Вы тут

Дырыжор Павел Любамудраў: Сапраўдная музыка здольна сказаць больш, чым словы


Для аркестравага мора пад назвай «Метамарфоза» штыль не характэрны: тут заўсёды няўрымслівы вецер натхнення, гарэзлівыя хвалі пошуку, шквал перажыванняў, усплёскі фантазіі, якія ўздымаюць на новыя дасягненні і творчыя кантакты. Кіраўнік струннага аркестра «Метамарфоза» дырыжор Павел Любамудраў пільна сочыць за сваёй марской музычнай стыхіяй і, калі трэба, утаймоўвае імклівыя парывы, трымаючы курс толькі наперад. Геаграфія супрацоўніцтва аркестра ўражвае. У гэтым сезоне яны выступалі са скрыпачом Андрэем Баранавым са Швейцарыі, з майстрам віяланчэлі з Італіі прафесарам Балонскай акадэміі музыкі Антоніа Мастачы; з найлепшым канцэртмайстрам конкурсу Чайкоўскага з Пецярбурга піяністам Станіславам Салаўёвым, з цудоўнай скрыпачкай з Нідэрландаў Лізай Якабс, якая іграе на інструменце Франчэска Руджэры 1683 г.; з непераўзыдзеным маладым скрыпачом Дзмітрыем Смірновым са Швейцарыі, з беларускім піяністам з Мар’інай Горкі яркім прафесіяналам Дзянісам Ліннікам, які цяпер вучыцца ў Швейцарыі. Аркестр «Метамарфоза» — выдатны прыклад музычнай дыпламатыі.


Павел Любамудраў ведае каштоўнасць класікі  — кірунку, якому адданы, — і даводзіць яе смак іншым. Пра тое, з якімі складанасцямі сутыкаецца аркестр у сучаснасці, як выправіць сітуацыю з адтокам кадраў, у чым прызначэнне класічнай музыкі, — наша гутарка з дырыжорам.

— Павел, зараз многія музыканты, спецыялісты, якія атрымалі добрую базу, маюць цудоўныя магчымасці, з’язджаюць. Чаму такая тэндэнцыя?

— Рынак у нас неразвіты, нешырокі, няма выбару, мала плацежаздольнай аўдыторыі, якая б наведвала канцэрты. Скарыстацца поўнай дзейнасцю аркестра, раскрыцца можна, але гэта шлях — як вавёрка ў коле: ты вяртаешся заўсёды ў адзін і той жа пункт і потым зноў пачынаеш рухацца па спіралі. Спецыялісты з’язджаюць, бо рынак замкнёны, абмежаваны і будзе, хутчэй за ўсё, яшчэ больш звужацца. У Германіі на класіку ходзяць людзі з дастаткам, з жыццёвым досведам — эліта. Моладзь заўважыш рэдка. Класіка там вельмі карыстаецца попытам. У такіх квітнеючых краінах, як Японія, Германія, Англія, уражлівае стаўленне да класічнай музыкі. Напрыклад, там узводзяцца канцэртныя залы нават у невялікіх гарадах. Горад мае сваю канцэртную залу з акустыкай. Японцы вельмі любяць Чайкоўскага, наогул рускую музыку, славянскую. У гэтым кірунку нам варта ўзяць з іх прыклад: Мінску патрэбна зала з добрай акустыкай менавіта для класікі. А не так, што ўсё зроблена гукарэжысёрам: пастаўлены мікрафоны на групы аркестра, і гукарэжысёр рэгулюе: штосьці ціха, штосьці гучней, дзесьці дадае нізоў, мяняе частоты… Калі зала непрыстасаваная, выхад — толькі падгучваць. Задавальнення іграць у такіх залах мала. За мяжой запатрабаваны беларускія музыкі. Напрыклад, у многіх залах свету выступае Іван Карызна, таксама — Арцём Шышкоў, Аляксей Кісялёў. Шматлікія беларускія музыкі іграюць у высакакласных аркестрах — Каралеўскі шатландскі нацыянальны аркестр, Нацыянальны аркестр Францыі — і запатрабаваны там.

— А што рухала табой? Ты ж мог застацца ў Пецярбургу, калі скончыў Санкт-Пецярбургскую кансерваторыю?

