Вы тут

Касмічныя неспадзяванкі


Наступнае XXII стагоддзе — аказваецца, вельмі цікавы час. Падарожжы па Сонечнай сістэме зрабіліся звычайнай справай, створаны выкшталцоныя гаджэты, шырока выкарыстоўваюцца робаты-андроіды. Але меркаваць, што з развіццём тэхналогій і камунікацый homo sapiens зробіцца больш чалавечным, наіўна і нават небяспечна: сярод людзей па-ранейшаму пануюць хіжасць, зайздрасць, імкненне да грошай і ўлады.


Сяргей Белаяр, выпускнік брэсцкага гістфака, у літаратуры ўжо не першы год. Стыль пісьменніка вызначаецца лаканічнасцю, дакладнасцю. Здзіўляе яго веданне культуры, філасофіі, абазнанасць у сусветнай літаратуры. Нават у сваіх гістарычных аповедах ён знаходзіць месца для незвычайнага, што сягае за межы чалавечага ўяўлення.

Летась у выдавецтве «Галіяфы» пабачыла свет кніга «Расследаванні інспектара Сарвы», якую склалі апавяданні, створаныя ім на працягу 2016 года. Фантастычны дэтэктыў — надзвычай цікавы і перспектыўны кірунак — быў абраны аўтарам невыпадкова, бо тут сапраўды ёсць дзе разгарнуцца. Гэткае «змяшэнне жанраў» здольна даць нечаканы і плённы вынік — варта згадаць падобныя творы Станіслава Лема, Айзека Азімава, братоў Стругацкіх ды іншых карыфеяў навуковай фантастыкі.

Такім чынам, знаёмцеся: галоўны герой — Ратаўт Сарва, інспектар дэпартамента пазаземных крымінальных расследаваняў Астрапола (відаць, пераемніка Інтэрпола). Характар нардычны, вытрыманы. Мэтанакіраваны, адданы справе. Склад розуму — аналітычны, асноўны метад расследавання — дэдуктыўна-псіхалагічны. Аматар ужываць у размове лацінскія выслоўі. Бязлітасны да касмічных злыдняў, не зважаючы на рангі, рэгаліі і пасады.

«Клопатная ў вас прафесія [………], пастаянныя раз’езды, чалавечыя заганы, рызыка. Ніколі не хацелі змяніць працу?» — такое пытанне задае інспектару адзін з персанажаў, а той адказвае: «Шкадаваць аб зробленым выбары даводзілася, але каб усё кінуць і заняцца чымсьці іншым… І ў думках не было. Мне падабаюцца загадкі […….], ні з чым не параўнальнае пачуццё пошуку ісціны, маральнае задавальненне ад усведамлення таго, што ты дапамог людзям». Ратаўт Сарва — персанаж каларытны, інтэлектуал, яму ўласцівы дыялектычны падыход да жыцця, а разблытваючы складаныя справы, ён паралельна цытуе на памяць антычных і сучасных філосафаў, класікаў літаратуры (чым не alter ego аўтара?).

Шмат неспадзяванак напаткае чытача падчас блукання разам з галоўным героем па звілістых траекторыях, што праклалі міжпланетныя лайнеры. Аказваецца, на Еўропе, спадарожніку Юпітэра, яшчэ ў першай палове XX стагоддзя пабывалі нацысцкія астранаўты, труп аднаго з якіх знайшлі ўмёрзлым у лёд… Адкрыццё гэтае запачаткавала ланцужок загадкавых і трагічных падзей, што адбыліся на навукова-даследчай станцыі «Оле Крыстэнсэн Ромер»… Або камуна анархістаў «Антыфон Афінскі», якая з’яўлялася прыкрыццём для дзейнасці буйнога наркакартэля і злачыннага сіндыката, дзе Ратаўта Сарву чакала сур’ёзнае выпрабаванне на мужнасць, спрыт, дэдукцыю і логіку… Некаторыя гісторыі сюжэтна звязаныя паміж сабою і агулам успрымаюцца як міні-аповесці. Гэтаму спрыяюць і своеасаблівыя паўторы канцовак папярэдніх аповедаў на пачатку наступных, як у тэлевізійных серыялах. Мо варта было б зрабіць на аснове зборніка сцэнар фільма?

