Вы тут

Дэпутаты Магілёўскага аблсавета вывучылі, як рэалізуецца Дэкрэт № 7


Вялікая прыбраная тэрыторыя, акуратныя вытворчыя памяшканні, людзі ва ўніформе... не, не кураць у цяньку, а дзелавіта ажыццяўляюць вытворчы працэс. На прадпрыемстве «Праметэй» ён няспынны. Тут робяць будматэрыялы, якія сёння вельмі запатрабаваныя як у народнай гаспадарцы краіны, так і ў звычайных спажыўцоў. Прыватнае прадпрыемства — адзін з найбуйнейшых забудоўшчыкаў у Беларусі. За апошнія пяць гадоў ім уведзена ў эксплуатацыю больш за 34 тысячы квадратных метраў жылля.


Прыклады для пераймання

З экскурсіі менавіта на гэта прадпрыемства пачалося выязное пасяджэнне дэпутатаў Магілёўскага аблсавета, у якім прынялі ўдзел і прадстаўнікі парламента, абл- і райвыканкамаў. Генеральны дырэктар ПУВП «Праметэй» Анатоль Федаровіч — наглядны ўзор таго, як чалавек можа рэалізавацца на радзіме. Дарэчы, нават назва прадпрыемства, якім ён кіруе, сімвалічная. Менавіта так называўся той студатрад, камандзірам якога ён быў у гады сваёй маладосці. Чалавек, лічы, сам сябе зрабіў. Сёння яго прадпрыемства здольнае выконваць усе віды будаўніча-мантажных работ — ад праектавання (ёсць сваё праектнае бюро «Дэльта») да ўзвядзення жылых і іншых аб'ектаў «пад ключ». Бізнес стаў сямейным, яшчэ адным прыватным прадпрыемствам, якое вырасла з «Праметэя», — ТАА «Стас Інтэрнэшнл» — кіруе яго сын. Яно спецыялізуецца на выпуску мінеральнай, а таксама салодкай вады на аснове мінеральнай. А вада ў Горках, дарэчы, смачная, у ёй шмат вельмі неабходных чалавечаму арганізму мінералаў. Сакрэт свайго поспеху Анатоль Федаровіч бачыць у тым, што пад яго кіраўніцтвам працуе зладжаная каманда — дарэчы, болей чым з 600 чалавек.

— Хто хоча працаваць, ён будзе працаваць, а хто шукае прычыны нічога не рабіць, заўсёды іх знойдзе, — разважае ён. — Мы працуем 21 год, і ў нас гэта атрымліваецца. Сёння стала менш праверак, гэта плюс — дзяржава больш давярае. Раней было па 17 праверак за год, а сёння 1—2. Па шостым Дэкрэце закупілі шмат тэхнікі сусветна вядомых вытворцаў. Пасля выканання ўмоў інвестыцыйнага дагавора не плацілі ні падатак на дабаўленую вартасць, ні за «растаможку» — гэта вялікая справа: хутчэй акупілася.

Яшчэ адно сучаснае прадпрыемства ТАА «Рэмкам» спецыялізуецца на вытворчасці сельскагаспадарчай тэхнікі і запчастак. Каля 87 % яго прадукцыі ідзе на экспарт у Расію, Малдову, Прыбалтыку, Арменію, Таджыкістан і Казахстан. Тут працуюць 75 чалавек, у іх ліку два кандыдаты тэхнічных навук і пяць аспірантаў.

Дарэчы, на абодвух прадпрыемствах наймальнікі звярталі ўвагу на тыя ўмовы працы, якія ствараюцца для работнікаў. Гэта магчымасць пабудаваць жыллё, годна адпачыць, забяспечанасць індывідуальнымі сродкамі абароны. Існуе заахвочвальная сістэма даплат за стаж і прадукцыйнасць працы. Наймальнікі лічаць, што ў работнікаў павінна быць жаданне працаваць з настроем. Тады ёсць вынік.

Робаты для сельскай гаспадаркі

У Беларусі няшмат раённых цэнтраў, дзе адначасова знаходзяцца салідная сельскагаспадарчая ВНУ — Беларуская сельскагаспадарчая акадэмія — і тэхнапарк. Горкам у гэтым сэнсе пашчасціла.

Горацкі тэхнапарк быў створаны пазалетась і з'яўляецца першым і пакуль адзіным паркам у сістэме Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь. Ён уключаны ў дзяржпраграму інавацыйнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2016—2020 гады. Першыя два яго рэзідэнты з Расіі і Беларусі з'явіліся летась. Расійская кампанія ТАА «Навукова-тэхнічны цэнтр «БелАграРобат» (заснавальнік — маскоўская кампанія ТАА «НТЦ «РобоПРОБ», рэзідэнт кластара інавацыйнага цэнтра «Сколкава») рэалізуе праект, звязаны з кропкавым земляробствам, і збіраецца забяспечыць беларускі (і не толькі) рынак рабатызаванымі глебавымі пробаадборнікамі. Яшчэ адзін рэзідэнт працуе ў галіне жывёлагадоўлі.

