Вы тут

Чалавек здабывае песню на сваім мячы


Чалавек патанае ў цемры, пустэчы і роспачы, а пасля ўсе кажуць: «Для паэта гэта натуральна. Усе творчыя людзі такія». Або яшчэ горш: «Гэта расплата за вялікі дар». Што такое талент? Падарунак або праклён?


Талент існуе? А можа, проста існуюць розныя людзі, і кожны вучыцца неяк спраўляцца са звышнатуральнай вастрынёй свайго зроку, адчуванняў, з ударамі і ўсмешкамі сусвету. Хтосьці выбірае не супраціўляцца, але гэта, упэўнена, не сведчыць пра яго слабасць.

Таццяна Зіненка, аўтарка і галоўная гераіня кнігі «Гарчэйшае пітво» (Мінск, «Медысонт», 2019) была надзвычай моцным чалавекам. Гэта другое пасмяротнае выданне паэткі, пасля кнігі «Плакала дзяўчынка» 2013 году. Прыжыццёвага не было. Больш за тое, яе, даволі вядомую і таленавітую аўтарку, абмінулі ўвагай ледзь не ўсе магчымыя зборнікі і анталогіі. «Памерла ў адзіноце» — значыцца на фарзацы «Гарчэйшага пітва». Беручы такое выданне ў рукі, маеш пэўныя чаканні, але не столькі ад вершаў, колькі ад раздзела «Артыкулы і ўспаміны пра Таццяну Зіненку». Абазначэнні «душэўнай крохкасці» паэткі, апісанне яе свядомасці як тонкага, складана арганізаванага механізму выклікаюць вялікае здзіўленне, бо, перш чым дайсці да гэтых апісанняў, сутыкаешся з вершамі.

З вершамі, у якіх не можа весціся ніякай гаворкі пра адасабленне лірычнага героя ад асобы аўтара ці мастацкі вымысел, якія балюча працінаюць шчырасцю, цяжкай і моцнай энергіяй. І чалавек, які гэтыя вершы напісаў, які ў іх жыве, паўстае перад чытачом самастойным, самабытным, адчайным. «Калі ж на самай вузенькай мяжы / да зманлівай спакусы пахілюся, / нікому не скажу: «Дапамажы», — / Сама ўпаду, сама і падымуся».

У зборніку «Гарчэйшае пітво» можна прасачыць тэматычнае падзяленне. Аўтарка ўздымае знаёмыя тэмы, якія былі актуальныя ў час яе творчасці і ў пэўнай форме захавалі сваю актуальнасць: мова, незалежнасць, самасвядомасць, блізкасць да зямлі; а таксама тыя, якія не маюць катэгорыі актуальнасці ўвогуле: каханне, смерць, адзінота і пустата, барацьба з імі. Але гэта той выпадак, калі зусім не новыя думкі выказаны з такой своеасаблівасцю, такім адметным паэтычным голасам, што здабываюць у новай афарбоўцы новую сутнасць. Тэматыка голасу з’яўляецца ў тэкстах не на пустым месцы. Далей, ва ўспамінах, яе сябры згадаюць, што некаторыя са сваіх вершаў Таццяна Зіненка любіла спяваць, а не чытаць. «Потым, калі яна цяжка захварэла і ўжо з цягам часу нічога не засталося ад таго цудоўнага вобраза сапраўднай Таццяны Зіненкі, застаўся яе голас… Толькі ён быў, як і раней, Танін…» — згадвае Алена Маеўская.

Голас патрэбны, каб заклікаць да сумлення, каб прызнавацца ў каханні. Каб звяртацца і клікаць, спяваць замовы. Распавядаючы пра Таццяну Зіненку, аўтары ўспамінаў звяртаюць увагу на тое, што яна была выхавана бабуляйстараверкай, марыла стаць фалькларыстам, любіла Максіма Багдановіча. Адсюль — ад Багдановіча і фальклору — шмат рысаў перайшло ў творчасць паэткі. Часты зварот да формы трыялета, паўторы, народныя матывы, рытмічнае падабенства да паганскіх закляццяў. Аўтарка называе сябе язычніцай, адмаўляецца ад хрысціянскіх вераванняў, але прымае на сябе адказнасць за грахі і сама прызначае за іх пакаранне. «Адну магілу маю, / і то не ў родным краі. / О, не кувай, зязюля, / і лес — не шалясці. / Сама сябе я толькі / за гэта пакараю, / сама сабе і толькі / скажу, куды ісці…»

«Гарчэйшае пітво» — і чытво не самае салодкае. Ціск і цяжар гэтых тэкстаў, іх энергетыка можа напужаць або адштурхнуць непадрыхтаванага чытача. Творы «сацыяльнай накіраванасці» маніфестыўныя, яны ціснуць сваімі прамымі зваротамі і заклікамі. Такіх тэкстаў меншасць, але нельга сказаць, што астатнія — пераважна пра каханне і сваё месца ў жыцці — неяк ураўнаважваюць агульную атмасферу. Кожны з вершаў, на якую тэму ні быў бы напісаны, «прапушчаны праз сябе», праз аўтарскую свядомасць і светапогляд. Глядзець праз гэтую прызму — быццам праз чорна-белы фільтр: жыццё або смерць, невыноснае шчасце або невыносныя пакуты. І, мяркуючы па тэкстах, аўтарка з удзячнасцю прымае абодва варыянты.

