Вы тут

Пра лясныя прыгоды, якія сёння ператварыліся ў садовае збіральніцтва


На мінулыя выхадныя хадзіла ў маліны. Недалёка — у агародчык пад вокнамі ды на ўчастак за гумнамі. Сёлета іх процьма — вільгаці хапае, ягады буйныя, крамяныя. Патопчашся на месцы, пакруцішся вакол уласнай восі — і ўжо поўны бітончык, прывязаны на поясе, уніз цягне. Так, амаль стоячы на месцы, дзесяць літраў і назбірала. Было б і больш, але ў самых зарасцях сярод чырвоных ягад сядзела ў маленькім гняздзечку і спалохана глядзела цёмным вочкам жоўтая з чорнымі палоскамі птушачка, а з-пад яе выглядвалі тры раскрытыя дзюбкі. Карацей, давялося кінуць тыя маліны і хуценька рэціравацца, каб не ўчыніць лакальнай экалагічнай катастрофы. Зрэшты, хопіць і пасушыць, і на варэнне кожнаму па слоічку. І так ноччу, як пачынала засынаць, галінкі з чырвонымі ягадамі ў вочы лезлі...


attuale.ru

Маліны на ўчастках у вёсцы з'явіліся адносна нядаўна, гадоў мо дваццаць пяць назад, калі моду на ягады каля хаты прывезлі наваспечаныя дачнікі. Яны ж і падзяліліся з мясцовымі першымі «пародзістымі» кустамі, а там ужо гаспадыні адна адной паадкопвалі. Так што ў маліны «ў прамысловым маштабе», з вёдрамі, цяпер мала хто ў лес за некалькі кіламетраў ідзе. Хіба што сабраць які слоік «на лякарства». Бо хатняя — яна хоць і буйная, і «пародзістая», але па водары і смаку да дзікай лясной ёй далёка.

А раней жа пайсці ў маліны было цэлай прыгодай. Растуць гэтыя ягады на свежых лесасеках або на ўскрайку хмызнякоў. Лес у нашых мясцінах нарыхтоўвалі актыўна, часам нейкую новую электрычную лінію пракладвалі ці пад газавую трубу дрэвы высякалі. І тады праз год-два ўсе навакольныя вёскі на тых высечках у ліпені сядзелі. Асабліва запомнілася, як «спляжылі» Круглаўку — так зваліся некалькі невялікіх ляскоў пасярод саўгаснага поля. Менавіта «спляжылі», бо дрэвы згарнулі ў вялікія кучы бульдозерам і так, не прыбіраючы, на некалькі гадоў пакінулі (быў самы разгар перабудовы, падобнага бардаку хапала паўсюль). На наступны год пасля «навядзення парадку» ажылі пакалечаныя дрэвы — некаторыя ледзь не падвешаныя ў паветры, — і пайшоў расці маліннік. Ягад на ім было — аж у вачах мільгацелі. Але дабрацца да іх было не так проста — самыя буйныя раслі акурат наверсе наробленых бульдозерам «пірамід». Даводзілася караскацца па іх на злом галавы, рызыкуючы праваліцца ўглыб кучы, рассыпаўшы ўсе назбіраныя ягады ды яшчэ і паабіваўшы рукі-ногі (некаторым так і «шанцавала»). Але, нягледзячы на падобныя нязручнасці, уся вёска, выгнаўшы раніцай кароў у поле, імкнула на Круглаўку. Статак гналі на абед, а насустрач яму цягнуліся ягаднікі з поўнымі вёдрамі, прычым усе, нават самыя няспрытныя — малін у тое лета хапала ўсім.

