Вы тут

Вяслярка Вольга Худзенка: Я яшчэ не хутка спынюся


Пра слёзы, пот і перамогі самага беларускага віду спорту

Нашы весляры сталі сапраўднымі трыумфатарамі ІІ Еўрапейскіх гульняў, на іх рахунку дзесяць медалёў, пяць з іх — залатыя. Вольга Худзенка стала ўладальніцай дзвюх узнагарод вышэйшай пробы, а акрамя гэтага, сярэбраным і бронзавым прызёрам турніру. Такі вынік важны асабліва цяпер, за паўтара месяца да ліцэнзійнага чэмпіянату свету, дзе стане зразумела, ці выступіць Вольга на трэцяй для сябе Алімпіядзе.


Пасля тыднёвага адпачынку дзяўчына зноў днямі знікае на вяслярным канале ў Гомелі, тут спартсмены, не звяртаючы ўвагі на дажджлівае надвор'е і моцны вецер, адпрацоўваюць па дзве трэніроўкі ў дзень. У перапынку паміж імі Вольга расказала карэспандэнту «Звязды» пра свой звілісты шлях у спорце і пра тое, як магла вырасці чэмпіёнка па веславанні ў месцы, дзе няма ніводнага вадаёма.

«На фінішы скаланалася вада»

— Вядома, пачнём з вашага паспяховага выступлення на Еўрапейскіх гульнях у Мінску, раскажыце, якія ўражанні ў вас у цэлым засталіся ад гэтага турніру?

— Гэта было вельмі маштабнае мерапрыемства для нашай краіны, я лічу, што яно прайшло на высокім узроўні. Беларусь паказала сябе ва ўсёй красе, таму ў далейшым, я думаю, яе будуць разглядаць для правядзення сур'ёзных маштабных турніраў. Што да майго выступлення, я, вядома, бязмерна радая медалям. Нам з Марынай Літвінчук (дзяўчаты разам на фота) ледзь не пашанцавала ў байдарцы двойцы на 200 метраў. Літаральна перад заездам пачаўся сапраўдны шторм: шквалісты вецер з дажджом. Мы да апошняга спадзяваліся, што заезд адменяць. Са старту не трапілі ў грабок, але, дзякуй богу, заваявалі «бронзу». У цэлым, я лічу, што мы годна прадставілі сваю краіну — з шасці дысцыплін узялі пяць медалёў. Каманда была максімальна гатовая, мы разумелі, што ўся краіна будзе глядзець на нас, як на фаварытаў, таму было яшчэ і хвалююча. Да таго ж на трыбунах былі мама, сваякі, сябры і знаёмыя з майго горада. Мама па тэлевізары нават ніколі не глядзіць мае гонкі, таму што вельмі перажывае, хвалюецца. Гэта для яе быў першы раз непасрэдна на канале. На папярэдніх заездах яна выбягала з трыбун, настолькі не магла сябе кантраляваць. Але ў плане падтрымкі я яшчэ не адчувала такога патоку сіл, мне здавалася, што на фінішы скаланалася вада.

— Да такіх складаных умоў надвор'я вы былі гатовыя?

— Зразумела, ведаем, што наш канал размешчаны ў такім месцы, дзе ўмовы могуць быць розныя, трэнер нас да гэтага падводзіў. Мы рыхтаваліся да Еўрапейскіх гульняў у Партугаліі, каля акіяна. Там дзьмула кожны дзень, кожную гадзіну.

— Ведаю, што вам не ўдалося пабываць на цырымоніі адкрыцця Гульняў.

— Так, бо мы заязджалі ў Вёску спартсменаў толькі 22 чэрвеня, а вось на цырымонію закрыцця схадзілі. Я ўдзельнічала ў дзвюх Алімпіядах, у Еўрапейскіх гульнях у Баку, але ні разу не была ні на адной з цырымоній, так што для мяне гэта ўпершыню. Такі табун мурашак па целе прабег, калі выходзіла наша каманда, увесь стадыён апладзіраваў стоячы. Гэта невымоўныя эмоцыі.

— Вы адзначалі, што не надта святкавалі свае перамогі.

— На цяперашнім этапе разумеем, што выступілі добра, але праз паўтара месяца спаборніцтвы больш сур'ёзныя — ліцэнзійны чэмпіянат свету, дзе мы павінны ўзяць максімальную колькасць пуцёвак для таго, каб як мага лепш прадставіць краіну на Алімпіядзе ў Токіа.

«Намі рухае алімпійскае «золата»

— Вы з 2013 года не выступалі разам з Марынай Літвінчук у двойцы, з чым гэта было звязана?

— На той момант, можа, я яшчэ была маладая, тэхнічныя нашы магчымасці не супадалі, Марына была ўжо вышэй узроўнем. Магчыма, нам абедзвюм чагосьці не хапала. У нас быў вынік, але не было стабільнасці. Марына вырашыла паспрабаваць двойку з іншымі дзяўчатамі. А пасля таго як яна вярнулася ў спорт пасля нараджэння дзіцяці, мы зноў паспрабавалі сесці разам. Першы старт у двухсотцы летась атрымаўся не вельмі ўдалы, але вырашылі, што трэба папрацаваць яшчэ. Выступілі першы раз за шэсць гадоў на 500 метраў і выйгралі этап Кубка свету. Пачалі адна адну адчуваць, гэта вельмі важна ў камандным экіпажы.