— Планаваў рэалізавацца ў Мінску, разглядаў перспектыву, але пасля прыезду сутыкнуўся з дзіўнай сітуацыяй: не было ні аднаго месца дырыжора. Новаспечаныя дырыжоры хочуць кінуцца ў бой… Толькі куды? Я ставіў мэту адбыцца як музыкант, як асоба, рабіць тое, да чаго пакліканы… Якім чынам? Толькі штосьці стварыць. Свой калектыў. Да гэтага падштурхнула жыццёвая сітуацыя.

— На чым грунтуецца поспех «Метамарфозы»?

— Кажуць, без любові работа становіцца абавязкам. У калектыве патрэбна ўзаемаразуменне, якое выцякае з агульных мэт. За 2018 год мы далі 8 канцэртаў. Наш калектыў з 2016 года пры Беларускім саюзе музычных дзеячаў (а створаны аркестр у 2015-м). У калектыве выступае ад 12 да 80 музыкантаў. Было, ігралі амаль усе — 76 — такая метамарфоза: у 2017 годзе 1 лютага быў вялікі канцэрт «Залаты Арфей». Сярод нашых выканаўцаў — заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь, канцэртмайстар, першая скрыпка Юлія Стэфановіч, ёсць дасведчаныя музыкі, ёсць стыпендыяты фонду па падтрымцы таленавітай моладзі. Маладым, хто яшчэ вучыцца, не адмовім папрактыкавацца ў нас, праўда, калі адолеюць складаную праграму.

— Як змяніць сітуацыю, каб класіка была запатрабавана і ў нас?

— Гадоў 50 назад — 60—70-я гады ХХ ст. — слухачоў класічных канцэртаў, аркестраў было шмат: прыязджаў Рыхтэр — за дзень прадаваліся білеты, а цяпер гэтую аўдыторыю адваявала іншая музыка. Свабодных вушэй сёння няма: кожны штосьці слухае: адзін — Кіркорава, другі — «Linkin Park», трэці — Басту, чацвёрты — Макса Каржа і які-небудзь 98-ы — класіку. Але раней класіку слухалі масава, яна была папулярная. А цяпер гэта музыка элітная, для выбраных, сфера абмежаваная. Але класіка прагне адкрыць сваю шырыню і глыбіню. Ды хто гэта зразумее, адчуе? Аднаму, каб паесці нармальна, трэба схадзіць у элітны рэстаран, а іншаму — у «Макдональдс». Адзін будзе каштаваць дарагое эксклюзіўнае віно, 25 гадоў вытрымкі, а іншы — кагор, партвейн. Так і з класікай. Пытанне — наколькі ёсць у людзей густ.

Сёння трэба разважаць: і Баскаў — музыка, і Верка Сярдзючка — музыка, але якая культура? Справа ў тым, што цяпер усё перамяшалася. А якое становішча ў традыцыйнай, сапраўднай (узорнай) культуры? І калі яна не будзе належным чынам матывавацца, і ў першую чаргу фінансавым, пойдзе адваротны працэс. Музыканты ў аркестры павінны выкладацца. А заробак у 200—300 долараў хіба можа гарантаваць, што музыкант будзе іграць паўнацэнна? Толькі скаргі: як плаціце — так і іграем.

— Адукацыі музыканты прысвячаюць ледзь не палову маладосці: 7 класаў музычнай школы, 4 гады музычнага вучылішча, 5 гадоў кансерваторыі, 2 гады работы па размеркаванні…

— І ў выніку — мізэрныя ганарары ад канцэртаў у філармоніі... А пасля канцэрта (!) музыкант ідзе таксаваць ці плітку класці. І як жа ён будзе іграць на інструменце з натхненнем? Ці дапушчальныя такія зігзагі ў дзейнасці? Каб музыканты жылі якасным мастацтвам, трэба перагледзець умовы, у якіх яны працуюць.

