Вы тут

Чым Віцебск прывабны для інвестараў?


Радзіма Шагала, месца правядзення самага маштабнага ў СНД міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар», паўночная культурная сталіца Беларусі, горад мастакоў... — усё гэта пра Віцебск. У горадзе на берагах Заходняй Дзвіны жыве каля 380 тысяч чалавек. Віцебск, дарэчы, пасля Полацка — другі найстарэйшы ў Беларусі. Заснаваны ў 974 годзе. Напярэдадні святкавання 1045-годдзя наш карэспандэнт пагутарыў са старшынёй Віцебскага гарвыканкама Віктарам Нікалайкіным.

У цэнтры ўвагі падчас размовы была эканоміка. Яна, як вядома, — аснова стабільнасці і магчымасці развіцця гарадской камунальнай інфраструктуры, упрыгожвання паркаў і сквераў, гарантыя ў рэалізацыі запланаваных цікавых ідэй.


— Віктар Паўлавіч, па выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёнаў Віцебскай вобласці за 2018 год горад Віцебск занесены на абласную Дошку гонару. Высока ацэненая праца і шэрагу працоўных калектываў горада на рэспубліканскім узроўні. Пералічыце іх, калі ласка.

— На абласным узроўні адзначаны ўклад у эканоміку такіх прадпрыемстваў, як: ААТ «Віцебскі завод трактарных запасных частак», РУП «Віцебскаблгаз», замежнае вытворчае ўнітарнае прадпрыемства «Вік-здароўе жывёл», таварыства з абмежаванай адказнасцю «Плісабуд», філіял РУП электрасувязі «Белтэлекам».

Сярод пераможцаў і Віцебскі дзяржаўны ордэна Дружбы народаў медыцынскі ўніверсітэт.

Ёсць у Віцебску і занесеныя на Рэспубліканскую Дошку гонару: вытворчае ўнітарнае прадпрыемства «Віцебская лесапілка», ААТ «Аб'яднанне «Лотас», таварыства з дадатковай адказнасцю «Турыстычная фірма «Ілва» .

Ад імя кіраўніцтва гарвыканкама шчыра дзякую за самаадданую працу.

— Ці шмат летась і сёлета стала ў Віцебску новых вытворчасцяў?

— Завяршылася рэканструкцыя Віцебскага футравага камбіната. Кіраўнік дзяржавы, які наведаў яго, даў высокую ацэнку ўбачанаму. Кіраўнік холдынга «Марка», у складзе якога гэта прадпрыемства, сенатар Мікалай Мартынаў узнагароджаны ордэнам Пашаны.

У першым квартале пачалі ажыццяўляць дзейнасць шэсць новых арганізацый у сферы вытворчасці (ТАА «УнітрэйдзінгПлюс», ТАА «Разам пілуем» — распілоўка, струганне і прамочванне драўніны; ЧУП «Фабрыка лесвіц» — вытворчасць драўляных будаўнічых канструкцый і сталярных вырабаў, акрамя зборных будынкаў; ТАА «АльпаЧына» — будаўнічыя работы, якія патрабуюць спецыяльных прафесій; ТАА «БелТэхнаПакет» — вытворчасць пластмасавых вырабаў; ТАА «Дэкор Завод» — вытворчасць драўляных вырабаў).

У прыватнасці, у якасці рэзідэнта СЭЗ «Віцебск» зарэгістравана фірма «Акітама» з інвестыцыйным праектам па будаўніцтве завода па перапрацоўцы нізкатаварнай драўніны, выпуску драўняна-паліўных гранул і дробных драўняных кампанентаў. Аб'ём заяўленых інвестыцый 15,9 мільёна долараў. Будзе створана там каля сарака рабочых месцаў.

У працэсе рэалізацыі стварэнне вертыкальна інтэграванага дрэваапрацоўчага комплексу ТАА «ВМГ ВудАрт». Фірма таксама зарэгістравана ў свабоднай эканамічнай зоне ў канцы мінулага года. Агульны аб'ём заяўленых інвестыцый толькі па першым этапе складзе больш за 62 мільёны долараў. Плануецца стварэнне не менш як 200 новых рабочых месцаў.

Плануецца рэалізацыя яшчэ аднаго найбуйнейшага інвестыцыйнага праекта «Холдынга ВМГ» па вытворчасці беленай хіміка-тэрмамеханічнай масы. Памер інвестыцый — больш за 300 млн долараў ЗША. Работу атрымаюць не менш як 85 гараджан.

