Вы тут

Як працуе упраўленне па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў Узброеных Сіл Міністэрства абароны


У аўтаматызаваны банк даных «Кніга памяці Рэспублікі Беларусь» унесены ўліковыя запісы пра месцы пахавання больш чым 2,8 мільёна чалавек, якія загінулі падчас вайны. На жаль, звесткі ўстаноўленыя толькі пра прыблізна 527 тысяч з іх. І, як заўважыў начальнік упраўлення па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў Узброеных Сіл Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь Сяргей ВАРАНОВІЧ, працы пошукавікам хопіць яшчэ на доўгія гады.


Толькі за мінулы год на дзяржулік было прынята 44 воінскія пахаванні і 17 пахаванняў ахвяр войнаў. У выніку правядзення архіўна-даследчыцкай работы ваеннымі камісарыятамі, грамадскімі аб'яднаннямі, грамадзянамі ў 2018 годзе былі ўнесены звесткі пра 12 тысяч загінулых, а за гэты год удакладнена і ўнесена ў аўтаматызаваны банк даных інфармацыя ўжо больш чым пра шэсць тысяч чалавек.

У 2018 годзе на рэалізацыю дзяржпраграмы на 2015—2020 гады па ўвекавечанні загінулых пры абароне Айчыны і захаванні памяці ахвяр войнаў выдаткавана больш за два мільёны рублёў. Мясцовымі ўладамі летась праведзены рамонт больш чым на чатырох тысячах магіл вайскоўцаў і ахвяр войнаў. На мемарыяльныя пліты нанесены звесткі больш чым пра дзевяць тысяч чалавек.

52-і асобны спецыялізаваны пошукавы батальён летась праводзіў раскопкі на 67 аб'ектах на тэрыторыі 34 раёнаў усіх абласцей, на пяцідзесяці з іх былі знойдзены парэшткі загінулых. Для далейшага перазахавання мясцовым выканаўчым і распарадчым органам былі перададзены 1913 ахвяр войнаў, з іх 1787 загінулі ў гады Вялікай Айчыннай, 106 — падчас Першай сусветнай, 10 — у ходзе вайны 1812 года. Па выніках палявых пошукавых работ устаноўлены імёны 55 загінулых. Прычым «салдатам памяці» ўдаецца аднаўляць імёны воінаў не толькі апошняй вайны. Так, падчас раскопак у Пастаўскім раёне былі падняты астанкі дзясятка салдат імператарскай арміі часоў Першай сусветнай. Пошукавікі знайшлі тут дзве гільзы з запіскамі, якія, нягледзячы на тое што яны больш за сто гадоў праляжалі ў зямлі, можна прачытаць. Адно з імён ужо вядома, над другім працуюць у архівах.

Сярод буйных знаходак мінулага года — няўлічанае пахаванне на ўскрайку Нясвіжа ў пясчаным кар'еры. Пошукавыя работы зацягнуліся на тры месяцы — былі знойдзены астанкі 1035 мірных грамадзян і 32 ваеннапалонных Чырвонай арміі, расстраляных нямецка-фашысцкімі захопнікамі.

Падчас пошукавых работ каля вёскі Давыдавічы Калінкавіцкага раёна быў знойдзены ордэн Аляксандра Неўскага, па нумары было ўстаноўлена імя яго ўладальніка — старшага лейтэнанта, камандзіра мінамётнай роты. Узнагарода была перададзена пляменніку — Герою Савецкага Саюза, лётчыку-касманаўту Аляксандру Віктарэнку.

За пяць месяцаў бягучага года прынята на ўлік 20 пахаванняў салдат і шэсць — ахвяр войнаў. Усяго ж на 1 чэрвеня на ўлік пастаўлена 7732 пахаванні. Як заўважыў Сяргей Варановіч, калі ў мінулым пры вызначэнні месцаў для раскопак арыентаваліся на звесткі відавочцаў, то сёння палявым работам папярэднічае архіўна-даследчыцкая праца. Свабодны доступ у інтэрнэт, рассакрэчаныя архіўныя дакументы дапамагаюць знаходзіць каштоўную інфармацыю. Працуюць пошукавікі і з картай 1946 года, на якой пазначаліся няўлічаныя воінскія пахаванні. Пасля Вялікай Айчыннай вайны пастановай Савета народных камісараў было прынята рашэнне аб узбуйненні пахаванняў, пераносе астанкаў з розных месцаў у адзіныя брацкія магілы і стварэнні мемарыяльных комплексаў. Але ў тыя часы з прычыны недахопу людскіх рэсурсаў, складанага эканамічнага становішча такія работы не ўсюды былі праведзены і на месцах такіх пахаванняў яшчэ трэба праводзіць пошукавую працу.

На гэты год запланаваны работы на 96 аб'ектах, на дадзены момант ужо адпрацаваны 34. Мясцовым выканаўчым і распарадчым органам для перазахаванняў перададзены астанкі 1500 загінулых, устаноўлены звесткі пра 13 чалавек, якія не вярнуліся з Вялікай Айчыннай вайны.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Загаловак у газеце: Трэба вярнуць яшчэ тысячы імёнаў...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?