Вы тут

Як будзе змяняцца пошта ў эпоху лічбавізацыі


Адыходзячы тыдзень ператварыў Мінск у пляцоўку для абмеркавання праблем і выклікаў, з якімі цяпер сутыкаецца паштовая галіна. Прадстаўнікі аператараў з 30 краін сабраліся ў сталіцы падчас Рэгіянальнага стратэгічнага форуму Сусветнага паштовага саюза для краін Еўропы і Цэнтральнай Азіі. Сусветны паштовы саюз мяркуе правесці сёлета шэсць падобных мерапрыемстваў.


Генеральны дырэктар міжнароднага бюро Саюза Бішар Хусэйн зазначыў, што гэтая структура — адна з найбуйнейшых сетак у свеце.

— Мяркуйце самі: Сусветны паштовы саюз аб'ядноўвае 192 краіны, у якіх працуе больш за 650 тысяч паштовых аддзяленняў. Іх штат, у сваю чаргу, складае больш за сем мільёнаў супрацоўнікаў. Таму мы чарговы раз вырашылі аб'яднаць сумесныя намаганні, каб разгледзець пытанні, скіраваныя на развіццё бізнесу і лагістычнага сектара. Таксама ў нашых інтарэсах зрабіць усё, каб адпавядаць патрабаванням, якія прад'яўляе зараз да нас сусветны рынак. А ў эпоху імклівага развіцця лічбавых тэхналогій гэта актуальна як ніколі, паколькі цяпер рашэнні павінны прымацца хутка. Але мушу зазначыць, што пошта ніколі не была супраць тэхналогій. Наадварот, мы заўжды бралі іх на ўзбраенне, каб аказваць больш якасныя паслугі на сучасным узроўні. Калі не было сучаснага транспарту, мы выкарыстоўвалі коней. З'явілася чыгунка, авіяцыя — мы сталі іх задзейнічаць. Карысць тэлефона і тэлеграфа мы калісьці ацанілі таксама вельмі хутка. З'явіўся інтэрнэт — зрабілі і яго памочнікам. А цяпер будзем выкарыстоўваць дроны і штучны інтэлект.

Як расказаў міністр сувязі і інфарматызацыі Беларусі Канстанцін Шульган, асноўная мэта форуму — вызначыць асноўныя кірункі і перспектывы развіцця паштовай службы. А таксама зразумець, як ва ўмовах лічбавай трансфармацыі будзе развівацца паштовы сектар.

— Немалаважна гэтыя правілы ведаць для таго, каб унутраныя планы беларускай пошты пралічваць з карэкціроўкай на міжнародную стратэгію развіцця. Асноўная задача — давесці нашы цяперашнія паслугі да якасна іншага складу. Гэта праца цяжкая, яна зойме не адзін дзень. Разам з тым інфарматызацыя і аўтаматызацыя ўваходзяць у наша жыццё дастаткова хутка. Яны павінны быць перакладзены на тыя паслугі, якія мы аказваем, для таго, каб некаторыя з іх кардынальна змяніліся, а іншыя набылі больш зручны выгляд для карыстальніка. І ў перспектыве — пашырыць кола паслуг, якія можа аказваць нацыянальны паштовы аператар. Палажэнне аб стварэнні нацыянальнай электроннай паштовай сістэмы, якое ўжо ўвайшло ў закон аб паштовай сувязі, гаворыць аб тым, што акцэнт будзе рабіцца на электронныя паслугі. Але і ад стандартнага набору мы адмаўляцца ні ў якім разе не плануем. Яны будуць паступова набываць электронную абалонку для павышэння якасці паслуг.

Што ж даюць такія форумы? Кожны рэгіён улічвае свае адметныя асаблівасці і кірункі дзейнасці пры фарміраванні глабальнага парадку дня. Паштовыя службы ў свеце падвяргаюцца сур'ёзным выклікам. Але наш паштовы сектар назапасіў вялікі досвед у частцы аказання ўніверсальных паслуг і выканання дзяржаўнага сацыяльнага стандарту. Таму ён — надзейны партнёр для ўрада ў дасягенні Мэт устойлівага развіцця і стварэння трывалай інфраструктуры, якая садзейнічае ўсёабдымнаму ахопу і ўкараненню інавацый.

— Першаснае значэнне набывае пытанне рэгулявання адносін у галіне паштовых паслуг і эфектыўнае комплекснае міжнароднае рэгуляванне, прыкладам якога з'яўляецца дадзены форум, — працягвае Канстанцін Шульган. — Беларусь высока ацэньвае ўклад СПС у развіццё паштовага сектара ў цэлым, а таксама магчымасць весці прамы канструктыўны дыялог з нашымі калегамі на такім высокім сусветным узроўні.

Генеральны дырэктар РУП «Белпошта» Уладзімір Матусевіч прытрымліваецца думкі, што лічбавізацыя паштовых паслуг будзе ісці паступова.

— Мы вельмі рады, што ёсць магчымасць правесці такі форум менавіта ў Мінску, на нашай пляцоўцы. Гэта не толькі выпрацоўка стратэгіі развіцця, але і магчымасць абмену досведам. Ёсць чаму павучыцца ў калег з Еўропы. Напрыклад, развіццю лічбавых тэхналогій, трансфармацыі паштовых паслуг у лічбавую сферу. Ды і так існуе цэлы шэраг пытанняў, пачынаючы ад нарматыўна-прававога рэгулявання да практычнай дзейнасці. Мы ж, у сваю чаргу, імкнёмся пераймаць толькі самае лепшае.

Сярод іншых высокіх гасцей форуму Мінск наведалі намеснік генеральнага дырэктара Міжнароднага бюро СПС Паскаль Кліва, генеральны сакратар «ПостЕўропа» Батонд Сцэбені, генеральны сакратар Панафрыканскага паштовага саюза Юнус Джыбрын.

Рэгіянальны стратэгічны форум Сусветнага паштовага саюза ў Мінску праводзіўся з мэтай падрыхтоўкі да 27-га кангрэса Сусветнага паштовага саюза, які адбудзецца ў Абіджане ў 2020 годзе. Сусветны паштовы кангрэс з'яўляецца вышэйшым органам СПС. Ён склікаецца раз на чатыры гады для разгляду стратэгічных пытанняў паштовай сувязі і вызначае агульную праграму дзейнасці.

Цікава ведаць

Сусветны паштовы саюз быў створаны ў 1874 годзе ў адпаведнасці з Бернскай дамовай. Місія, якая была ўскладзена на арганізацыю 145 гадоў таму, — гэта выпрацаваць міжнародныя нормы паштовага абслугоўвання на ўсіх узроўнях. Гэтую задачу супольнасць выконвае і цяпер. Беларусь стала яе членам у 1947 годзе.

Членства ў Сусветным паштовым саюзе шмат дае нашай краіне. У прыватнасці — магчымасць абмену міжнароднымі паштовымі паведамленнямі па адзіных прынцыпах і тэхналогіях, свабоду транзіту сваіх паштовых адпраўленняў. Пры міжнародным абмене выкарыстоўваецца адзіны парадак узаемаразлікаў па канчатковых выдатках.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове. 

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?