Вы тут

Сёння распачынаецца прыём дакументаў у ВНУ


Сёлета на бюджэтныя месцы змогуць прэтэндаваць 26,6 тысячы абітурыентаў — на 0,7 % больш, чым летась (дабаўлена каля 200 месцаў). Колькасць бюджэтнікаў дзённай формы навучання павялічыцца на медыцынскіх, ІТ-спецыяльнасцях, а таксама на спецыяльнасцях, звязаных з фізічнай культурай і спортам.

Платнікаў-першакурснікаў таксама стане больш — на 1,2 % у параўнанні з мінулым годам, усяго ВНУ прымуць 28,2 тысячы студэнтаў платнай формы навучання.
Прырост адбыўся пераважна за кошт ІТ-спецыяльнасцяў (было дабаўлена больш за 650 месцаў).

У завочнай форме атрымання адукацыі плануецца скарачэнне прыёму на 3,4 %.


Ваенны факультэт чакае дзяўчат

У шэрагу ўніверсітэтаў сёлета адкрываюцца новыя для іх спецыяльнасці. Напрыклад, у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы ўпершыню на фізіка-тэхнічным факультэце аб'яўлены набор на спецыяльнасць «Камп'ютарная фізіка» з прысваеннем выпускнікам кваліфікацыі «Фізік. Праграміст». Важным адрозненнем новай спецыяльнасці з'яўляецца фундаментальная падрыхтоўка па агульнай і тэарэтычнай фізіцы, а таксама вывучэнне электронікі, мікрапрацэсарнай тэхнікі, аўтаматызацыі і робататэхнікі. Гэта адкрывае магчымасці для працаўладкавання не толькі ў ІT-кампаніях, але і на сучасных высокатэхналагічных вытворчасцях.

Акрамя таго, сёлета ў ГрДУ імя Янкі Купалы адноўлены набор па спецыяльнасці «Гісторыя (археалогія)» на факультэце гісторыі, камунікацыі і турызму. А на факультэце эканомікі і кіравання аднаўляецца набор на завочнае скарочанае навучанне па спецыяльнасці «Камерцыйная дзейнасць».

У Полацкім дзяржаўным ўніверсітэце чакаюць моладзь на спецыяльнасцях «Камп'ютарная бяспека» (матэматычныя метады і праграмныя сістэмы), «Аўтамабільныя дарогі» і «Электронны маркетынг».

Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны адкрывае набор на спецыяльнасці «Бізнес-адміністраванне» са спецыялізацыяй «антыкрызіснае кіраванне прадпрыемствам», «Эканамічная інфарматыка», «Спартыўна-педагагічная дзейнасць» (трэнерская работа).

У Беларуска-Расійскім універсітэце абвешчаны набор на спецыяльнасці «Электронны маркетынг», «Абсталяванне і тэхналогіі высокаэфектыўных працэсаў апрацоўкі металаў», «Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі (у праектаванні вытворчасці)».

Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт набірае абітурыентаў на спецыяльнасць «Дызайн (віртуальнага асяроддзя)».

У БДУ адбудзецца першы набор (у тым ліку на бюджэтную форму навучання) у Сумесны беларуска-кітайскі інстытут, створаны Белдзяржуніверсітэтам і Далянскім політэхнічным універсітэтам. Абітурыентам прапаноўваюцца тры спецыяльнасці: «Механіка і матэматычнае мадэляванне», «Фізіка (вытворчая дзейнасць)» і «Сусветная эканоміка». Прыём будзе праходзіць паводле правілаў прыёму ва ўстановы вышэйшай адукацыі Беларусі і згодна з умовамі прыёму на аналагічныя спецыяльнасці БДУ.

Таксама ўпершыню за многія гады вядучы ўніверсітэт краіны абвяшчае набор на вячэрнюю форму падрыхтоўкі. Інстытут бізнесу БДУ запрашае абітурыентаў на спецыяльнасць «Бізнес-адміністраванне». Набор на вячэрнюю платную форму складае 20 чалавек.

