Вы тут

У Слуцку пачалі выпускаць краны-волаты


У Слуцку ААТ «БЕЛАЗ»— кіроўная кампанія «БЕЛАЗ-ХОЛДЫНГ» рэалізавала ўнікальны праект па вытворчасці маставых кранаў на тэрыторыі адкрытага акцыянернага таварыства «Кранавы завод». Прадпрыемства будзе выпускаць тэхніку грузападымальнасцю да 240 тон. У свеце налічваюцца адзінкі такіх вытворчасцяў.


Для рэалізацыі інвестыцыйнага праекта была праведзена маштабная мадэрнізацыя. Плошча новага цэха — 6,4 тысячы квадратных метраў. У выніку аб'ём вытворчых плошчаў прадпрыемства павялічыўся на 20 %.

У адкрыцці цэха прынялі ўдзел старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Міхаіл Мясніковіч, міністр прамысловасці Павел Уцюпін, намеснік старшыні Мінаблвыканкама Мікалай Рагашчук.

— Сёння свята не толькі для працаўнікоў завода, але і для жыхароў Слуцка, — адзначыў спікер верхняй палаты беларускага парламента, які, дарэчы, з'яўляецца яшчэ і старшынёй назіральнага Савета «БЕЛАЗ-ХОЛДЫНГ». — Створана каля 40 новых рабочых месцаў для спецыялістаў высокай кваліфікацыі. Толькі за некалькі апошніх гадоў у вытворчасць укладзена 15 мільёнаў еўра інвестыцый. Гэта дазволіла не толькі пабудаваць новы цэх, але і сур'ёзна мадэрнізаваць дзеючую вытворчасць, каб выпускаць канкурэнтаздольную прадукцыю для ўнутранага рынку і на экспарт. Сродкі пайшлі на навучанне кадраў, у тым ліку і за мяжой, на закупку высокатэхналагічнага абсталявання, новых сучасных станкоў ад вядучых еўрапейскіх пастаўшчыкоў, што дазваляе працаваць больш прадукцыйна, а персаналу атрымліваць належную зарплату.

— Вы можаце ганарыцца вынікамі сваёй працы, таму што каля 30 адзінак абсталявання ўстаноўлена, зманціравана і фактычна запускаецца на Беларускай атамнай станцыі. Я асабліва падкрэсліваю гэты факт, таму што на такіх аб'ектах высокі ўзровень патрабаванняў да якасці абсталявання і кантролю за яго работай, — звярнуўся да кіраўніцтва завода і рабочых Міхаіл Мясніковіч. — Часам даводзіцца чуць: вы закончылі мадэрнізацыю на гэтым заводзе? Лічу, гэта няправільная пастаноўка пытання. Калі прадпрыемства хоча жыць, працаваць і канкурыраваць на знешніх рынках, яно павінна пастаянна мадэрнізавацца тэхнічна, удасканальваць маркетынг.

Па словах міністра прамысловасці Паўла Уцюпіна, адкрыццё новай вытворчасці — гэта знакавая падзея для ўсёй прамысловасці Беларусі. Тут будуць выпускаць якасную і больш танную прадукцыю, пашырыцца яе асартымент. За пяць месяцаў выпушчана абсталявання на 3 мільёны 600 тысяч рублёў. Да канца 2019 года з улікам новых магутнасцяў гэты паказчык складзе 15 мільёнаў рублёў. Аб'ёмы вытворчасці павялічацца пыблізна ў тры разы, а ў наступныя гады — на 20—30 %. Будуць вырабляцца краны ад 5 да 240 тон. Гэтае абсталяванне пойдзе на «БЕЛАЗ», «Беларуськалій», «Слаўкалій», ёсць заказы на экспарт.

Рэалізацыя праекта дазволіць максімальна лакалізаваць вытворчасць — да 75 %. Гэта значыць, вырабляць абсталяванне будуць «пад ключ», ад распрацоўкі ідэі да мантажу гатовай прадукцыі, што дасць магчымасць знізіць залежнасць ад сумежнікаў, павысіць наменклатуру мадэляў грузападымальнай тэхнікі, якасць прадукцыі, прадукцыйнасць працы, канкурэнтаздольнасць прадпрыемства на ўнутраным рынку.

— Выпуск магутных кранаў вельмі запатрабаваны ў Беларусі. Раней даводзілася закупляць грузападымальную тэхніку за мяжой, — адзначыў дырэктар Слуцкага кранавага завода Уладзімір Дземідовіч. — Але нашы краны не будуць саступаць імпартным аналагам. Між іншым, яны будуць каштаваць танней, чым замежныя ўзоры. Зацікаўленыя ў набыцці кранаў расіяне, а еўрапейскі сертыфікат якасці дазволіць прадаваць абсталяванне ў краіны Еўропы.

Дадам, што з пункту гледжання нацыянальнай эканомікі праект з'яўляецца эфектыўным, бо ў выніку яго рэалізацыі будзе арганізавана імпартазамяшчальная вытворчасць кранаў высокай грузападымальнасці.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Кіраўнік Мінскай вобласці — аб тым, чаго рэгіён дасягнуў за дваццаць пяць гадоў

Кіраўнік Мінскай вобласці — аб тым, чаго рэгіён дасягнуў за дваццаць пяць гадоў

 Міншчына — самы цэнтр краіны, яна нават сваімі абрысамі нагадвае сэрца. 

Грамадства

Як пад Мінскам сартуюць смецце

Як пад Мінскам сартуюць смецце

Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў і рух за перапрацоўку адходаў «Мэта 99» далі людзям магчымасць на свае вочы пабачыць, як выглядаюць «смеццевыя могілкі».