Вы тут

Чаму беларускіх мужчын складана апрануць па модзе


Людміла ТАРАКАНАВА — вядомы мадэльер, дацэнт кафедры дызайну і моды ў Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце, удзельніца модных паказаў і выставак лёгкай прамысловасці ў Дзюсельдорфе, Кёльне, Калінінградзе, Маскве, Львове, Лодзі і іншых гарадах. Віцебскі дызайнер адзення стварыла некалькі дзясяткаў унікальных калекцый, поспехам адзначаны яе неаднаразовыя паказы аўтарскіх калекцый на Беларускім тыдні моды ў Мінску. Мадэлі Тараканавай апублікаваныя ў часопісах моды і стылю — італьянскім Collezіonі, расійскім Fashіon Collectіon і некаторых іншых. Мадэльер расказала карэспандэнту «Звязды» пра асноўныя тэндэнцыі мужчынскай моды будучага сезону і пра тое, як можна развіць пачуццё стылю ў нашага дужага полу.


— На самай справе пачуццё стылю цесна звязана з пачуццём колеру. У многіх маіх студэнтаў бачна прыроджанае пачуццё стылю, яны нібыта інтуітыўна працуюць з тканінай і колерам. Але я ўпэўнена, што гэта пачуццё можна і развіць. Бацькі могуць аддаць сваё дзіця ў мастацкую школу ці нейкі гурток па выяўленчым мастацтве. Справа ў тым, што там малых знаёмяць з колеравай гармоніяй, што існуе ў свеце, і творамі вялікіх людзей і такім чынам прывіваюць густ. Даросламу чалавеку таксама можна развіць пачуццё стылю, калі ён з дапамогай інтэрнэту, спецыяльнай літаратуры і прафесіяналаў возьмецца за самаадукацыю ў гэтым кірунку.

— Вам прынеслі вядомасць калекцыі мужчынскага адзення. Напэўна, вы ўлавілі, чым адрозніваецца ўспрыманне моды мужчынамі і жанчынамі?

— І сапраўды, успрыманне моды ў іх вельмі рознае. Для мужчын мода — гэта перш-наперш сексуальнасць. Ім на самай справе ўсё роўна — гэта мода стылістычная або масмаркет. Тым больш рэдкі мужчына можа правільна камбінаваць рэчы. Таму, працуючы з мужчынскім адзеннем, я разумею, што іх камплекты павінны быць завершанымі.

А жанчына можа адразу вылучыць у камплекце для сябе, напрыклад, спадніцу і ўявіць, з чым яна магла б скамплектаваць яе, падабраць абутак і аксесуары, каб падаць вобраз па-новаму. Для жанчыны важныя і крой, і колер, і дэкор. Калі ж трэнды састарэлі, то ад жанчыны можна пачуць фразу: «Мне няма чаго надзець».

Гэта ўсё датычыцца, бадай што, нашага рэгіёна. Калі казаць, напрыклад, пра ўсходнія краіны, дзе захоўваюцца традыцыі, то акцэнты ў модзе змяшчаюцца на якасць тканіны і дэкор. А вось у амерыканцаў важная функцыянальнасць адзення, каб было зручна насіць. Канешне, мне як дызайнеру хочацца верыць, што працэнт людзей, якія будуць сачыць за тэндэнцыямі ў модзе, павялічыцца, а нашы мужчыны змогуць дакладна вызначыць сваю рэч, якая будзе пасаваць і характару, і атачэнню.

— Вы сказалі, што многае залежыць ад рэгіёна. Ці проста рабіць адзенне для беларусаў?

— Беларускіх мужчын апранаць вельмі складана (смяецца). Ну вось, напрыклад, усім вядомыя тыдні моды. Падчас нашага, беларускага, тыдня моды адзінкі звяртаюцца, каб набыць нейкую рэч. У іншых краінах на падобных мерапрыемствах момантам залятаюць за кулісы людзі, яны мацаюць рэчы, просяць прымераць, спрабуюць дамовіцца. Людзям у Еўропе падабаецца мой стыль, ён дае магчымасць разняволіцца і расслабіцца. Нашы мужчыны мне здаюцца трошкі закамплексаванымі, быццам не давяраюць сваім уяўленням. Калі ў іх ёсць джынсы, яны не купляюць другія, бо не разумеюць, навошта.

