Вы тут

Ці паедзе Гран-пры «Славянскага базару» ў Казахстан?


У другі конкурсны дзень 16 маладых артыстаў выконвалі сусветна вядомыя хіты — у суправаджэнні мінусавой фанаграмы і балета «Тодэс».


Ваня Зданюк экспрэсіўна праспяваў песню Natural гурта Imagine Dragons — і ўразіў журы на 88 балаў. Спявак падзякаваў сваёй маме — галоўнай балельшчыцы, камандзе прадзюсарскага цэнтра «Спамаш», з якой некалькі месяцаў рыхтаваўся да конкурсу, суддзям і гледачам — «вы самыя лепшыя, і без вас артыстам нікуды».

Прадстаўніца Кітая Сыін Лі ўразіла не столькі конкурснай песняй, колькі кітайскай народнай — але наспявала толькі на 71 бал.

Адзільхан Макін з Казахстана па-ранейшаму дэманстраваў напружаную драматургію, моцны голас і вялізны яго дыяпазон — і аказаўся настолькі пераканаўчым, што зноў атрымаў амаль максімум, 90 балаў.

84 — гэта ацэнка Ілай з Ізраіля.

ThEO са Швейцарыі ў сваім нумары паклаў на падлогу добры дзясятак анёлаў-танцорак і ўпаў сам. На жаль, у агульным рэйтынгу таксама — усяго 73 балы.

Армянская ўдзельніца Моніка Манучарава прадэманстравала клуб-кабарэ і схільнасць да джазу. Атрымалася крыху лепш, чым у першы дзень — 81 бал.

Інтэрнацыянальная песня Лідзіі Брэска з Латвіі — прыгожая іспанамоўная балада «залатога голаса Ізраіля» Ясмін Леві «Я сыходжу» — прынесла ўдзельніцы 81 бал.

Сваю версію Уітні Х’юстан паспрабавала стварыць на сцэне Летняга амфітэатра Чэс з Мальты. Атрымалася гучна, бліскуча і на 79 балаў.

Конкурсная песня расіяніна Івана Дзятлава «Я здаюся» — канешне, метафара. Нікому артыст здавацца не збіраўся, што і паказаў журы і гледачам. Вынік — 83 балы.

Лідзія Ісак узяла хіт не кагосьці, а Адэль — песню няпростую для выканання і ўспрымання. А яшчэ прымусіла вядучых спяваць разам з ёй на румынскай. Зарабіла ад журы 84 балы і не засмуцілася.

Была на конкурсе і свая новая Селін Дзіон — Паўліна з Літвы. Білет на «Тытанік» суддзі ацанілі ў 72 балы.

Ліліі Мінасян, якая прадстаўляе Польшчу, размаўляе ажно на чатырох мовах: армянскай, польскай, англійскай і крыху на рускай. Дый спявае дастаткова ўпэўнена: 81 бал ад журы.
Нікі Танеў з Балгарыі замахнуўся на пераможны і скандальны хіт «Еўрабачання» пра адраджэнне фенікса,іх якім перамог(ла?) Канчыта Вурст. Было відовішчна і, па меркаванні прафесійнага журы, заважыла на 81 бал.

У падарожжа да Нотр-Дам у — яшчэ не знішчанага пажарам — запрасіў публіку ўкраінец Дзмітрый Бабак. Загалоўная песня з аднайменнага мюзіклу гучала ўсяго на адзін голас, але ад гэтага не менш прыгожа. Аднак толькі 81 бал.

Эміна з Германіі прымусіла сумнявацца, ці мы на конкурсе песні, ці трэба проста прыгожа хадзіць па сцэне. Журы таксама, відаць, разгубілася і паставіла 76 балаў.

Грузін Георгій Путкарадзэ так пранікнёна і чулліва праспяваў кампазіцыю «Яна», што, мабыць, кожная дзяўчына не толькі ў зале, але і перад экранам тэлевізара адчула: гэта для яе. 85 балаў — і гэта адзін з прэтэндэнтаў на прэмію конкурсу, толькі пакуль невядома, якой вартасці.

Такім чынам, лідар пасля двух дзён — прадстаўнік Казахстана са 178 баламі, у артыстаў з Грузіі і Ізраіля па 171 балу, на рахунку спевака з Беларусі — 170. Але інтрыга захоўваецца: ці будзе Гран-пры? Ці падзеляць І прэмію альбо старшыня журы скарыстаецца плюс адным голасам і перайграе расклад? Усё гэта стане вядома ўвечары 15 ліпеня. І мы абавязкова раскажам!

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Галiна Левіна: Помнiк — не канструктар i не чарцёж, яго трэба перажыць, выпакутаваць

Галiна Левіна: Помнiк — не канструктар i не чарцёж, яго трэба перажыць, выпакутаваць

У архiтэктара Галiны Левiнай — Хатынь, творчая спадчына яе бацькi.

Грамадства

Прэмiя прыгажосцi. Дзеля чаго людзi кладуцца пад нож пластычнага хiрурга?

Прэмiя прыгажосцi. Дзеля чаго людзi кладуцца пад нож пластычнага хiрурга?

Як сведчаць шматлiкiя даследаваннi, прывабным людзям прасцей прабiцца ў жыццi i яны дасягаюць у кар'еры большага поспеху. 

У свеце

Як Еўропа аднаўляецца ад кавiднага ўдару?

Як Еўропа аднаўляецца ад кавiднага ўдару?

Сёлета еўрапейская эканомiка будзе перажываць глыбокую рэцэсiю з-за ўспышкi каранавiруса, нягледзячы на хуткiя i ўсёабдымныя антыкрызiсныя меры як на саюзным, так i на нацыянальным узроўнi.

Эканоміка

Тонкае мастацтва дабрабыту. Складаем сямейны бюджэт разам са спецыялістам Нацбанка

Тонкае мастацтва дабрабыту. Складаем сямейны бюджэт разам са спецыялістам Нацбанка

2020 год паставіў усіх нас перад неабходнасцю дакладна планаваць свае выдаткі.