, шматлікімі арт-кампазіцыямі, якія адлюстроўваюць тэматыку міжнароднага спартыўнага форуму. А таксама культурнымі забавамі на любы густ. Так што, да падзеі Мінск падрыхтаваўся належным чынам.


У гэтыя цёплыя чэрвеньскія дні сталіца выглядае, можна сказаць, асабліва ўрачыста. Знешні воблік яе ўпрыгожаны: больш чым 2 млн кветак высаджана і 11 тысяч кашпо выстаўлена па ўсім горадзе. Дарэчы, у многіх фларыстычных кампазіцыях бачныя нацыянальныя матывы. Начальнік «Мінскзелянбуда» Анжаліка Пузанкова тлумачыла гэта тым, што шматлікім турыстам не знаёмы беларускі каларыт, і таму ёй хацелася паказаць нашу гісторыю і культуру «ва ўсёй красе». Так, на некаторых кветкавых клумбах можна разгледзець матывы слуцкіх паясоў, нацыянальны арнамент, беларускіх птушак. Па сталічных вадаёмах таксама плаваюць фларыстычныя кампазіцыі… А ўздоўж асноўных аўтамагістраляў Мінска дзе-нідзе мармуровай крошкай выкладзены лагатып спартыўнага форуму: папараць-кветка і блакітны шар з надпісам Minsk 2019, дзесьці — шматколерныя замалёўкі на спартыўную тэматыку.

belta.by

Упрыгожыла сталіцу і незвычайная ілюмінацыя з 60 эмблем фігур спартсменаў. Гэтыя светлавыя арт-аб’екты быццам вядуць нас да галоўнага месца дзеяння — стадыёна «Дынама», дзе праходзіла цырымонія адкрыцця і спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы, а зусім хутка там будуць урачыста закрывацца Еўрапейскія гульні-2019. На праспекце Дзяржынскага стаіць вялікі светлавы зубр — самы вялікі сімвал нашай краіны. Зрабіць сэлфі можна яшчэ і побач з трохметровай канструкцыяй талісмана II Еўрапейскіх гульняў — лісянём Лесікам. Яго ўсталявалі ўздоўж кожнай дарогі, што вядзе ў сталіцу. Лісяня вітае турыстаў з паднятай таблічкай у руцэ, на якой напісана: «Welcome». Дарэчы, нават калі едзеш у метро, на некаторых станцыях, напрыклад, ва Уруччы сустракаеш выяву Лесіка, які спяшаецца на спаборніцтвы. Трэба адзначыць, руды звярок — жаданы госць на многіх гарадскіх мерапрыемствах. А як яго палюбілі дзеці!.. Калі з’яўляецца Лесік, яны адразу бягуць да яго абдымацца і фатаграфавацца. Цацкі і прысмакі, сувеніры з выявай талісмана Еўрапейскіх гульняў — мабыць, адны з самых папулярных тавараў гэтага лета.

Мультымедыйны фантан «Танец Даны» — гэта спалучэнне гука, колеру і відэарада

Заязджаючы ў горад на зыходзе дня, можна заўважыць шары з лагатыпам Гульняў, якія свецяцца. Як распавёў галоўны інжынер «Мінгарсвятла» Аляксандр Варабцоў, падобныя арт-аб’екты з алюмініевага пракату ў выглядзе распаўсюджаных у беларускіх лясах звяроў, а яшчэ карэты, падарункавыя скрынкі і нават навагоднія шары разгрупаваны па ўсім горадзе. Іх асабліва шмат у месцах масавага знаходжання гасцей сталіцы.

Правядзенне такога маштабнага мультыспартыўнага свята, як Еўрапейскія гульні, для нашай краіны — гэта яшчэ і добрая магчымасць пазнаёміць замежных турыстаў з культурай Беларусі.

