Вы тут

Пра выстаўку «Белае, чырвонае, чорнае: сімволіка колеру ў народнай культуры»


На «Славянскім базары ў Віцебску» адкрылася цікавая выстаўка «Белае, чырвонае, чорнае: сімволіка колеру ў народнай культуры». Экспанаты — з фондаў музея Гомельскага палацава-паркавага ансамбля. Іх можна ўбачыць у самым вядомым віцебскім будынку — у гарадской ратушы.


На віцебскім міжнародным фестывалі мастацтваў штогод па традыцыі прэзентуюць вельмі шмат выставак. І сёлетні фестываль не стаў выключэннем. Таму вельмі цяжка здзівіць гледачоў, як бы шчыра гэтага ні хацелася. Але гомельскім музейшчыкам удалося зрабіць цуд. Сведчанне таму — на прэзентацыі выстаўкі было шмат публікі. І гэта ў дзень, калі ў горадзе паралельна існавала мноства іншых цікавых лакацый для наведвання.

Выстаўка «Белае, чырвонае, чорнае: сімволіка колеру ў народнай культуры» расказвае пра вытокі ўтварэння бел-чырвона-чорнай «трыяды» і яе выкарыстанне ў сусветнай культуры. Яна дае ўяўленне пра сімволіку вытканых і вышытых узораў, якія ўпрыгожвалі адзенне і прадметы побыту нашых продкаў, а таксама пра трансфармацыю ўяўленняў аб прыгажосці і актыўнае ўкараненне палітры фарбаў у народную традыцыю.

На выстаўцы прадстаўлены прадметы хатняга ўбрання (ручнікі, посцілкі), дэталі жаночага і мужчынскага традыцыйнага адзення (кашулі, галаўныя ўборы, паясы і іншае). Разглядваючы іх, можна прасачыць эвалюцыю арнаментаў: ад архаічных, напоўненых сакральным сэнсам, да дэкору, прыўнесенага цывілізацыяй.

У розных рэгіёнах Гомельскай вобласці гэтыя працэсы ішлі па-рознаму, што паўплывала на ўзнікненне рэгіянальных асаблівасцяў у адзенні і фарміраванне народных строяў...

Паводле слоў намесніка дырэктара па навуковай рабоце Віцебскага абласнога краязнаўчага музея Валерыя Шышанава, сёлета Гомельскі палацава-паркавы ансамбль святкуе сваё стагоддзе. І канешне, вельмі лагічна, каб унікальныя калекцыі ўбачылі не толькі ў абласным цэнтры. Таму віцебскія калегі вельмі рады супрацоўніцтву.

І адкрыццё выстаўкі — гэта знакавая падзея не толькі для віцебскага музея, але і для ўсяго «Славянскага базару», тым больш што ў гэтыя дні на фестывалі часта можна ўбачыць людзей у нацыянальных касцюмах. Сучаснае адзенне з арнаментам усё больш у трэндзе. І вельмі цікава параўноўваць, зразумець, адкуль карані, чаму менавіта так, а не інакш выглядае нешта на адзенні.

На цырымоніі адкрыцця выстаўкі галоўны спецыяліст упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама Дзяніс Юрчак ад імя ўсіх прысутных выказаў вялікую ўдзячнасць арганізатарам. Дзякуючы ім можна паспрабаваць зразумець, як успрымалі свет нашы продкі. У колеры і арнаменце яны адлюстроўвалі сакральны сэнс. У народнай культуры існуюць векавыя традыцыі выкарыстання колеру, сказаў ганаровы госць.

На выстаўцы прадстаўлены традыцыйныя касцюмы з розных раёнаў поўдня Беларусі. І кожны мае свой каларыт, гармонію, свае адметныя асаблівасці.

Калекцыя этнаграфіі музея Гомельскага палацава-паркавага ансамбля пачала фарміравацца ў 1920-я гады. Цяпер яна налічвае больш за тры тысячы адзінак! Прадметы ткацтва, народныя касцюмы датуюцца XІX — сярэдзінай XX стагоддзя і з'яўляюцца найбольш каштоўнай часткай гэтай калекцыі.

Выстаўку штодня наведваюць сотні чалавек, прадстаўнікі розных краін. І кожны пакідае яе з думкамі пра сувязь мінулага і сённяшняга, якія нябачнай ніццю яднаюць колеры, элементы арнаменту.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Колеравы... код

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.