Дарэчы, карыстаючыся выпадкам, хачу падзякаваць кіраўніцтву адміністрацыі СЭЗ «Віцебск» за плённую дзейнасць па прыцягненні інвестараў. Сёлета — 20-гадовы юбілей дзейнасці свабоднай эканамічнай зоны. У пачатку жніўня 1999 года кіраўнік дзяржавы падпісаў адпаведны ўказ.

— А як справы на ўжо вядомых прадпрыемствах? Напрыклад, на адным з вытворчых «брэндаў» горада, знакамітым на ўсёй постсавецкай прасторы прадпрыемстве «Віцязь», дзе вырабляюць тэлевізары і не толькі?

— На ААТ «Віцязь» працягваецца рэалізацыя праекта па выпуску сродкаў зараднай інфраструктуры для электрамабіляў. Навінкай стануць і аўтаматызаваныя склады вертыкальнага захоўвання ліфтавага тыпу...

На ААТ «Віцебскія дываны» асвойваецца тэхналогія вытворчасці поліпрапіленавых нітак. Ужо пастаўлена неабходнае абсталяванне, вядзецца яго мантаж. Увод у эксплуатацыю — да канца 2019 года. А выхад на праектную магутнасць запланаваны на ліпень наступнага года.

На вельмі вядомым прадпрыемстве «Энэргакамплект», якое стварылі ўжо ў постсавецкі час, завершана рэалізацыя праекта па арганізацыі вытворчасці новых відаў кабеляў.

Выхад на праектную магутнасць — снежань 2021 года. У выніку яго рэалізацыі сярэдні гадавы ўзровень дабаўленай вартасці на аднаго занятага складзе 60,2 тысячы еўра. І будзе забяспечана перавышэнне экспарту над імпартам.

— Дарэчы, куды ажыццяўляецца экспарт з радзімы Шагала?

— Сёння на экспарт пастаўляецца больш за палову вырабленай прамысловасцю горада прадукцыі. Яна пастаўляецца на рынкі 60 дзяржаў свету. Асноўнымі гандлёвымі партнёрамі горада з'яўляюцца Расійская Федэрацыя, Украіна, Польшча, Кітай, Латвія, Германія, Літва і Казахстан.

Аснову экспарту складаюць: кабельна-правадніковая прадукцыя, абутак, мяса, малочныя і мясныя прадукты, паўфабрыкаты, гандлёвае абсталяванне, алей, дываны і дывановае пакрыццё, цэгла, швейныя вырабы, пластмасавыя і ўпаковачныя вырабы, вапняк, даламіт і іншыя вапнавыя камяні.

У першым квартале арганізацыямі горада адпраўлена на экспарт тавараў і паслуг на 180,4 мільёна долараў.

Забяспечана станоўчае сальда ў знешнім гандлі таварамі і паслугамі.

— Прэзідэнт не раз патрабаваў знаходзіць новыя рынкі збыту прадукцыі. Каб не залежаць ад патрэб расійскага рынку, які, мякка кажучы, перыядычна зусім непрадказальны. Ці ёсць поспех у гэтым кірунку?

— Упершыню ажыццёўлены экспарт пластыкавай тары ў Аўстрыю, Азербайджан, Ісландыю і Польшчу, мясных субпрадуктаў — у Сірыю і В'етнам, сухога малака — у Ліван, аптычнага валакна — у Азербайджан і Узбекістан, дзвярэй — у Чарнагорыю і Узбекістан, аптычных прыбораў — на Мальту, дызайнерскага адзення з лёну — на Кіпр.

Наконт іншай прадукцыі, можна адзначыць, што экспарт аўтагідрапад'ёмнікаў цяпер ажыццяўляецца і ў Кыргызстан, касцюмаў — у Польшчу, сухіх сняданкаў і кандытарскіх вырабаў — у Азербайджан і Польшчу, сродкаў пажаратушэння — у Карэю, пептонаў — у Непал, алею рапсавага і правадніковай прадукцыі — у Нарвегію.

Цікава, што экспарт хлебабулачных вырабаў наладжаны цяпер і ў Грузію.

Суб'ектамі гаспадарання прымаюцца меры, накіраваныя на павышэнне канкурэнтаздольнасці прадукцыі, аказваемых работ і паслуг, мадэрнізацыю і тэхнічнае перааснашчэнне дзеючых вытворчасцяў.

— Калі згадаць лічбы фінансавай дзейнасці, сёлета яны аптымістычныя?

— Забяспечаны прырост да аналагічнага леташняга перыяду па вытворчасці прамысловай прадукцыі ў фактычных адпускных цэнах на 6,4 %. Плюс па рознічным тавараабароце гандлю — на 6,3 % і грамадскага харчавання — 11 %, будаўніча-мантажных работ — 14,4 %, інвестыцый у асноўны капітал — 8,8 %.