— Наша мадэль рабатызаванага глебавага пробаадборніка зроблена сумесна з аўстрыйскімі калегамі, — прадэманстраваў дэпутатам адну з распрацовак генеральны дырэктар кампаніі ТАА «Навукова-тэхнічны цэнтр «РобоПРОБ» Уладзімір Елісееў. — Яна дазваляе непасрэдна на полі на працягу адной гадзіны правесці аналіз глебы і даведацца, колькі спатрэбіцца ўгнаенняў. Цяпер за мяжой існуюць тры асноўныя трэнды: робаты для барацьбы з пустазеллем, для знішчэння шкоднікаў і вызначэння хвароб раслін. За кошт сродкаў інавацыйнага фонду Магілёўскай вобласці і нашых грошай хацелі б зрабіць распрацоўку малога эксперыментальнага селькагаспадарчага робата для барацьбы з пустазеллем. Аналагічныя даследаванні мы вядзём і ў Расіі, але прыйшлі сюды таму, што ў Беларусі для гэтага вельмі спрыяльная глеба. Нам далі магчымасць весці свае даследаванні на вопытна-эксперыментальным заводзе «Прэма». У нашу каманду ўваходзяць як беларускія, так і расійскія вучоныя.

Датчыкі для кароў Оvі-Bоvі, якія дапамагаюць знайсці гатовых для працягнення роду кароў, таксама інавацыйны прадукт. Іх стварыў беларускі фізік Дзмітрый Шырокі, дырэктар ПУП «Размеркаваныя сэнсарныя сістэмы». Прадукт запатрабаваны жывёлаводамі — штучнае асемяненне каштуе нятанна, а правільна вызначыць час, калі карова «саспела», цяжка. Увагу на праблеме засяродзіла жонка Дзмітрыя, ветэрынар па адукацыі. Маўляў, шмат дзяржаўных грошай на гэта сыходзіць беспадстаўна. І Дзмітрый вырашыў гэтую праблему зняць. На думку распрацоўшчыка, такі падыход дасць магчымасць хутка і якасна ўкамплектаваць фермы жывёлай. Па словах Шырокага, у свеце каля дзесяці буйных вытворцаў такіх датчыкаў. Ён паставіў перад сабой задачу стварыць прадукт, які пераўзыходзіў бы заходнія аналагі па функцыянальнасці і пры гэтым каштаваў танней. Але за яго знаходкай чэргі пакуль што не стаяць. Такія датчыкі ў Беларусі набылі толькі некалькі гаспадарак. У якасці станоўчага прыкладу вучоны прыводзіць той факт, што дзякуючы яго вынаходніцтву адбыўся рост рэпрадукцыйнасці жывёл у СВК «Гарадзея» Нясвіжскага раёна.

Горацкаму тэхнапарку таксама прысвоены статус цэнтра падтрымкі прадпрымальніцтва. У рамках міжнароднай тэхнічнай дапамогі праграмы ПРААН і Мінэканомікі і фінансавай падтрымкі Расійскай Федэрацыі тут рэалізуецца праект па стварэнні бізнес-інкубатара. Ён спрыяе занятасці і самазанятасці насельніцтва ў малых і сярэдніх гарадах, дапамагае людзям, якія хацелі б стаць прадпрымальнікамі, зрабіць першы крок. У перспектыве развіццё адукацыйных праектаў, пачынаючы ад школы барыста і заканчваючы IT-курсамі, якія дапамогуць зарабляць грошы анлайн — аддалена. Плануецца на базе тэхнапарка рэалізаваць кластар прыгажосці, кулінарыі і кластар земляробства і аграэкатурызму. Тэхнапарк таксама займаецца дзіцячым кірункам, запусціў праект па праграмаванні і робататэхніцы.

Падвялі вынікі

Пытанне аб прадпрымальніцтве было адным з некалькіх, якія дэпутаты разгледзелі падчас выязнога пасяджэння. Па кожным з іх быў распрацаваны канкрэтны алгарытм дзеянняў.

