Вы тут

«Прыдзвінне» — гісторыя з годным працягам*


У старажытным Віцебску на беразе Заходняй Дзвіны ёсць прадпрыемства «Прыдзвінне», якому летась споўнілася 120 гадоў. Цікавая і насычаная падзеямі яго гісторыя. Напрыклад, падчас грамадзянскай вайны на прадпрыемстве знаходзіўся ваенны шпіталь. А падчас фінскай вайны менавіта тут разлівалі так званыя франтавыя «сто грамаў». Дарэчы, у планах прадпрыемства — арганізацыя вытворчага турызму. Гэта — трэнд, які набірае папулярнасць на постсавецкай прасторы. Энтузіясты на прадпрыемстве збіраюць усё, што датычыцца мінулага «Прыдзвіння»: працуюць у архівах, шукаюць фота, запісваюць успаміны старажылаў горада.


Мінулае побач

Па дарозе на вуліцу Рэвалюцыйную, дзе знаходзіцца «Прыдзвінне», можна дакрануцца да гісторыі старажытнага Віцебска. Дарэчы, абласны цэнтр па ўзросце саступае толькі «калысцы гарадоў беларускіх» — Полацку!

Нават людзі, якія дзясяткі гадоў жывуць у Віцебску, могуць адразу заблудзіць у пошуку. Але, паверце, гэта варта таго. У якасці доказу можна назваць такі факт: недалёка ад ААТ «Віцебскі лікёра-гарэлачны завод «Прыдзвінне» знаходзіцца вуліца Пакроўская, дзе жыў знакаміты на ўвесь свет мастак Марк Шагал. Будынак цудам захаваўся.

Старыя дамы, сцены якіх бачыў мастак, кварталы, па якіх ён хадзіў, рака Заходняя Дзвіна, якая натхняла яго сваімі хвалямі, — усё гэта як дыханне гісторыі.

Завод, дарэчы, пабудавалі, калі Шагал быў 11-гадовым хлапчуком: у 1898-м узвялі губернскі казённы вінны склад, які з часам стаў спіртзаводам, а цяпер ператварыўся ў адкрытае акцыянернае таварыства «Віцебскі лікёра-гарэлачны завод «Прыдзвінне». У тыя гады ў горадзе жыло каля 67 тысяч чалавек.

Унікальныя архіўныя звесткі

На прадпрыемстве можна ўбачыць некалькі будынкаў дарэвалюцыйнага часу.

Вельмі цікава, што праект будынка казённага віннага склада зрабіў вядомы віцебскі архітэктар Ціхан Кібардзін. Ён жа — аўтар помніка героям Айчыннай вайны 1812 года, які і ў наш час можна ўбачыць у цэнтры Віцебска.

У архівах знайшлі звесткі пра пачатак работ цяперашняга «Прыдзвіння». Напрыклад, ёсць праект каштарыса на будаўніцтва казённага віннага склада з абаротам 150 тысяч вёдзер. Яго склаў у пачатку 1895 года ўжо згаданы Ціхан Кібардзін, які быў тады гарадскім архітэктарам. Там указана сума — 57 429 рублёў.

Дарэчы, сярод іншага на тэрыторыі завода быў пабудаваны драўляны жылы дом у два паверхі. Кошт яго будаўніцтва склаў больш за 12,3 тысячы рублёў.

Тым жа годам датавана аб'ява Віцебскага акцызнага ўпраўлення да ведама зацікаўленых наконт планаванага будаўніцтва складаў віна і спірту ў іншых гарадах Віцебскай губерні. Былі ўказаны Віцебск, Гарадок, Сураж, Лепель, Полацк, Дрыса, Дзвінск, Рэжыц, Себеж, Веліж. Будаўніцтва планавалі завяршыць у 1896—1897 гадах.

У Віцебску гадавы абарот склада павінен быў вырабляць, калі лічыць у вёдрах, больш за 156 тысяч. Гарэлку мацункам 40 градусаў планавалі прадаваць у 32 вінных лаўках.

Вельмі цікава чытаць пра нюансы тэхнічнага забеспячэння завода. Так, таварыству тэрмахімічнай драўніннай прамысловасці даручалася паставіць для Віцебскага казённага віннага склада № 1 ліпавы і бярозавы фільтрацыйны вугаль для ачысткі спірту.

Машынабудаўнічы завод Лангензіпена і КА ўзяў на сябе ўстаноўку і зборку фільтрацыйных батарэй, помпаў, усіх рэзервуараў і прыбораў і поўны мантаж складаў. У спісе цыстэрны, вёдры, помпы, машынкі для разліву ў бутэлькі, напорныя чаны, паравыя катлы, манометры, гаечныя ключы і многае іншае.

Россып медалёў

Гісторыя прадпрыемства вельмі багатая на падзеі. Калі апісваць усе вехі, напэўна, не хопіць газетнай старонкі. Вельмі значная падзея адбылася ў ліпені 2015 года. Тады Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь падпісаў Указ № 326 «Аб стварэнні і дзейнасці холдынга па вытворчасці алкагольнай прадукцыі». У склад холдынга ўвайшлі восем арганізацый канцэрна «Белдзяржхарчпрам», у тым ліку ААТ «Віцебскі лікёра-гарэлачны завод «Прыдзвінне». Прадпрыемства захавала сваю гаспадарчую форму, адначасова стаўшы паўнапраўным членам найбуйнейшага алкагольнага холдынга Беларусі.