Вось такія замалёўкі са спартыўнай тэматыкай сустракаюцца ўздоўж мінскіх дарог

Адпачыць ад звышэмоцый пасля спартыўных спаборніцтваў гледачы маглі дзякуючы розным тэматычным лакацыям, якія сустракаліся практычна ў кожным раёне горада. Іх зарабілі яшчэ за месяц да пачатку Гульняў. Шырокая праграма забаў, распачатая на пачатку мая, працягнецца да ліпеня, а дзе-нідзе — і да восені. Больш чым 50 устаноў культуры сталіцы і Мінскай вобласці забаўлялі і працягваюць забаўляць гасцей, знаёміць іх з нацыянальным каларытам, запрашаць у свае залы. Напрыклад, у Белдзяржфілармоніі 22 чэрвеня цэлы дзень гучалі класічныя творы. Іх выконвалі беларускія музыкі на фартэпіана. Музычны марафон доўжыўся з 10 раніцы і да 10 вечара! Дарэчы, уваход для ўсіх быў бясплатны. «Джазавыя вечары», «Музычныя вячэры», «Канцэрт-паэма «Месяцовае святло», міжнародны конкурс піяністаў-аматараў, «Скрыпка для дзяцей» — гэта не поўны пералік музычнага «меню», якое прапанаваў Цэнтр культуры і мастацтваў «Рэнесанс класікі», афіцыйны ўдзельнік культурнай праграмы ІІ Еўрапейскіх гульняў. А Вялікі тэатр запрашае гледачоў 28 чэрвеня на Гала-канцэрт зорак сусветнага балета.

Для аматараў сучаснага мастацтва на фестывалі «Арт-Мінск — 2019», які доўжыцца да 30 чэрвеня, была прадстаўлена творчасць больш чым 270 мастакоў і больш за 800 твораў жывапісу, графікі, фатаграфіі і скульптуры. Размясціліся яны на больш чым 20 пляцоўках Мінска. Унікальную калекцыю старажытных кніг, шпаг і фехтавальных масак можна было паглядзець у Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага на выставе «Еўрапейскія баявыя мастацтва. Ад кузні Вулкана да мастацтваў Марса». Каля 200 унікальных экспанатаў, узятых з прыватнай калекцыі прэзідэнта Федэрацыі гістарычнага фехтавання Італіі і Ганаровага консула Беларусі ў Брэшыі Раберта Гоці. Дарэчы, выстава будзе адкрыта да восені.

Кветку васілёк беларусы лічаць сімвалам ветлівасці

Для прыхільнікаў спорту па ўсёй краіне былі арганізаваны фан-зоны. У Мінску — каля Палаца спорту, «Мінск-Арэны» і «Чыжоўка-Арэны», а ўсяго па краіне іх — 10. У кожнай фан-зоны — свой фармат: нацыянальны, спартыўны, сямейны, моладзевы…

«Гэта месцы гарадскога святкавання са сцэнай, вялікім экранам, гукам і святлом. Гледачы, заўзятары, турысты змаглі сабрацца і разам сачыць за самымі цікавымі падзеямі Еўрапейскіх гульняў з розных спартыўных пляцовак; прасякнуцца атмасферай святкавання», — распавяла начальнік аддзела арганізацыі і правядзення культурнай праграмы фонду «Дырэкцыя II Еўрапейскіх гульняў 2019 года» Вольга Грыгор’ева. У тэматычных лакацыях можна было набыць спецыяльную атрыбутыку і тавары народных промыслаў. А ўвечары там праходзілі Дні культуры еўрапейскіх краін-удзельніц і паказальныя выступы па відах спорту, якія не ўвайшлі ў асноўную праграму Гульняў.

Да вялікай культурнай праграмы падключыліся і музеі, прадставіўшы свае спецпраекты. Бліжэй азнаёміцца са спадчынай Беларусі, у якой, як вядома, былі цяжкія перыяды ў гісторыі, можна ў Беларускім дзяржмузеі Вялікай Айчыннай вайны. Гэта адзіны ў краіне і першы ў свеце музей, прысвечаны самай крывавай падзеі мінулага стагоддзя. У той вайне загінуў кожны трэці беларус — гэтым апраўдана наша жаданне заўсёды памятаць і нагадваць іншым пра тое, як важна захоўваць мір на зямлі. Музей быў заснаваны ў гады фашысцкай акупацыі. Першую калекцыю сабралі яшчэ ў 1942‑м годзе: экспанаты адпраўлялі прама з фронту. У 1944‑м музей, які был размешчаны ў адным з нешматлікіх ацалелых будынкаў паўразбуранай сталіцы, адкрыў свае дзверы для наведнікаў. А 2 ліпеня 2014‑га года, напярэдадні Дня Незалежнасці, адбылося ўрачыстае адкрыццё новага будынка Музея агульнай плошчай 15 600 кв. метраў. У мінулым годзе яго наведалі больш за паўмільёна чалавек.