Хоць цяпер у нас і няма дэфіцыту, як раней, калі кожная рэч даставалася з цяжкасцю. Ды і абароты адзення ў нашай краіне іншыя... Напрыклад, на Захадзе паляжала рэч месяц у краме — адзін кошт, паляжала другі — другі і гэтак далей. У нас такога няма! Павесілі рэч у краме, і будзе вісець яна гадамі па тым жа кошце.

Мне здаецца, што такія адносіны да свайго знешняга выгляду ў беларусаў выпрацаваныя пакаленнямі: вось маці набыла сыночку адзенне, адпрасавала і павесіла на крэсла, малы апрануў, і думаць не трэба, такая прыкладна схема пераходзіць і ў дарослае жыццё мужчыны. Але я ўсё ж спадзяюся, што паступова сітуацыя будзе мяняцца і беларускія мужчыны захочуць выбіраць сабе адзенне і стануць ставіцца да гэтага з большай цікавасцю.

— Раскажыце пра сучасныя тэндэнцыі ў модзе мужчынскага адзення.

— Сёння на піку папулярнасці кроены і вязаны трыкатаж. Швэдры могуць быць двух тыпаў: павялічана-шырокія або ў духу 1970-х гадоў, калі шчыльна прылягаюць да фігуры, але тады іх лепей запраўляць у штаны.

Неад'емная частка мужчынскага гардэроба — футболкі з кроенага трыкатажу. Сёння яны інавацыйна прадстаўлены камбінацыяй з розных матэрыялаў і структур, напрыклад, такіх як бавоўна, сеткаваты трыкатаж, плашчовая тканіна, галантарэйныя стужкі і рыбаны па рукавах і ўнізе, — у духу васьмідзясятых гадоў.

Гэтак жа лічыцца модным і друкаваны малюнак. Пачынае набіраць абароты тэма гладкай і чыстай паверхні. Колер можа быць розны, але пажадана насычаны — хакі, тэракотавы, сіне-шэры ці чырвоны.

Таксама ў гэтым і будучым сезоне захоўваецца прысутнасць дзелавога стылю.

Можна яшчэ заўважыць у людзей павальнае захапленне малюнкам «клетка». Яна можа быць як статычнага, так і дынамічнага парадку. Напрыклад, усімі любімая клетка «арлекін» на камізэльках і кардыганах. Клетка як модны трэнд з шарсцяных і паўшарсцяных тканін перанесена на іншыя структуры, ў прыватнасці на плашчавыя, атласныя, віскозныя і трыкатажныя асновы.

Мужчынскі гардэроб немагчыма ўявіць без штаноў! Дык вось цяпер модная стылістыка 1930-х гадоў. Штаны такія вырабляюцца з завышанай лініяй таліі і больш аб'ёмныя ў зоне сцягна.

Што ж датычыцца класічных пінжакоў, то значны ўплыў аказвае ўсё тая ж мода трыццатых, калі ўсе мужчыны насілі цёмныя ў дробную палоску прамога крою двухбортныя пінжакі. Пасадка пінжакоў робіцца больш свабоднай.

Калі казаць пра дэмісезонную вопратку, то ў трэндзе двухбаковыя мадэлі з двух функцыянальных слаёў. Смелы дэкор у выглядзе шрыфтоў, настрачных стужак і сцяжкоў, аб'ёмных кішэняў і кантрасных аплікацый канчаткова замацаваўся на верхнім адзенні. Рэкамендую мужчынам звярнуць увагу на вопратку, даўжыня якой крыху вышэйшая ці ніжэйшая калена.

— На ваш погляд, якое адзенне можна смела набыць, каб быць упэўненым, што яно не выйдзе з моды?

— Я доўга думала над гэтым пытаннем. Можна прапанаваць касуху — гэта такая кароткая скураная куртка. Форма касухі застаецца стандартнай, класічнай на працягу ўсяго часу яе існавання. Ды і я сама кожны год пакідаю касуху ў сваёй калекцыі, магу толькі памяняць колеравае рашэнне. Увогуле лічу, што касуха — супер.

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ

Фота Таццяны ТКАЧОВАЙ

Загаловак у газеце: «Рэдкі мужчына можа правільна камбінаваць рэчы»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».