Вы тут

Адбылася навуковая канферэнцыя, прысвечаная аперацыі «Баграціён»


Гэты баявы вопыт вывучаюць гісторыкі ўсяго свету. Аперацыя «Баграціён» стала не толькі адной з самых буйных ваенных падзей у гісторыі (так, з савецкага боку ў ёй было задзейнічана 1,5 мільёна савецкіх салдат і афіцэраў плюс больш чым трыста тысяч партызан), падчас яе савецкае камандаванне апрабавала новыя метады вядзення вайны.


Што адбывалася на беларускай зямлі ў 1944 годзе і які ўнёсак аперацыі ў сусветную гісторыю і канчатковую перамогу ў другой сусветнай вайне, абмяркоўвалі вучоныя падчас канферэнцыі, якая была арганізавана Нацыянальнай акадэміяй навук, Міністэрствам абароны Рэспублікі Беларусь, Дэпартаментам па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі РБ, Нацыянальным архівам.

У канферэнцыі прыняло ўдзел каля пяцісот вучоных — гісторыкаў і архівістаў Беларусі, Расіі, Арменіі, Азербайджана, Германіі, Літвы, прадстаўнікі сілавых ведамстваў, студэнты і курсанты грамадзянскіх і ваенных навучальных устаноў, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый. На форуме абмяркоўваліся найактуальнейшыя пытанні, найноўшыя дасягненні вучоных, прэзентаваліся вынікі апошніх даследаванняў і кнігі, якія падрыхтавалі гісторыкі. Сярод тэм, якія хвалююць сучасных даследчыкаў, праблемы гістарыяграфіі і крыніцазнаўства, нацысцкая акупацыйная палітыка, партызанскі рух і падпольная барацьба на акупаванай тэрыторыі Беларусі, савецкае ваеннае мастацтва падчас Другой сусветнай вайны.

Як заўважыў дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі Вячаслаў Даніловіч, такія маштабныя форумы дазваляюць трансліраваць наш погляд на гісторыю Вялікай Айчыннай вайны, супрацьстаяць спробам фальсіфікацыі мінулага і выпрацоўваць імунітэт супраць такіх спроб, бо ў падобных мерапрыемствах прымаюць удзел не толькі вучоныя, але і моладзь.

Да падрыхтоўкі мерапрыемства падключыліся многія арганізацыі, у межах канферэнцыі дэманстраваліся ўнікальныя архіўныя дакументы, літаратура, якая выдавалася ў часы Вялікай Айчыннай вайны, а таксама экспанаты, якія прывёз Бягомльскі краязнаўчы музей.

У час канферэнцыі бібліятэка Акадэміі навук папоўнілася каштоўнымі экспанатамі — дырэктар нямецкага выдавецтва ЕNОS Клаўс-Дзітар Цэнтграф перадаў нумары газеты «Чырвоная армія», якія былі надрукаваны ў 1944 годзе і сведчаць пра вызваленне вялікіх тэрыторый падчас аперацыі «Баграціён». Ваенныя журналісты, якія выдавалі гэту газету, падарожнічалі разам з часцямі Чырвонай Арміі, асвятлялі ваенныя падзеі, якія адбываліся ў той час. Газеты праехалі праз палову Еўропы, а пасля заканчэння вайны падшыўка некалькі дзесяцігоддзяў захоўвалася ў Германіі. Таксама некалькі нумароў газеты «Чырвоная армія» нямецкі даследчык перадаў у Беларускі музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Фота Андрэя САЗОНАВА

Загаловак у газеце: Перамога кавалася ў Беларусі!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

У апошнія гады тэма раўнапраўя паміж мужчынамі і жанчынамі перажывае новую хвалю росквіту.

Культура

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Гісторыя аднаго выступлення.