Вы тут

Як пад Мінскам сартуюць смецце


Пабачыць 32 гектары адходаў, каб адмовіцца ад лішніх пакетаў

Такую мэту паставілі перад сабой актывісты сацыяльнай кампаніі «Пакед, пакет!». Яны спадзяюцца, што мінчане, якія трапілі на палігон «Трасцянецкі» і смеццеперапрацоўчы завод побач з ім, цяпер тройчы падумаюць, перш чым пакаваць два апельсіны ды тры агуркі ў асобныя пакеты. Праблема празмернага выкарыстання ўпакоўкі павялічваецца тэмпамі, угнацца за якімі амаль немагчыма. Штогод сталіца прадукуе 2 тысячы тон пластыкавых пакетаў (1 мільярд штук), якія выкідваюцца часцей за ўсё пасля першага ж выкарыстання. Па прагнозах экспертаў, магчымасцяў палігона пад мікрараёнам Сосны хопіць яшчэ гады на тры. А што далей?..


Ці зменяцца спажывецкія звычкі?

Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў і рух за перапрацоўку адходаў «Мэта 99» далі людзям магчымасць на свае вочы пабачыць, як выглядаюць «смеццевыя могілкі», і задумацца, ці варта адгукацца на прапанову на касе пра «бясплатны» пакет. Ідэя заканадаўча абмяжоўваць ужыванне пластыкавай упакоўкі, магчыма, і прынясе нейкія вынікі, аднак найлепш працуе менавіта ўласны прыклад. Калі бацькі будуць хадзіць па пакупкі з сумкамі, а не прыносіць штораз з крамы новы поліэтыленавы пакет з мноствам дробных фасовачных пакецікаў, а таксама сартыраваць смецце, якое падлягае перапрацоўцы, — тое ж будуць рабіць і дзеці. На экскурсію па палігоне і заводзе нас, дарослых, запрашалі якраз з малымі, каб яны «адчулі» смецце і вачыма, і носам.

— На думку вучоных, прыблізна 40 % упакоўкі служыць нам менш чым месяц. Адзін месяц выкарыстання — і мы атрымліваем смецце, якое будзе жыць сотні гадоў, — кажа Наталля ГРЫНЦЭВІЧ, дырэктар дзяржустановы «Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў». — Паказваючы людзям, як выглядае палігон, мы спадзяёмся, што яны больш не будуць бяздумна ставіцца да ўпакоўкі і зменяць свае спажывецкія звычкі.

Ідэя не браць пакеты на касе мае сэнс, ведаю гэта на ўласным вопыце. Адмаўляюся ад іх каторы месяц, і ў крамах, дзе з'яўляюся больш-менш рэгулярна, ужо не здзіўляюцца гэтаму і не ўгаворваюць, паўтараючы, што яны бясплатныя. А днямі касір, прыгледзеўшыся да мяне і пра нешта падумаўшы, замест звыклай фразы: «Ці патрэбны вам пакет?» — спытала ўжо хутчэй сцвярджальна: «Вам пакет не патрэбны?» Так што няхай малюсенечкі, але крок на шляху памяншэння колькасці пластыку мы з ёй зрабілі.

Тым не менш у Беларусі штомесяц вырабляюць больш за 700 тон ПЭТ-пакетаў, з якіх 200 тон — фасовачных і нібыта бясплатных. Ці такія яны бясплатныя і хто за іх плаціць, нам расказалі спецыялісты.

Што куды

На смеццеперапрацоўчым сарціровачным заводзе прадпрыемства «Спецкамунаўтатранс», што каля палігона «Трасцянецкі», прысутным выдалі маскі, каб асабліва ўражлівым асобам не стала дрэнна ад паху, і правялі невялікі экскурс у гісторыю стварэння прадпрыемства.

Пачаў работу завод у 2016-м, тады ж задумаліся над тым, каб павялічыць колькасць другасных матэрыяльных рэсурсаў (ДМР), якія вымаюцца са смецця, і зменшыць аб'ёмы не прыдатных ні да чаго адходаў.