Каб задаволіць чаканні нават самых патрабавальных пакупнікоў, прадпрыемства імкнецца ісці ў нагу з часам, ствараючы як навамодныя прадукты, так і традыцыйныя нацыянальныя напоі, а таксама аналагі імпартных.

Удалы вопыт стварэння навінак пацвярджаецца і лічбамі продажу, і ўзнагародамі на міжнародных дэгустацыйных конкурсах. Дарэчы, за гісторыю існавання завода колькасць заваяваных медалёў і ўзнагарод дасягнула 400. Цікава, што за больш чым стагадовы час існавання завода было распрацавана звыш 300 рэцэптур напояў. Многія з іх па гэты дзень выкарыстоўваюцца ў вытворчасці і беражліва перадаюцца ад пакалення да пакалення.

І свая свідравіна

У асартыментным партфелі прадпрыемства на сёння больш за пяцьдзясят найменняў моцных напояў, дзевяць — салодкіх газаваных безалкагольных напояў гандлёвай маркі «Прыдзвінне». Яшчэ ёсць дзве мінеральныя вады гандлёвай маркі «Прыдзвінская». Вырабляюць і пітную ваду «Прыдзвінне».

У адрозненне ад безалкагольнай прадукцыі многіх вытворцаў моцных напояў, прадукты гандлёвай маркі «Прыдзвінне» вырабляюцца не з мэтай рэкламы спіртазмяшчальных брэндаў, а існуюць на рынку як самастойныя прадукты. І з кожным годам продаж іх расце — так, напрыклад, сёлетні год радуе сваімі продажамі. Зразумела, што небывалая спякота стварае спрыяльныя ўмовы для іх рэалізацыі, але ўсё ж прыемна ўсведамляць і тое, што ўсё большая колькасць спажыўцоў давярае віцебскай гандлёвай марцы.

Яшчэ з часоў заснавання завода спецыялістаў турбавала пытанне аб магчымасці атрымаць уласную артэзіянскую свідравіну. Аднак ажыццявілася мара толькі ў 1980-х гадах. З ініцыятывы работнікаў завода ў 1975 годзе былі пачаты работы па пошуку мінеральнай вады і аптымальнай глыбіні свідравіны. У 1988 годзе яны прыйшлі да лагічнага завяршэння. Тады была вызначана глыбіня свідравіны, з якой мела здабывацца мінеральная вада, — 396 метраў. Свідравіне быў прысвоены рэгістрацыйны нумар 40 676. З таго часу быў наладжаны выраб мінеральнай вады «Віцебская». Яна выпускалася ў шкляных бутэльках аб'ёмам 0,5 літра з укупоркай кронен-пробкай, што забяспечвала захаванасць карысных элементаў.

Наўздагон пажаданням пакупнікоў

У канцы 1990-х гадоў змяніліся пакупніцкія густы. На рынку стала з'яўляцца мінеральная вада ў пластыкавых бутэльках, якія здаліся пакупнікам больш зручнымі ў выкарыстанні.

У 2009 годзе завод набыў лінію для разліву безалкагольных напояў у ПЭТ- бутэлькі. З 2010 года быў асвоены выпуск мінеральных вод «Прыдзвінская-1» і «Прыдзвінская-2» у бутэльках ёмістасцю 0,5, 1, 1,5 і 2 літры.

Дзякуючы высокай якасці мінеральных вод «Прыдзвінская-1» (развядзенне 1 да 5) і «Прыдзвінская-2» (развядзенне 1 да 8) інстытутам РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі было выдадзена заключэнне на бальнеалагічны сродак — мінеральную ваду свідравіны № 40676.

У 2014 годзе бальнеалагічнае заключэнне было атрымана заводам зноў ужо ў Рэспубліканскім цэнтры гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Міністэрства аховы здароўя.

Сёлета кіраўнік дзяржавы паставіў задачу вытворцам пітных і мінеральных вод: асвоіць выпуск гэтых напояў у экалагічнай тары — шклобутэльках. А ў Віцебску яшчэ з 2011 года мінеральныя воды «Прыдзвінская-1» і «Прыдзвінская-2» разліваюцца прадпрыемствам «Прыдзвінне» ў шклобутэлькі ёмістасцю 0,33 і 0,75 літра.

Між іншым, прадпрыемстваў, якія працуюць у Беларусі са шклобутэлькамі, усяго тры.

Акрамя вытворчасці мінеральнай вады, выпускаецца яшчэ і пітная вада «Прыдзвінне» ў бутэльках ёмістасцю 0,5, 1,0 і 6,0 літра. Гэтая вада вырабляецца як негазаваная, так і сярэднегазаваная. Яе здабываюць са свідравіны глыбінёй 319 метраў і з мінімальнай апрацоўкай бутылізуюць.