У эканоміку горада сёлета прыцягнута 15,2 мільёна долараў ЗША прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове.

У бягучым годзе горад працуе са станоўчай рэнтабельнасцю продажаў, растуць выручка ад рэалізацыі прадукцыі, тавараў, работ, паслуг (тэмп росту — 105,4 %), чысты прыбытак (тэмп росту — 115,8 %). Скарачаецца колькасць стратных арганізацый.

Узровень беспрацоўя на пачатак мая — 0,4 % і знізіўся ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года на 0,2 працэнтнага пункта (на 01.05.2018 было 0,6 %). Колькасць вакансій перавысіла колькасць беспрацоўных, якія стаяць на ўліку, у 3,7 раза.

Захоўваецца станоўчая дынаміка па ўзроўні сярэднямесячнай заработнай платы...

— У канцы мінулага года з удзелам кіраўніка ніжняй палаты беларускага парламента Уладзіміра Андрэйчанкі ў спальным мікрараёне «Білева» адкрыўся новы дзіцячы сад-яслі № 113 «Васілёк». Віктар Паўлавіч, калі ласка, нагадайце якія яшчэ аб'екты былі здадзены пад ключ летась.

— Быў завершаны капітальны рамонт абласнога Палаца дзяцей і моладзі.

Пасля рэканструкцыі гістарычнага будынка па вуліцы Марка Шагала, 5а запрацаваў новы музей гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча.

А ў яшчэ адным будынку, пабудаваным да рэвалюцыі, па вуліцы Сярэдненабярэжнай — загс адміністрацыі Чыгуначнага раёна.

Таксама летась было здадзена ў эксплуатацыю некалькі аб'ектаў для заняткаў фізкультурай і спортам. Напрыклад, запасное поле з натуральным пакрыццём футбольнага клуба «Віцебск», тры спартыўныя пляцоўкі са штучным пакрыццём, у тым ліку на тэрыторыі дзіцячага дома. Адкрыты пасля рэканструкцыі абноўлены фізкультурна-аздараўленчы цэнтр РУП «Віцебскэнерга». На базе ААТ «Чырвоны Кастрычнік» пачаў функцыянаваць сучасны спартыўны комплекс. На ААТ «Віцебскі завод радыёдэталяў» «Маналіт» — цэнтр гандбола.

— А што сёлета ўжо пачалі эксплуатаваць з аб'ектаў сацыяльнага прызначэння? Якія планы на бягучы год?

— У сакавіку першых наведвальнікаў прыняла шматпрофільная паліклініка ў мікрараёне Поўдзень-7А. Яна функцыянуе як паліклінічны цэнтр і ўключае ў сябе медцэнтр не толькі для дарослых, але і для дзяцей. Там ёсць стаматалагічнае аддзяленне і жаночая кансультацыя. Паліклініка таксама з'яўляецца клінічнай базай для кафедры агульнай практыкі Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта.

У красавіку на праспекце Перамогі адбылося адкрыццё Цэнтра па скачках на батуце. Гэта стварыла новыя магчымасці для заняткаў спортам як спартсменам-алімпійцам, так і ўсім віцебскім батутыстам. А гораду такі палац батута дазволіць праводзіць прэстыжныя спаборніцтвы міжнароднага ўзроўню...

Наконт найбліжэйшых перспектыў, плануецца пачатак будаўніцтва дзіцячага садка з пачатковай школай у мікрараёне Білева-3 на 850 месцаў. Пры гэтым працягваецца ўзвядзенне школы на больш як 1000 вучняў у мікрараёне Білева-2.

Важнае значэнне для развіцця транспартнай інфраструктуры горада мае рэканструкцыя пуцеправода «Полацкі». Ён знаходзіцца недалёка ад аўтавакзала, дома-музея Марка Шагала.

Вялікая ўвага аддаецца ў горадзе добраўпарадкаванню і азеляненню тэрыторый, стварэнню паркавых зон.

Наконт экалагічнай бяспекі, клопату пра здароўе гараджан — за кошт замежных крыніц ажыццяўляецца рэканструкцыя ачышчальных збудаванняў Віцебска...

Старажытны горад дынамічна развіваецца, не страчваючы сваёй унікальнай прыгажосці. Нездарма гавораць, што ў Віцебску таямнічая, непаўторная, натхняльная аўра. Тыя, хто тут пабывае ўпершыню, упэўнены, абавязкова захочуць прыехаць яшчэ не раз.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Фота дадзена газетай «Віцьбічы», заснавальнікам якой з'яўляецца Віцебскі гарвыканкам

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.