Аматарам навуковай фантастыкі кніга прыйдзецца даспадобы, бо такога ў айчыннай літаратуры яшчэ не было. Аднак, калі аўтар разлічваў на больш шырокую аўдыторыю, для якой важныя не толькі знешні антураж, яскравая ідэя, ліха закручаны сюжэт, але і ўнутраная напоўненасць, то тут яму давядзецца сутыкнуцца з немалой колькасцю прэтэнзій.

Бо, як любіць паўтараць Ратаўт Сарва, «der Teufel steckt im Detail» — д’ябал — у дэталях…

Па-першае: веданне Белаярам спецыфічнай тэрміналогіі заслугоўвае павагі, але часам гэта напружвае і прымушае задумацца: а ці мае тую самую павагу аўтар у дачыненні да чытача? «Газавы храматограф з мас-спектраметрычным дэтэктарам», «растравы электронны мікраскоп», «хвалевы рэнтгенафлюарэсцэнтны спектрометр», «рэнтгенафазавы аналізатар», «канфабуляцыя» — аўтар бязлітасна нагрувашчвае тэкст навукова-тэхнічнай лексікай. Усё гэта здольна хутчэй адштурхнуць ад чытання, бо ўзнікае ўражанне, што тэкст напісаны няйначай пры дапамозе штучнага інтэлекту: «Намеснік індэферэнтна глядзеў на рану, не спрабуючы спыніць кроў», альбо: «Інспектару ніяк не ўдавалася схапіць рацыянальнай часткай розуму працэсы, што адбываліся ў падсвядомасці». Да таго ж фразы на замежных мовах падаюцца ў асноўным без перакладу, неабходна мець пад рукой слоўнік, каб не патануць у акіяне цытат.

Па-другое — схематычнасць і безжыццёвасць персанажаў. Зразумела, жанр і не вымагае шматстаронкавага аналізу псіхалогіі ўчынкаў, корпання ў душах «аля Дастаеўскі» (хаця «Браты Карамазавы», «Злачынства і пакаранне» — самыя сапраўдныя дэтэктыўныя раманы). Але часам узнікае ўражанне, што людзі ў аповедах Белаяра мала чым адрозніваюцца ад сваіх памагатых-андроідаў — настолькі скупыя на эмоцыі іх словы і ўчынкі, а характары — бляклыя.

Трэцяе і, бадай, галоўнае: моўныя памылкі. Калі з усім вышэйпералічаным яшчэ неяк можна жыць, то чуйны да слова чытач будзе хапацца за галаву ледзь не на кожнай старонцы. «Падначаленых начальніку», «кіраваўшага ліфтамі камп’ютара», «прыпаручыўшы», «падганяемыя», «абезрухоўванасці», «стрэл прагрымеў як грымоты» — папраўдзе, спіс сэнсавых, лексічных, стылёвых ляпаў, рускамоўных кàлек, якія сустракаюцца амаль у кожным аповедзе, можна доўжыць і доўжыць.

Зрэшты, на аўтара тут менш за ўсё нараканняў — усе мы недасканалыя, у кожнага свой слоўны запас, сваё адчуванне мовы, унутраны цэнзар. Бянтэжыць стаўленне да твора выдавецтва, узнікаюць сумненні ў прафесійным падыходзе да сваёй працы рэдактара. Што ўдвая дзіўна, бо «Галіяфы» дасюль служылі эталонам якасці, у тым ліку і ў мастацкім плане, паказваючы зайздросны прыклад падрыхтоўкі тэкстаў на ўсіх этапах. Зрэшты, усе гэтыя заўвагі вельмі суб’ектыўныя, для мэтавай аўдыторыі яны, верагодна, пададуцца прадузятымі і не вартымі ўвагі. Усё-ткі сюжэтная насычанасць, дынаміка, фактура тут на першым месцы. Таму кнігу ў нейкім сэнсе можна расцэньваць як творчую ўдачу, а аўтару хочацца пажадаць не спыняцца на дасягнутым, а развіваць і ўдасканальваць абраны напрамак.

Янка ЛАЙКОЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».