Вы тут

Як нашы кватэры становяцца таксічнымі


«Дома і сцены дапамагаюць» — прымаўка вядомая. Але цяпер у нашых дамах нас акружае мноства таксічных прадметаў, якія могуць спакваля падточваць здароўе. Атрутныя рэчывы выдзяляюцца ў паветра мыйнымі сродкамі, бытавой тэхнікай, мэбляй, аздобнымі матэрыяламі... І гэтыя хімікаты немагчыма ліквідаваць з дапамогай вільготнай прыборкі. Многія гаспадыні блытаюць ідэальную чысціню ў доме з добрай экалогіяй, але гэта розныя паняцці. Калі вы пазбавіцеся ад пылу і бруду, паветра не абавязкова стане чысцейшае.

Больш падрабязна пра тое, з якімі небяспекамі можна сутыкнуцца ва ўласнай кватэры і што з гэтым рабіць, нам расказала загадчыца аддзялення камунальнай гігіены Мінскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Юлія ЖУРАВА.


У якіх выпадках звычайна правяраюць паветра ў кватэры

— Мы праводзім замеры і лабараторныя даследаванні атмасфернага паветра ў кватэрах па зваротах грамадзян на бясплатнай і платнай аснове, — расказвае спецыяліст. — Калі паступае зварот, мы выязджаем і праводзім даследаванне ў жылых пакоях. Гэта значыць, што ў калідоры, кухні, санвузле мы замераў не праводзім. І калі чалавек скардзіцца на паветра ў кухні, мы рэкамендуем правесці даследаванне канкрэтнага вырабу (напрыклад, дзверцаў або палічак).

Часцей за ўсё да нас звяртаюцца пасля набыцця новай мэблі: калі людзі пачынаюць адчуваць яе пах, у іх з'яўляецца галаўны боль і г. д. Хоць шкодныя рэчывы ў кватэры могуць выдзяляць амаль усе яе элементы, пачынаючы ад сцяжкі падлогі і заканчваючы шпалерамі. І калі чалавеку патрэбныя даныя нашых замераў для судовага разбору, то мы заўсёды папярэджваем, што добры юрыст іх зможа аспрэчыць. Таму, каб даказаць, што «вінаватай» з'яўляецца, напрыклад, шафа з ДСП, трэба яшчэ дадаткова здаваць на экспертызу частку шафы.

Напрыклад, нядаўна адзін мінчанін звярнуўся да нас з просьбай праверыць паветра ў пакоі ў сувязі з набыццём новай канапы. Мы выехалі, правялі лабараторныя даследаванні ў гэтым пакоі і выявілі павышаную колькасць фармальдэгіду. Потым канапа была вынесена з пакоя, але перавышэнне фармальдэгіду ў паветры засталося. Праўда, дадатковыя даследаванні паказалі, што прычынай усё ж была менавіта яна.

Часам да нас звяртаюцца з просьбай зрабіць пробы паветра ў кватэры, таму што ў дзіцяці ёсць алергія. Але я раю лепш тую суму, якую людзі гатовыя заплаціць нам, аддаць на непасрэдна алергічныя пробы ў медустанове, каб выявіць канкрэтныя алергены, на якія рэагуе арганізм дзіцяці.

Яшчэ ў нас быў выпадак, калі на першым паверсе жылога дома знаходзіўся магазін бытавой хіміі, а на другім паверсе, у кватэры проста над гэтай крамай, пражывала жанчына-астматык. Мы рабілі замеры, ніякіх перавышэнняў ГДК (гранічна дапушчальнай колькасці) таксічных рэчываў у паветры не было, але пах бытавой хіміі ад крамы ў кватэры адчуваўся. І толькі калі разабралі столь у гэтай краме, выявілі, што не ўсе швы і стыкі там добра замазаныя. Як толькі гэта выправілі, пах у кватэры знік і гэтая жанчына змагла нармальна жыць.

Што трэба ведаць пра мэблю

— Часцей за ўсё ўскладняе жыццё і негатыўна ўплывае на здароўе новая мэбля з ДСП, у якой выкарыстоўваецца няякасная клеевая аснова, дзе дрэнна заладжаны тарцы і г. д. Таму, калі пах ад новай мэблі доўга не выветрываецца і вы адчуваеце яго на працягу некалькіх месяцаў, трэба задумацца і прыняць нейкія меры.

У ДСП утрымліваюцца карбамідафармальдэгідныя або фенолфармальдэгідныя смолы, якія выкарыстоўваюцца як клей. У побыце з іх могуць выдзяляцца шкодныя для здароўя фармальдэгід і фенол.