За год мінчане «прэзентуюць» прадпрыемству больш за мільён тон цвёрдых камунальных адходаў (ЦКА). Вымаюць з гэтага смецця другасныя рэсурсы ўручную (не самая зручная тэхналогія, але іншай не існуе).

Смеццявозы на ўездзе на прадпрыемства ўзважваюць. Пасля разгрузкі таксама ўзважваюць — так разумеюць, колькі смецця прыбыло на перапрацоўку. Далей адходы трапляюць у прыёмнае аддзяленне, дзе высвятляецца, ці ёсць тут што карыснае для перапрацоўкі. Адтуль смецце паступае на лініі сарціроўкі. Спачатку сарціроўшчыкі адбіраюць шкляную тару, слоікі, бутэлькі, рэшткі посуду, тарнае шкло і смецце буйных памераў. (Шлях апошняга — на палігон, шкло ідзе ў кантэйнеры для наступнай перапрацоўкі.) Астатняе трапляе па лініі далей — у вялікі барабан, дзе механічна адсарціроўваюцца і прэсуюцца арганічныя адходы.

— Адтуліна памерам 70 мм аптымальная, каб ПЭТ-бутэлька ці шкло, што трапіла сюды, не правалілася і не пайшло ў звычайнае арганічнае смецце, якое адправіцца на схаванне, — тлумачыць Аляксей ТАРАРУК, начальнік вытворчасці УП «Спецкамунаўтатранс».

На лініі сарціроўкі кожны работнік адбірае дакладны від карыснага смецця, якому можна даць другое жыццё. (Тое, што перапрацоўцы не паддаецца, адвозіцца за межы сарціроўкі і «едзе» на палігон.) З адной лініі па трубе-мяху ў сеткавы кантэйнер выскокваюць ПЭТ-бутэлькі. Пластыкавая бутэлька з накрыўкай, перш чым быць спрасаванай і адправіцца на перапрацоўку, праколваецца. З другой лініі праз адтуліны ў спецыяльныя загоны мякка апускаецца поліэтыленавае смецце. З трэцяй гэтак жа плаўна вылятаюць папера і кардон. Гэтая сыравіна таксама пасля адправіцца на перапрацоўку.

Спецыяльным вялізным магнітам — сепаратарам прыцягваецца металічнае смецце: бляшанкі, упакоўкі з-пад лаку для валасоў і іншае, што таксама будзе перапрацавана.

Згубленыя ў смецці

Праблема, якая непакоіць людзей і пра якую яны найчасцей пытаюцца: «Чаму з усіх трох кантэйнераў для асобнага збору смецця адходы забіраюцца адным смеццявозам, ці варта ў такім выпадку сартаваць?». Варта, упэўнены спецыялісты, бо пасля гэтае смецце едзе на дасарціроўку і адпраўляецца на перапрацоўку. Нават ПЭТ-бутэлькі, якія складваюцца ў кантэйнер для пластыку, маюць розны склад, і іх трэба перабіраць, у тым ліку нават па колеры.

— Забіраючы адходы адным транспартам, мы можам плаціць за вываз пэўную суму, бо калі за кожным відам другасных рэсурсаў будзе прыязджаць асобны транспарт, паслуга падаражэе ўтрая.

Наступнае пытанне, якое паступіла ад турыстаў: «Ці можна вярнуць каштоўную рэч, якую незнарок сам выкінуў у смецце?».

— Аўтамабіль не ездзіць хаатычна, а ходзіць па пэўным маршруце, таму можна высветліць, у якім смеццявозе паехалі адходы з вашай сметніцы, — тлумачыць спецыяліст. — Аднойчы мы, напрыклад, вярнулі канспект дзяўчыне, якая высветліла, што смеццявоз пайшоў да нас на завод. Нас папярэдзілі пра здарэнне, і мы
знайшлі-адсарціравалі яго з агульнай масы паперы.

