Вы тут

Прэзентавалі форум па ўстойлівым развіцці Магілёўскай вобласці


«Млын поспеху» — вельмі добры фармат, каб прыцягнуць да рэгіёна ўвагу бізнесменаў і дзелавых людзей з усяго свету. Пабывалі там і карэспандэнты «Звязды».


Заявіць пра сябе

На выстаўцы ў Палацы культуры вобласці было не праціснуцца. Адны дэманстравалі свае магчымасці, іншыя знаёміліся і задавалі пытанні.

Вунь кітайская каманда ў льняных кашулях рэкламуе... беларускі лён. Высветлілася, што зусім яшчэ маладое прадпрыемства кітайскага інвестара — яно пачынае сваю дзейнасць у Крычаве пад назвай ТАА «Жаняа Саюз» — збіраецца стварыць на тэрыторыі раёна комплекс па вырошчванні і перапрацоўцы лёну. Сёлета былі засеяны першыя гектары, але інвестар ужо паклапаціўся, каб заявіць пра сябе.

— Мы першы год на рынку, і нам важна, каб пра нас ведалі, — кажа намеснік дырэктара па камерцыйных пытаннях ТАА «Жаняа Саюз» Андрэй ГАРАВІКОЎ. — Шукаем партнёраў і сябе рэкламуем. Да нас падыходзяць, цікавяцца. Такія формы, як інвестфорум, вельмі зручныя, тут збіраецца вялікая колькасць людзей, ёсць спадзяванні, што нас заўважаць.

Міма стала з прыгожым караваем і сапраўднымі творамі кулінарнага мастацтва прайсці было немагчыма.

— Мы расказваем, на што здольны нашы майстры, — усміхаецца галоўны спецыяліст аддзела знешнеэканамічнай дзейнасці Белкаапсаюза Таццяна ПАЗНЯКОВА. — Самі бачыце, якія прыгожыя караваі робяць нашы супрацоўнікі ў Бялынічах. Мала хто ведае, што акрамя агародніны і садавіны, а таксама дзікарослых дароў лесу, якія мы нарыхтоўваем, у нас яшчэ ёсць зверагаспадарка — нашы вырабы з футра рэкламуе ў Маскве Анжаліка Агурбаш. Дарэчы, гэтым бокам нашай дзейнасці зацікавіліся прадстаўнікі Узбекістана. А яшчэ гароднінай. Узбекістан — наш даўні партнёр. А ўсяго мы сябруем з 30 краінамі і 50 рэгіёнамі Расіі.

Гранты як гарантыя устойлівага развіцця

Буйныя праекты, куды ўліваюцца вялікія інвестыцыі, — гэта выдатна, але вельмі добрая перспектыва ёсць і ў невялікіх ініцыятыў. На міжнародным форуме ўпершыню адбыўся рэгіянальны форум па ўстойлівым развіцці Магілёўскай вобласці. На выстаўцы дэманстраваліся стэнды цэлага шэрагу ініцыятыў, якія былі рэалізаваныя ў рамках праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі па садзейнічанні развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь. Праекты рэалізаваны, але працягваюць працаваць.

Каму сёння невядомыя слаўгарадскія сыравары? Цяпер Слаўгарадскі раён рэалізуе з прыцягненнем міжнароднай тэхнічнай дапамогі свой турыстычны патэнцыял.

— Тут мы шукаем партнёраў і расказваем пра свой вопыт, — кажа Святлана ЯЗЕРСКАЯ, старшыня Слаўгарадскага райсавета дэпутатаў. — Нам цікавы расійскія партнёры і магчымасць кантактаў з імі, шукаем таксама фінансавую падтрымку, бо тут ёсць прадстаўнікі донарскіх арганізацый.

Намеснік старшыні Клічаўскага райвыканкама Аляксей ПАЛАВІКОЎ лічыць, што праектная дзейнасць і прыцягненне грантаў на рэалізацыю канкрэтных ініцыятыў — вельмі добры спосаб знайсці ўстойлівасць і паступова выйсці з крызісу.

— Мы гэты курс узялі яшчэ ў 2015 годзе, — згадвае ён. — Удзельнічалі ў шэрагу праектаў ПРААН па садзейнічанні развіццю на мясцовым узроўні Рэспубліцы Беларусь і іншых. Распрацавалі эканамічны план развіцця ў рамках ініцыятывы «Меры за эканамічны рост» для Сусветнага банка. Цяпер вырашылі акумуляваць усе высілкі, задзейнічаць усе сферы жыццядзейнасці і распрацаваць адзіны важны дакумент — стратэгію ўстойлівага развіцця. У Магілёўскай вобласці няшмат раёнаў займаецца менавіта стратэгіяй. Яна пакуль ёсць толькі ў Чавускага раёна. Цяпер над ёй працуюць наш Клічаў і Быхаў. Трэба мабілізаваць усе ўнутраныя і знешнія рэсурсы, каб дасягнуць станоўчага выніку. Мы ўжо напрацавалі шэраг кірункаў, методык і сфарміравалі курс, па якім будзем рухацца.

Такая цікавасць імпануе міжнародным каардынатарам і прыцягвае замежных донараў да вобласці.

— Літаральна ў лютым праграма развіцця ААН пры падтрымцы Еўрасаюза ў партнёрстве з Мінэканомікі запусціла новы праект, накіраваны на эканамічнае развіццё, — адзначае Кірыл СЦЕЖКІН, каардынатар праекта Праграмы развіцця ААН у Рэспубліцы Беларусь. — Ён называецца «Падтрымка эканамічнага развіцця на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь». На тэрыторыі вобласці з'явіліся два пілотныя раёны — Быхаў і Хоцімск, якія атрымаюць веды, навыкі кампетэнцыі для развіцця прыватнай ініцыятывы, малога і сярэдняга бізнесу, палепшаць інфраструктуру падтрымкі прадпрымальніцтва. Таксама будуць наўпрост падтрыманы інавацыйныя бізнес-ідэі для сацыяльнага прадпрымальніцтва і тыя асобы, якія ствараюць рабочыя месцы і вырашаюць пытанні сацыяльнай адказнасці.

Намеснік старшыні камітэта эканомікі Магілёўскага аблвыканкама Павел МАРЫНЕНКА, у сваю чаргу, заўважыў, што карысць ад такой дзейнасці вельмі вялікая:

— Мы маем доўгатэрміновыя выніковыя кантакты з замежнымі партнёрамі па розных праектах развіцця раёнаў нашай вобласці, а таксама раней напрацаваныя сувязі з некамерцыйнымі арганізацыямі, якія спрыяюць устойліваму развіццю рэгіёнаў. І намераны працаваць і далей у гэтым кірунку.

Форум меў свой плён у плане прыцягнення новых інвестыцый і ўмацавання дзелавога партнёрства з прадстаўнікамі шматлікіх краін. Падчас яго было падпісана 14 дагавораў і пагадненняў на суму каля 200 мільёнаў долараў і створана больш за 650 рабочых месцаў. Для параўнання: на папярэднім форуме было падпісана дакументаў на 70 мільёнаў долараў і створана 412 рабочых месцаў.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота Андрэя САЗОНАВА

Загаловак у газеце: «Млын поспеху» — шлях для канструктыўных ідэй

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.