Вы тут

Старшыня Віцебскага аблвыканкама правёў прамую лінію


Каля трыццаці пяці чалавек падчас прамой лініі расказалі старшыні Віцебскага аблвыканкама Мікалаю Шарснёву аб тым, што хвалюе.


Нямала было званкоў з Аршанскага раёна. Напрыклад, састарэлы жыхар вёскі Руміна агучыў бяду: слабы ціск вады ў водаправодзе. Менавіта таму часта немагчыма карыстацца пральнай машынай, газавым катлом для падагрэву вады. 76-гадовы пенсіянер паскардзіўся і на тое, што несвоечасова плацяць за здадзенае малако. Мікалай Шарснёў даручыў вывучыць гэтае пытанне ў цэлым па раёне.

А ў вёсачцы Маркавічы на Аршаншчыне іншая праблема — старыя дрэвы. Яны ўжо падалі, і верагоднасць новых падзенняў вялікая. Гэта можа стаць прычынай бед, паведаміла чарговая заяўніца. Кіраўніку раённай улады было даручана аператыўна пачаць неабходныя работы па добраўпарадкаванні, і не толькі ў гэтым населеным пункце, але і ў іншых, дзе насельніцтва няшмат, а дрэвы — насамрэч пагроза для маёмасці людзей.

Сярод самых нестандартных зваротаў з Аршаншчыны быў званок з райцэнтра наконт пагрозы з-за... пякарні. У цэнтры горада, паводле слоў жыхаркі дома, на першым паверсе хочуць адкрыць гандлёвы аб'ект. Быццам бы і што тут дрэннага? Але, як вельмі эмацыянальна сцвярджала жанчына, старое жыллё проста не вытрымае адпаведнай рэканструкцыі, тым больш што частку канструкцый ужо знеслі. У райвыканкаме запэўнілі, што работы працягнуць толькі пасля заключэнняў экспертаў.

З Віцебска таксама было шмат званкоў. У прыватнасці, жыхарка праспекта Чарняхоўскага папрасіла звярнуць увагу на неабходнасць своечасовага рамонту асфальтавага пакрыцця, а таксама на стан ліўневай каналізацыі. На яе погляд, няроўнасці спрыяюць таму, што падчас дажджоў залівае фасады першых паверхаў.

Іншымі заяўнікамі былі агучаны праблемы прыбірання ў жылым сектары, а таксама звязаныя з рухам аўтобусаў, неабходнасцю рамонту дамоў у абласным цэнтры.

Жыхар Віцебскага раёна спадзяецца на падтрымку з добраўпарадкаваннем дарогі ў аграгарадку Вароны. Мама дзяўчынкі з абмежаванымі магчымасцямі з Пастаўскага раёна просіць дапамогі ў станоўчым вырашэнні кватэрнага пытання. Калі прапануюць, не адмовіцца пераехаць і ў іншы раён. Адразу двое жыхароў вёскі Машканы Сенненскага раёна прасілі, каб пакінулі банкамат у населеным пункце...

Падводзячы вынікі прамой лініі, губернатар канстатаваў, што больш пытанняў з гарадоў, пасёлкаў з параўнальна вялікай колькасцю насельніцтва. Агучаныя праблемы ў асноўным знаходзяцца ў кампетэнцыі мясцовай улады. Таму губернатар звярнуў увагу на неабходнасць сістэмнай работы са зваротамі.

Дарэчы, мінулым разам губернатар на прамой лініі, якая прайшла ў пачатку сакавіка, даў адказным асобам 22 даручэнні. Выкананы з іх дваццаць. З папярэдніх прамых ліній выкананне 14 даручэнняў застаецца на кантролі. І цяперашняя не стане выключэннем: усе звароты будуць знаходзіцца ў цэнтры ўвагі тых, хто кампетэнтны дапамагчы. Канешне, адказнасць у вырашэнні гэтых праблем двайная, бо яны знаходзяцца пад асабістым кантролем губернатара.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Загаловак у газеце: Старыя дрэвы, вада і добраўпарадкаванне

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.