Вы тут

У Мінску будзе асвечана царква ў імя Яўгена Боткіна


У суботу, 13 ліпеня, новы праваслаўны храм іконы Божай Маці «Усецарыца» будзе асвечаны ў гонар святога праведнага страстацерпца ўрача Яўгена Боткіна. Царква пабудавана ў Мінску на вуліцы Чыгуначнай побач са станцыяй метро «Міхалова». У асвячэнні храма возьме ўдзел вядомы расійскі пульманолаг, акадэмік Расійскай акадэміі навук, доктар медыцынскіх навук, прафесар Аляксандр Чучалін, які шмат зрабіў для кананізацыі доктара Боткіна.


Яўген Боткін вядомы як урач імператарскай сям'і Раманавых, які быў растраляны разам з яе членамі ў ноч з 16 на 17 ліпеня 1918 года ў Екацярынбургу. Ён з'яўляецца сынам іншага вядомага ўрача — Сяргея Боткіна. Яўген атрымаў адукацыю на ваенна-медыцынскім факультэце, удзельнічаў у Руска-японскай вайне, а з 1908 года па запрашэнні імператрыцы Аляксандры Фёдараўны знаходзіўся пры імператарскай сям'і ў якасці ўрача. Не пакінуў ён яе ні пры арышце Мікалая ІІ, калі ўсім прыдворным прапанавалі сысці, ні падчас накіравання імператарскай сям'і ў Табольск, ні падчас пераезду ў Екацярынбург.

— Захаваліся лісты Яўгена Боткіна, якія сведчаць, што ён усведамляў, чым усё скончыцца, але сам на гэта пайшоў, вырашыўшы, што выканае абавязак урача да канца, — расказвае гісторык, дацэнт, кандыдат гістарычных навук Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта Аляксандр РАЙЧОНАК. — Яго лісты да дзяцей, а іх засталося чацвёра, да брата сведчаць, што ў праваслаўі Яўген Боткін заставаўся да апошняга дня. Гэта паслужыла аргументам і доказам пры кананізацыі.

— У нашай краіне ўпершыню адкрываецца храм у гонар Яўгена Боткіна, які здзейсніў сапраўдны подзвіг. Яго адпускалі і «белыя», і «чырвоныя», ён мог з'ехаць, але застаўся верны царскай сям'і і прыняў пакутніцкі вянец. Гэты подзвіг вельмі важны ў наш час, гэта тое, што нас можа аб'яднаць, — працягвае старшыня Сінадальнага аддзела па царкоўнай дабрачыннасці і сацыяльным служэнні Беларускай Праваслаўнай Царквы, настаяцель храма ў гонар іконы Божай Маці «Усецарыца» ў Мінску протаіерэй Кірыл ШОЛКАЎ.

Паміж Міністэрствам аховы здароўя і Беларускай Праваслаўнай Царквой падпісана праграма супрацоўніцтва, асноўная мэта якой — узаемадзеянне ў галіне аховы здароўя. Асноўныя яе мерапрыемствы: медыка-сацыяльная дапамога насельніцтву, духоўная падтрымка дзяцей і падлеткаў, сем'яў, супрацоўніцтва па фарміраванні здаровага ладу жыцця, у прыватнасці распрацоўка мерапрыемстваў па прафілактыцы ўжывання алкаголю і наркотыкаў, паведаміла прэс-сакратар Міністэрства аховы здароўя Юлія БАРАДУН. Супрацоўніцтва прадугледжвае і шэраг навучальных праграм — ад курсаў для сясцёр міласэрнасці да падрыхтоўкі святароў і прыхаджан, якія дапамагаюць ва ўстановах аховы здароўя.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Храм у гонар урача

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.