Вы тут

Аляксандр Лукашэнка адкрыў фестываль «Александрыя збірае сяброў»


За дзесяць гадоў свайго існавання рэспубліканскае свята стала яркім сімвалам братэрскага сяброўства народаў Беларусі, Расіі і Украіны. Гэта ўчора адзначыў Прэзідэнт перад пачаткам гала-канцэрту ў Александрыі.


Аляксандр Лукашэнка ўзгадаў, што першы форум быў маленькім і сціплым, як кавалак зямлі, на якім праводзіўся. Але ўжо тады прыгожы ў сваёй самабытнасці – і, як паказаў час, перспектыўны. Фестываль хутка перасягнуў статус рэгіянальнага, сёння зоркі эстрады прыязджаюць у Александрыю з вялікім задавальненнем. Тут адбыліся палымяныя музычныя спектаклі, кранальныя дэбюты.

Кіраўнік краіны выказаў ўпэўненасць: такая незвычайная зацікаўленасць узнікла таму, што на гэтай гасціннай зямлі асабліва праяўляецца феномен сілы прыцягнення малой радзімы і ўсходнеславянскай роднасці. Тры нацыі пераплеценыя гістарычнымі, роднаснымі, духоўнымі каранямі, як тры магутныя дубы на беразе паўнаводнага і шчодрага Дняпра.

«Вытокі гэтай вялікай ракі пачынаюцца ў Расіі, потым яна нясе свае воды па Беларусі і завяршае шлях ва Украіне. Нібы крывяноснай сістэмай звязвае нас наймацнейшымі вузамі добрасуседства, даверу і адкрытасці», - адзначыў Прэзідэнт.

Ён падкрэсліў, што дадзенае звыш адзінства народы сумелі захаваць. Стагоддзе за стагоддзем, год за годам яны звярталіся да сваіх вытокаў, сябравалі, стваралі сем'і.

«Таму сёння запрашаем усіх на народныя гулянні не толькі як блізкіх суседзяў, але як родных людзей», - сказаў кіраўнік Беларусі.

Прэзідэнт не скрывае: ён з задавальненнем прыязджае ў любы куток нашай краіны – гэта яго велізарная радзіма, каторую любіць усім сэрцам. Але асаблівыя эмоцыі адчувае, калі бывае на Купаллі ў Александрыі.

«І вось, у чарговы раз прыязджаючы сюды, на юбілейны фестываль, пад'язджаючы да гэтага берага, па якім я хадзіў сотні, можа, тысячы разоў у тыя далёкія, яшчэ дзіцячыя гады, я думаў: якое ў мяне галоўнае пачуццё ў дзень сустрэчы з вамі? Ніколі не здагадаецеся – пачуццё страшнага хвалявання. Калі становішся вядомым чалавекам, прыязджаць дамоў і сустракацца з людзьмі, якія ведаюць цябе лепш за кагосьці ў свеце, - страшна хвалююча», - прызнаўся кіраўнік дзяржавы.

«Вам за мяне ніколі не будзе сорамна. Заўсёды гатовы прыйсці вам на дапамогу – але толькі тым, каму гэтая дапамога патрэбная», - дадаў ён.

Малая радзіма ў кожнага свая – ці вёска, ці горад, ці мегаполіс. Але, на думку Аляксандра Лукашэнкі, двухмільённы Мінск цяжка асацыяваць з малой радзімай.

«Таму я ўсім кажу: хай мая малая радзіма будзе і вашай. Кожны, хто заклапочаны – дзе ж яго малая радзіма, лічыце, што тут. І калі вы будзеце штогод сюды прыязджаць, на гэтую нашу з вамі малую радзіму, яна будзе любіць вас так, як любіць мяне», - запрасіў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка упэўнены, што самабытнае свята «Александрыя збірае сяброў» дапамагае ўсвядоміць сябе адным з важных звенняў бесперапыннага ланцужка пакаленняў беларусаў. Перадаць дзецям тое, што нам пакінулі ў спадчыну бацькі. Захаваць нацыянальную самаідэнтычнасць, традыцыі, культуру, а значыць – і сваю родную зямлю. З гэтай высакароднай мэтай і працягваецца трылогія «Малой радзімы».

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што тэма малой радзімы знайшла адлюстраванне ў творчасці музыкаў, якія стварылі альбом «Куточак Беларусі», натхніла многіх зрабіць штосьці карыснае для свайго любімага краю.

«Вы бачыце, як прыгажэе родная зямля, становяцца зеляней, утульней гарады і пасёлкі. Усё гэта зроблена вашымі рукамі. Вы робіце гэта перш за ўсё для сабе, для сваіх дзяцей і ўнукаў. Мы разам ствараем краіну для жыцця», - звярнуўся да землякоў і гасцей свята Прэзідэнт.

Па яго меркаванні, нядзіўна, што многія турысты адзначаюць не толькі прыгажосць і чысціню Беларусі, але нават знаходзяць тут нешта свае - тое, што нагадвае ім дарагія сэрцу родныя мясціны.

«Няма такога гасціннага народу ў свеце, гэта наш брэнд, наша асаблівасць», - упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

Ён нагадаў старажытную легенду, згодна з якой таму, хто на Купалле знойдзе «папараць-кветку», адкрываюцца ўсе скарбы зямлі. Александрыя ж з чыстым сэрцам прапануе кожнаму госцю свае самыя каштоўныя скарбы – культурныя, духоўныя, рамесныя і кулінарныя. І дапаўняе іх славутай беларускай гасціннасцю.

 «Нашыя продкі верылі, што, адсвяткаваўшы гэту чароўную ноч ўсе разам, людзі пазбаўляюцца розных напасцяў і сустракаюць раніцу адноўленымі, у міры і згодзе. Упэўнены, нашы сустрэчы павінны працягвацца. І хай атмасфера сяброўства і радасці зносінаў, як кругі на вадзе ад купальскага вянка, перадаецца на тысячы кіламетраў ад Александрыі», - пажадаў Аляксандр Лукашэнка.

Варвара МАРОЗАВА, аг. Александрыя

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?