БДУІР плануе сёлета прыняць 3,5 тысячы першакурснікаў (на 290 больш у параўнанні з папярэднім годам). Набор будзе весціся на 38 спецыяльнасцях, сярод якіх чатыры спецыяльнасці ваеннага факультэта (упершыню сюды змогуць паступаць і дзяўчаты).

Яшчэ адна адметнасць прыёмнай кампаніі ў БДУІР — істотнае пашырэнне і павелічэнне на дзённай форме набору выпускнікоў каледжаў, якія будуць навучацца па інтэграваных планах. На скарочаную форму навучання плануецца прыняць 235 чалавек, з якіх 145 — на бюджэтныя месцы. Летась прыём вёўся на трох, а сёлета — на васьмі спецыяльнасцях на чатырох факультэтах універсітэта.

Трымаць сітуацыю пад кантролем

Прыёмныя камісіі ВНУ будуць прымаць дакументы з 12 да 17 ліпеня. У гэтыя тэрміны вызначыцца з выбарам спецыяльнасці павінны ўсе абітурыенты, якія прэтэндуюць на бюджэтныя месцы, а таксама абітурыенты, якія паступаюць на платную форму навучання на спецыяльнасці, дзе прадугледжаны ўступныя іспыты.

Тэрміны падачы дакументаў для выпускнікоў профільных класаў педагагічнай накіраванасці, якія паступаюць на педагагічныя спецыяльнасці пасля праходжання сумоўя, — з 12 да 14 ліпеня (як для асоб, якія паступаюць на «бюджэт», так і на платнай аснове).

Ад абітурыентаў, якія паступаюць на платнай аснове, але не здаюць уступныя экзамены ў ВНУ, дакументы будуць прымацца:

  • з 12 да 31 ліпеня — у Акадэміі МУС, Магілёўскім інстытуце МУС, Універсітэце грамадзянскай абароны МНС;
  • з 12 ліпеня да 2 жніўня — у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў;
  • з 12 ліпеня да 4 жніўня — ва ўсіх іншых установах вышэйшай адукацыі.

Паколькі на падачу дакументаў на «бюджэт» даецца ўсяго шэсць дзён, абітурыентам трэба загадзя выбудаваць дакладную стратэгію дзеянняў. Адразу варта вызначыцца з профілем (магчыма, гэта будуць дзве-тры спецыяльнасці) і ўстановай адукацыі, куды хочацца паступіць. Падаваць дакументы лепш у першыя дні, бо калі ахвотных цягнуць да апошняга акажацца шмат, то конкурсная сітуацыя можа рэзка змяніцца ўжо пасля закрыцця прыёмнай камісіі, і абітурыент мае ўсе шанцы застацца за бортам. А вось сітуацыю з падачай дакументаў і сваё месца ў абітурыенцкім рэйтынгу трэба маніторыць пастаянна: інфармацыя аб ходзе падачы дакументаў абнаўляецца кожныя тры гадзіны, а ў некаторых універсітэтах — у рэжыме рэальнага часу.

У многіх ВНУ конкурс праводзіцца па групе спецыяльнасцяў з адзіным наборам уступных экзаменаў, што дазваляе абітурыентам адчуваць сябе больш спакойна.

Але калі становіцца відавочна, што шанцаў няма, трэба дзейнічаць. Ні ў якім выпадку не мітусіцца, а захоўваць моцныя нервы і ясную пазіцыю. Не варта шукаць шчасця ў іншых профілях, трэба спрабаваць паступіць па выбраным, на даўно ўпадабаную спецыяльнасць, магчыма, у іншым універсітэце, дзе меншы конкурс.

У апошні дзень прыёму дакументаў інфармаванне абітурыентаў спыніцца а 15 гадзіне!

Дадатковы шанц

18 ліпеня распачынаюцца ўступныя выпрабаванні, якія праводзяцца непасрэдна ва ўстановах адукацыі. Маюцца на ўвазе экзамены па творчасці, фізічнай культуры, а таксама экзамены для абітурыентаў, якія паступаюць на аснове сярэдняй спецыяльнай адукацыі на скарочаныя тэрміны навучання. Уступныя іспыты арганізаваны толькі ў адну сесію: як для асоб, што паступаюць за кошт сродкаў бюджэту, так і на платнай аснове.

