Вы тут

Рэстаратар Кім Мазур: Слухайце сэрца, а не галаву


Вольга і Кім Мазуры — прыгожая, паспяховая пара. Звязала і аб'яднала іх агульная любоў да вандровак і незвычайнай кухні. Скончыўшы факультэт міжнародных адносін, Вольга ў свае 23 гады вырашыла ажыццявіць дзіцячую мару: адправілася ў такую прывабную для яе Паўднёвую Амерыку. Больш за год жыла ў Перу, дзе глыбока прасяклася думкай, што індзейская кухня і культура — гэта нешта асаблівае. Яна збіралася пераехаць жыць ва Уругвай, але сустрэла Кіма. З тых часоў сталі падарожнічаць разам. Пабывалі ў Кеніі, Танзаніі, В'етнаме, Камбоджы, Панаме, Мексіцы... А яшчэ яны разам знаёмяць беларусаў з вынаходствамі сусветнай кухні.

Ці ёсць універсальны спосаб спадабацца жанчыне? Які кактэйль ёй прапанаваць? Якія жаночыя звычкі незразумелыя мужчынам? Пра гэта і шмат пра што іншае расказаў рэстаратар папулярных мінскіх бараў «Вінная шафа», «Перасмешнік» і «Аяўаска» Кім Мазур, які паспяхова вядзе бізнес разам з жонкай Вольгай.


— Што, на вашу думку, самае прывабнае ў жанчынах?

— Вочы, таму што яны заўсёды выказваюць непадробленыя эмоцыі. Яны пакажуць, што дзяўчына хоча вам сказаць і чаго не хоча гаварыць, наколькі яна з вамі сумленная і шчырая, ці добра ёй побач з вамі.

У мяне двое дзяцей, дачцэ зараз 17 гадоў. Яна заканчвае школу, і ў яе ёсць свае перажыванні. Хачу, каб яна магла падзяліць іх з блізкімі людзьмі, калі ёй гэта спатрэбіцца. Таму імкнуся ўбачыць у яе вачах, калі я ёй патрэбен, а калі не. Бо ў яе ёсць свая асабістая прастора. Тое, што мне хочацца быць з ёй у дадзены момант, не азначае, што ёй будзе камфортная мая кампанія. Але пры гэтым вельмі важна, каб яна разумела: я заўсёды буду ёй апорай, са мной яна можа адчуваць сябе абароненай.

— Што вас здзіўляе ў жанчынах?

— Шапагалізм і прыхільнасць да вялікай колькасці ўбораў. У маёй жонкі неверагодна шмат адзежы, якую яна амаль не носіць. У яе ёсць ашаламляльная чырвоная сукенка, якая ёй вельмі пасуе, але яна апранала яе ўсяго двойчы. Затое ёсць куртка, якую яна носіць гадоў 15 і адмаўляецца мяняць. Нягледзячы на заваленыя паліцы і поўныя адзення вешалкі, кожны раз, калі яна адчыняе гардэробную шафу, усё роўна ўзнікае пытанне: «Што ж надзець?» І кароткае рэзюмэ: «Надзець няма чаго. Трэба купіць нешта новае».

— Ці ёсць універсальны спосаб спадабацца дзяўчыне?

— Трэба быць шчырым, але не назойлівым і нічога не патрабаваць, тады, магчыма, атрымаецца выклікаць сімпатыю. Улічваючы розныя погляды на жыццё, розныя характары і менталітэты, нейкага ўніверсальнага спосабу спадабацца, напэўна, няма.

— Мужчыны цяпер рэдка знаёмяцца першымі...

— Ведаеце, Беларусь мае неверагодны дар — надзвычайных дзяўчат. І гэты дар тут амаль не шануецца. Вашы мужчыны чамусьці мала захапляюцца імі — я кажу «вашы», таму што я не з Беларусі, — бачаць велізарную колькасць дзяўчат, выдатных ва ўсіх адносінах: па характары, знешнасці, адукацыі, здольнасці да самааддачы.