Над будынкам музея ўзвышаецца 45‑метровая стэла «Мінск — горад-герой», каля якой праходзяць падзеі ўсебеларускага маштабу: ваенныя парады, святочныя шэсці і зіхацяць салюты. Побач са стэлай — бронзавая скульптура жанчыны, якая падняла да неба рукі з фанфарамі. Манумент атрымаў назву «Радзіма-маці», ён сімвалізуе перамогу і славу Беларусі. Гэты Музейна-паркавы комплекс «Перамога» дапаўняе маляўнічы фантан, размешчаны на плошчы Герояў. Яго 170 струменняў сімвалізуюць 170 буйных населеных пунктаў Беларусі, вызваленых савецкімі войскамі ў час вайны.

Лесік — добры сябар усіх дзяцей

Яшчэ адна гістарычная славутасць Беларусі, таксама ўрачыста адкрытая да Дня Незалежнасці 2 ліпеня 2013 года — Плошча Дзяржаўнага сцяга. Яна знаходзіцца на скрыжаванні дзвюх транспартных магістраляў: праспекта Пераможцаў і вуліцы Арлоўскай. Гэта месца было выбрана з улікам кірунку вятроў, дзякуючы якім сцяг — сімвал суверэннай Беларусі — лунае на вышыні 70 метраў. У падрыхтоўцы да адкрыцця былі задзейнічаны больш чым тысяча чалавек, а таксама Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Пра гэта больш падрабязна чытайце на стар. 14.

Увогуле, увесь Мінск, як на далоні, можна ўбачыць з 22 паверха Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. На даху «самага вялікага алмаза», так мы часам называем нашу бібліятэку, вышынёй у 73 метры размясцілася назіральная пляцоўка. А калі падняцца туды ў празрыстай кабінцы ліфта ўвечары, то можна ўбачыць «Танец Даны» — так называецца мультымедыйны фантан, ён адкрыўся 22 мая гэтага года. Ён «гучыць», «танчыць» і «паказвае» відэаролікі. Гэтага адкрыцця фантана вельмі чакалі: назву яму прыдумвалі ўсім горадам. Як паведамляла Беларускае тэлебачанне, было прапанавана больш чым 2000 варыянтаў імя ўнікальнага фантана. Падобная тэхнічная канструкцыя, здольная ствараць ці то рассеяны «вадзяны» дым, ці то «лазерныя» струмені, ці то рознакаляровыя «аблокі», ды яшчэ і ўлічваць хуткасць і кірунак ветра ў часе прадстаўлення, ёсць толькі ў Арабскіх Эміратах і яшчэ ў Лас-Вегасе. А цяпер вось — і ў нас, у Мінску.

Нават у невялікай краме можна знайсці вырабы з выявай Лесіка

ІІ Еўрапейскія гульні доўжацца ўсяго толькі тыдзень, але ўражанняў для ўсіх нас, па-мойму, хопіць надоўга.

Аліса Гюнгер

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Кіраўнік Мінскай вобласці — аб тым, чаго рэгіён дасягнуў за дваццаць пяць гадоў

Кіраўнік Мінскай вобласці — аб тым, чаго рэгіён дасягнуў за дваццаць пяць гадоў

 Міншчына — самы цэнтр краіны, яна нават сваімі абрысамі нагадвае сэрца. 

Грамадства

Як пад Мінскам сартуюць смецце

Як пад Мінскам сартуюць смецце

Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў і рух за перапрацоўку адходаў «Мэта 99» далі людзям магчымасць на свае вочы пабачыць, як выглядаюць «смеццевыя могілкі».