— Дэпутаты ацанілі ўбачанае станоўча, ёсць добрыя перспектывы, і гэта трэба развіваць, — падвёў вынікі пасяджэння старшыня Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў Дзмітрый Харытончык. — Горкі — горад унікальны перш за ўсё дзякуючы буйной сельскагаспадарчай ВНУ, якая акумулюе моладзь з усёй рэспублікі. І тутэйшы тэхнапарк дазволіць выкарыстаць гэты патэнцыял цалкам. Асабліва цікавая форма дзіцячага тэхнапарка. У цэлым тыя рашэнні, якія ў працэсе абмеркавання падымаліся, патрабуюць далейшага замацавання і прапрацоўкі. Гэта датычыцца і аптымізацыі дзвюх формаў саветаў прадпрымальнікаў, якія зараз існуюць у вобласці і, па сутнасці, дублююць адна адну. Магчыма, лепш пашырыць адзін савет і надаць яму больш паўнамоцтваў, чым утрымліваць два. І прадпрымальнікі ў гэтым зацікаўлены. Разглядаліся таксама пытанні, якія датычыліся карэкціроўкі артыкулаў бюджэту. Дэпутаты падтрымалі прапанову накіраваць значную частку фінансаў на развіццё аховы здароўя — гэта будаўніцтва новай паліклінікі ў Магілёве ў раёне Казіміраўка, завяршэнне рэканструкцыі гарадской радзільні і адкрыццё кардыяхірургічнага цэнтра.

Было прынятае Палажэнне аб Маладзёжным парламенце. З сённяшняга дня мы пачынаем падрыхтоўку да выбараў у яго — плануецца правесці іх у пачатку новага навучальнага года. Большасць нашых калег пайшла па шляху выбрання кандыдатаў на базе школ, а між тым у рэспубліканскі парламент можна дэлегаваць прадстаўнікоў, не маладзейшых за 18 гадоў. Школьнікі, як вядома, пад гэты ўзрост не трапляюць. І мы вырашылі, што раённы і гарадскі ўзровень будзе школьны, а ў абласны парламент змогуць прайсці больш дарослыя кандыдаты ад 16 да 28 гадоў. У абласны маладзёжны парламент вырашана абраць 55 прадстаўнікоў — па колькасці дэпутатаў аблсавета, каб па прыкладзе Мінска замацаваць моладзь за старэйшымі калегамі і каб тыя тлумачылі ім, як і што трэба рабіць. Яшчэ 24 маладыя дэпутаты будуць дэлегаваны ў савет з ліку дзеючых. Выбіраць будзем на чатыры гады, каб малады чалавек меў магчымасць атрымаць нейкі вынік. Таксама зроблена папраўка па размеркаванні сродкаў асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў: яны павінны працаваць, а не ляжаць мёртвым грузам. Па хадайніцтве членаў асацыяцыі яны будуць накіроўвацца на падтрыманне тых ініцыятыў, якія рэалізуюцца з удзелам капіталу саміх жыхароў. На сёння такія заяўкі паступілі з Чавус і Магілёва.

У тэму

Анатоль Хішчанка, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь:

— У мэтах рэалізацыі палажэнняў пункта 6 Дэкрэта № 7 сёлета 19 мая прынятыя дапаўненні ў Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях — у артыкул за непрыняцце мер па належнай арганізацыі дзейнасці юрыдычнай асобы. Кіраўнік будзе больш адказна ставіцца да культуры вытворчасці, тэхнікі бяспекі на сваім прадпрыемстве, бо нясе персанальную адказнасць за неналежную арганізацыю работы.

Алена Каляснёва, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь:

— Я сама жыву ў Горках, і мне вядомыя прадпрыемствы, якія мы наведалі. За імі будучыня. Разлічваць на тое, што прыйдзе нейкі вялікі бізнес з вялікім капіталам, не выпадае. На ТАА «Рэмкам», напрыклад, працуе шмат выпускнікоў Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі, людзі маюць вучоныя ступені, закончылі аспірантуру і свае навуковыя распрацоўкі ўкаранілі ў вытворчасць. А індывідуальны падыход, які яны забяспечваюць у рабоце з кліентамі, гэта проста выдатна, за гэтым будучыня.

Тэхнапарк таксама створаны пры ўдзеле супрацоўнікаў Беларускай сельгасакадэміі. Асабліва цікавы і перспектыўны дзіцячы тэхнапарк з яго робатамі і займальнымі навуковымі эксперыментамі. Галоўнае — патлумачыць людзям, з чаго пачынаць бізнес, як правільна раскруціць ідэю. І калі мы жадаем, каб наш унутраны прадукт фарміраваўся перш за ўсё за кошт малога бізнесу і доля яго дасягнула 38—40 %, такія прадпрыемствы павінны быць.

Нэлі ЗІГУЛЯ, г. Горкі

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Працаваць на сябе

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Кіраўнік Мінскай вобласці — аб тым, чаго рэгіён дасягнуў за дваццаць пяць гадоў

Кіраўнік Мінскай вобласці — аб тым, чаго рэгіён дасягнуў за дваццаць пяць гадоў

 Міншчына — самы цэнтр краіны, яна нават сваімі абрысамі нагадвае сэрца. 

Грамадства

Як пад Мінскам сартуюць смецце

Як пад Мінскам сартуюць смецце

Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў і рух за перапрацоўку адходаў «Мэта 99» далі людзям магчымасць на свае вочы пабачыць, як выглядаюць «смеццевыя могілкі».