Вы тут

Раіса Дзейкун. Сястра


У сям'і велічэзная падзея-радасць! Вячэрнім цягніком прыязджае Анюта. У яе першы водпуск. Дарынка лётае па хаце, як заведзеная: прыбірае яе. Хоць бы хутчэй той вечар!


А што ж сястра прывязе ёй — Дарынцы? У іх жа так заведзена, што калі з Гомеля або Хвойнічка (дзе ён бывае па рабоце) прыязджае бацька, або разам з маці яны вяртаюцца ад радні з гасцей, дык заўжды прывозяць гасцінцы. Гасцінцы бацькоў ужо добра вядомыя Дарынцы, а вось сястрыны — яшчэ не. Яна ж першы раз прыедзе з таго самага «выраю», пра які так бедкалася маці суседкам і ў які сястра з'ехала год назад. У нейкі горад, дзе адны шахты, у якіх здабываюць вугаль, і дзе не расце нават бульба. Бульба, магчыма, і не расце на тым вуголлі, а вось лётчыкі павінны там быць ужо дакладна. Дарынка памятае, як маці раіла-наказвала сястры выйсці замуж толькі за лётчыка, «бо ён высака лятае, увесь свет бачыць і зарабляе добрыя грошы».

«Мама, дзе я вам знайду таго лётчыка? Я яго ў вочы яшчэ не бачыла», — адбівалася сястра, калі была яшчэ дома. А цяпер вось, калі яна заехала так далёка, мусіць жа, яна ўжо бачыла жывых лётчыкаў, а можа, нават і пазнаёмілася. А можа яна з якім прыедзе? Вось будзе дзіва на ўвесь пасёлак. Тады ўсе пабачаць, якая ў Дарынкі сястра, — так сабе думае-марыць ўвесь дзень Дарынка ў чаканні сястры Анюты.

Да цягніка ідзе ўся сям'я. Нарэшце, у праёме вагона паказваецца Анюта. Сцяпан з Мацвеем падбягаюць першыя да металічных сходаў і падхопліваюць з яе рук вялікі чамадан і нейкі клунак. Дарынка туліцца да маці і саромеецца падысці да сястры. Яна нейкая не такая, як была год назад. Нейкая новая — гарадская. А тую абдымаюць-ціскаюць бацькі, маці плача ад шчасця, побач скача ад радасці Шурка, а старэйшыя браты толькі стаяць воддаль і пасміхаюцца. Анюта сама, нарэшце, нагінаецца і абдымае Дарынку, тут жа хоча яе падняць на рукі, але са смехам апускае і здзіўлена смяецца:

— Ого, як падрасла, ого, якая налітая каўганка! Мех бульбы няйначай па вазе! — кажа яна. Потым бярэ яе за руку з другога боку ад маці, і яны ўсе рушаць да хаты.

А дома ўсіх чакаюць гасцінцы. Нарэшце, Анюта адкрывае чамадан і пачынае даставаць іх. Спачатку яна выграбае з усіх чамаданавых закапелкаў і ссыпае на стол маленькія пахучыя абаранкі і цукеркі ў стракатых, незвычайных і не бачаных сям'ёй дагэтуль бліскучых абгортках. Запрашае ўсіх пакаштаваць. Як каго, а меншых яе братоў і Дарынку доўга прасіць няма ніякае патрэбы — па абаранку тут жа знікае ў іх ратах. Хлопцы, праглынуўшы маленькія круглячкі, штосьці пераглядваюцца, а Шурка тут жа не вытрымлівае і пытаецца сястру:

— А чаго ета абаранкі лакам так пахнуць? Яны што — палакованыя?

Бацькі тут жа на яго цыкаюць: дай дзеўцы апамятацца з дарогі, што прыдумаў — дзе той лак, а дзе абаранкі. Але сястра смяецца і дастае з чамадана загорнутую ў некалькі старых газет бутэльку. Аказваецца, там у ёй сапраўды лак. Прывезла хлопцам пакрываць ім іхныя лобзікавыя вырабы — шкатулкі, вазы, палічкі. Сцяпан з Мацвеем больш за ўсіх рады такому падарунку. Яны тут жа раскручваюць пакунак, і па ўсёй хаце пачынае плыць лакавы пах. Дык вось, аказваецца, чаму абаранкі аддаюць лакам! А Анюта тым часам ужо дастала і падае бацьку магазінную сарочку, а маці — адрэз квяцістай, «не простай», тканіны на сукенку, а зверху на яго кладзе бардовую хусцінку ды яшчэ і некалькі газавых касынак. Потым настае чарга братоў. Тыя робяць выгляд, што ім нецікава, а самі з задавальненнем прымаюць: Шурка — чаравікі, а старэйшыя браты — цёплыя пальчаткі ды шалікі. Дарынка не зводзіць вачэй з чамадана: ну што ж, што ёй там захавана? Калі сястра, нарэшце, паварочваецца і падае ёй «гасцінец», Дарынка нямее: карычневыя чаравічкі са шнурочкамі, а на канцы іх матляюцца яшчэ і скураныя кветачкі. А як яны пахнуць! Яна тут жа абувае абнову і глядзіць на свае ногі збоку і так, і сяк: каб жа не ноч на дварэ, яна б тут жа паімчала на вуліцу паказацца ўсім, а ў першую чаргу сяброўкам. Без сумневу, яны памлеюць ад зайдрасці. А тут яшчэ Анюта падае ёй і белыя шкарпэткі, і рознакаляровыя атласныя стужкі-каснікі. Так што пакуль млее яна сама, а не сяброўкі, і ў яе ад такой красы захоплівае дух.

— Донька мая, — кажа шчаслівая маці, — а ты ж, мусіць, увесь год збірала па капейчыне на ўсё гэтае багацце? Навошта ты так трацілася, мо не даядала, не дапівала?

— Ну, што вы такое кажаце, мама, а як бы я з пустымі рукамі прыехала? — адказвае шчаслівая Анюта. Яна рада не менш за сваіх родных — усім дагадзіла, усе задаволены.

Дарынка ў поўным захапленні ад сваіх падарункаў, прыціснуўшы іх да сябе, перад тым як заснуць пад бокам у сястры, паспявае яшчэ падумаць: якая ж яна шчаслівая, што мае такую сястру! Як добра, што Анюта выпырхнула і паляцела «ў вырай» так далёка і цяпер зможа раз у год прыязджаць дамоў у водпуск і прывозіць цэлыя чамаданы падарункаў! Праўда, яна яшчэ не сустрэла свайго лётчыка. Дык не бяда — ён жа не грыб, каб папаўся адразу пад ногі. За год хіба яго знойдзеш?

...Нядоўга Дарынка пафарсіла ў сваіх чаравічках: ногі яе так хутка раслі, што тыя перасталі ёй налазіць. Амаль новыя, іх прыйшлося дакладаць да іншых падарункаў-гасцінцаў — для радні ў Калінкавічы. Чаравічкі прыйшліся якраз меншай стрыечнай сястрычцы.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.