— Наколькі складана падабраць сабе партнёра ў веславанні?

— У першую чаргу людзі павінны супадаць па тэхніцы, потым па сілавых якасцях і па манеры праходжання дыстанцыі. Яны павінны ехаць прыкладна на адным узроўні і праходзіць аднолькавую падрыхтоўку.

— Якія дыстанцыі падабаюцца вам больш за ўсё?

— На трэніроўцы «любімая» — 5 кіламетраў. Складана мне яна даецца, але прыходзіцца пераадольваць сябе для фізічнага развіцця. А на самай справе, мая любімая дыстанцыя — гэта 500 метраў — і ў двойцы, і ў чацвёрцы, і ў адзіночцы. 200 метраў таксама падабаецца, але пакуль мне крыху не хапае стартавай хуткасці. Я працую над гэтым.

— Веславанне — фізічна адзін з самых цяжкіх відаў спорту. Што дапамагае вам пераадольваць вар'яцкія нагрузкі кожны дзень?

— Сапраўды, веславанне можна назваць універсальным відам спорту, таму што ў ім спалучаецца сіла, цягавітасць і цярпенне. Вясляр павінен умець плаваць, скакаць, выконваць сілавую работу і нават на лыжах ездзіць. Што датычыцца штодзённай матывацыі, я думаю, кожны спартсмен адкажа вам, што намі рухае алімпійскае «золата». Ад Алімпіяды да Алімпіяды ты толькі гэтым і жывеш. У мяне ўжо пройдзена двое Гульняў, а нейкая недавыказанасць застаецца. Крыўдная «бронза» ў Рыа... Мне здавалася, мы былі гатовыя на большае, але з-за вядомай усім сітуацыі са зняццем практычна ўсёй нашай каманды, умовы там былі складаныя. Гэта адбілася на нашым выніку. Цяпер намі рухае яшчэ і тое, што хочацца даказаць: мы сапраўды вартыя больш сур'ёзных узнагарод ва ўсіх экіпажах. Кожны дзень ты выходзіш і разумееш, што абавязаны, павінен у першую чаргу сам самасцвердзіцца і даказаць родным, блізкім, трэнеру, што годны гэтых узнагарод.

— Думаеце, калі ў Токіа выйграеце «золата», спыніцеся?

— Не, я яшчэ не хутка спынюся. Але перапынак, хоць бы ў годзік, хацела б зрабіць, таму што тры алімпійскія цыклы — гэта сур'ёзна. Патрэбен адпачынак.

— Эмацыянальна бывае цяжка, ад вас жа пастаянна чакаюць добрага выніку?

— Я стараюся пра гэта ўвогуле не думаць, таму што гэта сапраўды заганяе. Для мяне галоўнае — устаць і паказаць тое, на што я здольная.

— На Еўрапейскіх гульнях вы выйгралі ў алімпійскай чэмпіёнкі, гэта дае дадатковую ўпэўненасць перад ліцэнзійным чэмпіянатам свету?

— Данута Козак — пяціразовая чэмпіёнка Алімпійскіх гульняў, на міжнародных стартах у адзіночцы да гэтага яна прайграла, напэўна, толькі аднойчы, у 2011 годзе. Мне заўсёды здавалася, што яна як робат — непераможная. Летась, калі я стала з ёй у адзін заезд, разумела, што не магу ў яе выйграць, не ўяўляла, што мне трэба зрабіць для гэтага, над чым працаваць. І вось папрацаваўшы яшчэ гадок, я зразумела, што з ёй можна змагацца. Але цяпер я выйграла ў сябе дома, а ў жніўні мы будзем спаборнічаць у яе дома.

«Я была такая слабая, нязграбная, няўстойлівая»

— Вы нарадзіліся ў Хойніках, там развіта веславанне?

— Ды вы што, у нас няма ні аднаго вадаёма, можа, толькі маленькае балота. Я займалася лёгкай атлетыкай, як усе школьнікі, а ў адзін момант хтосьці вызначыў, што ў мяне шырокія плечы, значыць, тэрмінова трэба ісці ў веславанне. У Хойнікі прыехаў мой першы трэнер — Міхаіл Канстанцінавіч Азёмша — і забраў мяне ў Мазырскае вучылішча алімпійскага рэзерву. Не ведаю, што ён ува мне разгледзеў, я была такая слабая, нязграбная, няўстойлівая, выварочвалася раз за разам. Настолькі ў мяне першапачаткова нічога не атрымлівалася. Тэлефанавала, скардзілася маме, ды і першапачаткова не хацела ехаць у Мазыр, але мяне ўсе сваякі ўгаворвалі, пераконвалі, што гэта, магчыма, мой адзіны шанц, каб з'ехаць з Хойнікаў і дасягнуць чагосьці ў гэтым жыцці. Напэўна, на той момант гэта сапраўды было так. А як толькі пайшлі маленькія перамогі, мяне ўсё гэта зацягнула, я любымі спосабамі, за любыя нітачкі хапалася, толькі каб застацца ў гэтым відзе спорту.