З 2013 года для вытворчасці ўсіх моцных і безалкагольных напояў, якія вырабляюцца пад брэндам «Прыдзвінне», выкарыстоўваецца артэзіянская вада.

Экспарт у дзясяткі краін

У хуткім часе ў сувязі з уступленнем у дзеянне тэхнічнага рэгламенту Еўразійскага эканамічнага саюза «Аб бяспецы ўпакаванай пітной вады, уключаючы прыродную пітную ваду» на рынку Рэспублікі Беларусь адбудуцца змены маркіроўкі мінеральных вод. Воды, якія атрымліваюцца шляхам змешвання мінеральнай і артэзіянскай, будуць называць купажыраванымі. І новыя патрабаванні непасрэдна закрануць і воды, якія вырабляюцца ААТ «Віцебскі лікёра-гарэлачны завод «Прыдзвінне»: «Прыдзвінская-1» і «Прыдзвінская-2». Каб не расчараваць пакупнікоў, тэхнолагі прадпрыемства правялі вялікую работу па актуалізацыі рэцэптур мінеральных вод. Рэбрэндынг этыкетак будзе праводзіцца паступова і захавае пазнавальнасць прадуктаў.

Дзякуючы прафесіяналізму спецыялістаў прадпрыемства ўсе прадукты, якія вырабляюцца, з поспехам прадаюцца не толькі ў нашай краіне, але і за яе межамі. Толькі сёлета экспартныя адгрузкі з завода былі ў 14 краін. А за апошнія дзесяць гадоў прадукцыя экспартавалася прыблізна ў 25 замежных дзяржаў. Асаблівы гонар для калектыву — адгрузкі ў краіны з адрознай ад еўрапейскай культурай спажывання высакаградусных напояў: В'етнам, Турцыю, Танзанію, Каба-Вердэ, Сірыю, Дамінікану.

Пастаўкі на Еўра-азіяцкім кантыненце прадстаўлены адгрузкамі ў Кітай, Балгарыю, Расію, Польшчу, Германію, Украіну, Казахстан, Грузію, Туркменістан, Арменію, Кыргызстан, Азербайджан, Малдову, Літву, Латвію, Эстонію, Швейцарыю, Францыю, Нідэрланды. Цяпер напоі «Прыдзвіння» ведаюць і ў ЗША, Аўстраліі і Карэі.

Прынята лічыць, што прадукты, якія пастаўляюцца на экспарт, рыхтуюцца па асаблівых рэцэптурах і тэхналогіях. На прадпрыемстве абверглі гэты міф! Бо ўсе прадукты, якія адгружаюцца за мяжу, гэта тыя самыя напоі, што рэалізуюцца і на ўнутраным рынку.

Для таго каб пакупнікі маглі вызначыцца з выбарам, атрымаўшы прафесійную кансультацыю ў прадаўцоў, самы шырокі асартымент напояў прадстаўлены ў фірменных крамах прадпрыемства. Іх у «Прыдзвіння» сёння ўжо 12. Чарговая крама адкрылася зусім нядаўна ў Глыбокім.

Унікальны калектыў

Багацце прадпрыемства — гэта ў першую чаргу калектыў згуртаваных аднадумцаў. Цяпер на прадпрыемстве працуе больш за паўтысячы чалавек. І амаль палова з іх мае каля 35 гадоў. Усе спецыялісты перыядычна павышаюць сваю кваліфікацыю, займаюцца самаадукацыяй, перадаюць вопыт ад старэйшага пакалення малодшаму.

Самыя творчыя члены калектыву прадпрыемства бяруць актыўны ўдзел у музычным фестывалі «Планета талентаў», што аб'ядноўвае творчыя калектывы і арганізацыі, якія ўваходзяць у склад Беларускага дзяржаўнага канцэрна харчовай прамысловасці «Белдзяржхарчпрам». Сёлета гэты фэст праводзіўся ў шосты раз, там калектыў «Прыдзвіння» атрымаў чарговую перамогу. А яшчэ таленты прадпрыемства ўпершыню выступяць у канцэрце, прысвечаным Дню горада.

На заводзе ёсць і свая спартыўная каманда, якая прадстаўляе прадпрыемства на разнастайных спаборніцтвах гарадскога, абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў.

Сёлета завадскія спартсмены прынеслі ў скарбонку перамог прадпрыемства прызавое агульнакаманднае месца на другой спартакіядзе арганізацый холдынга «Мінск Крышталь Груп», тры агульнакамандныя медалі па розных відах спорту і столькі ж медалёў у індывідуальных спаборніцтвах...

Адкрытае акцыянернае таварыства «Віцебскі лікёра-гарэлачны завод «Прыдзвінне» займае актыўную сацыяльную пазіцыю ў грамадстве. Калектыў дапамагае тым, хто трапіў у цяжкую жыццёвую сітуацыю, найменш абароненым слаям насельніцтва. Амаль 10 гадоў ён з'яўляецца партнёрам Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску». Прадукцыя завода ў сувенірнай упакоўцы — найлепшая пакупка на памяць пра горад над Заходняй Дзвіной.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Фота прадпрыемства

УНП 300200531

*На правах рэкламы

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.