Уступныя выпрабаванні пройдуць:

  • з 18 да 21 ліпеня — ва Універсітэце грамадзянскай абароны МНС;
  • з 18 да 26 ліпеня — у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў;
  • з 18 да 24 ліпеня — у іншых ВНУ.
  • з 18 да 25 ліпеня — у ВНУ сельскагаспадарчага профілю пры паступленні на дзённую форму навучання.

Тэрміны залічэння на «бюджэт» наступныя: да 24 ліпеня — у ВНУ сілавых ведамстваў, да 28 ліпеня — у творчых, сельскагаспадарчых і іншых ВНУ.

Яшчэ адзін шанц, якім абітурыенты могуць скарыстацца, гэта дадатковы набор на бюджэтныя месцы, што засталіся вакантныя. На іх змогуць прэтэндаваць абітурыенты, якія не прайшлі па конкурсе пры паступленні ў іншыя ВНУ, але маюць на руках патрэбныя сертыфікаты або паступалі на іншыя спецыяльнасці ў тую ж ВНУ.

Прыём дакументаў на вакантныя бюджэтныя месцы ў рамках дадатковага набору будзе весціся ў ВНУ сілавых ведамстваў з 26 да 28 ліпеня (залічэнне да 30 ліпеня), у творчых ВНУ — з 30 да 31 ліпеня (залічэнне па 1 жніўня) і ў іншых ВНУ — з 30 ліпеня да 1 жніўня (залічэнне да 3 жніўня).

Тэрміны залічэння на платную форму навучання ў ВНУ сілавых ведамстваў — да 2 жніўня, у творчых ВНУ — да 3 жніўня, у іншых ВНУ (акрамя завочнай формы навучання ў сельскагаспадарчых ВНУ) — да 6 жніўня.

Як сёлета ўкамплектуюцца вышэйшыя навучальныя ўстановы, як укамплектуюцца педагагічныя і інжынерна-тэхнічныя спецыяльнасці, як будуць запаўняцца платныя месцы, даволі цяжка спрагназаваць. Колькасць абітурыентаў, якія зарэгістраваліся на ЦТ, аказалася на 7 % меншай, чым летась (76 888 чалавек). Больш за тое, гэта самы нізкі паказчык за апошнія шэсць гадоў.

А вось колькасць тых, хто не змог пераадолець устаноўлены мінімальны парог на ЦТ, будзе намнога меншая. Пасля ўкаранення новай сістэмы падліку балаў на цэнтралізаваным тэсціраванні ўстаноўленае абмежаванне ў 10, 15 і 20 балаў (у залежнасці ад дысцыпліны) пераўтварылася ў звычайную фармальнасць.

Для аператыўнага рэагавання на звароты абітурыентаў і іх бацькоў па пытаннях уступных экзаменаў працуе тэлефон «гарачай лініі» рабочай групы Дзяржаўнай камісіі па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступных іспытаў у Мінску (017) 327 66 80 і тэлефон «гарачай лініі» Міністэрства адукацыі «Абітурыент-2019» (017) 222 43 12.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Загаловак у газеце: Выбраць прафесію і не памыліцца

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Кіраўнік Мінскай вобласці — аб тым, чаго рэгіён дасягнуў за дваццаць пяць гадоў

Кіраўнік Мінскай вобласці — аб тым, чаго рэгіён дасягнуў за дваццаць пяць гадоў

 Міншчына — самы цэнтр краіны, яна нават сваімі абрысамі нагадвае сэрца. 

Грамадства

Як пад Мінскам сартуюць смецце

Як пад Мінскам сартуюць смецце

Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў і рух за перапрацоўку адходаў «Мэта 99» далі людзям магчымасць на свае вочы пабачыць, як выглядаюць «смеццевыя могілкі».