Таму мы раім, калі ў кагосьці ёсць, напрыклад, стол або спальня з натуральнага дрэва, задумацца, ці варта гэта мяняць на нешта зробленае з драўнянай габлюшкі, хай нават новая мэбля і выглядае больш сучасна і прыгожа. І новыя шклопакеты з пластыку, якія цяпер усе ўсталёўваюць, на самай справе значна горш уплываюць на здароўе, чым старыя драўляныя вокны. Заўсёды варта падумаць, што на што мы мяняем. Асабліва адказна трэба падыходзіць да выбару мэблі ў дзіцячы пакой.

Любімае правіла пакупніка: «Каб было прыгожа і нядорага»  пасля можа саслужыць нядобрую службу. Таму пры набыцці мэблі пераканайцеся, што яна адпавядае дзейснаму на тэрыторыі Мытнага саюза Тэхнічнаму рэгламенту ТР МС 025/2012 «Аб бяспецы мэблевай прадукцыі». Пры гэтым для дзіцячай мэблі павінен быць аформлены Сертыфікат адпаведнасці ТР МС. А для мэблі для жылых і грамадскіх будынкаў павінна быць аформлена дэкларацыя адпаведнасці гэтаму ТР МС.

Нялішне звярнуць увагу на якасць аздаблення, а менавіта праверыць, ці добра зафарбаваныя або абклееныя ламінатам кантавыя паверхні панэляў. Небяспечнымі могуць быць таксама дрэнна апрацаваныя край і сколы ДСП (для бяспекі неабходна абавязкова ізаляваць адкрытыя ўчасткі).

Пры набыцці вырабаў з ДСП можаце звярнуць увагу на тое, да якога «класа эмісіі» вольнага фармальдэгіду яны належаць: найбольш бяспечным лічыцца матэрыял, які належыць да класа Е-1 (менш за 10 мг фармальдэгіду на 100 г абсалютна сухой драўнянай пліты).

Не будзьце фанатамі рамонту

— Пасля свежага рамонту крыніцай небяспекі могуць быць і лінолеум або ламінат, і новыя вінілавыя шпалеры, і вокны ПВХ, і нацяжная столь, і новая шафа-купэ... Часам таксічныя злучэнні знаходзяць у даволі нечаканых месцах. Так, быў выпадак, калі ў кватэры праверылі ўжо ўсё, што толькі можна праверыць, а крыніца забруджвання паветра ў рэшце рэшт была выяўлена ў сцяжцы падлогі, дзе выкарыстоўвалася няякасная клеевая аснова, з дапамогай якой пасля прыклейваўся паркет.

Рамонт у кватэры праводзіць, вядома, трэба, але не варта рабіць яго занадта часта. І, купляючы лакі або фарбы для рамонту, заўсёды звяртайце ўвагу на надпісы «толькі для вонкавых работ» або «для ўнутраных работ». У памяшканні можна выкарыстоўваць толькі матэрыялы для ўнутраных аздобных работ. Трэба сказаць, што з адваротным мы яшчэ ні разу не сутыкаліся ў кватэрах, а вось у інтэрнатах пару разоў здаралася.

Усе будаўнічыя і аздобныя матэрыялы павінны адпавядаць дзеючаму на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь тэхнічнаму рэгламенту «Будынкі і збудаванні, будаўнічыя матэрыялы і вырабы. Бяспека» (ТР 2009/013/BY). У прыватнасці, павінна быць аформлена дэкларацыя адпаведнасці на тыя матэрыялы, якія пазначаны ў дадатку да гэтага ТР.

Небяспека, якую нельга «паспрабаваць на зуб»

— У нашых кватэрах праблемай у апошні час стала і павышанае электрамагнітнае поле. Яно ствараецца электракабелямі, камп'ютарамі і аргтэхнікай, бытавымі прыборамі і сотавымі тэлефонамі. Калі знаходзіцца ў павышаным электрамагнітным полі штодзень, то яно можа выклікаць паражэнне сэрца, сасудаў, залоз унутранай сакрэцыі і нервовай сістэмы, стаць прычынай сур'ёзных захворванняў. На жаль, яго нельга ўбачыць, адчуць, вымераць самастойна, «паспрабаваць на зуб». Але яго можна пастарацца пазбегнуць.