Па сваёй службе я некаторы час жыў у розных еўрапейскіх краінах і вельмі рэдка лавіў сябе на думцы, што чыста па-мужчынску праводжу дзяўчыну поглядам. Так, каб «я павярнуўся паглядзець, ці не павярнулася яна...» Не таму, што дзяўчыны там выглядаюць неяк нецікава, проста на эмацыянальным узроўні яны мяне не «чаплялі». Магчыма, таму, што яны жывуць па правілах, быццам ім трэба сапернічаць з мужчынамі...

— Назавіце самы лепшы «жаночы» кактэйль...

— Frеnсh sеvеntу fіvе («Французскі 75»). Пеністы, трохі саладосці ад ванілі, трохі кіслінкі ад цытрыны і трохі-трохі джыну для запалу. Тут усё тое, што трэба дзяўчыне, каб правесці вечар добра (усміхаецца).

— Самая каштоўная якасць у жанчыны...

— Уменне натхніць. Ні адзін мужчына не будзе нешта рабіць, калі няма для каго. Жанчыны натхняюць нас на нейкія ўчынкі. У дзяцінстве для мяне гэта была мама, у маладосці — жонка, цяпер і дачка.

Свайго мужчыну трэба акрыляць! Як гэта рабіць — іншае пытанне. У кожнай з маіх жанчын да мяне розны падыход. Але яны ведаюць, што ў мяне можна папрасіць абсалютна ўсё, і я для іх усё зраблю.

— Чаго ні ў якім разе нельга казаць жанчыне?

— Нельга грубіяніць. Нельга адмаўляць ёй у жаданні адпачыць, калі яна стамілася ад спраў і клопатаў і хоча расслабіцца. Нельга даваць укісаць. Калі жанчына скардзіцца, трэба абавязкова яе выслухаць і пашкадаваць, але пры гэтым непрыкметна так падштурхнуць наперад і ўзбадзёрыць.

— Як хутчэй за ўсё памірыцца пасля сваркі?

— У першую чаргу вы павінны адчуць у сабе любоў. А там ужо і словы знойдуцца. Натуральна, нельга рабіць выгляд, што сваркі не было, — гэта вялікая памылка. Але нельга патрабаваць быць пачутым.

У любой гісторыі заўсёды ёсць два бакі, і жаданне даказаць сваю праўду — няправільнае. Мудрыя вучылі: «У нас два вухі і адзін рот, таму больш слухай і ўдвая менш кажы». Які сэнс у тым, што я маю рацыю, калі мая жонка няшчасная?

— Ці можна дараваць здраду?

— Дараваць можна ўсё, калі людзі разумеюць адно аднаго. Але мала дараваць — важна, каб чалавек пакаяўся. У пытаннях пачуццяў трэба ісці ад сэрца, а не ад галавы. Галава будзе падказваць вам: «Зрабіў аднойчы, зробіць двойчы», а сэрца будзе казаць: «Калі ты зараз скажаш «не» гэтаму чалавеку, я разарвуся. Прымі яго! Мне будзе дрэнна нейкі час, але я гэта перанясу, спраўлюся і наступным разам буду больш падрыхтаваным».

— Ці цяжка быць жанчынай — з пункту гледжання мужчыны?

— Вельмі складана. Гэта значыць спраўляцца з непамернай колькасцю роляў, адведзеных жанчыне. Гэта ўменне быць далікатнай і моцнай, думаць творча і ў той жа час прагматычна, быць маці і каханай адначасова.

— Каханне — гэта...

— Гэта тое, што будзе ў фінале. Прайсці разам усё жыццё, перажыць усе нягоды і складанасці. У нас з жонкай былі татальныя крахі ў бізнесе, нейкія асабістыя бязладзіцы. Здараліся дні, калі было вельмі цяжка... Але важна ў такія моманты дапамагаць і падтрымліваць адно аднаго. Калі ты бачыш, што тваёй жанчыне балюча, будзь побач, выслухай і радуйся, што яна адкрываецца табе. Бо не ўсім можна паказаць свой боль. Мужчына павінен быць удзячны за гэты давер.

Віталіна БАНДАРОВІЧ

Фота з асабістага архіва

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.