Круглаўку нарэшце зраўнялі з зямлёй і засеялі жытам, давялося шукаць новыя лесасекі. Але, калі нават іх не з'яўлялася, заўсёды заставалася Крыніца і Кантрольная — хмызы за вёскай. Крыніца — зразумела чаму, і б'е яна там не адна, а Кантрольная — самая сапраўдная кантрольная паласа на мяжы паміж падзеленымі да 1939-га часткамі Беларусі. Там заўсёды было шмат малінніку, а на «лучках» — невялікіх палянках між кустоў, расла шаўкавістая трава, якую тыя, хто жыў бліжэй, з ахвотай выкошвалі для сваёй скаціны. На адной такой выкашанай лучцы аднойчы мы з мамай назбіралі штук пад сто падасінавікаў. Калупалі маліны, пра грыбы і не думалі, а яны крамяныя, здаровыя, выстраіліся як на парадзе — аж вачам не верылася. Паскідалі кофты, пазвязвалі ў іх рукавы... Так і ішлі па вёсцы з поўнымі самаробнымі клункамі і з паўпустымі бітончыкамі — не да малін ужо было.

Бывалі ў малінах і не вельмі прыемныя здарэнні. На той жа Крыніцы ваша пакорная слуга ўступіла аднойчы ў асінае гняздо. Прычым нават адразу не зразумела, што адбылося, толькі пачула глухое і працяглае «в-у-у-у». Калі ж даўмелася — джгала праз кусты так, што, пэўна, паставіла нейкі рэкорд. Прычым паспяхова — дагнаць мяне змаглі толькі дзве ці тры насельніцы таго разварушанага гнязда... А аднойчы ў Галабурдах, далёка, кіламетраў за шэсць ад вёскі, у малінніку проста на нас з сястрой выскачыў з лесу воўк. Мы спалохана застылі, а ён пастаяў, пацягнуў носам паветра, павярнуўся і падаўся назад у лес. Брат-паляўнічы тлумачыў пасля: пашанцавала, вецер у наш бок дзьмуў, а не наадварот. Інакш маглі б пазнаёміцца з драпежнікам бліжэй... З малінавых кустоў уцякалі і ад дзікай свінні з парасятамі — вісклівы статак нёсся напралом. Толькі выдыхнулі і збіраліся вярнуцца да ягад — проста пад носам прамчаў з грозным рохканнем вялізны сякач, пэўна, бацька свінячага сямейства...

Прынесеныя дамоў сабраныя ягады трэба было яшчэ перабраць — дзеля гэтага са сподачкамі вакол стала ўсаджвалася ці не ўся сям'я, нават самыя меншыя. Пасля за хатай распальваўся агонь, на трыног ставіўся гаршчок або выварка з ягадамі — і на падворку лунаў такі дзівосны водар, які праз усё жыццё застаўся водарам сапраўднага лета і непадробнага шчасця...

Сабраныя сёлета ў агародчыку ягады мы паклалі на сучасную электрычную сушылку, якая стаіць у вясковай хаце ў маім пакоі. На ноч я яе не выключала і ў сне нібы плавала ў малінавым салодкім водары. І на некалькі гадзін усё было амаль як тады, калі дрэвы былі вялікія, лясныя ягады збіралі толькі ў лесе і раслі на палянцы за вёскай крамяныя чырвонагаловыя падасінавікі.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Загаловак у газеце: Малінавае лета

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Работа па вяртанні імёнаў ахвяр канцлагера Штутгаф не спыняецца

Работа па вяртанні імёнаў ахвяр канцлагера Штутгаф не спыняецца

Імя адбіралі: калі ў рэгістрацыйны барак уваходзіў чалавек, то ўжо з наступных дзвярэй выходзіў нумар.

Жыллё

Як даказаць, што сусед сочыць за вамі, а не за злодзеямі

Як даказаць, што сусед сочыць за вамі, а не за злодзеямі

Падобныя звароты ад фізічных асоб — не рэдкасць.

Грамадства

Якую шкоду могуць прынесці бяскрыўдныя цацкі?

Якую шкоду могуць прынесці бяскрыўдныя цацкі?

У сённяшнім быце немагчыма абысціся без хімічных прадуктаў.

Грамадства

Карэспандэнт «Звязды» высвятляла, чаму так цёмна на асветленых вуліцах Магілёва

Карэспандэнт «Звязды» высвятляла, чаму так цёмна на асветленых вуліцах Магілёва

Вечарам прайсціся ўздоўж цэнтральнай вуліцы Першамайскай у Магілёве адно задавальненне.