Часам да нас звяртаюцца гараджане са скаргамі на базавыя станцыі сотавай сувязі, якія, на іх думку, знаходзяцца вельмі блізка да іх дома і могуць аказваць негатыўны ўплыў на людзей. Але я раіла б звярнуць больш увагі на выкарыстанне сотавага тэлефона. Гэта значна мацней уплывае на нас. Мы ўжо неаднаразова паказвалі тым, хто да нас звяртаўся з такімі скаргамі, колькі выпраменьвае вышка, якая стаіць на іх двары, і колькі выпраменьвае іх уласны мабільнік: яго электрамагнітнае выпраменьванне ў разы вышэйшае. Асабліва гэта датычыцца старых кнопачных тэлефонаў. А што да вышак, то чым іх больш, тым гэта больш бяспечна для ўсіх нас. Таму што калі вышка сотавай сувязі размешчана далёка, тэлефону, каб злавіць яе сігнал, даводзіцца ў шмат разоў узмацняць сваё выпраменьванне.

Тое ж самае ў метро. Лепш у ім не карыстацца мабільнікам, таму што, калі цягнік ад'язджае ад станцыі, сувязь робіцца горшая, тэлефон спрабуе злавіць сігнал і ідзе ўсплёск электрамагнітнага выпраменьвання. Яшчэ адна парада: не прыкладвайце смартфон да вуха ў той момант, калі ён знаходзіцца ў працэсе пошуку аператара сеткі — да таго часу, пакуль не стануць чутныя гудкі. У гэты момант ён выпраменьвае больш за ўсё.

Калі мы кладзёмся спаць, нельга класці тэлефон каля галавы. Наогул, чым далей ён ад нас будзе ляжаць, тым лепш. А яшчэ лепш адключаць яго на ноч зусім.

А вышкі сотавай сувязі праходзяць праз Цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, атрымліваюць санітарна-гігіенічнае заключэнне. Перад тым як іх размясціць, на камп'ютары разлічваюцца нормы бяспекі, і прамяні ад іх ніколі не накіроўваюцца на дамы: альбо ўверх, альбо паміж дамоў. Па зваротах грамадзян мы можам выехаць на месца і зрабіць лабараторныя даследаванні ў кватэры, каб пераканаць іх у бяспецы вышкі.

Крыніцай электрамагнітнага выпраменьвання з'яўляюцца і мікрахвалёўкі. І калі мы ставім разаграваць прадукты ў мікрахвалёўку, лепш пры гэтым адысці ад яе на адлегласць выцягнутай рукі, каб засцерагчы сябе.

Мяняйце ртутныя градуснікі на электронныя

— Яшчэ ў нас шмат зваротаў з-за пабітых градуснікаў, асабліва ў сезон прастуд: мы прыязджаем і даследуем паветра на пары ртуці. Даволі часта мы сапраўды пры гэтым бачым перавышэнне паказчыкаў — так адбываецца, калі дрэнна прыбралі ртуць, нейкі шарык не заўважылі. Адпаведна, мы даём рэкамендацыі, што рабіць у гэтым выпадку, як прыбіраць у кватэры, каб засцерагчы сябе. А вашым чытачам магу параіць наступнае: ні ў якім разе не спрабуйце прыбраць ртуць з дапамогай пыласоса і ніколі не мыйце анучу, якой прыбіралі ртуць, у пральнай машыне, таму што ў гэтым выпадку і пыласос, і пральная машына самі стануць крыніцамі ртутнага забруджвання. Мы з гэтым ужо сутыкаліся пры выкліках, і ў гэтых выпадках адзіным правільным рашэннем было выкінуць такі пыласос або пральную машыну.

Святлана БУСЬКО

Загаловак у газеце: Каб не балела галава пасля рамонту

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як праходзіў ваенна-гістарычны фестываль «Мір-1812»

Як праходзіў ваенна-гістарычны фестываль «Мір-1812»

Трэці раз ваенна-гістарычны фестываль «Мір-1812» на два дні перанёс пасёлак больш чым на два стагоддзі назад. 

Грамадства

Ці заўсёды выгадна афармляць бальнічны

Ці заўсёды выгадна афармляць бальнічны

Сярод знаёмых у мяне ёсць шмат жанчын, якія звяртаюцца да ўрача пры любым занядужанні і пры кожнай магчымасці афармляюць бальнічны ліст. 

Культура

Чаму сучаснае беларускае кіно «невялікае»?

Чаму сучаснае беларускае кіно «невялікае»?

Пісьменнік і дысідэнт Андрэй Сіняўскі, калі расказваў пра ўтрыраваную дробязнасць савецкай «цывілізацыі», прывёў у прыклад аповесць Міхаіла

Грамадства

Беларусь і Расія зблізілі пазіцыі па праграме рэалізацыі дагавора аб Саюзнай дзяржаве

Беларусь і Расія зблізілі пазіцыі па праграме рэалізацыі дагавора аб Саюзнай дзяржаве

Аб гэтым заявіў старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч на сустрэчы са старшынёй Савета Федэрацыі Валянцінай Мацвіенка.