Вы тут

На «Славянскім базары» ўпершыню прайшоў вялікі КВЗ-канцэрт


«Мы абавязкова прыдумаем жарт пра Віцебск», — паабяцалі ігракі розных каманд. Сабралі аншлаг і абяцанне стрымалі: было смешна, вельмі смешна і зусім смешна.


Віцебская публіка з захапленнем прымала чэмпіёнаў і фіналістаў Вышэйшай лігі Міжнароднага саюза КВЗ — каманды «Саюз» (Цюмень), «Трыед і дыёд» (Смаленск), «Руская дарога» (Армавір) і «Плюшкі імя Яраслава Мудрага» (Цвер), а таксама землякоў — суровых і добрых «Belarusаў» з Мінскага трактарнага завода і дзіцячую віцебскую каманду гімназіі нумар 8 «Кролікаў-ваяроў», якая паспела ўжо «засвяціцца» ў тэлеэфірах школьнай лігі.

Наогул, беларусы ўмеюць не толькі смяяцца, але і жартаваць. Прыгадаць хоць бы чэмпіёнскі склад каманды БДУ на чале з Віталем Шляпо, якая ў 1999 і 2001 гг бліскуча выйгравала сезоны, а пазней стаяла за стварэннем самых смешных расійскіх тэлесерыялаў, альбо «хітра-жоўтую» каманду ЧП — бронзавых прызёраў Вышэйшай лігі КВЗ у 2005-м. Цяпер новы час, новыя гульцы і жарты — а добрае пачуццё гумару па-ранейшаму ў цане. Яго і прывезлі ў Віцебск госці з розных куткоў Расіі і Беларусі.

«Самы вясёлы, знаходлівы і сексуальны чалавек, па версіі яго бацькоў», ігрок зборнай Камызякскага краю па КВЗ Дзяніс Дорахаў разагрэў публіку прапановай прыдумаць пытанні да ігракоў: «За лепшае пытанне будзе прыз, я недачуў, ці то Ламбарджыні Д’ябла, ці то грамата, але будзе».

«Дзе ты быў?» — «У спонсара». — «Вось заўжды ён так ад бабулі вяртаецца». — «Ён хоць так, а ты з лішнімі кілаграмамі!». «Руская мова — гэта проста беларуская з памылкамі», «Сынок, ты будзеш гарбату... альбо інжынерам?» — з немудрагелістых, але забаўных мініяцюр адкрылі канцэрт «Кролікі-ваяры».

«Беражонага Бог беражэ, гэта ён сам асабіста сказаў», «Бывай, горад на віне!»... Эксперыментальныя распрацоўкі, вострыя жарты і змрочнае абаянне КВЗшнікаў з трактарнага завода знайшлі ў зале поўнае разуменне і гарачае захапленне

Любімыя публікай «гопнікі» са Смаленска Чэрап і Жыгуль разам з усёй камандай прывезлі ў падарунак песні, разетку, зробленую ўласнаручна, пераканаўчы рэп-батл паэтаў ХХІ і ХІХ стагоддзяў, сексуальныя намёкі з савецкага кіно і жарты на мяжы фолу, якія, зрэшты, прыйшліся даспадобы.

«Плюшкі імя Яраслава Мудрага» вызначаюцца фірменным гумарам: «Ты атрымала падарунак на дзень нараджэння?» — «Так. Старога пацука!» — «Ох, гэтая Белпошта... Я ж нічога не адпраўляў». «Дзяўчына, чаму вы не танцуеце?» — «Можа, таму што мы ў ліфце?», «Па дакументах мы не каманда КВЗ, а вішнёвы «кашкай» 2006 года»... Не, літарамі перадаць не атрымаецца — гэта трэба чуць жыўцом.

«А што вы такія сумныя сядзіце, быццам гэта вы з Армавіра прыехалі?» — распытвала гледачоў каманда «Руская дарога». І расказала, што такое клуб сумнага курэння, чаму «з шэнгенам не тыя адчуванні», як чытаюць гангста-рэп у Армавіры і навошта ў Віцебску шуба (спойлер: у +8 градусаў на начных канцэртах вельмі нават не зашкодзіць).

Закрываў канцэрт цюменскі «Саюз» — «Отсталые в развитии шикарные артисты», скарочана ОРША«. «Нагадваю: вы не дома, вы ў гасцях». — «Дзякуй». — «Дзякуй за гэта Гарбачову скажыце!». «У цябе дэбілы ў родзе былі?» — «Не». — «Выступае адзіны ў сваім родзе...». «У мяне проста косць шырокая!» — «Ніколі не бачыў, каб косць з бакоў звісала». «У вас наогул мазгі ёсць?» — «Што ёсць, таго няма!». «Прыязджайце да нас у Цюмень, у нас нядаўна адкрылі новы кінатэатр, боўлінг, турму... Ёсць дзе пасядзець».

А потым гледачы насамрэч зладзілі камандам дывановую бамбардзіроўку пытаннямі, і можна яшчэ паспрачацца, у каго выходзіла лепш — у ігракоў ці публікі. «Чаму кожнае лета КВЗ праходзіць у тых месцах, дзе холадна і няма сцен?», «У Салігорску прыдумалі салёнае піва, у Гомелі — валошкавае марозіва. А як яшчэ развіць турызм у Беларусі?» — «Як у Баранавічах прыдумалі, з’язджаць з Баранавічаў». «Кажуць: убачыць Парыж і памерці. А што вы можаце сказаць пра Беларусь? — Пачуць Саладуху і заплакаць...»

Адрагатаўшы на працягу трох гадзін прывітанне, размінку і музычны фрыстайл, разыходзіліся КВЗшнікі і 6-тысячная зала Летняга амфітэатра пад апладысменты, цалкам задаволеныя адзін адным. Абяцалі сустрэцца налета.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Выбар рэдакцыі

Культура

Больш за 100 літаратараў з усіх рэгіёнаў краіны возьмуць удзел у мерапрыемствах Дня беларускага пісьменства

Больш за 100 літаратараў з усіх рэгіёнаў краіны возьмуць удзел у мерапрыемствах Дня беларускага пісьменства

Свята, якое ўжо традыцыйна ладзіцца ў першую нядзелю верасня, сёлета прымае Слонім.

Грамадства

Як працуюць сядзелкі

Як працуюць сядзелкі

Попыт на сядзелак ці медсясцёр, якія могуць даглядаць цяжка хворых людзей на даму, пастаянна расце.

Культура

Алесь Родзім: Рабілі «афармілаўку» для калгасаў, вярталіся ў свае падвалы і працягвалі маляваць

Алесь Родзім: Рабілі «афармілаўку» для калгасаў, вярталіся ў свае падвалы і працягвалі маляваць

Беларускаму складніку Тахелеса прысвечаны арт-фестываль «Міфалагема тысячагоддзя», што адкрыўся ў прасторы Ок16 15 жніўня.