Вы тут

У БДУІР на першы курс прымуць на 290 чалавек больш, чым летась


План прыёму на дзённую бюджэтную форму навучання у 2019 годзе складае 1233 чалавекі (1088 на аснове агульнай сярэдняй адукацыі і 145 — на спецыяльнасцях са скарочаным тэрмінам падрыхтоўкі на аснове сярэдняй спецыяльнай адукацыі), на дзённае платнае — 1345 (1255 чалавек на аснове агульнай сярэдняй адукацыі і 90 чалавек на аснове сярэдняй спецыяльнай адукацыі).


Набор павялічыўся на факультэтах камп’ютарных сістэм і сетак, інфармацыйных тэхналогій і кіравання, камп’ютарнага праектавання, а таксама на інжынерна-эканамічным.

На 60 чалавек павялічваецца набор на поўны тэрмін атрымання адукацыі ў дзённай форме на адну з самых папулярных спецыяльнасцей БДУІР — «праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій». У 2019/2020 навучальным годзе тут прымуць 240 першакурснікаў на поўны тэрмін навучання і яшчэ 30 — на дзённую скарочаную форму атрымання адукацыі.

Па словах адказнага сакратара прыёмнай камісіі БДУІР Васіля БАНДАРЫКА, за апошнія два гады аб’ём падрыхтоўкі студэнтаў у дзённай форме атрымання адукацыі вырас ва ўніверсітэце на 25%. Павелічэнне набору звязана з заяўкамі ад заказчыкаў кадраў. Спецыялісты ў IT-галіне вельмі запатрабаваныя на рынку працы і ўсе 100% выпускнікоў БДУІР паспяхова размяркоўваюцца.

Яшчэ адной адметнасцю прыёмнай кампаніі бягучага года стала павелічэнне набору больш чым удвая на дзённую форму атрымання адукацыі на спецыяльнасцях са скарочаным тэрмінам падрыхтоўкі для выпускнікоў каледжаў. Больш стала як месцаў, так і спецыяльнасцяў, на якіх будзе весціся набор. Дабавіліся такія спецыяльнасці як «Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій», «Інфакамунікацыйныя тэхналогіі (лічбавае тэлебачанне і радыёвяшчанне)», «Радыёінфарматыка», «Праектаванне і вытворчасць праграмна-кіраваных электронных сродкаў», «Інжынерна-псіхалагічнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій». На бюджэтную форму плануецца набраць 145 чалавек.

«На скарочаную форму навучання паступаюць выпускнікі каледжаў, якія ўжо навучаліся па дадзеным профілі. Яны знаёмыя з асновамі абранай спецыяльнасці. Матывацыя ў маладых людзей высокая, ім важна працягнуць навучанне. І з боку працадаўцаў мы адчуваем вялікую цікавасць да такіх спецыялістаў», — падкрэслівае Васіль Бандарык.

Акрамя таго, усё большай папулярнасцю ў студэнтаў карыстаецца дыстанцыйная форма навучання. Штогод стабільна расце колькасць жадаючых атрымаць якасную IT-адукацыю на дыстанцыі. У 2019 годзе прыём на дыстанцыйнае аддзяленне факультэта інавацыйнай бесперапыннай адукацыі БДУІР будзе праводзіцца па васьмі папулярных спецыяльнасцях: «Аўтаматызаваныя сістэмы апрацоўкі інфармацыі», «Інжынерна-псіхалагічнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій», «Інфарматыка і тэхналогіі праграмавання», «Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі (у бізнес-менэджменце)», «Праграмуемыя мабільныя сістэмы», «Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій», «Электронны маркетынг» і «Эканоміка электроннага бізнесу».

Прыём дакументаў у БДУІР на бюджэтныя месцы і платную форму навучання (пры ўмове здачы ўнутраных уступных выпрабаванняў: для выпускнікоў каледжаў, якія паступаюць на скарочаны форму навучання і рабят, якія па медыцынскіх паказчыках не могуць здаваць цэнтралізаванае тэсціраванне, але могуць вучыцца ва ўніверсітэце) пройдзе з 12 па 17 ліпеня, на поўнае платнае навучанне — з 12 ліпеня па 4 жніўня.

Залічэнне абітурыентаў на бюджэтную форму атрымання адукацыі адбудзецца 26 ліпеня, на платную — 6 жніўня.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».