Павінна быць якая-небудзь дзяржаўная праграма. Напрыклад: выпускаецца малады суперталенавіты скрыпач, які перамагае ў конкурсах. Ён патэнцыйна можа выкладаць зараз у кансерваторыі і будзе выпускаць першакласных скрыпачоў. Дык чаму б не зматываваць?! Каб ён застаўся тут! Каб зрабіў унёсак у агульнанацыянальны здабытак. Іван Карызна, пераможца конкурсу Чайкоўскага, іграе па ўсім свеце, жыве ў Парыжы. У яго столькі прапаноў і магчымасцяў… Апошнім часам упала наша школа выкладання — ігры на інструменце, бо сыходзяць педагогі былой загартоўкі, карыфеі. Плённа працуюць заслужаны артыст Беларусі Уладзімір Перлін, выкладчык па кантрабасе Уладзімір Пулянкоў. Моцная ў нас школа трубачоў. Вялікая страта — педагог па скрыпцы Эдуард Кучынскі. Сыходзяць майстры з досведам, а моладзь ці будзе працаваць за 300 долараў? Маючы талент, ведаюць, што лепш сыграць канцэрт у Еўропе, бо заплацяць столькі, колькі ў нас — за год працы. І гэта вялікая праблема для краіны: на высокім узроўні павінны разумець, што самае галоўнае — кадры, якія маем, таленты, якія павінны славіць нашу выканальніцкую школу.

— З чым можна параўнаць ідэальную ігру аркестра?

— Стан асаблівага натхнення, унутранага пад’ёму, творчага гарэння — калі ўсё на канцэрце атрымалася, калі не проста было без сучка і задзірынкі, а ігралі з агнём. Часам канцэрт — як магутнае цунамі: калі адна частка твора нахлёстам за другой, і ўсё непарыўна развіваецца. І ты трымаеш публіку і не адпускаеш. Усім нутром. Калі толькі выходжу на сцэну, павяртаюся тварам да залы, раблю паклон, ужо адчуваю, наколькі сёння публіка ўспрыімлівая. Энергетычна, псіхалагічна, вочы, выразы твараў. Святло пражэктараў хоць і слепіць, але погляды выхапіць удаецца… І зараджаюся. Незвычайная публіка была ў Палацы спорту, калі мы ігралі канцэрт перад выступленнем групы «Manowar». Скрыпачам ставілі залікі.

— А хто для цябе ў музыцы арыенцір з кампазітараў?

— Чайкоўскі і Бетховен. Яны рабілі свае творы максімальна зразумелымі, чалавечнымі, шчырымі. Не так, як бывае цяпер: маўляў, я тут напісаў сімфонію, а вы як хочаце разумейце. Гэтыя кампазітары сталі блізкія ўсяму чалавецтву. А мова музыкі ўніверсальная: можна на ёй сказаць любому: афрыканцу, эскімосу, аргенцінцу і г. д. І абавязкова патаемнае. Яшчэ б вылучыў Рахманінава. І Брамса, і Моцарта... Важна, калі публіка разумее кампазітара, а кампазітар робіць свой твор даступным. У Бетховена велізарныя глыбіні. Але перакананы, што адкрываюцца яны толькі ў жывым выкананні, бо запісы не перадаюць тонкасцяў і біятокаў, што сыходзяць ад выканаўцы. Ёсць тут нейкая тайна, якая лечыць. Агульнапрызнана, што класічная музыка (і аркестр) вельмі развівае. Дарэчы, Васіль Сухамлінскі, выбітны педагог, сказаў, што без музыкі, без традыцыйнага мастацтва і культуры, не можа сфарміравацца паўнацэнная гарманічная асоба. Хочаце робатаабразных, прымітыўных — калі ласка: прапагандуйце субкультуру, на гэтым да таго ж і грошы робяцца. Калі ісці па гэтым шляху, непазбежны тупік. Я перакананы, што свет трымаецца на дабрыні, і ў гэтым заслуга класічнай музыкі.

— Як ты прыйшоў да класікі?

— Музыка з дзяцінства была для мяне невытлумачальнай стыхіяй. Мая мама піяністка. Я слухаў, як яна іграла восьмую санату Бетховена, яшчэ — Рахманінава, сімфоніі. І рабіла гэта так пранікнёна і выразна, што немагчыма было не натхніцца. Калі гучалі пласцінкі, я прыслухоўваўся і быццам пераходзіў у іншае вымярэнне — гэты свет зачароўваў, у ім я адчуваў сябе галоўным удзельнікам. Як цяпер памятаю другі фартэпіянны канцэрт Рахманінава: паглыбляюся, і гукі палоняць, і хочацца плакаць. Не суперажываць немагчыма.