Назву кнізе даў верш, прысвечаны А. Сысу, на чыю творчасць даволі падобны стыль Т. Зіненкі. У гэтым тэксце смерць паўстае вяртаннем да сапраўднага дому, адтуль, дзе паэты паміраюць, «перш чым пачуюць “люблю”». І ўсё ж такі «…будзем сцяблінай адною разам да сонца расці» — кажа Таццяна Зіненка свайму калегу па «выклятым» пакаленні, і ў гэтым поглядзе на смерць заўважна вялікае светлае і спакойнае жыццялюбства, не меншае, чым у радках «я адшукаю парастак надзеі, я і тады не разлюблю жыцця».

І ўсё ж такі асноўны тон яе вершаў цёмны. Значная частка твораў у кнізе — вершы пра каханне. Іншы крытык тут мог бы дапусціць сентэнцыю пра «жаночую літаратуру» або «жаночае ўспрыманне», аднак такі канцэнтрат горычы, якім паўстаюць вершы Т. Зіненкі, гэта ў першую чаргу барацьба з пачуццём, спроба справіцца з сабой, можа, перанакіраваць гэтую энергію. Часты вобраз, камень, аўтарка асацыюе з сабой і сваімі адчуваннямі. Гэтыя пачуцці цяжкія, здольныя задушыць і таго, на каго накіраваныя, і таго, у кім абуджаюцца. Прычыны можна было б шукаць у асабістым жыцці паэткі, якое мімаходзь згадваецца ва ўспамінах пра яе, хаця звязваць тое, што перадаюць вершы, з аб’ектыўнай рэчаіснасцю, намагацца рацыяналізаваць творы — справа бессэнсоўная...

Магчыма, творы, якія ўвайшлі ў «Гарчэйшае пітво», можна ўспрымаць, як доўгую, урывачную споведзь, але яе эмацыянальнасць не пакідае ніводнага шанцу разабраць у ёй канкрэтных сюжэтаў.

Па настроі можна параўнаць тэксты Т. Зіненкі з творчасцю Марыны Цвятаевай, але нервовасць і надрыў Т. Зіненкі нават цяжэйшыя: пульсуючая энергія змяняецца стомленасцю і адзінотай, адчуваннем пустаты, значна менш пазіцыянавання сябе як паэта. Прытым нельга сказаць, што пазіцыя Зіненкі менш упэўненая. «Ой, няхай гавораць. Толькі б гэта / праўда не зрабілася маной: / што любіла я ў сабе паэта / і цябе — за тое, што не мой».

Смеласць Т. Зіненкі адзначаюць і яе сучаснікі, і самі яе вершы. Сапраўдная смеласць у тым, каб усё, што здараецца, з гатоўнасцю прымаць і перажываць усім сэрцам. Адзін з апошніх вершаў кнігі называецца «Прага агню»: «Дык не шкадуй мае лісты паліць: / вартуй агонь, каб не знікаў дачасна, / у полымі ніколі я не згасну, / бо я жыву, пакуль душа гарыць». Прага агню — гучыць як кароткая і ёмкая характарыстыка жыцця аўтаркі.

Прага агню вяла яе па жыцці, прымушала кахаць і пісаць вершы, прага агню прывяла яе да смерці. Паэтка Таццяна Зіненка не выказвала ніякай слабасці, а толькі дэманстравала ва ўсім моцнае сэрца — у барацьбе, у каханні і ў роспачы. Якой была Таццяна Зіненка як чалавек — напэўна, зусім не чытацкая справа. Але, калі ўспаміны пра яе ўсё ж такі з’явіліся ў кнізе, значыць, укладальнікі хацелі пазнаёміць чытача і аўтара бліжэй, чым гэта звычайна адбываецца. І, нягледзячы на разважанні пра сілу і слабасць, нельга сказаць, што ёсць моцны дысананс паміж уражаннямі ад асобы і ад яе тэкстаў. Шчырасць і прага агню праяўляецца ва ўсім.

Дар’я СМІРНОВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».