— А першыя поспехі прыйшлі хутка?

— Я пачала займацца веславаннем у 14 гадоў, у 18 выйграла юніёрскі чэмпіянат Еўропы ў адзіночцы на 1000 метраў і 500 метраў. У 2009 годзе паступіла ва ўніверсітэт і перайшла трэніравацца да свайго цяперашняга трэнера Генадзя Мікалаевіча Галіцкага. Літаральна праз год набрала вельмі добрую форму, магчыма, падрасла, паразумнела, падужэла фізічна. Генадзь Мікалаевіч накіраваў мяне ў патрэбнае рэчышча. А першым паспяховым годам у дарослых спаборніцтвах для мяне стаў 2011-ы.

— Што для вас значыць перамога сёння?

— Для мяне гэта не проста медаль. Наўрад ці які-небудзь спартсмен, падымаючыся на п'едэстал, успамінае, як яму гэта ўсё давалася, усведамленне прыходзіць праз нейкі час. Гэта слёзы, пот, гэта нервы, няўдачы. Бо на самай справе няма ніякай прамой, шлях спартсмена настолькі звілісты... Простаму чалавеку цяжка зразумець, што перажывае спартсмен падчас штодзённых знясільваючых трэніровак. Асабліва ў такія сур'ёзныя гады, як цяпер, у перадалімпійскія. Таму для мяне перамога — гэта перш за ўсё самарэалізацыя, нагода даказаць трэнеру, родным, блізкім, што ў цябе не дарма ўкладаюць сілы. Калі ты стаіш, развяваецца твой сцяг, іграе гімн — гэта проста невымоўныя адчуванні. Дай бог кожнаму спартсмену гэта адчуць.

— Вам 27, а за плячыма ўжо дзве Алімпіяды...

— У Лондан я трапіла ў 20, гэта ўзровень. Атмасферу тады асабліва не адчула, таму што мы жылі за 30 кіламетраў ад горада, не ў алімпійскай вёсцы. Што датычыцца Рыа, мы з дзяўчатамі прыехалі туды ўчатырох, нават без свайго трэнера. Было цяжка, разумелі, што павінны выступіць за ўсіх. Таму ў Бразіліі атрымаліся незразумелыя гонкі, з незразумелымі эмоцыямі.

— Які адбітак накладвае прафесійны спорт на ваша жыццё?

— Прафесійны спорт мяне вельмі моцна загартаваў як асобу, выхаваў. У кожнага спартсмена не заўсёды бываюць перамогі, часам, вельмі цяжка, але калі шчыра, без яго я наогул сябе не ўяўляю. Нават на адпачынку заўсёды ўмудраюся пайсці на ваду. Да такога ладу жыцця прывыкаеш, гэта становіцца ўжо нармальным.

— Што захапляе вас па-за спортам?

— Люблю чытаць. Аддаю перавагу літаратуры для спартсменаў і біяграфіям. Спрабую вывучаць англійскую мову.

— Чыя біяграфія вас уразіла больш за ўсё?

— Біргіт Фішэр — самая тытулаваная нямецкая спартсменка ў веславанні. Я ёю заўсёды захаплялася, для мяне гэта эталон і прыклад для пераймання. Як чалавек і спартсменка яна мяне вельмі матывуе, таму што Біргіт пачала выйграваць з 18 гадоў і будучы ў 50-гадовым узросце, хацела вярнуцца ў спорт, каб выступіць на Алімпіядзе ў Бразіліі. Нямецкія ўрачы не дапусцілі яе па стане здароўя, але, думаю, яна паказала б нядрэнны вынік там і магчыма нават мне ўдалося б паспаборнічаць са сваім кумірам.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

г. Гомель

Выбар рэдакцыі

Здароўе

​Як абараніць сябе ад кардыялагічных праблем у халодны перыяд?

​Як абараніць сябе ад кардыялагічных праблем у халодны перыяд?

Менавіта зімой павялічваецца колькасць інфарктаў і павышаецца артэрыяльны ціск.

Культура

Успаміны пра Яўгенію Янішчыц

Успаміны пра Яўгенію Янішчыц

Піша Зіновій Прыгодзіч.

Грамадства

У 2023 годзе з'явяцца квоты на рабочыя месцы для людзей з інваліднасцю

У 2023 годзе з'явяцца квоты на рабочыя месцы для людзей з інваліднасцю

У Беларусі на сённяшні дзень звыш 570 тысяч чалавек маюць інваліднасць.

Грамадства

АЭС у Астраўцы гатова да імітацыі работы ядзернага рэактара

АЭС у Астраўцы гатова да імітацыі работы ядзернага рэактара

Першы энергаблок Беларускай АЭС гатовы на 95 %, другі — на 70 %.