— А не хацелася на вуліцу ў футбол? Бо музыка  — шматгадзінная праца…

— Я іграў на двух інструментах — кларнеце і гітары. Бабуля (па прафесіі — журналіст), помню, сачыла за маімі заняткамі на кларнеце, 45 хвілін я развучваў п’есу, ішоў на ўрок. Спачатку, канешне, прымушалі, а потым з’явілася цяга. Гітара спадабалася яшчэ больш. Такім чынам, музычны свет пачынаў скараць, раскрывацца. Але ён дагэтуль для мяне тайна.

— У вашым родзе няйначай глыбокія музычныя вытокі…

— Так, мая прабабуля вучылася ў Петраградскай кансерваторыі. На заканчэнне вядомы кампазітар Аляксандр Глазуноў падарыў прабабулі свой партрэт з аўтографам і прысвяціў ноты. Яна працавала канцэртмайстрам Марыінскага імператарскага опернага тэатра.

— Цікавая з'ява — музыка, якая гучыць з палотнаў. Твой дзед — заснавальнік школы беларускай графікі...

— З дзяцінства помню, як да нас часта завітвалі яго сябры мастакі. Важна згадаць, што мой дзед ваяваў і быў паранены цяжка ў нагу пад Сталінградам у Вялікую Айчынную вайну. Была гангрэна. Ёсць у яго серыя работ пра шпіталь у Барнауле (там ён лячыўся). Пасля заканчэння вайны, у 1945—1947, ён давучваецца ў Маскве ў мастацкім інстытуце Васіля Сурыкава. Закончыў яго, і па размеркаванні яго накіравалі ў Латвію ў Рыгу (дзе ў далейшым ён з сям’ёй пражыў гадоў 5-6), там ён пазнаёміўся з маёй бабуляй: яна брала ў яго інтэрв’ю. Там нарадзілася мая мама. Сям'і даводзілася туліцца наўпрост у Латвійскай нацыянальнай акадэміі мастацтваў: у адным пакоі жылі, а ў суседні прыходзілі вучні, студэнты займацца, маляваць. Умовы былі складаныя, цяклі столі. Дзед напісаў, каб яго размеркавалі туды, дзе можна жыць у лепшых умовах. І накіравалі ў Мінск. У той час, 1950-я гады, у Мінск накіроўвалі многіх дзеячаў культуры і навукі. Разбураны амаль дашчэнту Мінск трэба было адбудоўваць, аднаўляць культуру, кіно, навуку. На гэтай ніве пашчыраваў і мой дзядуля. Такім чынам наша сям’я апынулася ў Мінску.

— Ці ёсць узоры сярод сучасных музыкаў, якія ствараюць музыку з сэнсам?

— Існуе такое меркаванне, што сучаснае мастацтва зайшло ў тупік. Груба кажучы, усе карціны напісаны, музыка складзена. І, маўляў, няма нічога новага. У нейкім сэнсе «Чорны квадрат» Казіміра Малевіча — гэта вяршыня: у прыродзе няма нічога падобнага. Далей можа быць толькі паўтарэнне ці варыянты таго, што ўжо існуе. Што да сучаснікаў, то мне блізкі італьянскі кампазітар Эніа Марыконэ (піша ў асноўным музыку да фільмаў). З беларускіх вабіць манера пісьма Аляксандра Літвіноўскага.

— Як класічнай музыцы змагацца за ўвагу слухачоў?

— Ёсць шмат фактараў, каб быць запатрабаваным. Класічная музыка не бізнес, дзе можна ўсё пралічыць і мець поспех. У класічнай музыцы ролю адыгрывае нават абаянне на сцэне, харызма. Увогуле, музыка — самае высокае мастацтва, якое не мае патрэбы ў словах. Тое, што мы выказваем словамі, добрую музыку прыніжае. Сапраўдная музыка здольна сказаць больш, чым словы. Гэта агульначалавечая мова. Музыка — гэта і каханне, але каханне — таксама мелодыя. Музыка ўсеабдымная: едуць машыны — музыка, пешаход ідзе ў пэўным тэмпе — праз яго крок можна пачуць музыку. Музыка — метамарфоза ўсяго жывога на планеце (глыбокая з’ява). І космас гучыць: зоркі, планеты, сонца — таксама музыка. Прызначэнне класікі — настроіць на якое-небудзь адкрыццё. Даць штуршок.

Наталля СВЯТЛОВА

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.