Пасля цэха мы адправіліся на незвычайны шпацыр на палігон. Карціна тут амаль што апакаліптычная. Гектары рознакаляровага смецця ў кар'еры, бясконцыя машыны, якія, здаецца, штохвілінна падвозяць новыя адходы, а над усім — безліч крылатых жыхароў палігона: чаек, якія з крыкамі лунаюць у паветры... Міжволі задумваешся, што калі не мяняць свядомасць, свет ператворыцца ў такую вось звалку, жыхарамі якой мы ўсе станем і будзем сноўдаць па ёй па калена ў смецці ў пошуках чагосьці патрэбнага.

Дайце ім шанц

Для кожнага віду ДМР існуюць патрабаванні. Забруджаная папера, на жаль, не можа быць перапрацавана і заканчвае жыццё на палігоне. Бутэлькі, у якіх застаецца нейкая вадкасць, таксама не трапяць на перапрацоўку, бо гэта патрабуе занадта вялікіх трат, заўважыў Аляксей Тарарук.

— Каб аблегчыць нам працу, кладзіце ў кантэйнеры для асобнага збору смецця хаця б тое, што абазначана на іх, — заклікаў прадстаўнік Спецкамунаўтатрансу. — Бясплатныя пакеты, якія вам даюць на касе, насамрэч не бясплатныя, а ўключаны ў кошт тавару. Павінен прайсці час, каб вытворцы сталі карыстацца шматразовай тарай.

Пакеты з-пад малака, перш чым выкінуць, мыць не трэба. А вось цэлафан лепш адчысціць ад рэшткаў ежы. Паперу таксама варта выкідваць сухую і незабруджаную, каб даць ёй шанц.

— Мы пачалі асобна сартаваць для перапрацоўшчыкаў блакітныя ПЭТ-бутэлькі, асобна — тэтрапакі. Тона празрыстай ПЭТ-бутэлькі, напрыклад, каштуе больш за 800 рублёў, — расказвае спецыяліст. — А накрыўкі ад пластыкавых бутэлек — увогуле каштоўная сыравіна. Калі збераце мех такога смецця і завезяце на перапрацоўчы завод «Рэпласт», што ў Магілёве, ваша паездка акупіцца выручанымі за гэтае смецце грашыма.

Самае галоўнае — прывучыць сябе сартаваць смецце і не кідаць, не задумваючыся, у сметніцу ўсё запар. А яшчэ лепш — старацца набываць тавары ў тары, прыдатнай для перапрацоўкі, шкле ці паперы, і перадаваць дзецям гэтую звычку.

Ірына СІДАРОК

Фота Андрэя САЗОНАВА

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Ці патаннее жыллё ў наступным годзе?

Ці патаннее жыллё ў наступным годзе?

А што ў сталіцы — тое і ў рэгіёнах.

Спорт

Спартыўны псіхолаг Кацярына Буча распавядае, ці лёгка вырасціць чэмпіёна

Спартыўны псіхолаг Кацярына Буча распавядае, ці лёгка вырасціць чэмпіёна

Як правільна вызначыць від спорту, які падыходзіць для вашага дзіцяці, ці варта ўвогуле прымушаць яго хадзіць на трэніроўкі?

Грамадства

«На паводзіны Любы не было нараканняў». Наколькі складана выхоўваць дзіця з сіндромам Даўна

«На паводзіны Любы не было нараканняў». Наколькі складана выхоўваць дзіця з сіндромам Даўна

Даша нарадзіла раней за тэрмін з дапамогай кесаравага сячэння. 

Грамадства

«Тут у некаторых па дзве вышэйшыя адукацыі». Расказваем, як і чым харчуюцца бяздомныя

«Тут у некаторых па дзве вышэйшыя адукацыі». Расказваем, як і чым харчуюцца бяздомныя

Яны з розных прычын засталіся без дому і сродкаў на пражыванне.